Барысюк, У. Талент і праца землякоў / Уладзімір Барысюк // Кобрынскі веснік. – 2009. – 15 ліпеня.

Ураджэнец г. Кобрына, фізік і метэаролаг, прафесар Пецярбургскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Яўген Рагоўскі (1855-1923).

Талент і праца землякоў

Гэта выданне адразу ж ласля выхаду знайшло свайго чытача і стала бібліяграфічнай рэдкасцю, бо яго тыраж адносна невялікі — 1000 экземпляраў. А называецца даведнік «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Ён уяўляе сабою спробу азнаямлення з працэсам наладжвання дыялогу і ўзаемаразумення паміж культурамі і цывілізацыямі праз удзел асоб, што нарадзіліся ў геаграфічным цэнтры Еўропы — у Беларусі.

У кнізе змешчаны персаналіі выдатных асоб, якія нарадзіліся ў сучасных межах Беларусі і пакінулі адметны след у гісторыі нашай цывілізацыі.

Кабрынчан у першую чаргу зацікавіць ураджэнец нашага горада, фізік і метэаролаг, прафесар Пецярбургскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Яўген Рагоўскі (1855-1923 г.г.). Бібліяграфічны артыкул пра вучонага змешчаны ў падраздзеле «Фізіка» (раздзел «Навука»). Я. Рагоўскі нарадзіўся ў Кобрыне былой Гродзенскай губерні ў сям’і гарадскога ўрача, род якога паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні. Будучы вучоны пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступае ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і праз год пераходзіць на матэматычнае аддзяленне фізіка- матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе слухае лекцыі Д. Мендзялеева, П. Чэбышава, Ф. Петрушэўскага, І. Боргмана, А. Хвольсана. Я. Рагоўскі заканчвае ВНУ са ступенню кандыдата. Затым усё жыццё спалучае працу выкладчыка і вучонага. Па заканчэнні ўніверсітэта выкладае матэматыку і фізіку ў Пакроўскай жаночай гімназіі ў Санкт-Пецярбургу і адначасова займаецца падрыхтоўкай для атрымання прафесарскага звання ў фізічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ф. Петрушэўскага пры Пецярбургскім універсітэце. У 1903 годзе за працы «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» быў удастоены Рускім астранамічным таварыствам прэміі і медаля імя Гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча. У тым жа годзе абараняе дысертацыю «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» на ступень магістра фізікі, а праз год выбіраецца на пасаду прафесара на кафедры фізікі і метэаралогіі імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта, дзе выкладае такія дысцыпліны, як метэаралогія і механічная тэорыя цяпла, адначасова чытае курс эксперыментальнай фізікі ў Харкаўскім ветэрынарным інстытуце.

Вучоны з’яўляўся пажыццёвым сябрам Рускага фізіка — хімічнага таварыства і сапраўдным сябрам Рускага астранамічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, французскага фізічнага таварыства ў Парыжы і Харкаўскага матэматычнага таварыства.

У згаданым даведачным выданні кампанію прафесару з Кобрына Яўгену Рагоўскаму складаюць фізік Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў (г. Віцебск), прафесар Ягелонскага ўніверсітэта заснавальнік фізічнай школы Польшчы Зыгмунт Урублеўскі (г. Гродна), фізік акадэмік Леанід Мандэльштам (г. Магілёў), фізік акадэмік Аркадзь Мігдаль (г. Ліда), фізік-тэарэтык акадэмік Якаў Зяльдовіч і іншыя.

Кніга на беларускай і англійскай мовах і выданне яе тытулявана Нацыянальнай калегіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

Межы газетнага артыкула не дазваляюць засяродзіць увагу на іншых берасцейцах, чые персаналіі змешчаны, таму я заклікаю чытачоў пазнаёміцца з гэтым унікальным даведнікам.

Уладзімір БАРЫСЮК,

кіраўнік груп турфірмы «Аўтатур», г. Брэст.