Волчак Аляксандр Аляксандравіч

Біяграфічны нарыс

ВОЛЧАК Аляксандр Аляксандравіч — доктар геаграфічных навук, прафесар. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай Акадэміі навук 2007 года. Дэкан факультэта інжынерных сістэм і экалогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Аляксандр Волчак нарадзіўся 17 мая 1955 года ў в. Сачковічы Пінскага раёна ў сям’і служачых.

У 1972 годзе закончыў СШ № 5 г. Кобрына. З 1972 па 1973 год працаваў слесарам на Кобрынскім ільнозаводзе.

У 1973 годзе Аляксандр паступіў на гідрамеліярацыйны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, які з адзнакай закончыў у 1978 годзе, атрымаў кваліфікацыю інжынера-гідратэхніка і быў напраўлены ў Яроміцкае БМУ Кобрынскага раёна на пасаду майстра ўчастка.

Пасля службы ў Савецкай арміі Аляксандр працаваў загадчыкам лабараторыі на кафедры сельскагаспадарчых меліярацый Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. У перыяд з 1984 па 1987 год вучыўся ў аспірантуры Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (г. Мінск), дзе пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі В. Н. Плужнікава падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Исследование пространственно-временных колебаний элемен-тов водного баланса (на примере Белоруссии)» на атрыманне навуковай ступені кандыдата геаграфічных навук, якую ў 1988 годзе абараніў у інстытуце водных праблем Акадэміі навук СССР (г. Масква). Пасля заканчэння аспірантуры працаваў на кафедры сельскагаспадарчых гідратэхнічных меліярацый на пасадах асістэнта, а затым дацэнта.

Па хадайніцтву НАН Беларусі і Брэсцкага аблвыканкама быў створаны Аддзел праблем Палесся НАН Беларусі ў г. Брэсце, куды на пасаду намесніка дырэктара па навуковай працы быў запрошаны А. А. Волчак. Сумесна з дырэктарам, доктарам хімічных навук, прафесарам Н. П. Ярчаком, Аляксандр Аляксандравіч актыўна займаўся стварэннем і станаўленнем першай у Брэсцкай вобласці структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 2006 годзе ў г. Маскве А. А. Волчак абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені доктара геаграфічных навук па тэме «Закономерности формирования элементов водного баланса речных водосборов Беларуси в современных условиях».

У 2007 годзе сумесна з акадэмікам Логінавым Аляксандр Аляксандравіч стаў лаўрэатам прэміі Нацыянальнай акадэміі навук 2007 года за цыкл прац «Исследование гидрологического и климатического режимов территории Беларуси: современное состояние, изменения и прогноз». У лістападзе 2007 года прыняў удзел у рабоце Першага з’езду навукоўцаў Рэспублікі Беларусь.

У 2008 годзе А. А. Волчаку прысвоена навуковае званне прафесар па спецыяльнасці «Геаграфія». З 2007 па 2010 год Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся навуковым кіраўніком рэгіянальнай праграмы «Машыны, механізмы і сэрвіс».

У сакавіку 2009 года Аляксандр Аляксандравіч запрошаны ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на пасаду дэкана факультэта водазабеспячэння і гідрамеліярацыі (з 2014 года — факультэт інжынерных сістэм і экалогіі). З 2009 года ён з’яўляецца членам навукова-метадычнага савета па спецыяльнасцях прыродаўладкавання і будаўніцтва вучэбна-метадычнага аб’яднання вышэйшых устаноў Рэспублікі Беларусь па адукацыі ў вобласці сельскай гаспадаркі.

А. А. Волчак – вядомы вучоны ў галіне гідралогіі, воднай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар больш за 600 навуковых прац (у тым ліку 10 манаграфій, 6 навучальных дапаможнікаў, 2 дапаможнікаў, 7 вынаходак). Актыўна ўдзельнічае ў навуковым жыцці рэспублікі, прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях, дзе выступае з дакладамі, рэгулярна друкуе свае працы ў цэнтральных рэспубліканскіх і замежных выданнях. З’яўляецца галоўным рэдактарам серыі Весніка БрДТУ.

Навуковец вядзе вялікую працу па падрыхтоўцы кадраў, чытае лекцыі студэнтам ва ўніверсітэтах г. Брэста, кіруе аспірантамі, дапамагае маладым спецыялістам. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча падрыхтавана і абаронена 12 магістарскіх і 6 кандыдацкіх дысертацый. Ім створана навукова-педагагічная школа «Брэсцкая гідралагічная школа».

З 2006 года А. А. Волчак з’яўляецца членам навукова-тэхнічнага савета Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», з 2010 года — член секцыі па пытаннях навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання Навукова-кансультатыўнага савета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. З 2012 года ўваходзіць у склад Міжведамаснай камісіі па пытаннях дзяржаўнай воднагаспадарчай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца намеснікам старшыні, экспертам Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў; членам савета па праблемах Палесся.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны быў удастоены персанальнай надбаўкі на 2011 год (распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.01.2011 г. № 30рп).

У 2012 годзе А. А. Волчак узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё навукі, інавацыйнай дзейнасці і ў сувязі з Днём беларускай навукі. 24 снежня 2015 года Аляксандру Аляксандравічу прысуджана званне Ганаровага доктара УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна».

За выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2016 года А. А. Волчак узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Дарэчы, справу бацькі працягвае і дачка — Анастасія Аляксандраўна, кандыдат тэхнічных навук.

Працы

Волчек, А. А. Закономерности формирования элементов водного баланса речных водосборов Беларуси в современных условиях : дис…. д-ра геогр. наук : 25.00.27 / А. А. Волчек. – Брест, 2005. – 297 с.

Волчек, А. А. Водные ресурсы Брестской области / А. А. Волчек, М. Ю. Калинин. –Минск : БГУ, 2002. — 440 с.

Волчек, А. А. Современное состояние водных ресурсов Белорусского Полесья / А. А. Волчек, М. Ю. Калинин // Прыроднае асяроддзе Палесся: Сучасны стан i яго змены : Тез. докл. межд. научн. конф. / ОПП НАН Беларуси. — Брэст, 2002. — С. 62-67.

Волчек, А. А. Синхронности в колебаниях стока рек Беларуси и его оценка / А. А. Волчек // Природные ресурсы. — 2001. — № 2. — С. 25-48.

Волчек, А. А. Пространственно-временные колебания элементов водного баланса (на примере Белоруссии) / А. А. Волчек, В. Н. Плужников // Водные ресурсы. — 1991. — № 5. — С. 21-38.

Аб жыцці і дзейнасці

Брестский государственный технический университет. Волчек Александр Александрович // Брест. Брэст. Brest. 1000 / сост. А. Н. Вабищевич. – Минск, 2019. – С. 366.

65 гадоў з дня нараджэння А. А. Волчака // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. – С. 135.

Стрелец, М. От рабочего до профессора. Александр Александрович Волчек / Михаил Стрелец // Брестская газета. – 2005. – 25 мая. Універсітэт ушаноўвае Ганаровага доктара А. А. Волчака [Электронны рэсурс] // Брестский государственный университет имени А. С. Пушкина. – Рэжым доступу: http://www.brsu.by/node/18714. – Дата доступу: 13.11.2019.