Гапоненка, В. А. Рагоўскі Яўген Аляксандравіч / В. А. Гапоненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2001. — Т. 13. — С. 202.

РАГОЎСКІ Яўген Аляксандравіч (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923), расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903-04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического обшества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1 — 2, 1882 — 84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус. астр. т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных
дратоў у вадзе» (1903).

В. А. Гапоненка.