Гардун, С. Гаварыць з нябёсамі па-беларуску / [Сергій Гардун ; гутарыла] Вераніка Пуставіт // Звязда. – 2014. – 4 снежня. – С. 5.

ГАВАРЫЦЬ 3 НЯБЁСАМІ ПА-БЕЛАРУСКУ

Знаўца дзевяці моў, кандыдат багаслоўя протаіерэй

Сергій Гардун сярод усіх свядома выбірае беларускую.

I тлумачыць, што тэта зусім не дзіва

         У пакоі прыёму Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска ўсё аскетычна проста: стол, тэлефон, крэслы, шафа ды абразы на сценах. Айцец Сергій сустракае мяне родным «Добры дзень».

Зрэшты, чаго здзіўляцца: менавіта яго голас па-беларуску мы чуем за кадрам трансляцый вялікіх праваслаўных набажэнстваў па беларускім тэлебачанні.

—      Айцец Сергій, вы размаўляеце па-беларуску штодзённа?

—      Так. 3 жонкай і дзецьмі. Па-за сям’ёю гавару на той мове, на якой са мной размаўляюць. Калі мяне запрашаюць у школу ці да студэнтаў, звычайна выступаю па-беларуску.

         У Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі я выкладаю цалкам па-беларуску ўжо 25 гадоў, ад самага яе пачатку. Таксама і ў духоўнай акадэміі. I ў кафедральным Свята-Духавым саборы, дзе я служу ўжо 20 гадоў, прапаведую толькі на роднай мове, — працягвае суразмоўца. А вось у Інстытуце тэалогіі БДУ вяду заняткі пераважна па-руску. Так склалася гістарычна. Там я пачынаў выкладаць у 1994 годзе. Тады гэта быў не інстытут, а факультэт тэалогіі ў складзе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, рэктар якога не прымаў беларускую мову. У 2004 годзе мы перайшлі ў склад БДУ, але я ўжо не падымаў пытання пра мову выкладання. Праўда, і тут, у Інстытуце тэалогіі, у мяне ёсць курс, прысвечаны развіццю беларускай мовы менавіта ў царкоўным асяроддзі.Натуральна, я яго вяду па-беларуску.

         Я скончыў Інстытут замежных моў. Спецыяльнасць — выкладчык англійскай і французскай моў. Цяпер валодаю дзевяццю мовамі: беларускай, рускай, украінскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, англійскай, французскай, польскай. Было нават так, што даводзілася служыць набажэнствы цалкам па-англійску.

—      Наколькі часта можна сустрэць беларускамоўнага святара?

Нячаста. 3 той жа прычыны, што і беларускамоўнага лекара. I нават беларускамоўнага міністра. Але беларускамоўныя свяшчэннікі ёсць. Думаю, пару дзясяткаў набярэцца.

«Часам ініцыятыва ўключыць беларускую мову ў пропаведзь ідзе ад святара, настаяцеля, спевакоў хору або прыхаджан. I служба можа стань беларускамоўнай у любым храме».

         Раней, праўда, іх было значна больш. Напрыклад, падчас «хрушчоўскай адлігі» (сярэдзіна 1950-х — сярэдзіна 1960-х). Тады быў узяты курс на пабудову камунізму і зліццё моў у адну агульную. А праваслаўныя свяшчэннікі ў той час амаль усе размаўлялі па-беларуску. Гэта была для іх натуральная мова. I гэта, дарэчы, тады адрознівала іх ад ксяндзоў, якія размаўлялі па-польску. Памятаю, як ужо ў 1981 годзе я сустракаўся з адзіным тады на ўсю Беларусь беларускамоўным ксяндзом Уладзімірам Чарняўскім, і ён мне паказваў запіскі, якія яму пісалі прыхаджанкі польскімі літарамі: «Не буду хадзіць да касцёла ў Вішнёва, бо тут у вас усё па-беларуску, як у праваслаўнай царкве».

I ў 1970-я гады некалькі дзясяткаў свяшчэннікаў актыўна карысталіся роднай мовай у пропаведзях. I нават пісалі па-беларуску вершы. Вось, напрыклад, радкі з верша протаіерэя Іаана Міцько:

         Калі ты астаўся адзін

         I трэба табе дапамога,

         Хоць пару маленькіх хвілін

         Успомні пра Бога.

Яшчэ раней, у XIX стагоддзі, вядомыя нам са школьных падручнікаў дзеячы таксама сумяшчалі царкоўнае служэнне і мову. Напрыклад, Іван Іванавіч Насовіч, рэктар Віцебскага духоўнага вучылішча. Акрамя сваёй царкоўна-педагагічнай дзейнасці, ёц займаўся фальклорам і выдаў у Санкт-Пецярбургу зборнік беларускіх прыказак і прымавак, а таксама песень. У 1870 годзе надрукаваў першы слоўнік сучаснай беларускай мовы. Яўхім Карскі, аўтар працы «Беларусы», — выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі. Мікалай Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, выпускнікі духоўных семінарый, у 1920-я гады выдалі руска-беларускі слоўнік, якім мы карыстаемся дагэтуль.

         Цэлая плеяда беларускамоўных царкоўных дзеячаў была ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі. Найбольш вядомыя — гэта Сяргей Паўловіч, які складаў падручнікі па Законе Божым на беларускай мове і выдаваў часопіс для дзяцей «Снапок». Таксама Вячаслаў Багдановіч, які ў 20-я гады ў Вільні выдаваў часопіс «Праваслаўная Беларусь». А з нашай больш даўняй гісторыі мне вельмі хацелася б прыгадаць прападобнамучаніка Афанасія Філіповіча, ігумена Берасцейскага. Пра яго вельмі добра распавёў Кастусь Тарасаў у сваім гістарычным нарысе «Гонар». Раю кожнаму пачытаць.

—      На якой мове праходзяць праваслаўныя набажэнствы?

—      У Праваслаўнай Царкве па ўсім свеце адзін з асноўных прынцыпаў — гэта служэнне на роднай мове. Што датычыцца нашай краіны, калі на беларускія землі прыйшло хрысціянства (канец X стагоддзя), тады панавала мова, якую найчасцей называюць старажытнарускай, але больш дакладна яна завецца агульнаўсходнеславянскай. На гэтай мове пісалі і размаўлялі продкі сённяшніх украінцаў, беларусаў, рускіх. Абапіраючыся на яе з улікам кірыла-мефодзіеўскай традыцыі, сфарміравалася царкоўнаславянская мова. Гэта родная мова нашых продкаў, а значыць, і наша. На ёй цяпер і ідуць набажэнствы.

         Праваслаўная Царква па сваёй прыродзе вельмі кансерватыўная. Мы верым у тое, што адкрыў нам Бог. I мы не можам выдумляць штосьці іншае. Баючыся страціць змест, праваслауныя баяцца мяняць мову богаслужэння. Але архаічная мова можа быць часам незразумелай сучаснаму чалавеку. Таму Царква дазваляе мяняць мову набажэнства на больш зразумелую — рускую ці беларускую.

         Але ў Расіі такая практыка не прыжылася. Там няма ніводнага храма, у якім служба ішла б па-руску. Сучасная мова ў іх лічыцца штодзённай, побытавай. А царкоўна-славянская — сродак для размовы з Богам. Тая самая сітуацыя ў Грэцыі і Грузіі: там службы ідуць не на сучасных мовах, а на старажытных. Іншая сітуацыя ў Балгарыі і Сербіі: у Балгарыі служба правіцца па-царкоўнаславянску, але Свяшчэннае Пісанне чытаецца на сучаснай мове. У Сербіі на богаслужэннях ужываюцца абедзве мовы: царкоўнаславянская і сербская. У Польшчы, ва Украіне і ў нас у Беларусі службы правяцца па-царкоўнаславянску, але дапускаюцца набажэнствы на роднай для краіны мове.

«Памятаю, як ужо ў 1981 годзе я сустракауся з адзіным тады на ўсю Беларусь беларускамоўным ксяндзом Уладзімірам Чарняўскім, і ён мне паказваў запіскі, якія яму пісалі прыхаджанкі польскімі літарамі: «Не буду хадзіць да касцёла ў Вішнёва, бо тут у вас усё па-беларуску, як у праваслаўнай царкве».

—      Калі чалавек вырашыць духоўна адукоўвацца па-беларуску, у яго будзе такая магчымасць ?

—      Безумоўна. У 1989 годзе была створана Беларуская біблейская камісія, якая займаецца перекладам тэкстаў Свяшчэннага Пісання і набажэнстваў на беларускую мову. Штогод выдаецца праваслаўны каляндар на роднай мове. Таксама можна набыць перакладзены праваслаўны малітваслоў. Усё гэта ёсць у кнігарнях Беларусі.

         Часам ініцыятыва ўключыць беларускую мову ў пропаведзь ідзе ад святара, настаяцеля, спевакоў хору або прыхаджан. I служба можа стаць беларускамоўнай у любым храме. Напрыклад, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў Мінску не радзей чым раз на тыдзень літургія служыцца па-беларуску (раніцай у суботу). I калісьці гэта таксама была чыясьці прапанова, якая стала традыцыяй.

Вераніка ПУСТАВІТ,

студэнтка IV курса Інстытута

журналістыкі БДУ