Гардун, С. Скарына пра Біблію і пра сябе / протаіерэй Сергій Гардун // Беларуская думка. — 2017. — № 12. — С. 72-79.

Скарына пра Біблію і пра сябе

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў в. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1981), Маскоўскую духоўную семінарыю (1984) і Маскоўскую духоўную акадэмію (1987).

Працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам Маскоўскай і Мінскай духоўных семінарый. Цяперпрафесар мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ, свяшчэннік мінскага СвятаДухава кафедральнага сабора. Кандыдат багаслоўя (1990), дацэнт (2000).

Імя Францыска Скарыны вядома амаль кожнаму жыхару Беларусі. Не толькі дарослы чалавек, але і любы школьнік скажа: Скарына — гэта наш беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, вучоны-медык. Бясспрэчна, ён — наша славутасць, наш гонар. Але ці ведаем мы Скарыну? Ці вядомы нам яго погляды на жыццё, яго думкі і мары, яго пачуцці? Вузкаму колу спецыялістаў, напэўна, так. Бо скарыназнаўчая літаратура ў нас багатая. Але як нацыя, як народ, ці можам мы сказаць, што Ф. Скарына — наш, што мы — яго духоўныя нашчадкі, што думкі і пачуцці гэтага чалавека сёння жывуць у нашым грамадстве? На жаль, не. Мы ўсе ведаем імя Скарыны, але не ведаем яго як асобу.

Бяда ў тым, што сярэдневяковага асветніка зараз вельмі мала чытаюць. А як інакш можна ўспрыняць духоўны свет чалавека, які жыў у XVI стагоддзі, калі не чытаць напісанага ім? Праўда, чытаць творы беларускага першадрукара без перакладу могуць далёка не ўсе: яго мова шмат у чым адрозніваецца ад нашай сучаснай. Але нам трэба яго чытаць, уважліва ўглядацца і ўдумвацца ў словы, напісаныя ім, і старацца спасцігнуць яго думкі. Яшчэ адна перашкода для ўспрымання Скарыны нашымі сучаснікамі заключаецца ў тым, што яго вобраз моцна абцяжараны савецкімі ідэалагічнымі схемамі. Напрыклад, у сярэдзіне 1920-х гадоў літаратуразнавец М. Піятуховіч, аналізуючы прадмовы беларускага першадрукара да біблейскіх кніг, сцвярджаў: Скарына адносіцца да тэкстаў Свяшчэннага Пісання крытычна, каменціруе яго адвольна. Ён «поўны пачуцця ўласнай годнасці, ён ужо далёкі ад хрысціянскага ідэалу пакорлівасці» [1 с. 178-179]. Праз тры дзесяцігоддзі іншы айчынны літаратуразнавец В. Вольскі з упэўненасцю пісаў, што ў прадмовах Скарыны «цалкам адсутнічаюць царкоўныя элементы» [2, с. 86]. Яго сучаснік М. Алексютовіч, які стварыў першую ў Савецкім Саюзе манаграфію пра беларускага першадрукара, выказваўся яшчэ больш рэзка. Ён запэўніваў чытача. што Скарынава Біблія «была выдадзена наперакор традыцыйным царкоўным устаноўкам і, мяркуючы па характеру напісаных да яе прадмоў, не толью не адпавядала духу артадаксальнага хрысціянства, але і была накіравана перш за ўсё супраць засілля і рэакцыйнай ролі духавенства, выступаючага ў масе сваёй ворагам навукі і прагрэсу» [3, с. 62].

На жаль, такія стэрэатыпы пра Ф. Скарыну ўсё яшчэ існуюць у грамадскай свядомасці. Многія пакаленні настаўнікаў гісторыі і беларускай літаратуры навучаны ўспрымаць яго як прагрэсіўнага гуманіста-асветніка, які, хоць і не здолеў да канца парваць з рэлігіяй, у сваіх паводзінах і думках быў зусім далёкі ад хрысціянскага светапогляду. На самай справе тэксты, напісаныя і выдадзеныя Скарынам, не даюць падставы сумнявацца ў тым, што ён ставіўся з вялікай пашанай і духоўным трымценнем як да Свяшчэннага Пісання, так і да праваслаўнага богаслужэння.

У гэтай публікацыі будуць часта згадвацца біблейскія кнігі, выдадзеныя Скарынам. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускіх даследчыкаў назіраецца блытаніна ў напісанні іх назваў: нават у такім аўтарытэтным выданні, як сучасная Беларуская энцыклапедыя, сказана, што 6 жніўня 1517 года Скарына выдаў сваю першую кнігу — Псалтыр, а потым яшчэ 22 кнігі (сярод іх Быццё, Выхад, Левіт), пры гэтым назва першай кнігі даецца без двукосся, а назвы ўсіх астатніх кніг дадзены ў двукоссі (т. 14, с. 442). Абсалютная непаслядоўнасць назіраецца і ў трохтомным факсімільным перавыданні Скарынавай Бібліі, зробленым у 1990-1991 гадах: у першых двух тамах усе назвы біблейскіх кніг у змесце пададзены без двукосся (12 назваў), у трэцім томе — усе назвы ў двукоссі (8 назваў).

Пры гэтым многія аўтары, калі пішуць пра біблейскія кнігі ўвогуле, іх назваў не бяруць у двукоссе, а калі пішуць пра тыя самыя біблейскія кнігі ў выданні Скарыны, то чамусьці бяруць, як, напрыклад, у энцыклапедычным даведніку «Франциск Скорина и его время», выдадзеным у Мінску ў 1990 годзе. Няўжо яны лічаць Скарыну іх аўтарам? Але Біблію на розныя мовы перакладалі шматлікія аўтары і да Скарыны, і пасля яго. На лацінскую мову Біблія была перакладзена блажэнным Іеранімам на пачатку V стагоддзя, на стараславянскую — святымі Мяфодзіем і Кірылам у IX стагоддзі, на рускую — прафесарамі духоўных акадэмій у XIX стагоддзі. Паводле звестак на 2009 год, Біблія поўнасцю перакладзена на 451 мову, а часткова (не ў поўным аб’ёме) — на 2479 моў. Гэта самая распаўсюджаная і самая читальная ў свеце кніга. Скарына — адзін з многіх перакладчыкаў Бібліі і яе выдавец, але не яе аўтар, таму назвы біблейскіх кніг, у якім бы перакладзе яны не згадваліся, пішуцца на ўсіх еўрапейскіх мовах заўжды без двукосся. Двукоссе можа быць апраўдана толькі тады, калі мы хочам падкрэсліць адметнасць назвы, напрыклад, паведаміць, што Скарына не проста надрукаваў Біблію, а выдаў яе пад назвай «Библия Руска».

Акрамя неапраўданага двукосся, многія беларускія даследчыкі ўжываюць такія назвы біблейскіх кніг, якіх няма ні ў сучасных выданнях Бібліі, ні ў выданнях Скарыны, напрыклад, кніга «Ісус Навін», кніга «Прарок Данііл» — і ў Скарыны, і ў сучасных выданнях асабовыя імёны стаяць тут у родным склоне і ўказваюць на аўтарства гэтых кніг: кніга Ісуса Навіна, кніга прарока Данііла. У натай публікацыі мы ўжываем агульна-прынятыя назвы біблейскіх кніг, у дужках указваючы на адметнасць іх назваў у Скарыны.

Многія нашы суайчыннікі з усёй творчай спадчыны Скарыны звычайна памятаюць толькі адзін фрагмент з яго прадмовы да кнігі Юдзіф:«…паколькі ад прыроды звяры, якія ходзяць па пустыні, знаюць ямы свае, птушкі, якія лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, якія плаваюць у моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і падобныя ім абараняюць вуллі свае, — то таксама і людзі, дзе яны нарадзіліся і былі выхаваны ў законе Божым, да таго месца маюць вялікую пяшчоту» (Тут і далей пераклад тэкстаў Ф. Скарыны на сучасную беларускую мову аўтара. — Рэдакцыя).

Гаворачы пра любоў да сваёй радзімы, Скарына ўказвае: родныя мясціны павінны быць дарагімі для людзей не толькі таму, што яны там нарадзіліся, але і таму, што яны там «ускормлены суть по Бозе», тэта значыць — выхава- ны ў набожнасці, у законе Божым. Та­кую любоў меў і ён сам да свайго род- нага старажытнага Полацка, які ў сваіх пасляслоўях да біблейскіх кніг часта называў слаўным.

Францыск Скарына жыў у эпоху вялікіх навуковых адкрыццяў, небывалага ўздыму культуры і асветы. Ён пабываў у многіх краінах, многа пабачыў і зведаў, дасягнуў вышынь еўрапейскай адукаванасці і вучонасці, і пасля таго аддае ўсе сілы, веды і талент адной справе, якую лічыць самай важнай і ў якой бачыць галоўны сэнс свайго жыцця — выданню кніг Свяшчэннага Пісання і праваслаўных богаслужэбных тэкстаў. Чаму наш славуты продак звяртаецца да Бібліі і літургічных тэкстаў Праваслаўнай Царквы? Чаму ён, доктар медыцыны, не выдае творы вучоных, філосафаў, медыкаў, якія вывучаў і цану якім добра ведаў? Адказ на гэтае пытанне вельмі важна ведаць усім нам, нашчадкам Скарыны, і асабліва важна — настаўнікам.

Мне не раз даводзілася чуць вельмі павярхоўнае разважанне: маўляў, у тыя далёкія часы ўсе пісалі толькі на багаслоўскія тэмы і выдавалі толькі царкоўныя кнігі, нічога іншага і быць не магло, час такі быў, Сярэднявечча. Гэта тыповы адказ чалавека, які жыве стэрэатыпамі і не хоча ад іх адмовіцца. Каб пераканацца, што гэта не так, дастаткова ўспомніць імёны вучоных або філосафаў, што жылі ў Еўропе ў XV-XVI стагоддзях, і пашукаць у любой энцыклапедыі пералік іх навуковых прац. Згадаем, напрыклад. знакамітага Мікалая Каперніка. У адрозненне ад Скарыны, які быў звычайным праваслаўным хрысціянінам, а не «сярэдневяковым манахам» — так здзекліва абазваў яго вядомы партыйны дзеяч В. Кнорын [4, с. 4], Капернік па роду сваёй дзейнасці быў каталіцкім свяшчэннікам. Але яго больш цікавіла астраномія, чым багаслоўе, таму і ў гісторыю ён увайшоў не як красамоўны прапаведнік ці знакаміты экзегет, а як славуты астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Ксёндз Мікалай Капернік вывучаў pyx нябесных цел і ствараў навуковыя працы па астраноміі, а доктар медыцыны Францыск Скарына ў тым самым Сярэднявеччы пісаў прадмовы да біблейскіх кніг і складаў акафісты. Чаму? Першадрукар сам адказвае на гэтае пытанне, калі ў прадмове да Бібліі піша: «У гэтай кнізе ўсёй прыроднай мудрасці пачатак і канец: праз яе пазнаецца Бог Уседзяржыцель. У гэтай кнізе напісаны ўсе законы і правы, якімі людзі на зямлі павінны кіравацца. У гэтай кнізе ўсе лекі для душы і цела ў поўнай меры знойдзеце. Тут навучанне філасофіі добрых паводзін. што мы павінны любіць Бога дзеля самога сябе і бліжняга дзеля Бога. Тут кіраванне ўсякай грамадой людской і ўсякім горадам, каб вераю, узаемнай прыязнасцю і згодаю памнажалася агульнае дабро».

З прадмовы да Бібліі

Такім чынам, Скарына сцвярджае, што ў Бібліі — уся паўната Бажэственнага Адкравення, якім павінны людзі кіравацца і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці. Ён таксама ўказвае: у біблейскіх кнігах можна знайсці шмат цікавых і карысных звестак з розных галін чалавечых ведаў — філасофіі, гісторыі, логікі, паэзіі. На падставе гэтых слоў з прадмовы да Бібліі многія даследчыкі савецкага перыяду сцвярджалі, што ў рэлігійных кнігах Скарына «шукаў карысныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўчых навуках, зусім не цікавячыся іх дагматычным бокам» [3, с. 4], «разглядаў біблейскія кнігі як крыніцу свецкіх ведаў» [3, с. 63] і тым самым пазбаўляў Біблію яе «аўтарытэту свяшчэннай кнігі» [5, с. 16]. Такія вывады — яўнае скажэнне думкі Скарыны. Сказаўшы пра тое, што ў Бібліі можна знайсці шмат карысных звестак з розных навук, ён затым выразна падкрэслівае: «Найперш за ўсё мы, хрысціяне, ведаючы, што ўсе навукі — мінучыя, маем патрэбу ў вечным — у спасенні душы».

Францыск Скарына, які дасягнуў вышынь еўрапейскай вучонасці, ведае, што такое навука, і цэніць яе, сцвярджае: усе навукі маюць часовы і зменлівы характер, а мы, хрысціяне, вучоныя і невучоныя, перш за ўсё павінны дбаць пра вечнае спасение сваёй душы. Як дасягнуць яго? Скарына раіць нам: «Будзем жа пастаянна чытаць Святое Евангелле і, чытаючы яго, пераймаць учынкі нашага Збавіцеля Іісуса Хрыста. I так з Яго дапамогаю мы ўвойдзем у жыццё вечнае і ў Царства Нябеснае, падрыхтаванае для выбраннікаў Божых».

У сваёй прадмове да ўсёй Бібліі Скарына гаворыць пра яе склад, пералічвае кнігі, якія ў яе ўваходзяць, і вельмі коратка акрэслівае іх змест. 3 усіх біблейскіх кніг асветнік асабліва вылучае Евангелле і заклікае пастаянна чытаць яго. Христос — вось духоўны арыенцір, які ўказвае нам Скарына.

Як вядома, Скарына пачынае сваю выдавецкую дзейнасць у 1517 годзе і першай з усіх біблейскіх кніг выдае Псалтыр (дата выдання пазначана 6 жніўня — на свята Праабражэння Гасподняга). Псалтыр — самая пашыраная і любімая ў праваслаўных вернікаў кніга Бібліі. Яе можна назваць кнігай малітвы, бо псалмы — гэта па сутнасці малітвы. Той факт, што Скарына пачынае сваю выдавецкую дзейнасць з Псалтыра, пераканаўча сведчыць: на першым месцы ў яго былі не інфармацыйна-асветніцкія мэты, што нярэдка сцвярджаюць. Калі б гэта было так, то ён аддаў бы перавагу такім кнігам Бібліі, як Выхад, Суддзі, Царствы, якія сапраўды багатыя на гістарычныя звесткі. А Псалтыр — кніга рэлігійнай паэзіі і кніга малітвы. Значыць, галоўнай для яго была мэта духоўная. Першае, што дае Скарына свайму народу — гэта кнігу малітвы,

З прадмовы да Псалтыра

Псалтыр. Ён ясна разумев значэнне Псалтыра ў духоўным жыцці хрысціяніна і ў прадмове да яго піша, што псалмы — гэта «нібы ўмяшчальня ўсіх дарагіх скарбаў; яны ўсякія немачы, духоўныя і цялесныя, вылечваюць, душу і розум асвятляюць, гнеў і ярасць уціхамірваюць, мір і спакой ствараюць, смутак і тугу адганяюць, натхненне ў малітвах даюць, людзей у прыязнь зводзяць, спагаду і міласць умацоўваюць, дэманаў выганяюць, ангелаў на дапамогу заклікаюць».

З такой любоўю, з такім замілаваннем, з такой пяшчотай можа пісаць чалавек, які сам моліцца, які спазнаў асалоду малітвы, радасць малітвы, суцяшэнне ў малітве.

Праз месяц пасля першай, 10 верасня, Ф. Скарына выдае яшчэ адну біблейскую кнігу — кнігу Іава. Яна не багатая на гістарычны матэрыял, але яна адрозніваецца цэласнасцю сюжэта і яркай вобразнасцю. Іаў заўсёды ўспрымаўся як узор лагоднасці, цярпення, пакорнасці волі Божай. Так успрымае Іава і Скарына. У прадмове да кнігі ён звяртаецца да чытача словамі з саборнага Паслання святога апостала Іакава, дзе ёсць заклік браць прыклад з Іава. Ён заклікае чытача задумацца над пытаннямі, чаму Бог людзям добрым і праведным часам дапускае цярпець беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе, і які будзе канчатковы лёс добрых і злых.

Менавіта жаданне прынесці духоўнае суцяшэнне пакутлівым душам і заклікаць чалавека да глыбокага роздуму над жыццём і было прычынай выдання кнігі Іава. У канцы прадмовы асветнік піша: «I таму я, Францішак, Скарынін сын з Полацка. у лекарскіх навуках доктар, ведаючы тое. што найвышэйшая мудрасць — гэта роздум пра смерць і пазнанне самога сябе. і памяць пра будучыя рэчы, загадаў надрукаваць кнігу святога Іава на рускай мове Богу на пашану і простым людзям для навучання».

Да канца 1517 года Ф. Скарына выдае яшчэ дзве біблейскія кнігі: Прытчы Саламона (6 кастрычніка) і кнігу Ісуса Сірахава (5 снежня). Абедзве кнігі — вучыцельныя. У прадмовах да іх Скарына матывуе іх выданне жыццёвай неабходнасцю. Ён упэўнены, што «без страху Божага, без мудрасці і без добрых звычаяў немагчыма дастойна і нармальна жыць людзям на зямлі». Каб выхаваць у грамадстве страх Божы, каб навучыць людзей той мудрасці, якая паходзіць ад Бога (Іак. 1,5), і добрым звычаям, якія грунтуюцца на запаведзях Божых, Ф. Скарына і друкуе Прытчы Саламона «найперш дзеля пашаны і пахвалы Стварыцелю. Спасіцелю, Уцяшыцелю Богу, у Троіцы адзінаму, і Прасвятой, Найблагаславеннейшай, Прачыстай Маці Яго і ўсім нябесным чынам і святым угоднікам і ўгодніцам Божым, а затым людзям простым, звычайным на карысць і дзеля памнажэння добрых звычаяў, каб, навучыўшыся мудрасці, добра жывучы на свеце, Міласцівага Бога хвалілі адпаведна таму, як належыць вялікай вышыні і магутнасці Яго святога імя». Звернем увагу, з якой пашанай ён згадвае пра Бога, пра Прачыстую Багародзіцу і пра святых угоднікаў Божых.

У1518 годзе ў Празе Ф. Скарына выдае наступныя кнігі: 2 студзеня — Еклесіяст, 9 студзеня — Песню Песням, 19 студзеня — кнігу Прамудрасці Саламона, 10 жніўня — кнігі Царстваў і, нарэшце, 20 снежня — кнігу Ісуса Навіна. Як бачым, за гістарычныя кнігі наш першадрукар бярэцца толькі закончыўшы выданне вучыцельных кніг.

З прадмовы да кнігі Іава

З названых выданняў хацелася б спачатку спыніць увагу на кнізе Песня песням. У свецкай літаратуры яна называецца часта паэмай пра каханне і па форме сваёй сапраўды такой з’яўляецца. Некалі ў старажытнасці былі нават сумненні ў яе кананічнасці. Але па глыбінным змесце гэта кніга пра Бога і Царкву. У прадмове Скарыны да Песні песням мы знаходзім глыбокае разумение духоўнага сэнсу кнігі: «3 гэтай песні Саламонавай мы ясна можам зразумець найвялікшую і невымоўную міласць і любоў Божую, якую Ён меў да нас, грэшных. Бо Ён не пагрэбаваў сысці на зямлю з найвышэйшага прастола Свайго. Як каханак да каханай сваёй, або як жаніх да нявесты сваёй, так і Хрыстос да Царквы Сваёй прыйшоў, калі ўцялесніўся ад Прачыстай Дзевы, Маці Сваёй Марыі… .1 гэты шлюб адбыўся ў час распяцця Госпада нашага Іісуса Хрыста, калі Ён вісеў на Крыжы і сказаў: „Здзейснілася“. Вось там Ён павянчаўся з Царквою Сваёю і потым аддаў дух Свой у рукі Богу, Айцу Свайму».

Звяртае на сябе ўвагу грунтоўная прадмова Скарыны да кнігі Ісуса Навіна. У ёй аўтар перш за ўсё знаёміць чытача з галоўным персанажам — правадыром ізраільскага народа Ісусам Навінам, які ўвёў старажытных яўрэяў у зямлю абетаваную. У прадмове Скарына таксама ўказвае, што абетаваная зямля мае правобразнае значэнне: «Гэтая зямля азначае Царства Нябеснае і горні Іерусалім. Бо як Іісус, сын Навіна, увёў народ ізраільскі ў зямлю абетаваную, так Іісус, Сын Божы, увёў веруючых у Яго ў Царства Нябеснае, якое з’яўляецца зямлёю жывых».

Вельмі змястоўнай з’яўляецца таксама прадмова Ф. Скарыны да кнігі Выхад. Коратка пераказаўшы яе змест, наш першадрукар разважае пра значэнне выдання для нас, хрысціян: «На што ўказвала цялесная няволя сыноў Ізраілевых у Егіпце? Ці не на няволю нашых душ?».

Адным з самых важных правобразаў кнігі Выхад Скарына лічыць неапалімую купіну. Вядома, што такой назвы ў біблейскім тэксце няма. Перакладаючы кнігу, замест царкоўнаславянскага слова «купина» ён ужывае слова «кустъ». Словазлучэнне «неопалимая купина» — гэта ўстойлівы выраз з праваслаўнага богаслужэння. Ужыванне Скарынам гэтага спалучэння сведчыць пра веданне ім праваслаўнага богаслужэння, а раскрыццё гэтага правобраза ў прадмове выяўляе жаданне першадрукара дапамагчы чытачу больш глыбока разумець не толькі біблейскі тэкст, але і царкоўную службу. Скарына піша: «Купіна неапалімая, у якой явіўся Бог Маісею, гэта значыць куст зялёны, які гарэў і не згараў, ясна паказвала зачацце без семені Сына Божага. Ён прайшоў улонне Прачыстай Дзевы, як сонца праз шкло, не парушаючы замкнёнай дзявоцкасці Яе, як усклікаў прарок: „Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і будзе дадзена імя Яму — з намі Бог“».

         У той жа прадмове Скарына ўказвае і на іншыя правобразы, якія маюцца ў кнізе Выхад: «Пасхальнае ж ягня яўна указвала на нявінную муку Госпада нашага… Пераход жа сыноў Ізраілевых пасярод Чырвонага мора ўказваў на хрышчэнне ў Хрыстову веру, як апостал Павел піша: „Не хачу ж

З прадмовы да Песні песням

вас, браты, пакінуць у няведанні, што бацькі нашы ўсе пад воблакам былі, і ўсе праз мора прайшлі, і ўсе ў Маісея хрысціліся ў воблаку і ў моры”. А манна з неба і вада з цвёрдага каменя, дадзеныя яўрэям у пустыні, абазначалі святыню Цела Хрыстовага, нам пакінутую на зямлі для спасения душы».

Апошні свой тэзіс Скарына падмацоўвае спасылкамі на шосты раздзел Евангелля ад Іаана, прыводзячы адтуль словы Спасіцеля пра Хлеб Нябесны (Ін. VI, 32-35). Коратка, але выразна наш першадрукар і асветнік нагадвае: дзеля спасения душы нам усім неабходна прычашчацца святыні Цела Хрыстовага.

Падрабязнай прадмовай Скарына суправаджае таксама кнігу Левіт. У прадмове да яе ёсць адна кароткая заўвага вельмі асабістага характару. Ён піша, што ў тыя далёкія часы людзі прыносілі Богу розныя ахвяры: валоў, ягнят, казлоў, але бедныя людзі часта не маглі аддаць у ахвяру ўкормленае цяля, і тады яны прыносілі Госпаду ўсяго толькі невялічкую меру («мерицу») пшанічнай мукі. I далей ёк працягвае: «Так i мы, браты, паколькі не можам чымсьці вялікім паслужыць простаму люду рускай мовы, прыносім яму. гэтыя малыя кніжкі працы нашай».

У словах Скарыны мы адчуваем яго гарачае жаданне зрабіць усё магчымае для свайго народа, яго сціпласць і яшчэ ўсведамленне таго, што яго выдавецкая дзейнасць, кнігі, якія ён друкуе, — гэта своеасаблівая ахвяра, прынашэнне, служэнне Богу.

Хрысціянін і асоба высокай духоўнай культуры, Скарына быў не проста сціплым чалавекам. У ім можна зауважыць і больш глыбокую рысу характару, якая на царкоўнаславянскай мове называецца словам «смирение», а на беларускую звычайна перакладаецца як «пакорлівасць». Немагчыма не заўважыць сапраўнага хрысціянскага змірэння Скарыны, калі ў канцы сваёй прадмовы да ўсёй Бібліі ён піша: «Гэтых кніг усёй Бібліі я паводле малога розуму майго коратка выклаў змест. А калі я ў чым памыліўся, то вы, разумнейшыя. папраўце, прашу вас дзеля Бога і дзеля ўсеагульнага дабра».

Друкуючы біблейскія кнігі і пішучы да іх свае прадмовы, Скарына часта нагадвае сваім чытачам, што важна не проста ведаць Свяшчэннае Пісанне — важна жыць паводле таго закону, які людзям даў Бог. Параўноўваючы ў прадмове да кнігі Другазаконія Стары Запавет з Новым Запаветам, ён падкрэслівае перавагу апошняга і дадае: «Таксама Маісей тым, хто захоўваў стары закон, не абяцаў нічога, акрамя зямлі добрай, што цячэ малаком і мёдам. А наш Спасіцель Іісус Хрыстос абяцае тым, хто выконвае новы закон, святое Евангелле, — адпушчэнне грахоў, міласць Божую, дары Духа Святога, жыццё вечнае, Царства Нябеснае…».

У сваіх прадмовах да біблейскіх кніг першадрукар часта выступав не толькі ў якасці экзегета, але і ў якасці тэкстолага. Напрыклад, у прадмове да кнігі Прарока Данііла ён заўважае, што яўрэйскі тэкст гэтай кнігі меншы па аб’ёме, чым грэчасю і лацінскі, і ўказвае, менавіта якія сюжэты ў яўрэйскім тэксце адсутнічаюць.

З прадмовы да Бібліі

У грэчаскім і лацінскім варыаянтах яны ёсць дзякуючы перакладчыкам: паводле Скарыны, на грэчаскую мову кнігу Прарока Данііла пераклаў нейкі Феадосій, «учитель великий греческого языка», а на лацінскую мову — «светый Ероним», гэта значыць — блажэнны Іеранім Стрыдонскі. Потым ён працягвае: «Я таксама, недастойны паслядоўнік іх, народжаны ў рускай мове, з дапамогаю Божаю, будучы абавязаным памнажаць хвалу Хрыстову і ўсеагульнае дабро, сярод іншых святых прарокаў пераклаў і Данііла, мужа жаданняў і славутага прарока Гасподняга, на рускую мову поўнасцю». Скарына сціпла называе сябе недастойным паслядоўнікам знакамітых перакладчыкаў Бібліі, усведамляючы: праца перакладу Свяшчэннага Пісання — гэта праслаўленне імя Хрыстовага і служэнне ўсеагульнаму дабру.

Асноўны змест гэтай прадмовы заключаецца ў тым, што Скарына тлумачыць у ёй найважнейшыя прароцтвы святога Данііла. Адно з іх знайшло сваё адлюстраванне ў літургічных тэкстах Праваслаўнай Царквы. Вось як яго пераказвае наш першадрукар: «Камень без дапамогі рук адсёкся ад скалы і паразіў выяву і сцёр яе ў прах, сам жа вырас вялікі і напоўніў увесь свет. Гэта азначала зачацце нашага Спасіцеля ІісусаХрыста без семені ад Прачыстай Дзевы Марыі і тое, што Ён сцёр сілу дыявальскую і напоўніў увесь свет святым Сваім Евангеллем, і Царства Яго — вечнае».

Тут вельмі важна звярнуць увагу на тое, што гэтае прароцтва ў самой кнізе прарока Данііла тлумачыцца агульна (Дан. II, 31-45) і толькі ў богаслужэбных тэкстах набывае больш канкрэтнае ўказанне на Хрыста і Багародзіцу. I менавіта такое тлумачэнне, што абапіраецца на царкоўнае богаслужэнне, прыводзіць у сваёй прадмове Скарына, пра царкоўнасць якога сведчыць і яшчэ адна дэталь у гэтай прадмове: ён згадвае пра «Животворящий Крест» і кажа: праз напісанне і знак («написом и знамением») святога Крыжа адымаецца «вся моц бесовская».

Наш агляд прадмоў Скарыны да твораў Старога Запавету законным разглядам прадмовы да кнігі Суддзяў. Дапамагаючы чытачу зразумець яе сутнасць, Скарына так прадстаўляе становішча ізраільцян у тую эпоху: «I калі яны часова адступалі ад Госпада Бога свайго і служылі ідалам, і рабілі розныя грахі, тады аддаваў іх Гасподзь Бог у рукі ворагаў, якія вельмі крыўдзілі іх. А калі зноў вярталіся да Госпада Бога і каяліся ў грахах сваіх, то даваў ім Гасподзь Бог суддзю, які выбаўляў іх з рук ворага… Бо з-за іх грахоў умацоўваліся ворагі, а з прычыны пакаяння — слабелі».

Галоўнае ў кожнай біблейскай кнізе — гэта яе ўрок усім нам, сённяшнім чытачам. Біблія — кніга вечная. Гэта Ф. Скарына глыбока адчувае сам і хоча дапамагчы тым, для каго ён выдае кнігі Свяшчэннага Пісання, успрыняць іх вечны сэнс. У кнізе Суддзяў асветнік бачыць яго так: «А гэта дадзена для навучання нам, хрысціянам: калі мы грашым перад абліччам Божым, то ўмацоўваюцца ворагі нашы духоўныя, гэта значыць дэманы, і ворагі фізічныя, гэта значыць язычнікі. Калі ж мы каемся ў грахах сваіх, то пасылае нам Гасподзь Бог пастыраў і вучыцеляў, якія навучаюць нас супрацьстаяць дэманскім спакусам, а таксама князёў і ваявод добрых, якія абараняюць нас ад рук язычнікаў; бо міласэрнасць Бога — напагатове для ўсіх, хто кліча Яго ўсім сэрцам».

Гэтыя словы — духоўны запавет Скарыны «людей посполитым рускаго языка», дзеля якіх ён працаваў. Калі мы лічым сябе духоўнымі нашчадкамі Скарыны, то і нам варта да іх прыслухацца.

Літаратура:

1. Піятуховіч, М. Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць / М. Піятуховіч // Чатырохсотлецце беларускага друку. 1525-1925. — Менск: Інстытут Беларускае Культуры, 1926. — С. 178-179.

2. Вольскі, В. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізма / В. Вольскі. — Мінск, 1958. — 168 с.

3. Алексютовіч, М. А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд / М. А. Алексютовіч. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1958. — 146 с.

4. Кнорын, В. Аб рашаючых «дробязях» у вялікім пытаньні. Да пытаньня аб палітыцы беларусізацыі / В. Кнорын. // Асьвета (Менск). -1928. — № 3. – С. 3-12.

5. Свяжынскі, У. М. Слова Скарыны /У. М. Свяжынскі. — Мінск: Народная асвета, 1984. — 48 с.