Грыцкевіч, А. Сузін Адам / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 443.

СУЗІН Адам [30.12.1799 (10.1.1800), маёнтак Кулігоўшчына Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Кобрынскі р-н — 29.11 (11.12). 1879], удзельнік вызв. руху, падарожнік. У 1819 скончыў Гродзенскую гімназію, у 1819-23 вучыўся ў Віленскім ун-це і пры заканчэнні атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі. Сакратар тайнага зялёнага (матэматычнага) саюза філаматаў; добры знаёмы А. Міцкевіча, Т. Зана і Я. Чачота. Вясной 1823 разам з інш. філаматамі арыштаваны; 14.8.1824 прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургскую губ. (першыя паўгода ў турме Орскай крэпасці). Знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У сак.1829 яму дазволена пераехаць у Арэнбург, дзе ён пасяліўся разам з Занам. Служыў пазаштатным чынаўнікам у Арэнбургскай памежнай камісіі, у 1832 бухгалтарам. Восенню 1833 разам з Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам па даносе арыштаваны, абвінавачаны ў змове і спробе захопу Арэнбурга пры дапамозе салдат, сярод якіх шмат было рэпрэсіраваных і высланых. Аднак з-за адсутнасці доказаў праз месяц арыштаваныя вызвалены. З дыпламатычным даручэннем С. выязджаў да казахскага султана Бай-Мухамеда, сустракаўся са старэйшынамі казахскіх родаў. Пра свае падарожжы ў 1871 апублікаваў успаміны ў варшаўскім час. «Кronika Rodzinna» («Сямейная хроніка»), 3 1837 жыў у маёнтку Млынаў (на Валыні) у свайго сябра, графа К. Хадкевіча, дзе са студз. 1838 быў гувернёрам у яго пляменнікаў. 20.7.1838 С. зноў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў падп. дэмакр. арг-цыі Саюз польскага народа (на чале з Ш. Канарскім). Яго перавезлі ў Вільню ў следчую камісію, якая вырашыла, што, хоць доказаў яго ўдзелу ў дэмакр. арг-цыі няма, ён высылаецца ў Кіеў пад строгі паліцэйскі нагляд. У кіеўскай крэпасці С. быў зняволены да лют. 1839. У 1841 вярнуўся ў Вільню, пазней жыў у Варшаве. А. Міцкевіч увекавечыў С. ў 3-й частцы паэмы «Дзяды».

Літ.: Грицкевич В. П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986.

Анатоль Грыцкевіч.