Давідзюк Георгій Пятровіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 432-433. – (Імі ганарацца землякі).

ДАВІДЗЮК Георгій Пятровіч, беларускі сацыёлаг і філосаф. Нарадзіўся 5 ліпеня 1923 г. у в. Акцябр. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандзір роты партызанскага атрада імя Мікалая Шыша Пінскага злучэння. Пасля вайны вучыўся і працаваў у розных установах г. Брэста. У 1952 г. закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У 1959 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1969 г. атрымаў ступень доктара філасофскіх навук. З 1962 г. дацэнт, з 1970 г. прафесар. У 1962—1973 гг. загадчык аддзела сацыялагічных даследаванняў Інстытута філасофіі і права АН БССР. Тут ім была створана беларуская сацыялагічная школа, якая займалася распрацоўкай праблем прыкладной сацыялогіі, сацыяльных праблем горада і вёскі. Пад яго кіраўніцтвам праведзены сацыялагічныя даследаванні сацыяльнай структуры рабочага класа, сялянства і інтэлігенцыі, на падставе якіх напісаны калектыўныя манаграфіі: «Сацыяльныя змены рабочага класа Беларусі» (1965), «Сацыяльныя змены сялянства Беларусі» (1966), «Структура савецкай інтэлігенцыі» (1970), «Сацыяльныя праблемы сяла» (1970) і інш. У 1973 г. Г.П.Давідзюк ўзначальваў кафедру філасофіі і праблемную лабараторыю сацыялагічных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У апошнія гады — прафесар кафедры сацыялогіі. У 1989 г. ва універсітэце адкрыта аддзяленне сацыялогіі, для студэнтаў якога Георгій Пятровіч напісаў і выдаў вучэбныя дапаможнікі «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). Пад яго навуковым кіраўніцтвам 48 аспірантаў абаранілі кандыдацкія, а 12 з іх — доктарскія дысертацыі па сацыялогіі. Г.П.Давідзюк у розныя гады чытаў лекцыі ў Іенскім і Білефельдскім (Германія), Люблінскім (Славенія), Кракаўскім (Польшча) універсітэтах. Прымаў удзел у міжнародных сацыялагічных канферэнцыях. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і выдадзены ў 1975 г. «Метадычныя ўказанні па распрацоўцы плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця Мінска на 1976—1980 гг.». За гэтую працу Г.П.Давідзюк узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. Пад яго рэдакцыяй напісаны і выдадзены кнігі «Сацыяльны эфект спаборніцтва» (1976), «Метадычныя асновы сацыяльнага кіравання» (1977), «Студэнт і яго дзейнасць» (1978), «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кітайскую мову ў 1985), «Слоўнік прыкладной сацыялогіі» (1984), «Эфектыўнасць сродкаў масавай інфармацыі» (1986), падручнікі і дапаможнікі для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш. Усяго надрукаваў 137 навуковых прац, у тым ліку 13 — у замежных выданнях.