Дзем’янюк Фама Сямёнавіч

Біяграфічны нарыс

ДЗЕМ’ЯНЮК Фама Сямёнавіч (1898-1968) — доктар тэхнічных навук (1956), прафесар (1957), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, савецкі вучоны-тэхнолаг.

Нарадзіўся 9 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пескі Кобрынскага раёна).

У 1926 годзе закончыў механічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэтаімя М. Э. Баўмана.

Працаваў начальнікам механазборачнага цэха, галоўным тэхнолагам на заводзе імя Ліхачова. Двойчы быў у замежных камандзіроўках: у 1928 годзе вывучаў працу завода «Мерседес-Бенц (Mercedes-Benz)» у Германіі, у 1930 годзе стажыраваўся ў Нью-Ёрку (ЗША).

У 1930-я гады падчас рэканструкцыі завода Ф. С. Дзем’янюк вырашыў шэраг складаных арганізацыйна-тэхналагічных задач па бесперабойнаму пераводу вытворчасцi на новы від прадукцыі паточным метадам.

У 1933 годзе за засваенне новай вытворчасці Фама Сямёнавіч узнагароджаны ордэнам Леніна. У 1944 годзе за паспяховую арганізацыю паточнай вытворчасці абароннай тэхнікі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1947 годзе Ф. С. Дзем’янюк абараніў кандыдацкую дысертацыю. У тым жа годзе за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналагічных працэсаў і хуткаснае засваенне вытворчасці аўтамабіля «ЗІС-110» Фаме Сямёнавічу прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія I ступені. У 1948 годзе ўпершыню ў свеце навуковец ажыццявіў бесперабойны перавод вытворчасці на выпуск новай мадэлі (ЗІС-150). За гэтую працу Дзем’янюк узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ўдастоены Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміі II ступені.

З 1947 па 1950 год Фама Сямёнавіч быў дэпутатам Массавета.

У 1956 годзе выдаў манаграфію «Технологические основы производства», якая атрымала шырокую вядомасць у СССР і за мяжой і актуальная да цяперашняга часу. Шырока вядомы і папулярны падручнік для ВНУ «Технологические основы поточно-автоматизированного произ-водства», напісаны Ф. С. Дзем’янюком.

У 1956 годзе Ф. С. Дзем’янюк абараніў доктарскую дысертацыю, у наступным годзе яму было прысвоена званне прафесара.

Да 1961 года Ф. С. Дзем’янюк працаваў галоўным тэхнолагам, намеснікам галоўнага інжынера на аўтазаводах ЗІС і КІМ, у АН СССР, загадчыкам кафедры ва Усесаюзным завочным політэхнічным інстытуце. З 1961 па 1968 год прафесар Фама Сямёнавіч Дзем’янюк загадваў кафедрай «Тэхналогія машынабудавання» МАМІ (у 2004 годзе ёй прысвоена імя Дзем’янюка).

Пры Фаме Сямёнавічу прыкметна актывізавалася навуковая праца, ён стаяў ля вытокаў і спрыяў развіццю шматлікіх новых навуковых напрамкаў на кафедры. Яго апублікаваныя навуковыя працы перакладаліся на нямецкую, англійскую, кітайскую, японскую і іншыя мовы. Ф. С. Дзем’янюку прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі РСФСР.

Працы

Демьянюк, Ф. С. Метод определения экономичности изготовления деталей / Ф. С. Демьянюк. – М. : [б. и.], 1958. — 34 с.

Демьянюк, Ф. С. Технологические основы поточно-автоматизированного производства : учебное пособие для машиностроительных вузов и факультетов / Фома Семенович Демьянюк. – М., 1965. — 690 с.

Демьянюк, Ф. С. Увеличение производительности многопозиционных токарных и агрегатных полуавтоматов / Ф. С. Демьянюк, А. И. Дащенко, Е. Г. Нахапетян. – М. : [б. и.], 1959. — 141 с. : 5 л. ил.

Аб жыцці і дзейнасці

120 гадоў з дня нараджэння Ф. С. Дзем’янюка (1898) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. – С. 66.

Дзем’янюк Фама Сямёнавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 38-39 : фат.

Заслужаныя работнікі-землякі іншых дзяржаў. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР. Дзем’янюк Фама Сямёнавіч// Па працы і пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2020. — С. 142 : фат.

Ф. С. Демьянюк [Электронный ресурс] // Московский политех. – Режим доступа: http://mospolytech.ru/index.php?id=1171. – Дата доступа: 10.10.2019.Фома Семёнович Демьянюк [Электронный ресурс] // Википедия – свободная энцик-лопедия. – Режим доступа: https://ru.wikipedia. org/wiki/Демьянюк,_Фома_ Семёнович. — Дата доступа: 10.10.2019.