Дзямчук Міхаіл Іванавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 434. – (Імі ганарацца землякі).

ДЗЯМЧУК Міхаіл Іванавіч, беларускі вучоны-фізік. Дзяржаўны дзеяч. Доктар фізіка-матэматычных навук (1983), прафесар (1985), член-карэспандэнт Нацыянальнай АН Беларусі (1986). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1986 г. Нарадзіўся 28 мая 1946 г. у в. Дзевяткі. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 г. Кобрына ў 1963 г. паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1968-1970 гг. аспірант кафедры ядзернай фізікі БДУ. Пасля аспірантуры працаваў ва універсітэце малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам (1970-1976), загадчыкам лабараторыі паўправадніковай электронікі (1976-1984), загадчыкам аддзела сродкаў аўтаматызацыі навуковых даследаванняў Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ (1978-1980), загадчыкам кафедры аўтаматызацыі навуковых даследаванняў і сакратаром парткома БДУ (1983-1985). У 1985-1988 гг. загадчык аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ. З 1988 г. міністр народнай адукацыі БССР. З 1991 г. намеснік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, курыраваў пытанні адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя. З ліпеня 1994 г. рэктар Беларускай політэхнічнай акадэміі. У 2000-2001 гг. намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі, акадэмік Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, віцэ-прэзідэнт Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Рэспублікі Беларусь. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1986), народным дэпутатам СССР (1989).

М. І.Дзямчук — спецыяліст у галіне навуковага прыборабудавання і квантавай радыёфізікі. Створаныя ім прыборы і сістэмы працуюць больш чым у 30 навуковых цэнтрах Беларусі, Расіі, Германіі, ЗША і іншых краін, што дазволіла правесці серыю эксперыментаў з новымі навуковымі і практычнымі вынікамі, вырашыць шэраг задач у галіне эксперыментальнай і тэхнічнай фізікі. Аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 40 вынаходстваў і 2 манаграфій. Кіраўнік (1973-1998) больш чым 30 навукова-даследчых работ, праектаў і праграм. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў і дактароў навук. У апошнія гады ў сферы навуковых інтарэсаў М. І. Дземчука былі праблемы адукацыі і развіцця навукі ў рэспубліцы, тэорыя і практыка стварэння сучасных навукаёмістых, канкурэнтаздольных вытворчасцей і тэхналогій. Аўтар шэрагу прац і канцэптуальных палажэнняў па праблемах будаўніцтва нацыянальнай сістэмы адукацыі, стварэння новых адукацыйных тэхналогій і навучальных устаноў інтэграванага тыпу, развіцця прафесійнай школы ў рыначных адносінах, аптымізацыі кіруючых структур у галіне адукацыі.