Віншаванне прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук, заслужанага дзеяча навукі РБ М. Дземчука з Днём вызвалення г. Кобрына.
Міхаіл ДЗЯМЧУК, рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, прафесар, доктар фізіка- матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі:
«Маё сэрца назаўсёды застаецца тут»
— Кобрын быў, ёсць і застаецца для мяне галоўным горадам дзяцінства. Маё сэрца звязана навечна з Кобрыншчынай, Брэстчынай. Яшчэ ў гады студэнцтва тут з’явілася вялікая колькасць сяброў, з якімі непарыўная сувязь працягваецца і да сенняшнага дня; шмат памятных месцаў навяваюць самыя прыемныя ўспаміны. Асабліва дарагім кутком застаецца вуліца Першамайская, раён сярэдняй школы № 2. Тут калісьці стаяў інтэрнат, у якім падрастаў і сталеў будучы вядомы вучоны (шчыра ўсміхаецца). I, вядома, парк імя А. В. Суворава. Па ўсёй Беларусі няма прыгажэйшага месца! Таму хачу пажадаць Кобрыну, усім яго жыхарам аптымізму і развіцця. Аптымізму — найперш тым, хто прымае кардынальныя рашэнні, развіцця — тым, хто гэтыя рашэнні выконвае. Адным словам, шчасця, дабрабыту і росквіту кобрынскай зямлі і яе людзям!