Дзятко, Дз. Адданы беларускай навуцы / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. – 2010. — № 10. – С. 33-35.

Да 60-годдзя П. А. Міхайлава, ураджэнца в. Ушкавіца Кобрынскага раёна, беларускага мовазнаўца, педагога, спецыяліста ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі. 

Адданы беларускай навуцы

да 60-годдзя Паўла Міхайлава

Людзей, якія прысвяцілі жыццё служэнню лінгвістыцы, значна больш, чым нарысаў пра іх. Аднак гісторыя мовазнаўства — гэта, галоўным чынам, гісторыя мовазнаўцаў, паколькі менавіта канкрэтныя даследчыкі сваімі працамі ствараюць тую вялікую навуку, якая з’яўляецца гонарам дзяржавы і нацыі. Таму выключна важна захаваць, даследаваць і перадаць будучым пакаленням спецыялістаў навуковыя здабыткі людзей, неабыякавых да роднага слова, да культурнай спадчыны.

Імя Паўла Аляксандравіча Міхайлава, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, сумленнага даследчыка і адоранага педагога, добра вядомае навукоўцам і выкладчыкам у Беларусі і далёка за яе межамі. Грунтоўныя веды, акадэмічны вопыт, вернасць аднойчы абранаму шляху дазваляюць заслужана лічыць П. Міхайлава адным з вядучых дыялектолагаў Беларусі.

Павел Міхайлаў нарадзіўся 13 кастрычніка 1950 г. у вёсцы Ушкавіца Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1968 г. закончыў сярэднюю школу № 1 г. Кобрына, у 1971 г. пасля службы ва ўзброеных сілах паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Надзелены матэматычным складам мыслення, П. Міхайлаў аддаў перавагу мовазнаўству менавіта таму, што з усіх гуманітарных навук якраз лінгвістыка валодае найбольш строгімі і дакладнымі метадамі даследавання.

Першымі завершанымі навуковымі даследаваннямі П. Міхайлава сталі працы «Батанічная тэрміналогія палескай гаворкі в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобласці» і «Жанравая прырода «Слова аб палку Ігаравым»», якія былі адзначаны дыпломамі на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ.

У студэнцкія гады з’явіліся і першыя публікацыі: артыкул «Аб адной фанетычнай асаблівасці паўночналагішынскіх гаворак», надрукаваны ў зборніку «Тыпалогія і ўзаемадзеянне славянскіх моў і літаратур» (Мінск, 1973), і тэзісы «Некоторые особенности севернологишинских говоров и их отношенне к соседним диалектным единицам», змешчаныя ў зборніку матэрыялаў нарады па Агульнаславянскім лінгвістычным атласе (Ужгарад, 1973). Акрамя таго, мікратапанімічны матэрыял, сабраны студэнтам П. Міхайлавым, быў уключаны ў акадэмічнае лексікаграфічнае выданне «Мікратапанімія Беларусі» (Мінск, 1974). Гэтыя публікацыі сталі сведчаннем таго, што ў навуку прыйшоў даследчык са сваёй пазіцыяй з тонкім адчуваннем слова і добрым веданнем прадмета даследавання.

Педагагічны інстытут, які П. Міхайлаў з адзнакай закончыў у 1975 г., даў добрую філалагічную падрыхтоўку і жыццёвы досвед.

Пасля некалькіх месяцаў працы настаўнікам рускай і беларускай моў і літаратур Лелікаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна П. Міхайлаў падаў дакументы для паступлення ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Малады чалавек паспяхова здаў уступныя экзамены і 15 лістапада 1975 г. быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства па спецыяльнасці «Беларуская мова». Навуковым кіраўніком прызначылі вядомага дыялектолага загадчыка сектара дыялекталогіі інстытута доктара філалагічных навук Ю. Мацкевіч.

Аспірант актыўна ўзяўся за працу над кандыдацкай дысертацыяй. Склаў праграму для збірання лексікі ганчарнага промыслу (больш за 370 пытанняў), вывучыў навуковую літаратуру па тэме даследавання, выявіў і абследаваў па праграме асяродкі ганчарнай вытворчасці ў Беларусі (25 пунктаў), сабраў картатэку з 6000 словаўжыванняў, што датычыліся вырабу глінянага посуду, падрыхтаваў шэраг навуковых артыкулаў. Паралельна ўдзельнічаў у дыялекталагічных экспедыцыях, міжнародных канферэнцыях, працаваў над выкананнем буйных дзяржаўных праграм.

Вынікам самаадданай і карпатлівай навуковай працы стала паспяховая абарона П. Міхайлавым 7 мая 1981 г. на пасяджэнні савета пры Інстытуце мовазнаўства АН БССР дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук, якая, дарэчы, была падрыхтавана без адрыву ад працы. Афіцыйныя апаненты М. Талстой і В. Вярэніч высока ацанілі манаграфічнае даследаванне і адзначылі яго наватарскі характар.

З 1 ліпеня 1982 г. Павел Аляксандравіч пачаў выконваць абавязкі вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, а з 14 чэрвеня 1983 г. у адпаведнасці з рашэннем Прэзідыума АН БССР быў прызначаны вучоным сакратаром інстытута.

Варта адзначыць, што ў гэты час Інстытут мовазнаўства АН БССР стаў адным з найбольш аўтарытэтных лінгвістычных цэнтраў Савецкага Саюза. Канец 1970 — пачатак 1980-х гг. становіцца перыядам інтэнсіўнага развіцця беларускай акадэмічнай лексікаграфіі. Выдаюцца ўнікальныя нацыянальныя дыялектаграфічныя праекты «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (1979 — 1986) і «Тураўскі слоўнік» (1982 — 1987). Непасрэдны ўдзел у іх падрыхтоўцы і выданні прымаў і П. Міхайлаў. Так, у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» ўпершыню зафіксавана лексіка буйной тэрытарыяльнай адзінкі — дыялектнай зоны, выдзеленай на падставе этна-лінгвістычных дадзеных, прыводзяцца паралелі з іншых славянскіх і балтыйскіх моў, падаюцца арыгінальныя этнаграфічныя назіранні, шырока прадстаўлена народная фразеалогія. У гэтым выданні П. Міхайлаў распрацаваў 866 слоўнікавых артыкулаў (певянь — плашэйшы) у 3-м томе і 850 артыкулаў (плева — поясаваць) у 4-м томе.

З асаблівым захапленнем ён працаваў над усімі пяццю тамамі «Тураўскага слоўніка», які ўключыў лексіку гаворак Турава і больш чым 30 навакольных вёсак і па адзінадушным прызнанні айчынных і замежных спецыялістаў стаў адным з найбольш удалых усходнеславянскіх вопытаў апісання дыялектнай лексікі.

Павел Аляксандравіч разам з іншымі даследчыкамі падрыхтаваў амаль 100 тэкставых узораў мясцовай гаворкі, зрабіў многія запісы і выканаў іх транскрыпцыі, напісаў 1800 слоўнікавых артыкулаў на літары П (понабегаць — посіцевець, т. 4), Т, Ф, X (т. 5). Акрамя таго, распрацаваў вялікі анамастычны дадатак (2099 пазіцый).

З 2 чэрвеня 1986 г. П. Міхайлаў узначаліў аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства АН БССР. На гэтай пасадзе шмат намаганняў ён аддаваў усталяванню творчых сувязей інстытута з кафедрамі мовы ўніверсітэтаў і педінстытутаў рэспублікі, Інстытутам літоўскай мовы і літаратуры, мовазнаўчымі навуковымі ўстановамі Польшчы. Акрамя таго, выконваў значную грамадскую нагрузку: быў адказным сакратаром штогодніка «Беларуская лінгвістыка», вучоным сакратаром навуковага савета АН БССР па праблемах мовазнаўства і інш.

Неаднаразова ўдзельнічаў у рабочых нарадах па Лінгвістычным атласе Еўропы і Агульнаславянскім атласе (у тым ліку і за мяжой — у Польшчы, Чэхаславакіі). Ён з’яўляецца аўтарам дзвюх карт, уключаных у трэці выпуск АЛА «Раслінны свет» (2000), — «Нюхает» (карта 15) і «Пахнет прнятно» (карта 16).

На пасадзе загадчыка аддзела Павел Аляксандравіч шмат зрабіў для падрыхтоўкі і выдання «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» — найбуйнейшага навуковага здзяйснення беларускіх дыялектолагаў канца XX ст. Гэтая калектыўная праца ўбачыла свет у многім дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і значным асабістым намаганням П. Міхайлава, які, не шкадуючы часу і сіл, дабіваўся дазволу на публікацыю, шукаў сродкі для выдання праекта, шырока задзейнічаў асабістыя кантакты, выступаў у друку і на радыё. Як слушна адзначаў сам Павел Аляксандравіч у адным з артыкулаў, выданне атласа дазволіла асвятліць многія пытанні фарміравання лексічнай сістэмы беларускай дыялектнай мовы, а таксама з’явілася надзейнай крыніцай у вывучэнні беларуска-іншамоўных кантактаў.

З 9 верасня 1991 г. Павел Аляксандравіч па запрашэнні загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага прафесара М. Яўневіча перайшоў на пасаду дацэнта названай кафедры. Ён адказна паставіўся да выканання выкладчыцкіх абавязкаў, нягледзячы на тое, што ва ўмовах нестабільнасці пачатку 1990-х гг. працаваць даводзілася з вялікім фізічным і інтэлектуальным напружаннем — паралельна на дзённым, завочным і вячэрнім аддзяленнях.

На высокім навукова-метадычным узроўні Павел Аляксандравіч чытаў лекцыі і праводзіў практычныя заняткі па сучаснай беларускай літаратурнай мове, беларускай дыялекталогіі, уводзінах у мовазнаўства, агульным мовазнаўстве, параўнальнай граматыцы ўсходнеславянскіх моў, гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Распрацаваў складаныя аўтарскія спецкурсы «Беларуская анамастыка», «Беларуская антрапанімія», «Сацыяльная лінгвістыка». Акрамя таго, выкладаў беларускую мову на курсах для супрацоўнікаў і выкладчыкаў інстытута, а таксама для аспірантаў.

Дасведчаны, кваліфікаваны навуковец, прыроджаны педагог, П. Міхайлаў лёгка наладзіў кантакт з калегамі-выкладчыкамі і студэнтамі. З 1 верасня 1993 г. Павел Аляксандравіч быў прызначаны выконваючым абавязкі загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства, а ў лістападзе 1994 г. на пасяджэнні кафедры, савета факультэта і савета ўніверсітэта быў аднагалосна абраны на гэтую пасаду. Узначальваў кафедру на працягу 16 гадоў, і менавіта дзякуючы яму кафедра стала адным з вядучых цэнтраў беларусістыкі ў краіне. Калегі з задавальненнем успамінаюць час сумеснай працы пад яго кіраўніцтвам — у атмасферы дэмакратызму, таварыскасці і добразычлівасці.

На пасадзе загадчыка кафедры Павел Аляксандравіч удзельнічаў у стварэнні вучэбных праграм, падрыхтоўцы вучэбна-метадычных дапаможнікаў, быў вучоным сакратаром савета па абароне кандыдацкіх дысертацый, кіраваў навуковымі тэмамі «Беларуская дыялектная мова на сучасным этапе: стан, тэндэнцыі, перспектьшы», «Лексіка беларускіх народных гаворак», «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння», якія ўваходзілі самастойнымі раздзеламі ў Дзяржаўную праграму фундаментальных даследаванняў.

Пад кіраўніцтвам Паўла Аляксандравіча і з яго непасрэдным удзелам за апошнія 10 гадоў выкладчыкамі кафедры было выдадзена больш за 30 вучэбна-метадычных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў і агульнаадукацыйных школ.

У сферы навуковых інтарэсаў юбіляра — беларуская дыялекталогія, лінгвагеаграфія, анамастыка, тэрміназнаўства і гісторыя лінгвістыкі. Некалькі дзясяткаў навуковых публікацый прысвяціў П. Міхайлаў пытанням беларускай акцэнталогіі. Ён на вялікім фактычным матэрыяле, сабраным у палявых умовах, выбраным з рэгіянальных лексікаграфічных і лінгвагеаграфічных крыніц XIX — XX стст., распрацаваў тыпалогію розных рэгіянальных акцэнтных сістэм, вызначыў цэнтральныя і перыферыйныя зоны іх лакалізацыі, апісаў асаблівасці ўзаемаразмяшчэння, характар і вынікі ўзаемадзеяння рознадыялектных акцэнтных тыпаў і падтыпаў.

Адметнае месца ў беларускім мовазнаўстве належыць цыклу навуковых артыкулаў, прысвечаных даследаванню найменняў роднасці і сваяцтва (Роднае слова, 1997 — 2010). Гэтыя публікацыі звяртаюць на сябе ўвагу не толькі арыгінальнымі назвамі («Няма ўнукаў — не купіш, многа — не прадасі», «Сват не сват, а чалавек свойскі», «Вырас Янучок і Янкам стаў» і інш.) і творчым падыходам, але і грунтоўнасцю ў аналізе моўнага матэрыялу, новымі лінгвістычнымі адкрыццямі. Дзякуючы намаганням Паўла Аляксандравіча падрыхтавана да друку ўнікальнае шматтомнае выданне — «Слоўнік гаворак Случчыны».

Шмат зрабіў П. Міхайлаў для станаўлення нацыянальнага тэрміназнаўства. Ён уваходзіў у рэдкалегію першай беларускай «Матэматычнай энцыклапедыі» (Мінск, 2001), быў рэдактарам «Тэрміналагічнага слоўніка па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (Мінск, 1993), суаўтарам «Кароткага руска-беларускага тлумачальнага слоўніка па агульнай біялогіі» (Мінск, 1994), напісаў цэлы шэраг навуковых артыкулаў па разнастайных актуальных праблемах тэрміналогіі.

З асаблівай увагай ставіцца Павел Аляксандравіч да вывучэння навуковых здабыткаў і жыццёвых шляхоў сваіх калег, а таксама да ўшанавання памяці старэйшага пакалення мовазнаўцаў. Так, яму належаць шматлікія публікацыі ў навуковых часопісах, перыядычным друку, у энцыклапедычных выданнях, прысвечаныя жыццю і навуковай спадчыне Р. Аванесава, А. Аксамітава, Л. Асоўскага, А. Бардовіча, М. Булахава, Н. Вайтовіч, М. Васілеўскага, Л. Выгоннай, I. Гайдукевіча, М. Даніловіча, Н. Еўчык, А. Жураўскага, А. Зубава, Ф. Клімчука, А. Кожынавай, А. Крывіцкага, I. Насовіча, Ю. Мацкевіч, Я. Рамановіч, А. Чабярук, Ф. Янкоўскага, М. Яўневіча і інш.

Выдатны вучоны і таленавіты педагог, П. Міхайлаў унёс важкі ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Пад яго кіраўніцтвам напісалі і паспяхова абаранілі кандыдацкія даследаванні С. Фацеева, Т. Старасценка, А. Калечыц, В. Урбан, Н. Радзіваноўская, Д. Дзятко, А. Забаштанская. Вучні юбіляра аднагалосна прызнаюць, што Павел Аляксандравіч — выключна адказны, патрабавальны і клапатлівы кіраўнік, які вучыць працаваць грунтоўна, навукова, сумленна, ухваляючы ахвоту да навуковай працы і выклікаючы любоў да яе. I цяпер маладыя вучоныя працуюць над кандыдацкімі дысертацыямі пад яго кіраўніцтвам.

Павел Аляксандравіч валодае рэдкай здольнасцю да сістэматызацыі моўнага матэрыялу. У даследаваннях ён заўсёды імкнецца да сіметрыі, яснасці і стабільнай ураўнаважанасці. Яго вылучаюць абсалютная адданасць беларускай навуцы, бескарыслівасць, высокая прынцыповасць пры абсалютнай дэмакратычнасці і сціпласці. Гэта вучоны па сваіх прыродных здольнасцях, педагог — па прызванні. Юбіляр з выключнай ахвотай дзеліцца ведамі з калегамі і студэнтамі, ён любіць вучыць і ўмее гэта рабіць.

Дзмітрый Дзятко,

кандыдат філалагічных навук,

загадчык кафедры беларускага мовазнаўства

Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта

імя Максіма Танка.