Дзятко, Д. Пра майго настаўніка / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. — 2015.— № 10. — С. 48-49.

Да 65-годдзя Паўла Міхайлава, ураджэнца Кобрынскага раёна, беларускага мовазнаўца, педагога, спецыяліста ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі.

Віншуем!

ПРА МАЙГО НАСТАЎНІКА

Да 65-годдзя Паўла Міхайлава

Вучню складана пісаць пра настаўніка безэмацыйна. Найперш — з-за пачуцця ўдзячнасці да таго, хто адкрыў вялікі і шматаблічны свет навукі, зрабіў магчымым існаванне ў прафесіі. Аднак у выпадку з Паўлам Аляксандравічам Міхайлавым эмоцыі цалкам аб’ектыўныя: ён мае рэдкі талент запальваць сэрцы маладых людзей любоўю да роднага слова, адчуваючы пры гэтым высокую адказнасць за будучыню сваіх студэнтаў і аспірантаў. Не дзіўна, што сотні яго выхаванцаў назаўсёды звязалі свой лёс з даследаваннем беларускай мовы, выкладаннем яе ў школах, каледжах і ўніверсітэтах. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавалі і абаранілі кандыдацкія дысертацыі С. Фадеева, Т. Старасценка, А. Калечыц, В. Урбан, Н. Радзіваноўская, Д. Дзятко, А. Забаштанская, С. Шахоўская. Кожная аспіранцкая праца была шматразова прачытана навуковым кіраўніком, дагледжана і перажыта ім. Вучні юбіляра прызнаюць, што Павел Аляксандравіч — выключна адказны, шчыры і клапатлівы кіраўнік, які вучыць працаваць сумленна, самаахвярна, глыбока.

Амаль чатыры з паловай дзесяцігоддзі свайго жыцця аддаў П. Міхайлаў служэнню беларус­кай лінгвістыцы і за гэты час зрабіў надзвычай многа.

Важным кірункам яго дзейнасці працяглы час была арганізацыя навукі. У ліпені 1982 г., праз год пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, П. Міхайлаў быў прызначаны выконваць абавязкі вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, а яшчэ праз год стаў вучоным сакратаром інстытута. У той час беларускі Інстытут мовазнаўства быў адной з найболыш аўтарытэтных лінгвістычных устаноў Савецкага Саюза. У ім працавалі такія прызнаныя спецыялісты, як М. Бірыла, А. Булыка, Л. Выгонная, А. Жураўскі, В. Лемцюгова, В. Мартынаў, Ю. Мацкевіч, А. Міхневіч, Г. Цыхун і інш. Фактычна менавіта на плечы Паўла Аляксандравіча ляглі ўсе клопаты па вырашэнні шматлікіх навукова-арганізацыйных і гаспадарчых праблем установы.

З чэрвеня 1986 г. да жніўня 1991 г. Павел Міхайлаў узначальваў аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства. На гэтай пасадзе ён актыўна садзейнічаў усталяванню навуковых сувязей з кафедрамі мовы ўніверсітэтаў і педінстытутаў, спецыялізаванымі ўстановамі Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Выконваў значную грамадскую нагрузку — быў адказным сакра­таром штогодніка “Беларуская лінгвістыка”, ву­чоным сакратаром навуковага савета АН БССР па праблемах мовазнаўства. У гэты перыяд ён неаднаразова прадстаўляў Інстытут на нарадах па падрыхтоўцы “Лінгвістычнага атласа Еўропы” і “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа”, дзе працаваў побач з М. Алінэі, Р Аванесавым, Т. Вендзінай, П. Грыцэнкам, I. Дзендзялеўскім, В. Івановым, П. Івічам, Б. Сярэбранікавым.

Павел Міхайлаў займаўся арганізацыяй шматлікіх дыялекталагічных экспедыцый — на Палессе, Міншчыну, Сенненшчыну і ў іншыя рэгіёны. У многім менавіта дзякуючы яго настойлівасці і асабістым кантактам убачыла свет такая ўнікальная праца, як “Лексічны ат­лас беларускіх народных гаворак”, для якога вучоны падрыхтаваў 113 карт. Ва ўмовах складанай эканамічнай сітуацыі канца 1980 — пачатку 1990-х гг. ён, не шкадуючы часу і сіл, дабіваўся дазволу на публікацыю, шукаў сродкі для аплаты неймаверна высокага кошту выдавецкіх паслуг, шырока выступаў у друку і на радыё.

У верасні 1991 г. Павел Аляксандравіч перайшоў працаваць на пасаду дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага, а яшчэ праз два гады стаў загадчыкам гэтай кафедры і ўзначальваў яе паўтара дзесяцігоддзі. Менавіта яго намаганнямі кафед­ра стала адным з найбольш вядомых навукова- педагагічных цэнтраў краіны. Пад кіраўніцтвам П. Міхайлава ў гэты час працавала болыш за 30 выкладчыкаў, у тым ліку такія вядомыя асобы, як Э. Блінава, Н. Гаўрош, М. Кавалёва, А. Каўрус, К. Панюціч, К. Скурат, Т. Трыпуціна, М. Яўневіч і інш. На кафедры вялася падрыхтоўка не толькі спецыялістаў у галіне беларусістыкі, але і выкладчыкаў польскай, літоўскай моў.

Вынікам шматгадовай самаадданай працы П. Міхайлава стала стварэнне ім і яго вучнямі навуковай школы сістэмна-структурнага вывучэння фаналогіі і лексікі беларускай мовы, якая аформілася на кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

На ўсіх адказных пасадах, якія займаў П. Міхайлаў, ён з павагай ставіўся да калег, дапамагаў парадамі і справай, умела падтрымліваў творчыя ініцыятывы і не баяўся пры неабходнасці абараняць інтарэсы сваіх падначаленых.

Належны ўнёсак зрабіў вучоны і ў беларускую лінгвістыку. Ен ніколі не імкнуўся да высокіх трыбун, дзяржаўных узнагарод і прэмій. Яго прын- цыповасцю нярэдка былі незадаволены аматары ад навукі, аднак сур’ёзныя даследчыкі заўсёды прызнавалі выключную ролю Паўла Міхайлава ў развіцці беларускай дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, акцэнталогіі, гісторыі навукі пра мову.

Актыўны ўдзел браў П. Міхайлаў у падрыхтоўцы шэрагу найбольш аб’ёмных і арыгінальных праектаў у галіне беларускай дыялектаграфіі. Так, ён распрацаваў больш за 1700 слоўнікавых артыкулаў для “Слоўніка гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (у 5 т.; 1979 — 1986), дзе ўпершыню зафіксавана лексіка такой буйной дыялектнай зоны, шырока пададзена народная фразеалогія. Адзін і разам з суаўтарамі Павел Аляксандравіч падрыхтаваў каля 100 тэкставых узораў мясцовай гаворкі для “Тураўскага слоўніка” (у 5 т.; 1982 — 1987), зрабіў многія запісы і выканаў іх транскрыпцыю, напісаў 1800 слоўнікавых артыкулаў. Акрамя таго, ён падрыхтаваў вялікі анамастычны дадатак (каля 2100) да слоўніка, дзе падаў матэрыял у адпаведнасці з алфавітна-тэматычным прынцыпам (назвы палёў, сенажацей, лясных угоддзяў, азёр, заток, віроў і інш.). Гэтыя слоўнікі на многія дзесяцігоддзі сталі ўзорам дыялектнай лексікаграфіі і набылі сусветную вядомасць.

Пад кіраўніцтвам Паўла Міхайлава і з яго ўдзелам за апошнія 15 гадоў было выдадзена болыш за 30 (!) вучэбных дапаможнікаў для школ і ўніверсітэтаў. Вучоны ўваходзіў у рэдкалегію першай беларускай “Матэматычнай энцыклапедыі” (2001), быў рэдактарам “Тэрміналагічнага слоўніка па вышэйшай матэматыцы для ВНУ”(1993), суаўтарам “Кароткага руска-беларускага тлумачальнага слоўніка па агульнай біялогіі”(1994), міжнароднай калектыўнай манаграфіі “Лексикографические штудии”(М., 2015). Дзякуючы найперш яго карпатлівай збіральніцкай працы нядаўна ўбачыла свет унікальнае выданне “Лингвистика Беларуси: аннотированный указатель диссертаций (1991 — 2013)” (2015).

Сотні артыкулаў прысвяціў Павел Аляксандравіч распрацоўцы тыпалогіі розных рэгіянальных акцэнтных сістэм у беларускай мове, даследаванню найменняў роднасці і сваяцтва, а таксама беларускай лексікаграфіі. З асаблівай увагай ён ставіцца да вывучэння навуковых здабыткаў і жыццёвых шляхоў сваіх калег — прадстаўнікоў старэйшага пакалення беларускіх філолагаў. Толькі за апошнія гады ён надрукаваў багатыя на фактычны матэрыял артыкулы пра Анатоля Бардовіча, Арцёма Баханькова, Сяргея Буліча, Івана Волкава, Вячаслава Вярэніча, Мікалая Дурнаво, Марыю Кавалёву, Яўлалію Казановіч, Фёдара Клімчука, Барыса Лапава, Юзэфу Мацкевіч, Клару Панюціч, Таццяну Сцяшковіч, Аляксея Шахматава, Міхася Яўневіча і інш.

Сёння Павел Аляксандравіч — адзін з найболыш актыўных выканаўцаў фундаментальнай навуковай тэмы “Беларуская мова ва ўсходнеславянскай лексікаграфіі”, ён працягвае працаваць над падручнікам па сучаснай беларускай літаратурнай мове для студэнтаў філфакаў, завяршае падрыхтоўку манаграфіі, прысвечанай ролі асобных вучоных у гісторыі беларускага мовазнаўства, а таксама ўдзельнічае ў многіх іншых навуковых праектах.

У наш час, калі адным з вынікаў інфарматызацыі стала імклівае развіццё дылетантызму, любая праява высокага прафесіяналізму выглядае архаічнай. Аднак Павел Аляксандравіч Міхайлаў насуперак часу захоўвае вернасць найлепшым акадэмічным традыцыям вывучэння мовы і на працягу многіх гадоў з’яўляецца ўзорам самаахвярнага служэння ідэалам навукі, даследчыкам крыштальнага навуковага сумлення і педагогам ад Бога.

Дзмітрый ДЗЯТКО.