Ждановіч, І. Будзе цёпла ізноў… / Іван Ждановіч // Советская Белоруссия. — 2015. – 26 марта.

Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыя Віталь Курашык падарыў землякам-беларусам сваю новую кнігу.

Будзе цёпла ізноў…

Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыя Віталь Курашык падарыў землякам-беларусам сваю новую кнігу.

Віталь Курашык, наш зямляк і ганаровы грамадзянін Еўпаторыі, цяпер зноў жыве ў гэтым вядомым крымскім горадзе. Пра тое мы даведаліся з чарговага, 25-га выпуску беларускай радыёперадачы “Крыніца”, якая выходзіць у Севастопалі і аўдыёфайлам даслана ў рэдакцыю. Стваральнікі “Крыніцы” на чале з кіраўніцай беларускай суполкі Алай Гарэлікавай палічылі, што радыёслухачам варта нагадаць: Віталь Курашык, ураджэнец беларускага сяла Дзівін (на Палессі, цяпер гэта тэрыторыя Кобрынскага раёна Брэстчыны), нямала папрацаваў на карысць крымскай здраўніцы. На пачатку перадачы вядучыя Зінаіда Падарожняя і Валеры Казьянін расказваюць, што нядаўна актывісты севастопальскага таварыства “Беларусь” былі запрошаны пагасцяваць у Еўпаторыю, сустрэцца з заслужаным земляком. 

Віталь Курашык

Як вядома, Крым для Віталя Уладзіміравіча — не чужы: ён у 1982-85 гадах быў старшынёй Еўпатарыйскага гарвыканкама, потым плённа працаваў у Крымскім абкаме партыі, пазней быў старшынёй Савета Міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым (1991-93). І на карысць Беларусі папрацаваў: з мая 1993-га па чэрвень 2001-га быў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ва Украіне. Пра яркія моманты жыцця Віталь Курашык піша ў кнізе “Я не хочу судьбу иную”, раней дасланай у рэдакцыю. 
З прыходам Курашыка на пасаду старшыні гарвыканкама (1982) у Еўпаторыі была створана служба “05” для сувязі “ўлады з народам”. Беларусу ўдалося рэалізаваць вялікі праект па пасадцы дрэваў: тысячы іх і па гэты час, вырасшы, упрыгожваюць горад. З шэрагу моцных саюзных міністэрстваў энергічны мэр “выбіваў” грошы на добраўпарадкаванне, інфраструктуру горада, будаваліся дамы, з’явілася новая тэлефонная станцыя, дарогі, інжынерныя сеткі. Еўпаторыю ўпрыгожыла новая набярэжная. Карацей: за тры гады горад было не пазнаць. Таму стараннага працаўніка і забралі “вышэй”, на працу ў Сімферопаль. Потым ён жыў і працаваў у Кіеве, актыўна ўдзельнічаў у рабоце Усеўкраінскага саюза беларусаў.
І вось летась Віталь Курашык вярнуўся жыць у Еўпаторыю. Супляменнікам, што прыехалі да яго, ён расказаў: гэта горад, які ён заўсёды любіў і куды хацеў вярнуцца. Новую кнігу Віталя Курашыка “Сюжэты з жыцця. Пасол згадвае і разважае” з аўтографам аўтара атрымаў кожны з гасцей. Ён шмат распавёў пра Еўпаторыю, і ўсё — з вялікай любоўю да горада, з глыбокай павагай да яго жыхароў і клопатам пра яго развіццё. 

Набярэжную ў Еўпаторыі рабілі, калі мэрам быў Віталь Курашык

У Еўпаторыі, пабачылі супляменнікі, збераглося нямала зялёных прысадаў і зон. Адным з любімых месцаў адпачынку ў горадзе застаецца набярэжная, дзе і госці Віталя Курашыка з задавальненнем гулялі. Але працы патрэбна яшчэ шмат, каб вярнуць чарнаморскай пярліне былыя бляск і славу ўзорнага курорта. 

Віталь Курашык завёз землякоў і на Мемарыяльны комплекс “Красная горка”. Там пахавана больш за 12 тысяч расстраляных фашыстамі мірных жыхароў, якіх скідвалі ў кіламетровы супрацьтанкавы роў. Мемарыял з манументам створаны як своесаблівы вянок памяці вакол вялізнай брацкай магілы. А побач разбіты парк, дзе растуць блакітныя елкі: іх у свой час выдзеліў гораду пітомнік з Данбаса. “Ніводнае нашае пытанне да Віталя Уладзіміравіча не засталося без адказу, — дзеляцца ўражаннямі супляменнікі. — Можа, у такой павазе да людзей і ёсць сакрэт паспяховай кар’еры беларускага хлопца з палескай глыбінкі, што прайшоў шлях ад шахцёра да старшыні Саўміна Крыма, вядомага дыпламата. У адной з яго кніг знаходзім такое жыццёвае крэда Віталя Курашыка: “Працаваць да сёмага поту… Строить, а не пристраиваться. Любіць жыццё. Берагчы блізкіх людзей. Быць карысным для іншых і шчодрым, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу людзям”. А вось у тым, што гэта для яго не проста прыгожыя словы, мы і самі мелі магчымасць пераканацца”. 
Сябар Віталя Курашыка паэт Анатоль Мірзаян пра яго напісаў так:

“Ты клинка острие поменял на перо.

Побежали вдогонку строка за строкой.

Ты всегда созидал, создавая добро.

Будет снова тепло

Тем, кто вместе с тобой”.

Спадзяемся і мы, што творчыя кантакты беларусаў з розных куткоў будуць на карысць ім самім, а таксама і людзям іншых нацыянальнасцяў.

Іван Ждановіч