Знакамітыя выпускнікі школы. Гапасюк Сцяпан Ільіч // Самая «першая» : інфармацыйна — бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : Святлана Курачук. — Кобрын, 2020. – С. 23-24. – (Адукацыя на Кобрыншчыне).

Гапасюк Сцяпан Ільіч — доктар фізіка-матэматычных навук, астрафізік, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны. Нарадзіўся 7 ліпеня 1930 года ў вёсцы Лягаты Кобрынскага павета (цяпер Кобрынскага раёна) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў сярэдняй школе № 1 г. Кобрына. Адоранага і таленавітага вучня накіроўваў і падтрымліваў любімы настаўнік рускай мовы і літаратуры Міхаіл Ільіч Кірылаў, заслужаны настаўнік БССР, удзячнасць да якога ён пранёс праз усё жыццё. Два апошніх класы Сцяпан закончыў за адзін год, у 1949 годзе экстэрнам здаў экзамены за курс сярэдняй школы. Паспяхова былі здадзены і ўступныя іспыты, Сцяпан Гапасюк стаў студэнтам фізічнага факультэта Львоўскага ўніверсітэта імя І. Франко. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі Акадэміі навук СССР. У 1963 годзе Сцяпан Ільіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Развитие вспышек и магнитные поля на Солнце», у 1975 годзе – доктарскую «Магнитные поля и движения в атмосфере Солнца». З 1967 года С. І. Гапасюк з’яўляўся членам Міжнароднага астранамічнага саюза (МАС), двойчы выбіраўся членам прэзідыума камісіі 12 МАС, быў членам Навуковай рады па праблеме «Астраномія» аддзялення фізікі і астраноміі НАН Украіны. У 1987-1989 гадах Сцяпан Ільіч узначальвае лабараторыю фізікі Сонца, з 1989 года стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Крымскай астрафізічнай абсерваторыі. Сцяпану Ільічу давялося сустракацца і з канструктарам С. Каралёвым, і з першым касманаўтам Ю. Гагарыным. Ён апублікаваў больш за 200 навуковых работ, якія прызнаны сусветнай грамадскасцю. Падрыхтаваў шэсць кандыдатаў навук, кіраваў навуковымі праектамі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны і быў аўтарам двух касмічных праектаў. Навуковая дзейнасць С. І. Гапасюка атрымала прызнанне і высокую адзнаку. Сцяпану Ільічу прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Украіны. У кнізе «500 асоб Крыма» з цыкла «Жыццё выдатных людзей Крыма» яму прысвечана частка старонак. Імем С. І. Гапасюка названа адна з планет. 8 жніўня 2005 года Сцяпан Ільіч Гапасюк памёр.