Знакамітыя выпускнікі школы. Лукашук Аляксандр Алегавіч // Самая «першая» : інфармацыйна — бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : Святлана Курачук. — Кобрын, 2020. – С. 27-28. – (Адукацыя на Кобрыншчыне).

Лукашук Аляксандр Алегавіч беларускі біёлаг, энтамолаг. Старшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Нарадзіўся 25 мая 1964 года ў вёсцы Шыповічы Кобрынскага раёна. Прыгажосць і ўнікальнасць прыроды адкрылі юнаму даследніку біёлагі СШ № 1 г. Кобрына, дзе вучыўся Аляксандр з 1971 да 1981 года, і педагогі станцыі юннатаў, гурткі якой хлопчык наведваў пасля ўрокаў. Сувязь з юннатаўскім рухам ён не страціў да гэтага часу, ужо многія гады Аляксандр Лукашук з’яўляецца членам журы злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі. Ва ўніверсітэце, куды Аляксандр паступіў пасля года працы ў будаўнічай брыгадзе Кобрынскага інструментальнага завода, у яго завязалася супрацоўніцтва з доктарам біялагічных навук, прафесарам І. Лапаціным, які і адкрыў дапытліваму студэнту свет насякомых ва ўсёй яго загадкавасці і непаўторнасці, а таксама пазнаёміў з адным з лепшых спецыялістаў І. Кержнерам з Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Дзякуючы садзейнічанню і падтрымцы навуковых кіраў-нікоў, Аляксандр змог пабываць у шматлікіх экспедыцыях у розных краінах. У 1989 годзе закончыў біялагічны факуль-тэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1987 годзе паступіў на працу ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Аляксандр Лукашук мае вопыт палявой і лабараторнай работы ў Беларусі, краінах блізкага і далёкага замежжа ў лясных, горных абласцях. Апублікаваў 72 навуковыя працы і 3 навукова-папулярныя.