Знакамітыя выпускнікі школы. Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Самая «першая» : інфармацыйна — бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : Святлана Курачук. — Кобрын, 2020. – С. 29-30. – (Адукацыя на Кобрыншчыне).

Імя Паўла Аляксандравіча Міхайлава, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, сумленнага даследчыка і адоранага педагога, добра вядомае навукоўцам і выкладчыкам у Беларусі і далёка за яе межамі. Грунтоўныя веды, акадэмічны вопыт дазваляюць заслужана лічыць П. Міхайлава адным з вядучых дыялектолагаў Беларусі. Нарадзіўся Павел 13 кастрычніка 1950 года ў вёсцы УшкавіцаКобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1968 годзе закончыў сярэднюю школу № 1 г. Кобрына, у 1971 годзе пасля службы ва ўзброеных сілах паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. У студэнцкія гады з’явіліся першыя публікацыі Паўла. Педагагічны інстытут П. Міхайлаў закончыў з адзнакай у 1975 годзе. Пасля некалькіх месяцаў працы настаўнікам рускай і беларускай моў і літаратур Лелікаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна (1975) П. Міхайлаў падаў дакументы для паступлення ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. У лістападзе 1975 года быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мова-знаўства па спецыяльнасці «Беларуская мова». Вынікам самаадданай і карпатлівай навуковай працы стала паспяховая абарона ў 1981 годзе дысертацыі на тэму «Лексіка беларускіх ганчароў» на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук. Працаваў малод-шым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі (1976-1982), вучоным сакратаром (1982-1986), загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мова-знаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1986-1991). У верасні 1991 года Павел Аляксандравіч перайшоў працаваць на пасаду дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага, а яшчэ праз два гады стаў загадчыкам гэтай кафедры і ўзначальваў яе паўтара дзесяцігоддзя. Менавіта яго намаганнямі кафедра стала адным з найбольш вядомых навукова-педагагічных цэнтраў краіны. Павел Аляксандравіч — аўтар больш за 140 навуковых і навукова-метадычных прац па разнастайных актуальных пытаннях сучаснай беларускай лінгвістычнай і метадычнай навукі. Ён вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя Максіма Танка, член вучоных саветаў універсітэта і факультэта беларускай філалогіі і культуры. Актыўны ўдзел прымаў у падрыхтоўцы шэрагу найбольш аб’ёмных і арыгінальных праектаў у галіне беларускай дыялектаграфіі, у падрыхтоўцы міжнародных навуковых праектаў. Падрыхтаваў восем кандыдатаў навук. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» і граматамі.