Казлоў Леў Раманавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 436. – (Імі ганарацца землякі).

КАЗЛОЎ Леў Раманавіч, беларускі гісторык, кнігавыдавец. Нарадзіўся 28 ліпеня 1938 г. у в. Літвінкі. Закончыў сярэднюю школу № 2 г. Кобрына (1956). У 1957-1960 гг. служыў у Савецкай арміі. У 1965 г. закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У 1970 г. абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. З 1969 г. працаваў у Мінскім педагагічным інстытуце, з 1982 г. прафесар, дэкан Мінскага дзяржаўнага інстытута культуры, з 1991 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1993 г. прэзідэнт фірмы «Арты-Фэкс», з 1995 г. галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» (у 5 тамах), часопісаў «Падарожнік» і «Наш край». Асноўныя даследаванні ў галіне гістарычнай геаграфіі і картаграфіі Беларусі. Аўтар кніг «Дапаможныя гістарычныя дысцыпліны» (1980), «Кобрын: Гісторыка-эканамічны нарыс» (1987, разам з Н.М.Пліско), «Музей дасціпнасці» (3-е выд., 1989), «З дазволу караля і вялікага князя» (1992), «Беларусь на сямі рубяжах» (2000) і шматлікіх артыкулаў, навуковы кансультант Беларускай энцыклапедыі.