Казлоў Леў Раманавіч

Біяграфічны нарыс

КАЗЛОЎ Леў Раманавічбеларускі гісторык, картограф, выдавец, пісьменнік.

Нарадзіўся 28 ліпеня 1938 года ў вёсцы Літвінкі Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Вялікая Айчынная вайна застала сям’ю ў Пінску, пасля вайны жылі ў Кобрыне. У школу Леў пайшоў у 1946 годзе, у школьныя гады любіў чытаць, захапляўся маляваннем, гісторыяй. У 1956 годзе закончыў СШ № 2 г. Кобрына.

Служыў у Савецкай арміі ваенным картографам (1957–1960).

У 1965 годзе закончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, затым там жа навучаўся ў аспірантуры (1965–1968), працаваў выкладчыкам.

У 1970 годзе Л. Р. Казлоў абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рост культурна-тэхнічнага ўзроўню рабочага класа Беларусі ў гады першай пяцігодкі (1928–1932 гг.)» і атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. У 1970–1981 гадах – старшы выкладчык, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі МДПІ імя А. М. Горкага. У 1981–1992 гадах – прафесар кафедры гісторыі Беларусі і замежных краін, дэкан факультэта замежных студэнтаў Мінскага інстытута культуры.

З 1992 па 1994 год – старшы навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных дысцыплін, кіраўнік картаграфічнай групы Інстытута гісторыіі АН Беларусі. Л. Р. Казлоў арганізаваў работу па складанні новых гістарычных карт і школьных атласаў. Навуковыя інтарэсы: гістарычная геаграфія і картаграфія Беларусі (ад старажтынасці да нашых дзён). Удзельнік шэрагу міжнародных і рэгіянальных навуковых канферэнцый, аўтар артыкулаў па краязнаўчай і картаграфічнай тэматыцы.

Узнаўляць карты – своеасаблівае мастацтва. Картограф Леў Раманавіч працуе ў старадаўняй манеры: аловак, цыркуль, пяро, туш, акварэль. Аднаўляе рарытэтныя карты, якія адшуквае ў розных архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў. Так з’явіліся дзясяткі невядомых нам раней выяў беларускіх земляў са старажытнасці. Некаторыя карты, намаляваныя Л. Р. Казловым, упрыгожваюць раённыя краязнаўчыя музеі. Рабіў і глобусы для музейных экспазіцый. У Картаграфічным кабінеце Музея гісторыі Мінска, які знаходзіцца ў гарадской ратушы, большасць экспанатаў выкананы рукамі Льва Раманавіча.

Чалавек энцыклапедычных ведаў у розных галінах. Як многiя з гісторыкаў – нумізмат, сабраў вялікую калекцыю манет. Захапляецца гістарычнай мастацкай літаратурай, мае выдатную бібліятэку. У 1983 годзе выйшаў яго зборнік гістарычных анекдотаў «Музей остроумия», які быў двойчы перавыдадзены (1986, 1989), а ў 1999 годзе з’явілася новае дапоўненае выданне – «Большой музей остроумия». Аўтар мастацкіх кнiг «Георг Кристоф Лихтенберг» (2002), «Радзивилл “Сиротка» (2015), «З дазволу караля і вялікага князя» (2016) і інш. Пад псеўданімам «Плат. Гудовіч» выдаў зборнік вершаў «Размова нанова» (2017).

Леў Раманавіч не забывае родную Кобрыншчыну. У суаўтарстве з дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Нінай Мяфодзіеўнай Пліско да 700-годдзя Кобрына выдаў гісторыка-эканамічны нарыс «Кобрин» (1987). У якасці рэдактара-ўкладальніка працаваў над гісторыка-дакументальнай хронікай «Памяць. Кобрынскі раён» (2002).

У 1994 годзе Л. Р. Казлоў, не дачакаўшыся бюджэтнага фінансавання выдання карт, заснаваў і ўзначаліў прыватнае выдавецтва – УП «Арты-Фэкс», якое займаецца выданнем геаграфічных карт і атласаў. Работа яго выдавецтва «Арты-Фэкс» адзначана еўрапейскім залатым прызам «Europe Award» (Парыж, 2001). З 1995 года – галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», часопісаў «Падарожнік» (1997–2001), «Наш край». Навуковы кансультант выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Член Саюза прадпрымальнікаў Беларусі, Нацыянальнай Геаграфічнай Асацыяцыі (ЗША), міжнароднага «Клуба лідэраў гандлю».

У зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў ліпені–жніўні 2018 года працавала выстава «Вандроўкі па ваколіцах мінулага», прысвечаная 80-годдзю

Л. Р. Казлова. Пазней, з 14 верасня, юбілейная выстаўка дзейнічала ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Усе прадстаўленыя на выстаўцы матэрыялы юбіляр падараваў цэнтральнай бібліятэцы і яе чытачам, за што бібліятэкары вельмі ўдзячны знакамітаму земляку.

Калегі ахрысцілі Льва Раманавіча беларускім Меркатарам (у гонар фламандскага картографа XVI cт. Герарда Меркатара). Дарэчы, Л. Р. Казлоў упэўнены, што карты могуць расказаць нават больш, чым летапісы, гістарычныя дакументы і мемуары.

Працы

Гудовіч, П. Размова нанова : выбраныя вершы / Плат. Гудовіч. – Мінск : Галіяфы, 2017. – 48 с.

Казлоў, Л. Р. «Афіцына Блавіяна»: з сярэднявечча – у новы час / Л. Р. Казлоў. – Мінск, 2014. – 16 с.

Казлоў, Л. Р. Беларусь у працах польскіх картографаў (ХVІ–ХХ стст.) / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2004. – 115 с. – (Беларусь на старажытных картах).

Казлоў, Л. Р. З дазволу караля і вялікага князя : [зборнік гістарычных анекдотаў] / Леў Раманавіч Казлоў. — Мінск : Полымя , 1992. — 109, [3] с.

Казлоў, Л. Р. Картаграфія Беларусі падчас паўстання 1863-1864 гг. / Л. Р. Казлоў. — Мінск, 2003. — [16] с.

Казлоў, Л. Р. Картаграфія Беларусі падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі / Л. Р. Казлоў. — Мінск : [б. в.], 2004. — 15, [2] с.

Казлоў, Л. Р. Карэліцкі край на старажытных картах (ХVІ-ХІХ ст.) / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2008. – 9, [3] с.

Козлов, Л. Р. Белорусское Полесье на старинных картах / Л. Р. Козлов. – Москва : [б. и.], 2008. – 22, [2] с.

Козлов, Л. Р. Большой музей остроумия : исторические анекдоты / Л. Р. Козлов. – Минск : Арти-Фекс, 1999. – 619 с.

Козлов, Л. Р. Музей остроумия / Л. Р. Козлов. — Минск : Полымя, 1983. – 222 с. : ил.

Козлов, Л. Р. Радзивилл «Сиротка» : историческая трилогия : Кн. 1 : Наследник по мечу / Л. Р. Козлов. – Минск : Альтиора – Живые краски, 2015. – 183 с.

Козлов, Л. Р. Старажытная картаграфія Беларусі : атлас : [у 3 вып.] / Л. Р. Козлов. – Мінск : Арты-Фэкс, 2005–2009. – (Старажытная картаграфія Беларусі).

Козлов, Л. Р. Рост культурно-технического уровня рабочего класса Белоруссии в годы первой пятилетки (19281932 гг.) : автореферат диссертации … кандидата исторических наук / Л. Р. Козлов. – Минск, 1969. – 22 с.

Плиско, Н. М. Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. – Минск : «Полымя», 1987. – 95 с.

Аб жыцці і дзейнасці

Казлоў Леў Раманавіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. — 2-е выд. — Мінск, 2007. — Т. 2. — С. 15.

Казлоў Леў Раманавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 10-11.

Казлоў Леў Раманавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 436. – (Імі ганарацца землякі).

Казлоў Леў Раманавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2013. – Т. 4. — С. 262.

Козлов Лев Романович // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская обл. : в 2-х кн. — Минск, 2009. — Кн. 1. — С. 488.

Козлов Лев Романович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. — Минск : Энциклопедикс, 1999. — С. 65.

Корзенко, Г. В. Козлов Лев Романович / Г. В. Корзенко // Историки Беларуси в начале XXI столетия : библиограф. справ. / Г. В. Корзенко. – Минск, 2007. – С. 173-174.

80 гадоў з дня нараджэння Л. Р. Казлова (1938) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016-2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2018. — С. 67-68.

Бакун, А. Вывучаць мінулае, каб будаваць будучыню / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. — 2018. — 31 кастрычнiка. – С. 8.

Пра сустрэчу ў Кобрынскай раённай бібліятэцы з гісторыкам, картографам Л. Р. Казловым.

Бакун, А. Вандроўкі з земляком-картографом / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. — 2018. — 26 верасня. — С. 5.

Пра Л. Р. Казлова, картографа, гісторыка і літаратара.

Декола, Н. Белорусский Меркатор : минчанин Лев Козлов воссоздает раритетные карты / Надежда Декола // Советская Белоруссия. — 2018. — 7 июля (№ 128). — С. 11.

Козлов, Л. Р. «Белорусские земли на картах мира были ещё при Птолемее» / [Л. Р. Козлов ; беседовала] Надежда Белохвостик // Комсомольская правда. — 2009. – 4 марта.