Казлоў, Л. «Кнігі робяцца з кніг, а карты – з карт» / [Леў Казлоў ; гутарыла] Наталля Кірпічэнкава // Культура. – 2007. – 4-10 жніўня. – С. 1.

«Кнігі робяцца з кніг, а карты – з карт»…

Гісторык, прафесар Леў Казлоў многія гады працаваў выкладчыкам у БДУ, педагагічным універсітэце імя М.Танка, універсітэце культуры і мастацтваў. Зачараванасць яшчэ са школьных гадоў справамі легендарных першапраходцаў, дзякуючы якім пашыраліся зямныя далягляды у выніку чаго з’яўляліся карты, заняло, бадай, вядучае месца ў яго творчым жыцці. Л. Казлоў пачаў сур’ёзна і глыбока вывучаць навуку, якая завецца гістарычнай геаграфіяй, працаваць над старажытнымі картамі. Калегі нездарма ахрысцілі яго беларускім Меркатарам.

— Зараз у Еўропе назіраецца сапраўдны бум на старажытныя карты, прычым паўсюль. Яны прапануюцца на розных аўкцыёнах, у антыкварных крамах. Прыгожыя, па-мастацку аздобленыя дэкаратыўныя карты можна ўбачыць у офісах, на вокладкax часопісаў і на ўпакоўках…

— Усплёск цікавасці чакаецца і ў нас, — зазначае гісторык. — Гэткая старажытнасць пачынае мільгацець і ў нашай рэкламе. Некалі была мода сярод пануючых у палітыцы ці фінансах асоб: партрэтавацца на фоне карты ці абапіраючыся на глобус. Гэта, на іх думку, павінна было надаваць такой асобе адукаваны і культурны выгляд. Ды галоўнае прызначэнне старажытнай картаграфіі — у пашырэнні нашых ведаў аб мінулым.

— Вы вывучаеце старажытныя карты, беларускія землі. Дзе вы іх знаходзіце?

— Шмат картаграфічных старадрукаў і асобных рукапісных карт захоўваецца ў архівах і бібліятэках Расіі, суседніх Польшчы, Літвы і Украіны. Каштоўныя матэрыялы можна знайсці ў вядомай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, дзе знаходзіцца вялікая і вельмі разнастайная калекцыя геаграфічных карт, на якіх адлюстравана наша тэрыторыя мінулых стагоддзяў. У Беларусі таксама ёсць разнастайныя помнікі картаграфіі, але яны, на жаль, не сістэматызаваны, раскіданы па розных архівах, бібліятэках, музеях, па прыватных зборах. Таму зрабіць каталог беларускай картаграфічнай спадчыны з адпаведнай анатацыяй — задача сённяшняга дня.

— Якой быта ваша першая карта?

— Гэта была цудоўная карта — «Вялікія геаграфічныя адкрыцці». Яна ўпрыгожвала сцяну над маім дзіцячым ложкам. І калі я прачынаўся, адразу ж выпраўляўся ў рамантычныя падарожжы. Памятаю, як яшчэ ў пятым класе я праз «Кніга — поштай» з Масквы выпісаў кнігу «Картоведение» Ліодта. І мне даслалі саліднае выданне, палічыўшы, што я — правінцыйны настаўнік, якому толькі і не хапае картазнаўства. Але асаблівае ўражанне на мяне аказала знаёмства з кніжкай «Геаграфія Беларусі» Смоліча. Тады я выменяў яе амаль на ўсё сваё дзіцячае «багацце»…

— А што гэта за вялікая карта, што ўпрыгожвае ваша месца працы?

Знакамітая “Радзівілаўка”.1613

— Гэта – знакамітая карта Радзівіла, выдадзеная ў Амстэрдаме ў 1613г. Шэраг даследчыкаў лічыць, што яе рыхтаваў да друку нясвіжскі мастак Тамаш Макоўскі. Але, як пераканаўча даказаў польскі прафесар Станіслаў Александровіч (дарэчы, адзін з маіх настаўнікаў у галіне гісторыі картаграфіі), асноўную працу зрабіў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Макоўскі проста «давёў» карту да ладу, аздобіўшы яе дэкорам і тлумачальным тэкстам. «Радзівілаўка» і дагэтуль застаецца найлепшым картаграфічным помнікам сваёй эпохі. Да слова, аб усім гэтым, як і аб іншых аўтарах-стваральніках карт у былой Рэчы Паспалітай, я напісаў у кнізе «Беларусь у працах польскіх картографаў». Яна першая з серыі «Старажытная картаграфія Беларусі», у якой асобнымі выданнямі будзе прадстаўлена творчасць аўтараў з Расіі, Германіі, Велікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў і іншых краін.

— Напэўна, існуе шмат старажытных карт, нам невядомых?

Карта ўладанняў Радзівілаў. Другая палова XIX ст.

— Так. Можна пералічыць дзесяткі, але прыгодаю хаця б адну. Вельмі змястоўная карта каралеўскага картографа Караля Пертэеса (1740–1815), які ў Варшаве ў 1770 г.стварыў вялікую карту «Палонія» (тэрыторыя былой Рэчы Паспалітай і суседніх зямель іншых краін). Насамрэч, арыгінала гэтай карты няма: яна згарэла падчас нямецкага налёту на Варшаву ў верасні 1939-га. На шчасце, прафесар Бучак — вялікі знаўца старажытнай картаграфіі — за некалькі гадоў да трагічных падзей зрабіў фотаздымкі карты. 3 іх можна зрабіць рэканструкцыю карты 1770 г. Я ўжо прапанаваў польскім калегам распачаць сумесныя працы па аднаўленні «Палоніі». I на міжнароднай канферэнцыі картографаў, што адбудзецца ў Маскве на пачатку жніўня, абавязкова ўнясу гэтую прапанову суседзям, каб кожны папрацаваў над «сваёй» тэрытарыяльнай часткай.

— Чым, на вашу думку, выклікана цікавасць апошнім часам да старажытных беларускіх карт?

— Раней ніхто сур’ёзна не займаўся старажытнымі картамі, таму што яны ў большасці сваёй былі забаронены для публікацыі. А між тым, менавіта на такіх буйнамаштабных, «ваенна-тапаграфічных» картах можна знайсці найцікавую інфармацыю, якую не знойдзеца ні ў якіх пісьмовых крыніцах. Вынікам працы расійскіх афіцэраў, якія кіравалі тапаздымачнымі атрадамі ў XIX ст. на тэрыторыі беларускіх губерняў, сталася тое, што да нас дайшло цудоўнае адлюстраванне тагачаснай эпохі. Дзякуючы знаёмству са старымі картамі навукоўцы, выкладчыкі, краязнаўцы, турысты, эколагі атрымліваюць грунтоўны матэрыял для вырашэння многіх пытанняў. Старажытныя карты Беларусі — гэта дзейсны доказ таго, што мы называем «сусветным», ці «еўрапейскім кантэкстам».

Вы сабралі вялікую колькасць карт; сярод іх ёсць і створаныя шмат стагоддзяў таму. А ці можна, напрыклад, вызначыць нейкія «этапныя», на якіх з іх з’яўляецца назва «Беларусь»?

— Само паходжанне назвы «Беларусь», пры даволі значных намаганнях шэрагу даследчыкаў, да гэтае пары канчаткова не высветлена. Адзін са шляхоў — прасачыць па картах, пачынаючы з самых ранніх, «пталемееўскіх», дзе мы будзем мець толькі безназоўную зямлю, далей — з блукаючай назвай «Russia Alba» (напрыклад, на вялікай карце сярэдзіны XV ст., складзенай венецыянскім географам Фра Маўра, Белая Русь апынулася ажно… у Сібіры). Першая карта, дзе назва «Russia Alba» пазначыла паўночна-заходнюю частку сучаснай Беларусі, што было вынесена нават у загаловак, належыць французскаму гугеноту, картографу і фартыфікатару на польскай службе Гіёму дэ Баплану. Гэта было ўжо ў сярэдзіне XVII ст. А ў першай палове XVIII ст. на картах назва займае ўжо сталае месца.

— Разглядваючы старажытныя карты, можна заўважыць, што тэрыторыя, дзе знаходзіцца сучасная Беларусь, называлася па-лацінску Lithvaniae.

— Так. На старажытных картах тэрыторыя, якая ўваходзіць у сучасную Беларусь, звалася Літвой або Lithvaniae. Вялікае княства Літоўскае ў асобны перыяд сваёй гісторыі сягала ад Балтыйскага мора да Чорнага. У тыя часы Полацкую зямлю называлі і вызначалі на карце, як Белую Русь. Назвы на старажытных картах напачатку пісаліся па-лацінску, потым — на польскай мове, а пасля перайшлі на рускую.

— Зараз адраджаюцца Нясвіжскі і Мірскі замкі, і там неабходна будзе ўвесці ў экспазіцыю старажытныя карты. Вы прымаеце ўдзел у працы над экспазіцыяй, у стварэнні вялікага глобуса, падобнага на той, які знаходзіўся калісьці ў Нясвіжскім замку?

— Я працую зараз над глобусам — ён 85 сантыметраў у дыяметры. На ім будзе пазначана Нясвіжская ардынацыя: Клецк, Слуцк, Радзівілімонты, іншыя месцы. Род Радзівілаў валодаў 30 працэнтамі зямлі ў Беларусь Будзе прадстаўлены план Нясвіжа пазамінулага стагоддзя. Ранейшых планаў не захавалася.

Беларусь некалі называлі краінай замкаў. 32 замкі можна было б аднавіць — пра іх захавалася інфармацыя. Апроч старых карт, археолагі, архітэктары-рэстаўратары — цікавяцца старажытнымі планамі, іншымі матэрыяламі, неабходнымі для іх працы ў справе адраджэння нацыянальных помнікаў гісторыі і культуры. Многія звяртаюцца па параду да мяне. Мне ўдалося знайсці малюнак Мінска 40-х гадоў XVIII ст. Ранейшыя адлюстраванні пакуль не адшуканы. На выяве паказаны такія будынкі, якія дасюль спецыялісты не могуць ідэнтыфікаваць.

Вальтэр казаў: як кнігі робяцца з кніг, так карты робяцца з карт. Наша картаграфічная спадчына запатрабзвана сёння — і ў гэтым яе вялікая каштоўнасць.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА