Казлоў, Л. Р. Паўночная вайна на Беларусі / Л. Р. Казлоў // Падарожнік. – 1998. — № 7. – С. 30–31.

ПАЎНОЧНАЯ ВАЙНА НА БЕЛАРУСІ

Сярод саюзнікаў Расіі знаходзіліся і казакі з Украіны на чале са сваім гетманам Іванам Мазепам. Як яго прадстаўляе, напрыклад, вядомы гісторык М. І. Кастамараў (1817-1885), гэта быў даволі зручны і хітры палітык, які ставіў за канчатковую мэту аддзяленне Левабярэжнай Украіны ад Расіі. Проста дзіўна, што Пётр Аляксеевіч такі доўгі час, нягледзячы на шматлікія даносы ды іншыя факты, не змог аж да астатняй хвіліны «раскусіць» старога гетмана. Дастаткова прывесці толькі пералік царскіх узнагарод, што сыпаліся на гэтага «казака нумар адзін». Яшчэ ў 1696 г., пасля ўзяцця Азова Мазепа атрымлівае сабалі «з царскага пляча», у 1700- м у ліку першых становіцца кавалерам толькі што заснаванага ордэна Андрэя Першазваннага, а ў 1703-м па царскім загадзе «балярын» Іван Мазепа ўступае ў валоданне Крупіцкай воласцю Сеўскага павета і г.д. Ніхто не мог пераканаць цара ў рыхтуемай спакваля гетманавай здрадзе. А той то спрэзентуе Яго Вялікасці турэцкую шаблю з дарагой аздобай, то ў адпаведны момант падкіне пазарэз патрэбных коней, то скажа, што ў стратэгічных інтарэсах Расіі трэба далучыць Заходнюю Украіну. Ды і сам гетман пакуль што ўдзельнічаў на расійскім баку ў Паўночнай вайне, нават (паводле беларускіх гісторыкаў М. Ткачова і В. Скалабана) апынуўся ў Ляхавічах, у вядомым замку, але ўжо адкрыта на баку прашведскага Станіслава Ляшчынскага.

Дарэчы, добра вядомыя галоўныя праціўнікі Мазепы Качубей з Іскраю, ахтырскі палкоўнік Восіпаў і поп Святайла 18красавіка 1708 г. прыехалі ў Віцебск, дзе знаходзілася стаўка ПятраІ, і падалі цару чалабітную з 33 арыткуламі, якія канкрэтна пацвярджалі будучую здраду гетмана. Але тут іх чакалі допыты з бізунамі. Закаваных у ланцугі «даносчыкаў» на нейкі час адвезлі ў Смаленск, але ізноў вярнулі ў Віцебск. Пасля працяглых допытаў і катаванняў Качубея ды Іскру пад моцнай вартай накіравалі ў Кіеў, а адтуль у мястэчка Баршчагоўку, што непадалёка ад Белай Царквы — проста ў рукі Мазепы. 14ліпеня 1708 г. ў прысутнасці старшыны, казакаў і натоўпу Качубею і Іскру адсеклі галовы.

А праз год здарылася тое, пра што цар і слухаць не хацеў… I калі Пётр, які лічыў, што паступіў строга, але справядліва, запрасіў гетмана ў чарговы раз «на тэатр ваенных дзеянняў», той стаў выкручвацца, спасылаючыся, што вярхом на кані з-за «падагрычнай» хваробы сядзець не можа. Асабліва клапаціўся пра ваенную спраўнасць Мазепы вядомы Меншыкаў, які паехаў ў Батурын, а потым у Кораб, каб паспачуваць ледзь не паміраючаму гетману. I толькі тут да гэтага героя Паўночнай вайны ўсё дайшло, і ў выніку да цара паляцеў ліст ад 26кастрычніка 1708 г. пра страшную здраду. 28 кастрычніка таго ж года быў абвешчаны адпаведны царскі маніфест.

14 сакавіка 1708 г. Жыхары Магілёва сталі сведкамі ўрачыстага прыбыцця ў горад князя Аляксандра Меншыкава, якога суправаджалі драбанты (асабістая ахова). За імі доўгім ланцугам цягнуўся абоз з фур, вазоў, нагружаных вярблюдаў і мулаў. Меншыкава размясцілі ў замку, а яго світу — у дамах багатых гараджан. Члены магістрата сустрэлі князя не толькі хлебам-соллю, але паднеслі яму вялікі крышталёвы кубак, апраўлены ў срэбра, коштам у тысячу залатых ды яшчэ — бочку вугорскага віна. На другі дзень у мясцовую ратушу з’явіўся сакратар Меншыкава з загадам штодзённа пастаўляць усё неабходнае для ўтрымання князя і яго двара. Гэта было даволі цяжка выконваць, бо горад і без таго зжабрачыўся частымі пераходамі войск, але паспрабуй чаго не дай — адразу ж магістратуру арыштоўвалі. Вось так з даставерных крыніц апісваў тыя дзеі пазнейшы аўтар, генерал-маёр Бэз-Карніловіч.

Калі шведы дасягнулі Смаргоні, ужо было бачна, што далёка яны не прасунуцца. Праўда, праз месяц яны яшчэ зрабілі спробу перамяшчэння на ўсход, але толькі да раёну Далгінаў-Радашковічы-Барысаў. I тут амаль 35-тысячная армія Карла XII затрымалася на зімовыя кватэры. Трэба было неяк падмацавацца перад наступнай кампаніяй. Але гэта ўжо добра разумела расейскае камандаванне.

Паколькі ў бліжэйшы час ваенных дзеянняў не чакалася, Пётр ад’ехаў на новабудоўлю — у Пецярбург. За начальнікаў тут засталіся Шарамецьеў (камандуючы пяхотай) і Меншыкаў (камандуючы конніцай). А ўсяго ў распараджэнні цара знаходзілася каля 100тысяч войска супраць агульнай лічбы шведаў у 70тысяч. Зразумела, такія суадносіны падбадзёрвалі Яго Вялікасць.

Знаходзячыся ў Смаргоні, Карл XII распрацоўвае планы далейшых дзеянняў. Гэтым разам ён пільна вывучае палітычнае становішча ў самой Расіі, дзе яшчэ палаў Булавінскі бунт, башкірскі мяцеж. Асаблівую цікавасць выклікалі расійска-ўкраінскія ўзаемаадносіны і загадкавыя паводзіны гетмана Мазепы. Але галоўным усё ж засгаваўся паход на Смаленск-Маскву.

У канцы мая 1708 г. на нарадзе ў Чашніках расейскія военачальнікі вырашаюць сканцэнтраваць больш значныя сілы ў басейнах рэк Ула-Бярэзіна. Але Шарамецьеў са сваёй пяхотай, баючыся за «пскоўскія рубяжы», больш цягнуў у бок мястэчкаў Ула і Лукомля, адкуль яму вельмі зручна было падацца да Полацка і за Дзвіну. А Меншыкаў, наадварот, перасоўваўся ў паўдзённым накірунку, лічачы, што шведы будуць прарывацца за Бярэзіну, пакінуўшы на поўначы Лукомлю.

Тым часам на пачатку чэрвеня разведка данесла пра паяўленне шведскіх раз’ездаў на берагах Бярэзіны. Гэта пацвярджала верагоднасць наступу КарлаХІІ на Магілёў ці Быхаў. Таму ізноў у тых жа Чашніках 12 чэрвеня 1708г. спешна сабралася другая нарада камандуючых. Тут было вырашана конніцу, якая толькі сыходзіла з зімовых кватэр, размясціць уздоўж ракі Бярэзіны, у месцах магчымых перапраў ворага, а інфантэрыю (пяхоту) перасунуць на лінію Чарэя-Бобр, дзе чакаць разгортвання далейшых падзей. Але часу ўжо не хапала, бо шведы знаходзіліся на маршы.

Л. Р. Казлоў