Казюк Мікалай Васільевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: гал. бібліёграф С. Д. Курачук ; дызайн вокладкі: інжынер П. С. Грыневіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Кобрын, 2020. – С. 59-60.

КАЗЮК МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ

КАЗЮК Мікалай Васільевіч (1898–1979) – дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава з 1937 по 1938 год, партыйны дзеяч, загадчык аддзела друку і выдавецтва ЦК КП(б)Беларусі, галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР пры Народным камісарыяце асветы БССР.

Нарадзіўся ў вёсцы Корчыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер в. Корчыцы Кобрынскага раёна) у беднай сялянскай сям’і. Усеагульная галеча не дазволіла юнаку атрымаць першапачатковую адукацыю. Мікалай вучыўся грамаце ад дарослых людзей, а потым тры зімы хадзіў у школу.

М. Казюк прайшоў шлях ад чорнарабочага друкарні «Думка друкара» да студэнта рабфака Маскоўскага ўніверсітэта і аспіранта Камуністычнага інстытута журналістыкі. 

У Першую сусветную вайну М. Казюк трапіў у Расію. Быў добраахвотнікам Чырвонай арміі, закончыў рабфак, потым — інстытут журналістыкі, аспірантуру.

Працаваў у расійскіх выданнях «Рабочая Москва» і «Деревенский коммунист», у ЦК ВКП(б) інструктарам і ў аддзеле друку.

У 1931 годзе ў Цэнтральным выдавецтве народаў СССР у Маскве выйшла брашура М. Казюка «Другая бальшавiцкая вясна».

У 1936 годзе Казюк быў пераведзены на працу ў ЦК КП(б) Беларусі на пасаду загадчыка аддзела друку і выдавецтваў. Мікалай Казюк быў першым у спісе дэлегацыі, якая ўручала ў 1936 годзе Сталіну на з’ездзе Саветаў у Маскве знакамітае «Письмо белорусского народа Великому Сталину».

У лістападзе 1937 года Мікалай Васільевіч прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі.

2 кастрычніка 1937 года Бюро ЦК КП(б)Б разгледзела справу М. Казюка і за «притупление политической бдительности к врагам народа Поссе и др., выразившееся в неразоблачении их, будучи в близких отношениях с ними», абвясціла яму вымову з унясеннем у асабістую справу. Захавалася стэнаграма пасяджэння, у якой сцвярджалася, што па прапанове наркама НКУС Бермана матэрыялы пра Казюка былі перададзены ў органы НКУС для далейшага расследавання. М. Казюк апелюе ў Камісію партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б), якая 10 красавіка 1938 года вымову зняла.

28 ліпеня 1938 года Мікалая Казюка арыштавалі па абвінавачванні ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Абвінавачванне не пацвердзілася, і 8 сакавіка 1939 года М. Казюк быў вызвалены. Але на ранейшай пасадзе ён не застаўся. У даведніку «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт: 70 гадоў. 1933-2003», які выдадзены ў Мінску ў 2003 годзе, сцвярджаецца, што далейшы лёс М. Казюка невядомы.

Але, як вядома з архіваў, Мікалай Казюк не стаў ахвярай палітычных рэпрэсій. Ён нікуды не выязджаў з Мінска, працаваў галоўным рэдактарам дзяржвыдавецтва аўтаматызацыі техналагічных працэсаў БССР. Сустракаўся з Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным, М. Лыньковым і іншымі беларускімі пісьменнікамі. Даводзілася Мікалаю Васільевічу пісаць рэцэнзіі на мастацкія творы, хоць гэта і не быў яго профіль працы. Нягледзячы на арышт і страту ганаровай пасады, Мікалай Казюк працягваў жыць і працаваць.

З першых дзён нашэсця фашысцкіх войскаў М. Казюк ваюе на подступах да Смаленска. У адным з баёў быў цяжка паранены, кантужаны і адпраўлены ў шпіталь за Маскву. У снежні 1941 года яго накіравалі начальнікам палітаддзела Залесаўскай МТС Арэнбургскай вобласці. Сельскія працаўнікі вырошчвалі хлеб, усе сілы аддавалі фронту. У 1943 годзе Казюка зноў залічылі ў армію, але загадам Галоўнага палітупраўлення арміі ён атрымаў прызначэнне на выкладчыцкую працу ў Ваенна-паветраную акадэмію, якая зараз носіць імя Ю. А. Гагарына. Калі вораг падыходзіў да Масквы, акадэмія перабазіравалася ў горад Чкалаў, куды Мікалай Васільевіч прыбыў і адразу ж прыступіў да распрацоўкі лекцый па марксізму-ленінізму, гісторыі партыі. У маі 1944 года акадэмія пераехала на сваё ранейшае месца — у мястэчка Моніна пад Масквой. У 1947 годзе ў лекцыйнай зале сярод слухачоў Мікалая Васільевіча лічылася 208 Герояў Савецкага Саюза, 20 — двойчы Герояў і тройчы — адзін (Іван Кажадуб).

У акадэміі ішла інтэнсіўная падрыхтоўка лётчыкаў, здольных штурмаваць космас. Слухачамі Мікалая Васільевіча Казюка былі таленавітыя лётчыкі Георгій Берагавы і Уладзімір Шаталаў, якія паспяхова закончылі Ваенна-паветраную акадэмію ў 1956 годзе, і іншыя будучыя касманаўты. Нярэдка выступаў ён і ў Зорным гарадку касманаўтаў, які знаходзіўся зусім блізка. Мікалай Казюк прайшоў у акадэміі шлях ад маёра да палкоўніка.

У 1961 годзе Мікалай Васільевіч сышоў у адстаўку. Але і будучы ваенным пенсіянерам, чытаў лекцыі ў вячэрніх універсітэтах пры Нагінскім і Шалкоўскім гаркамах партыі, у Доме афіцэраў, школах.

Узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Мікалай Васільевіч Казюк памёр у верасні 1979 года, пахаваны ў мястэчку Моніна, недалёка ад Зорнага гарадка.

М. В. Казюк ніколі не парываў сувязі з роднай Беларуссю. У пасляваенныя гады ён прыязджаў у Мінск, дзе жылі яго блізкія сваякі, дзе ў розныя часы ў Інстытуце народнай гаспадаркі вучыліся яго дачка Генрыета і ўнучка Лена. Бацька Мікалая Казюка Васіль Андрэевіч, вясковы пастух, падчас Вялікай Айчыннай вайны быў расстраляны ў г. Кобрыне. Пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Вялікія Лепясы.

Аб жыцці і дзейнасці

120 гадоў з дня нараджэння М. В. Казюка (1898) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. — С. 68.

Казюк Мікалай Васільевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 60-63.

Корнилович, Э. Воспитывал летчиков и космонавтов / Эдуард Корнилович // Кобрынскі веснік. – 2010. — 3 сакавіка. – С. 8.

Судьба нашего земляка (уроженца д. Корчицы) ректора Белорусского Государственного университета Николая Васильевича Казюка.

Рублевская, Л. Архивный детектив / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. — 2009. — 24 января. — C. 16-17.

О Николае Казюке, выходце из д. Корчицы, был директором БИНХ.

Рублевская, Л. Мистика из табакерки / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. — 2008. — 26 ноября. — C. 12-13.

О судьбе Николая Казюка, уроженца д. Корчицы Кобринского уезда, занимавшего высокие должности в ЦК КП(б) Беларуси.

Корнилович, Э. А. Он жил и мыслил без оглядки / Эдуард Александрович Корнилович // Кобрынскі веснік. – 1984. – 30 лістапада. – С. 3.

О жизни и деятельности ректора Белорусского государственного экономического университета Н. В. Казюка (уроженца д. Корчицы).

История университета. Казюк Николай Васильевич [Электронный ресурс] // Белорусский государственный экономический университет. — Режим доступа: http://bseu.by /belarusian/general/history_htm. – Дата доступа: 17.10.2017.