Катовіч Іван Антонавіч

Біяграфічны нарыс

Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч (1839-1911) – вядомы праваслаўны царкоўны дзеяч, гісторык, публіцыст, журналіст, фалькларыст. Магістр багаслоўя (1873).

Іван Катовіч, старэйшы сын протаіерэя Антонія Ануфрыевіча Катовіча, нарадзіўся ў 1839 годзе ў в. Чаравачыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (сёння в. Чаравачыцы Кобрынскага раёна).

Прадстаўнік святарскага роду, Іван Катовіч атрымаў бліскучую адукацыю — закончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Навуковую працу ён пачаў значна раней — яшчэ падчас вучобы ў Кобрынскім духоўным вучылішчы і Літоўскай духоўнай семінарыі. Першыя друкаваныя працы, якія выйшлі з-пад яго пяра, убачылі свет напачатку 1860-х гадоў.

У 1861 годзе І. Катовіч заняў пасаду настаўніка ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, пачаў друкавацца ў газеце «Дух христианина», рэдактар якой А. Гумілеўскі настойліва рэкамендаваў яму для працягу адукацыі ехаць у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Ужо раней талент і розум I. Катовіча былі заўважаны мітрапалітам Іосіфам Сямашкам. 5 снежня 1863 года I. Катовіча без экзаменаў залічылі ў Духоўную акадэмію.

Закончыўшы акадэмію, у 1867 годзе І. Катовіч прыязджае ў Вільню, дзе на працягу года працуе ў Публічнай бібліятэцы, чакаючы адкрыцця штата ў найстаражытнейшым Віленскім саборы Нараджэння Багародзіцы. 2 жніўня 1868 года мітрапаліт Іосіф прыняў прашэнне прызначыць І. Катовіча святаром у названы сабор.

Рана выступіўшы на педагагічнай ніве ў розных навучальных установах (выкладаў у Кобрынскім і Віленскім духоўных вучылішчах, Віленскім рэальным вучылішчы), І. Катовіч выявіў сябе не толькі як арганізатар і кіраўнік навучальнага працэсу, але і як чалавек, неабыякавы да пытанняў пастаноўкі адукацыі ў краі. Пра гэта сведчыць шэраг яго артыкулаў па царкоўна-школьнай справе, народнай адукацыі, педагогіцы, а таксама тое, што ён быў нязменным старшынёй і кіраўніком епархіяльных з’ездаў, 11 гадоў быў членам педагагічнага сходу кіравання Літоўскай духоўнай семінарыі.

20 снежня 1869 года Св. Сінод зацвердзіў І. Катовіча на пасаду рэдактара «Литовских епархиальных ведомостей», якія пад яго кіраўніцтвам атрымалі росквіт, а рэдакцыя згуртавала знакамітых дзеячаў свайго часу — Ю. Крачкоўскага, П. Чарвякоўскага, А. Будзіловіча і многіх іншых. На пасадзе рэдактара I. Катовіч працаваў на працягу 33 гадоў да студзеня 1903 года. Іван Антонавіч ператварыў газету ў адно з лепшых перыядычных выданняў Расійскай імперыі, у якім з’яўляецца і мноства яго нарысаў, артыкулаў.

У 1873 годзе I. Катовіч пад кіраўніцтвам прафесара М. Каяловіча абараніў магістарскую дысертацыю «Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до Великого князя Литовского Ягайлы».

У 1875 годзе быў узведзены ў сан протаіерэя і неўзабаве прызначаны настаяцелем саборнай царквы ў Вільні.

I. А. Катовіч — аўтар шматлікіх даследчых прац, артыкулаў. Ужо ў перыяд настаўніцтва ў яго выяўляюцца схільнасці да даследчай працы па вывучэнні свайго краю. Родам з Кобрыншчыны, І. Катовіч памятаў свае карані, падтрымліваў цесныя сувязі са сваёй сям’ёй і ўвесь час цікавіўся падзеямі гісторыі і сучаснасці сваёй малой радзімы. На старонках газеты «Литовские епархиальные ведомости» наш зямляк друкуе артыкулы: «О православных церквях в г. Кобрине», «Об обычаях ставить кресты на открытых местах северо-западного края России», «Из Кобринского уезда», «Завещание помещицы Верещаковой», «О событиях 8 сентября в с. Берёза», «Освящение каменной Соборной церкви в городе Кобрине», «Протоирей Антоний Котович», «О построении и освещении церквей», «Праздник в девятый четверг после Пасхи — в память воссоединения униатов с Православной Церковью».

І. А. Катовіч даследаваў гісторыю распаўсюджвання хрысціянства на Беларусі, праваслаўных храмаў Кобрына, Вільні. Падчас працы ў Кобрынскім духоўным вучылішчы збіраў палескі фальклор для выдання «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае» Пятра Гільтэнбранда. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку матэрыялаў для кнігі «Дакументы, якія тлумачаць гісторыю Заходнярускага краю і яго адносіны да Расіі і Польшчы» (1865), а таксама прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы прац IX археалагічнага з’езда ў Вільні (1893).

Сярод найвышэйшых узнагарод І. Катовіча — ордэн Св. Ганны I ступені.

Памёр выдатны пастыр, народжаны зямлёй кобрынскай, у канцы 1911 года (аб гэтым сведчыць некралог у сувязі з яго смерцю, які змешчаны на другой старонцы Літоўскіх Епархіяльных Ведамасцяў № 1 за 1912 год). Дакладнае месца пахавання Івана Антонавіча Катовіча невядома. Верагодна, ён спачывае на адных з віленскіх могілак. Многія іншыя члены святарскага роду Катовічаў пахаваны ў Чаравачыцах.

Працы

Котович, Иван Антонович. Слово 7-го ноября 1898 года на заупокойной литургии накануне освящения и открытия памятника графу Михаилу Николаевичу Муравьеву / [Соч.] Кафедр. прот. Иоанна Котовича. — Вильна : тип. Св.-Дух. Братства, 1898. — 10 с.

Котович, И. А. Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до великого литовского князя Ягайлы / И. А. Котович.- СПб., 1873.

Котович, И. А. Историческая записка о Литовской духовной семинарии / И. А. Котович. — Вильна, 1878. — С. 99-100.

Котович, И. А. Слово в день празднования 300-летнего юбилея со времени построения Свято-Духовским братством церкви Св. Духа в г. Вильне / И. А. Котович. — Вильна, 1897.

Аб жыцці і дзейнасці

Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 2001. – С. 223.

Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 65-66.

Котович Иван (Иоанн) Антонович // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. — Минск, 2009. – Кн. 1. — С. 505-506.

Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с. Гл. на с. 49, 50 – І. А. Катовіч.

Чарапіца, В. Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч / Валерый Чарапіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С. 149.

Щавинская, Л. Л. Народная православная книжность в собрании и исследованиях Иоанна Котовича : материалы к спецкурсу «Белорусская народная рукописная книжность XX- XXI вв.» / Л. Л. Щавинская. — Москва-Минск, 2010.

Иоанн Антонович Котович (1839-1911 годы) / работа подготовлена членами организации «Золотой возраст», И. Э. Симонова. – Кобрин, 2011. – 21 с.

Иоанн Антонович Котович // Кобрин-информ. – 2011. – 21 июля. – С. 28-29.

Иоанн Антонович Котович // Кобрин-информ. – 2011. – 28 июля. – С. 28-29.

Ильин, А. Волчинское ответвление рода Котовичей / А. Ильин // Гістарычная брама. — 2004. — № 1. — С. 47-48.

Ильин, А. Полесские священники Котовичи / А. Ильин // Гістарычная брама. — 2004. — № 1. — С. 29-40.

Черепица, В. Два юбилея в жизни протоиерея Иоанна Котовича / В. Черепица // Гістарычная Брама. — 2004. — № 1. — С. 43.

Черевачицкие Котовичи – священники, деятели культуры и просто люди [Электронный ресурс] // Гістарычная брама. – Рэжым доступу: http://brama. brestregion.com. – Дата доступу: 28.12.2018.