Качурка Васілій Іванавіч

Біяграфічны нарыс

КАЧУРКА Васілій Іванавіч — беларускі навуковец у вобласці сельскай гаспадаркі, доктар сельскагаспадарчых навук (2003), прафесар (2003).

Васілій Іванавіч Качурка нарадзіўся 27 верасня 1950 года ў вёсцы Стрыі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Мінянскай сярэдняй школы паступаў у Брэсцкі політэхнічны інстытут, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў станочнікам на Кобрынскім райпрамкамбінаце. У 1967 годзе, добра здаўшы экзамены і з годнасцю вытрымаўшы вялікі конкурс, становіцца студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці.

Пасля заканчэння ў 1973 годзе акадэміі па спецыяльнасці «агранамія» Васілій Качурка займаў розныя кіраўнічыя пасады на прадпрыемствах Магілёўскай вобласці. Маладога спецыяліста накіравалі галоўным аграномам калгаса імя Свярдлова Горацкага раёна, дзе ён адпрацаваў тры гады. Шэсць гадоў (1976–1983) кіраваў эксперыментальнай базай «Пагодзіна» (Горацкі раён). Паралельна завочна вучыўся ў аспірантуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю «Разработка некоторых приёмов получения высоких урожаев ячменя на дерново-подзолистых суглинистых почвах северо-восточной зоны Белоруссии» (1982).

З 1983 года Васілій Іванавіч пачынае займаць розныя дзяржаўныя і партыйныя пасады. У 1983 годзе быў пераведзены на пасаду першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама, потым год працаваў намеснікам загадчыка сельскагаспадарчага аддзела абкама КПБ. З 1985 па 1990 год – першы сакратар Крычаўскага гаркама КПБ.

Увосень 1990 года В. І. Качурка прыехаў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію працаваць выкладчыкам, дацэнтам кафедры раслінаводства, а ў маі 1991 года яго прызначылі дэканам агранамічнага факультэта, аднаго з самых буйных (больш за 1000 студэнтаў). У снежні 2002 года В. І. Качурка абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Агротехнические основы формирования урожайности озимого тритикале на дерново-подзолистых легкосуглинистых почвах». Доктар сельскагаспадарчых навук (2003), прафесар (2003).

Вучонаму паступіла прапанова ўзначаліць створаны ў Баранавічах дзяржаўны ўніверсітэт – першую дзяржаўную ВНУ, створаную ва ўмовах сувярэннай Беларусі. З ліпеня 2004 года В. І. Качурка – рэктар БарДУ. Пад кіраўніцтвам Васілія Іванавіча значна пашырылася матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта, былі наладжаны міжнародныя сувязі з установамі вышэйшай адукацыі, забяспечаны высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.

Васілій Іванавіч выкладае дысцыпліны «Раслінаводства», «Тэхналагічныя асновы раслінаводства» і інш., з’яўляецца кіраўніком і кансультантам дыпломных праектаў. Рэктар вядзе значную грамадскую работу, яго двойчы выбіралі дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў (26 i 27 скліканні), дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу (2010).

В. І. Качурка – аўтар больш за 170 навуковых прац па энергазахоўваючых тэхналогіях вырошчвання збожжавых і збожжабабовых культур, якія забяспечваюць высокую ўраджайнасць зерня з высокімі тэхналагічнымі паказчыкамі. Акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі (2005), Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (2009), Акадэміі эканамічных навук Украіны (2014).

Узнагароджаны медалямі «За працоўныя заслугі» (2009), свяціцеля Кірылы Тураўскага II ступені (2007), знакам «Выдатнік адукацыі» (1997), Ганаровымі граматамі Савета Міністраў (2000), Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці (2000), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2010), ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі (2009) і інш. У 2015 годзе Васілій Іванавіч атрымаў ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», у 2019 годзе – «Ганаровы прафесар БарДУ».

Кожны раз, знаходзячыся ў камандзіроўках паблізу родных мясцін, Васілій Іванавіч не абмінае Кобрыншчыну, магілы бацькоў, што пахаваны ў вёсцы Бяроза, а калі дазваляе час – затрымліваецца ў Стрыях, дзе жыве і займаецца фермерствам адзін з блізкіх родзічаў.