Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Памяць. Мінск : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2003. — С. 509. – (Сведкі і ўдзельнікі падзей).

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч, беларускі палітычны дзеяч. Нарадзіўся 7.8.1879 г. у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні. Закончыў у 1902 г. Віленскую духоўную семінарыю. Настаўнічаў Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах, працаваў у Віленскім дзяржаўным банку, служыў у арміі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. старшыня Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў, дэлегат Усебеларускага з’езда 1917 г. У 1918 г. у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, народнага сакратара гандлю і прамысловасці. Узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. 3 13.12.1919 г. старшыня Рады БНР. З 1920 г. у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. Выступаў у абарону інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921 г., рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі, якая адбылася ў Берліне ў 1925 г. Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (выдадзена ў 1921), вершаў, перакладаў, рэдактар зборніка «Замежная Беларусь» (Прага, 1926). Памёр 8.3.1928 г. у Празе.