Крачэўскі Пётр Антонавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 77-79.

КРАЧЭЎСКІ ПЁТР АНТОНАВІЧ

Крачэўскі Пётр Антонавіч (07/08.1879 г. – 08.03.1928 г.) – гісторык, беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, паэт, драматург. Дэлегат I Усебеларускага Кангрэсу, Прэзідэнт Рады БНР.

Нарадзіўся 7 жніўня 1879 года ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні ў сям’і дыякана вясковай царквы.

Пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі ў 1902 годзе настаўнічаў на Беласточчыне, у Ялоўцы.

Перад Першай сусветнай вайной працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. Напачатку банкаўскай кар’еры часта трапляў пад пільную ўвагу паліцыі, віной чаму былі яго цесныя сувязі з рознымі палітычнымі групамі. Праца ў банку дала П. Крачэўскаму магчымасць наладзіць зносіны са шматлікімі беларусамі, якія займалі пасты ў структурах улады.

Падчас Першай сусветнай вайны Крачэўскі быў закліканы ў рады Рускага войска. Вопыт адміністрацыйнай працы забяспечыў яму хуткае прасоўванне па службе, а таксама магчымасць наведваць вайсковыя часткі, размешчаныя на тэрыторыі беларускіх губерняў, і заводзіць новыя знаёмствы.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года П. Крачэўскі — старшыня Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Удзельнік Усебеларускага Кангрэсу 1917 г., быў выбраны ў склад яго выканаўчага камітэта. У 1918 годзе, пасля абвяшчэння БНР, у нацыянальным урадзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, узначальваў Цэнтральную Беларускую гандлёвую палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыял-федэралістаў. На сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску ў 1919 годзе выбраны яе Прэзідэнтам. Выконваў гэты пачэсны абавязак да канца жыцця.

З 1920 года П. Крачэўскі — у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. У яго непасрэдныя задачы ўваходзіла ўсталяванне кантактаў з прадстаўнікамі БНР у розных краінах, што ён рабіў досыць эфектыўна. У эміграцыі, у Празе, П. Крачэўскі стварыў прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходне-еўрапейскіх краінаў пра становішча ў Савецкай і Заходняй Беларусі. Ён — удзельнік Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе-Чэшскай у верасні 1921 года.

У 1923 годзе разам з кіраўніцтвам БНР пераязджае на сталае жыхарства ў Чэха-славаччыну. Актыўна бараніў нацыянальныя інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне. У мемарандумах БНР у Лігу Нацый асуджаў дыскрымінацыйную ў дачыненні да Беларусі Рыжскую мірную дамову, выкрываў імперыялістычную сутнасць палітыкі Масквы і Варшавы на беларускіх землях.

Крачэўскі дамогся ў чэхаславацкага ўрада стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе. У 1926 годзе ён выдаў палітычна-навуковы альманах па гісторыі, культуры і эканоміцы Беларусі «Замежная Беларусь».

П. А. Крачэўскі не прызнаў рашэнняў Бярлінскай палітычнай нарады 1925 года пра фактычнае скасаванне БНР. Дзякуючы яго прынцыповай пазіцыі традыцыя сапраўды незалежнай беларускай дзяржаўнасці, асвечаная імем БНР, не была перапынена.

Пётр Антонавіч Крачэўскі выявіў сябе як здольны публіцыст, гісторык і паэт.

Памёр 8 сакавіка 1928 года і пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Працы

Крачэўскі, П. Вершы / П. Крачэўскі // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33-36.

Крэчэўскі, П. Патрэбнасць дзяржаўнага органу заграніцай / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1997. — № 6. – С. 6-15.

Крэчэўскі, П. Мандаты БНР : даклад чытаны ў Беларускім Студэнскім Клюбе ў Празе 16 студзеня 1926 г. / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. – 1993. — № 1. – С. 2-10.

Крэчэўскі, П. Рагнеда: гістарычная драма Х сталецьця ў 4 актах з пралогам / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1993. — № 3. – С. 16-30.

Аб жыцці і дзейнасці

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1999. — Т. 8. — С.470.

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2012. – Т. 4. – С. 567.

Мазец, В. Крачэўскі Пётр Анонавіч / Валянцін Мазец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 256.

Памяткі нашай мінуўшчыны. Пётр Крачэўскі// Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. – Брэст, 1993. – С. 97.

130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага // Наша слова. – 2009. – 5 жніўня. – С. 1.

Пётр Крачэўскі (1879-1928) // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33.

Чмарава, М. «Дзе слава наша…» : літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Пятра Крачэўскага / М. Чмарова // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33-36.

Ляхоўскі, У. ПрэзыдэнтыРады Беларускае Народнае Рэспублікі / Уладзімір Ляхоўскі // Спадчына. – 1997. — № 4. – С. 7-8.

Васильев, М. Петр Климук, Василий Ласкович и другие / Михаил Васильев // Заря. – 1997. – 16 декабря.

Четвертый том «Энциклопедии истории Беларуси» включает информацию о наших земляках, в т. ч о белорусском политическом деятеле, поэте, драматурге и историке Петре Антоновиче Кречевском.

Сідарук, І. Не забудзе сыноў сваіх Бацькаўшчына. П. Крэчэўскі / Ігар Сідарук // Кобрынскі веснік. – 1993. – 24 ліпеня. – С. 3.

Крачэўскі Пётр Антонавіч [Электронны рэсурс] // Спадчына. — Рэжым доступа: http://spadchyna.net/index.php . – Дата доступа: 26.07. 2014.

Кречевский, Пётр Антонович [Электронный ресурс] // Википедия — свободная энциклопедия. – Режим доступа: http://ru.wikipedia.org/wiki/ Кречевский,_ Пётр_Антонович. – Дата доступа: 26.07.2014.

Пётр Антонавіч Крачэўскі [Электронны рэсурс] // Вікіпедыя — свабодная энцыклапедыя. – Рэжым доступу: http://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 26.07.2014.

7 жнівеня 2014 – 135 гадоў з дня нараджэння Пётра Антонавіча Крачэўскага [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. — Рэжым доступа: http:// kb.brl.by/. Дата доступа: 5.07 2017.

Кречевский Пётр Антонович. Биография [Электронный ресурс] // Помни Про электронный мемориал. — Режим доступа: http://pomnipro.ru/ memorypage7072/biography. — Дата доступа: 26.07.2016.