Курачук, С. Астрафізік з сусветным іменем / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. – 2018. – 27 студзеня. – С. 4.

У рамках праекта «Людзі навукі нашага краю», да Дня беларускай навукі – артыкул пра ўраджэнца в. Лягаты навукоўца Сцяпана Ільіча Гапасюка.

Заўтра – Дзень беларускай навукі

Астрафізік з міравым іменем

Нарадзіўся Сцяпан Гапасюк 7 ліпеня 1930 года ў в. Лягаты ў сялянскай сям’і. Скончыў СШ № 1 г. Кобрына.

У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1942 па 1944 гг. Cцяпан Гапасюк знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе імя Чапаева і ўдзельнічаў у ваенных аперацыях. Па канчатку вайны быў узнагароджаны ордэнам «За мужнасць».

Вучыўся Сцяпан Гапасюк ва Львоўскім універсітэце на фізічным факультэце. У 1954 годзе пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі Акадэміі навук СССР. У 1963 годзе Сцяпан Ільіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Развитие вспышек и магнитные поля на Солнце», а ў 1975 годзе – доктарскую «Магнитные поля и движения в атмосфере Солнца».

З 1967 года С. І. Гапасюк з’яўляўся членам Міжнароднага астранамічнага саюза (МАС), двойчы выбіраўся членам прэзідыума камісіі 12 МАС, быў членам Навуковай рады па праблеме «Астраномія» аддзялення фізікі і астраноміі НАН Украіны.

У 1987-1989 гг. Сцяпан Ільіч узначальвае лабараторыю фізікі Сонца, а з 1989 года стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Крымскай астрафізічнай абсерваторыі. Сцяпану Ільічу давялося сустракацца і з канструктарам Сяргеем Каралёвым, і з першым касманаўтам Юрыем Гагарыным. Усе касманаўты перад палётам на нейкім этапе праходзілі падрыхтоўку ў Крымскай абсерваторыі. Сцяпан Ільіч быў знаёмы практычна з усімі: ён чытаў ім лекцыі.

Сцяпан Гапасюк апублікаваў больш за 200 навуковых работ, якія прызнаны сусветнай грамадскасцю. Ім напісаны агляд па сонечнай электрадынаміцы і манаграфія па фізіцы Сонца (у суаўтарстве). Навуковая дзейнасць Сцяпана Гапасюка была накіравана на рашэнне фундаментальных праблем фізікі Сонца. Яго работы ўнеслі вялікіўклад у разуменне фізічных працэсаў, якія праходзяць на Сонцы і ў касмічнай прасторы. Ён надаваў вялікую ўвагу мадэрнізацыі наглядальныхпрылад абсерваторыі, укараненню новай тэхнікі.

Сцяпан Гапасюк быў актыўна працуючым астрафізікам высокага сусветнага ўзроўню. З вялікай упэўненасцю можна сказаць пра яго значны ўклад у сусветную навуку. Шматлікія яго работы пацверджаны даследнікамі іншых краін.

Сцяпан Ільіч падрыхтаваў шэсць кандыдатаў навук з Украіны, Расіі, Узбекістана і Венгрыі. Ён кіраваў навуковымі праектамі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны і быў аўтарам двух касмічных праектаў.

Навуковая дзейнасць Сцяпана Гапасюка атрымала прызнанне і высокую адзнаку. Яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Украіны.

У кнізе «500 асоб Крыма» з цыклу «Жыццё выдатных людзей Крыма» яму прысвечана частка старонак. Іменем С. І. Гапасюка названа адна з планет.

8 жніўня 2005 года Сцяпан Ільич Гапасюк памёр. Працу над незавершанымі навуковымі даследаваннямі працягнула дачка навукоўца Вольга, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Святлана Курачук, галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі

ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»;

Ксенія Пальто, Карэспандэнт.