Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с. Гл. на с. 49, 50 – І. А. Катовіч.

З Чаравачыцамі звязаны знакаміты святарскі род Катовічаў. Сярод дакументаў, якія здаўна захоўваліся ў іх сямейным архіве, была старажытная грамата з гербам Корчак-Катовічаў. З яе вынікала, што прарадзімай роду была Валынь, дзе Катовічы жылі яшчэ ў 1400-х гг. і адкуль перасяліліся на Палессе. Тут яны валодалі вялікім маёнткам Замшаны, апісаным Г. Сенкевічам у рамане «Агнём і мячом». З таго часу амаль усе прадстаўнікі роду былі ў іерэйскім сане. Адзін з іх — Пятро Катовіч перасяліўся ў сяло Камень Шляхецкі, а пазней жыў у Мілейчыцах і Чаравачыцах. З гэтага родавага адгалінавання паходзіў вядомы гісторык, багаслоў і публіцыст Іаан Антоніевіч Катовіч (1839—1911?), які нарадзіўся ў Чаравачыцах. Яго продкі былі ўніятамі: дзед Ануфрый служыў у мясцовай царкве Святой Параскевы пробашчам, бацька Антоній — вікарыем. Абодва святары ў 1839 г. далі пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя [778, с. 358]. На старажытнасць гэтага святарскага роду першым звярнуў увагу прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі М. Каяловіч. Пасля заканчэння Кобрынскага духоўнага вучылішча І. Катовіч паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю. У 1861 г. заняў пасаду настаўніка ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, пачаў друкавацца ў газеце «Дух христианина», рэдактар якой А. Гумілеўскі настойліва рэкамендаваў яму для працягу адукацыі ехаць у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Ужо раней талент і розум I. Катовіча былі заўважаны мітрапалітам Іосіфам Сямашкам. 5 снежня 1863 г. I. Катовіча без экзаменаў залічылі ў Духоўную акадэмію. Навучанне ў якасці дабрачыннасці цалкам аплаціла начальніца грамады сясцёр міласэрнасці на Песках (Пецярбург) К. А. Кубліцкая. Скончыўшы акадэмію, у 1867 г. І.Катовіч прыязджае ў Вільню, дзе на працягу года працуе ў Публічнай бібліятэцы, чакаючы адкрыцця штата ў найстаражытнейшым Віленскім саборы Нараджэння Багародзіцы. 2 жніўня 1868 г. мітрапаліт Іосіф прыняў прашэнне прызначыць І. Катовіча святаром у названы сабор. Святарскае пасвячэнне І. Катовіча 29 верасня 1868 г. здзейсніў епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі. Адначасова апякун Віленскай навучальнай акругі 1 кастрычніка прызначыў І. Катовіча законавучыцелем рэальнай гімназіі (пазней — вучылішча). 20 снежня 1869 г. Св. Сінод зацвердзіў І. Катовіча на пасаду рэдактара «Литовских епархнальных ведомостей», якія пад яго кіраўніцтвам атрымалі росквіт, а рэдакцыя згуртавала знакамітых дзеячаў свайго часу — Ю. Крачкоўскага, П. Чарвякоўскага, А. Будзіловіча і многіх іншых. На пасадзе рэдактара I. Катовіч працаваў на працягу 33 гадоў да студзеня 1903 г. У 1873 г. I. Катовіч пад кіраўніцтвам прафесара М. Каяловіча абараніў магістарскую дысертацыю «Первоначальная исторня христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до Великого князя Литовского Ягайлы». У 1875 г. быў узведзены ў сан протаіерэя і неўзабаве прызначаны настаяцелем саборнай царквы ў Вільні. I. Катовіч — аўтар шматлікіх даследчыцкіх прац, артыкулаў. Сярод іх — гістарычны нарыс «О православных церквах в гор. Кобрин» (Виленский сборник, 1869, т. 1). Як удзельнік IX археалагічнага з’езда ў Вільні (1893) дапамагаў у выданні яго матэрыялаў. Пад кіраўніцтвам прафесара М. Каяловіча браў удзел у падрыхтоўцы кнігі «Документы, которые разьясняют историю Западно-русского края и его отношение к России и Польше» (1865). Падчас працы ў Кобрынскім духоўным вучылішчы збіраў палескі фальклор для выдання Пятра Гільтэнбранда «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае». Сярод найвышэйшых узнагарод І. Катовіча — ордэн Св. Ганны 1-й ступені. Дакладнае месца яго пахавання невядома. Верагодна, ён спачывае на адных з віленскіх могілак. Многія іншыя члены святарскага роду Катовічаў пахаваны ў Чаравачыцах [353, с. 46—47; 357, с. 29—40; 691, с. 42—46].

Чаравачыцкая царква карысталася працэнтамі са 150 рублёў, завешчаных ёй маскоўскім святаром Іаанам Зернавым і ўдавой І. Катовіча на яго вечнае памінанне [362, т. 1, с. 327].

Да гэтага жа вядомага святарскага роду належыць народжаны ў вёсцы Вежкі Антоній Пятровіч Катовіч (1881—1938), кананізаваны замежнай Рускай праваслаўнай царквой як расійскі новамучанік [354, с. 47—48]. Аднак жа і ў Вежках, і ў Чаравачыцах пра гэтых знакамітых асоб пануе глухое маўчанне.

353. Ильин, А. Библиограф Алексей Родосский об Иоанне Котовиче / А. Ильин // Гістарычная брама. – 2004. № 1. С. 46-47.

354. Ильин, А. Волчинское ответвление рода Котовичей / А. Ильин // Гістарычная брама. — 2004. — № 1. — С. 47-48.

357. Ильин, А. Полесские священники Котовичи / А. Ильин // Гістарычная брама. — 2004. — № 1. — С. 29-40.

362. Иосиф (епископ). Гродненский православно-церковный календарь или Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. 2-е изд. Т. 1-2. Воронеж, 1899.

691. Черепица, В. Два юбилея в жизни протоиерея Иоанна Котовича / В Черепица // Гістарычная брама. — 2004. — № 1. — С. 42-46.

778. Kolbuszewski J. Kresy. — Wroclaw, 2000.