Марціновіч, А. Адам Сузін / Алесь Марціновіч // Гісторыя праз лёсы. Т 8 / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2020. – Кн. 1. — С. 8-29.

Адам Сузін

Нумар тры ганаровы

У першыню Сузін пабачыў свет 10 студзеня 1800 года ў маёнтку Кулігоўшчына, непадалёку ад Брэста. Гэта быў Кобрынскі павет Гродзенскай губерні. Цяпер месца паблізу вёскі Босяч Кобрынскага раёна на Брэстчыне. Маёнтак належаў бацькам Адама — капітану Дамініку і ягонай жонцы Аўгінні Сузіным.

Звестак пра яго маленства не захавалася. Вядома толькі, што ў 1819 годзе скончыў гродзенскую гімназію. Пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Быў актыўным філаматам, сакратаром тайнага Зялёнага саюза. Гэты Саюз яшчэ называлі матэматычным. Падпольная работа, аднак, не перашкаджала яго вучобе. Універсітэт закончыў, атрымаўшы званне магістра філасофіі. Ёю зацікавіўся яшчэ ў гімназіі. Талент — ва ўсім талент. Ці то вучоба, ці то забароненая дзейнасць.

Калі вясной 1823 года пачаліся арышты, адным з першых трапіў за краты. Праходзіў пад нумарам тры. Першымі ішлі толькі самыя небяспечныя дзяржаўныя злачынцы.

На допытах трымаўся мужна. Якіх-небудзь звестак, што маглі б нашкодзіць таварышам, не назваў. Дый увогуле нікога не выдаў. Але абвінавачванняў супраць самога ставала. Прысуд — ссылка ў Арэнбургскую губерню з паўгадовым знаходжаннем у турме. Далі максімальнае пакаранне па гэтай справе.

Адправілі ў турму Орскай крэпасці. Пры заснаванні ў 1734 годзе яна называлася Арэнбургскай. Знаходзілася каля вытокаў ракі Орсы. Пазней крэпасць двойчы пераносілі. Пакуль не размясцілі на пастаянным месцы. Тая, што каля ракі, называлася Орскай. Горад, які ўзнік каля яе, стаў Орскам. У ім Сузін адбываў пакаранне, вызваліўшыся з турмы. А ў сакавіку 1829 года дазволілі пераехаць у Арэнбург.

Прызначылі пазаштатным чыноўнікам у Арэнбургскую памежную камісію. Але восенню 1833 года зноў трапіў пад падазрэнне. Абвінавацілі ў змове з некаторымі ссыльнымі і салдатамі мясцовага гарнізона аб захопе горада. Як быццам праўдападобна. Сярод іх знаходзілася нямала тых, каго ў свой час рэпрэсіравалі і выслалі. Зразумела, яны былі незадаволеныя ўладамі.

У сапраўднасці ж ніякай змовы не існавала. Таму Сузіна неўзабаве вызвалілі з-пад варты. Працягваў служыць у Памежнай камісіі. Пасля яго накіравалі ў камандзіроўку на поўдзень ад Арэнбургскай лініі. Так называліся створаныя ў 30-40 гады XVIII стагоддзя абарончыя збудаванні на паўднёва-ўсходняй ускраіне Расійскай імперыі.

Дзіўны покліч

На гэтай тэрыторыі здаўна качавалі нашчадкі старадаўніх кіргізскіх родаў. Кіргізамі ў той час называлі і казахаў. Асноўным заняткам іх была жывёлагадоўля. У пошуку корму перамяшчаліся з месца на месца. Аднак на пастаянныя пераходы штурхалі і мясцовыя традыцыі.

Ханствы былі невялікія, але шматлікія. У іх захавалася кіраванне родам. Кожны род перамяшчаўся па сваім маршруце. Нярэдка яго мелі і асобныя аулы.

Слова «аул» паходзіць ад татарскага «агыл». У народаў Сярэдняй Азіі і Каўказа — гэта паселішчы вясковага тыпу, стойбішчы.

Перамяшчаліся казахі штогод. Звычайна з поўначы на поўдзень.

Затым — у зваротным кірунку. Так працягвалася не адно стагоддзе. Выключэнне — зімовыя месяцы. Спыняліся там, дзе заспелі сцюжа і маразы. Пакуль растане снег, жылі ў гліняных зямлянках.

А з надыходам вясны, сабраўшы няхітрыя пажыткі, зноў зрушваліся з месца.

Часам, аднак, дзейнічалі і неяк спантанна. Нібы раптоўна нагадваў аб сабе нячутны покліч продкаў. Маглі нечакана пакінуць нават месца з сакаўной травой. Спяшаліся туды, дзе корму мала.                                                          і

Але па невядомай прычыне менавіта гэтае месца вабіла іх, прыцягвала да сябе.

Цябе ўжо зацікавіў даўні побыт казахаў? Цікавіў ён і Сузіна. Ён, як і ты цяпер, паволі «перагортваў» старонкі іхняга жыцця. Адкрываў для сябе шмат невядомага.

Даведаўся, што казахскую народнасць складалі тры групы плямёнаў. Па-мясцоваму яны называліся жузы. Былі Старэйшы жуз, Сярэдні і Малодшы. На чале іх стаялі ханы. Ім падначальваліся султаны, якім улада належала на месцах.

Рапарты султанаў заходняй і сярэдняй часткі Малодшага жуза і падштурхнулі Адама Дамінікавіча да гэтай паездкі. Яшчэ ў жніўні 1832 года ў Памежную камісію звярнуліся Бай-Мухамед Айчувакоў і Журсупан Нураліеў. Яны расказалі пра абстаноўку на іхняй тэрыторыі. Хоць наконт яе якіх-небудзь сакрэтаў у камісіі не было. Шмат што пра гэта ведаў і Сузін.

Султан сваяк. А цяпер як?

Казахі апынуліся між двух «агнёў». 3 аднаго боку, на іх узмацніўся ціск хівійскіх ханаў. 3 другога — устанаўлівала свае парадкі Расія.

У 1824 годзе царскі ўрад адмяніў у Малодшым жузе ўладу ханаў. Тэрыторыю падзяліў на тры часткі на чале з султанамі. Яны атрымалі неабмежаваную ўладу. Дагэтуль жа яна была слабай. Панавала свайго роду «феадальная дэмакратыя».

Здзіўляешся, што такое магчыма? 3 урокаў гісторыі ведаеш, што пры феадалізме ўласнасць на зямлю і сродкі вытворчасці не належыць народу. Дэмакратыя ж — гэта ўлада народа. Нібыта нестыкоўка атрымліваецца. Ды гэта калі не ведаць тагачасныя казахскія рэаліі. Менавіта ў даўніх традыцыях гэтага народа — выток такой дэмакратыі.

Памятаеш, што старажытныя палачане ведалі свой радавод да сёмага калена? Ведалі яе і казахі. Нярэдка звычайны казах быў сваяком, няхай далёкім, хана ці султана. Яны таксама памяталі пра гэтую роднасць. Бо ведалі і шанавалі сваіх продкаў. Паважна ставіліся і да тых, хто, у параўнанні з імі, не так і шмат дасягнуў у жыцці.

Расійскія парадкі такую свайго роду раўнавагу парушылі. Малодшы жуз, напрыклад, быў падзелены на 32 так званыя дыстанцыі. На чале іх ставіліся прызначаныя, а не выбраныя начальнікі. Хоць яны і былі ў падначаленні султанаў. Ды султаны ўжо не мелі ранейшай самастойнасці. Каля кожнага з іх знаходзілася дзвесце казакоў. Сачылі за імі.

Каб умацаваць паўночна-ўсходняе ўзбярэжжа Каспійскага мора, расійскія ўлады адправілі да заліва Мёртвы Култук спецыяльную экспедыцыю. Узначаліў яе падарожнік і прыродазнаўца Рыгор Карэлін. Яна высадзілася ў Туманных гарах каля скалы Кізілташ. Дэталёва абследавала гэтую мясцовасць. Упэўнілася ў неабходнасці пабудовы ўмацавання. Яго ўзвялі ў 1834 годзе. Назвалі Нова-Аляксандраўскім. Хівінскі хан, які правіў узбекамі, абурыўся. Ён баяўся нападу рускіх. Загадаў сваім падначаленым выступаць супраць іх. Але хутка адумаўся. Паход гэты так і не адбыўся.

Сузін мусіў высветліць, як казахі ставяцца да змен у іхнім жыцці. Важна было ведаць і настроі саміх султанаў.

І соль трэба абараняць

3 Арэнбурга Адам Дамінікавіч выехаў у суправаджэнні ўрадніка і шасці казакоў. Спачатку пабываў у так званай Ілецкай Абароне. Гэта цяперашні невялікі гарадок у 70 кіламетрах ад Арэнбурга. Узнікненне яго звязана са здабычай каменнай солі. Паклады яе тут вельмі вялікія. Часта выступалі над паверхняй зямлі. Былі вядомы яшчэ ў часы Івана Грознага. У 1754 годзе ўзнікла паселішча.

Не здагадваешся, чаму яго назвалі Ілецкай Абаронай? Ды таму, што здабычу солі ўзялі пад абарону дзяржавы. Раней жа гэтым промыслам займаліся розныя прамысловыя дзялкі.

Сузін пазнаёміўся не толькі са здабычай солі, але і алебастру. Наведаўся і ў Буранны фарпост. Іначай кажучы, у ваеннае ўмацаванне ў нейкіх сарака вёрстах ад Ілецкай Абароны. Адтуль пераправіўся праз раку Ілек.

2 чэрвеня 1834 года апынуўся ў стэпе. У ім знаходзілася качэўе султана Бай-Мухамеда Айчувакова. Толькі дзе дакладна, ніхто сказаць не мог. Нават праваднік, узяты з казахаў. Ён слаба ведаў тутэйшую мясцовасць. Таму ехалі наўздагад. Распытвалі казахаў, якія трапляліся на іхнім шляху. Тыя ж, на жаль, не надта ахвотна ўступалі ў гутарку. Яны варожа ставіліся да казакоў. Разлічваць на традыцыйную гасціннасць не даводзілася. У чым хутка і ўпэўніўся Адам Дамінікавіч.

У адным ауле ён папрасіў кумысу. Урачы прапісалі яму гэты напой з кабылінага малака. Бачылі ў ім адзіны сродак для папраўкі ягонага здароўя. Аднак казахі ледзь не ў адзін голас «загаласілі»:

            — Кумыс джок! Джок кумыс!

Казахскую мову ўжо крыху вывучыў. Найболып ужывальныя выразы ведаў. Здагадаўся, пра што гаворка: «Кумысу няма. Няма кумысу». Усміхнуўся… Не скептычна, а неяк вінавата. 3-за таго, што незнарок прымусіў гэтых добрых людзей хлусіць. Поруч жа з аулам пасвіліся ўкормленыя кабыліцы. Роспачна прамовіў:

            — Няма дык няма.

Казахі сарамліва адвялі вочы. Ніякавата адчуваў сябе і праваднік. Сузін ведаў ужо, што калі казахаў хтосьці пакрыўдзіў, марна іх угаворваць. Часам затоеную крыўду пераносяць і на ягонага супляменніка. Менавіта такое стаўленне ў іх было да казакоў. Яны ж неаднойчы, выконваючы загад начальства, наводзілі ў стэпе парадак. Дзейнічалі ваяўніча. Не шкадавалі тых, хто не падпарадкоўваўся ім.

           — Няма дык няма, — паўтарыў Сузін і лёгкім рыўком апынуўся ў сядле.

Узялі з яго прыклад і спадарожнікі. Казахі прамаўчалі. Але па іх засяроджаных позірках адчувалася, што хочуць, каб няпрошаныя госці зніклі як мага хутчэй.

           — Но! — крыкнуў Адам Дамінікавіч і прышпорыў каня, які галопам узяў з месца.