Марціновіч, А. Святло духоўнасці. Адам Сузін / Алесь Марціновіч // Святло далёкіх зорак : гіст. апавяданні, эсэ : у 2 кн. / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2020. – Кн. 2. – С. 138-154.

СВЯТЛО ДУХОЎНАСЦІ

Адам Сузін

Адам Дамінікавіч і ўраднік, які суправаджаў Сузіна разам з шасцю казакамі, спадзяваліся, што казах, узяты імі ў якасці правадніка, дапаможа хутка знайсці тое месца, дзе знаходзілася качэўе султана Бай-Мухамеда Айчувакова. Аднак дарога туды аказалася няблізкай, таму і заняла цэлы дзень. А да ўсяго не абыйшлося без таго непрадбачанага, што загадзя прыняць пад увагу немагчыма…

Праваднік, як хутка ўпэўніліся, слаба ведаў гэтую мясцовасць, а казахі, якія трапляліся на іх шляху, варожа ставіліся да казакоў, таму не толькі не даводзілася разлічваць на традыцыйную гасціннасць тамашняга люду, гатовага падзяліцца нават з выпадковым падарожнікам самым апошнім, а і часам развітвацца з імі, пракаўтнуўшы кавалак крыўды.

Калі ж у адным з аулаў Адам Дамінікавіч папрасіў кумысу, які ўрачы прапісалі яму піць як адзіны сродак для папраўкі здароўя, казахі, да якіх звярнуўся, зрабілі выгляд, што ім не хацелася б адмаўляць добраму чалавеку ды нічога не зробіш — дапамагчы няма ніякай магчымасці, ледзь не ў адзін голас загаласілі:

— Кумыс джок. Джок кумыс.

Сузін паспеў ужо крыху вывучыць казахскую мову, ва ўсякім разе найболын хадавыя выразы ведаў, таму лёгка здагадаўся, пра што ішла гаворка: «Кумыса няма. Няма кумыса». Пасля пачутага толькі ўсміхнуўся. Ды не скептычна, а быццам неяк вінавата з-за таго, што прымусіў гэтых добрых людзей хлусіць — поруч з аулам пасвіліся ўскормленыя кабылы. А яшчэ роспачна сказаў:

— Няма дык няма.

Казахі сарамліва адвялі вочы, ніякавата адчуваў сябе і праваднік, але Адам Дамінікавіч не стаў настойваць на сваім, бо даўно ўжо вывучыў традыцыі мясцовага насельніцтва і ведаў, што калі казахаў хтосьці пакрыўдзіў, марна ўгаворваць іх, усё адно ніколі не паставяцца да таго з павагай, а часам гэтую затоеную крыўду гатовы перанесці і на ягонага супляменніка. Да казакоў жа ў іх было менавіта такое стаўленне, бо яны неаднойчы, выконваючы загад начальства, ў стэпе наводзілі парадак, пры гэтым дзейнічаючы ваяўніча, не шкадуючы тых, хто выказваў якую-небудзь непакорнасць.

Падзеі ж апошнім часам разгортваліся так, што рускаму царызму давялося ўмяшацца ў звыклае жыццё качэўнікаў, кіруючыся сваімі захопніцкімі інтарэсамі.

На поўдзень ад так званай Арэнбургскай лініі, куды быў накіраваны ў камандзіроўку Сузін, здаўна качавалі нашчадкі старадаўніх кіргізскіх родаў (кіргізамі ў той час называлі і казахаў), асноўным заняткам якіх з’яўлялася жывёлагадоўля, а паколькі для шматлікіх статкаў патрабавалася вялікая колькасць корму, то і даводзілася пастаянна перамяшчацца з месца на месца. Аднак на змену месцазнаходжання ўплывала не толькі гэта, а і жаданне няўхільна захоўваць традыцыі, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Паколькі ў казахскіх ханствах, якія былі невялікімі, але шматлікімі, захавалася кіраванне па родах, дык кожны род альбо аул меў свой шлях перамяшчэння, які штогод праходзіў звычайна з поўначы на поўдзень, а потым — у зваротным накірунку. I так працягвалася не адно стагоддзе, за выключэннем толькі зімовых месяцаў, калі спыняліся там, дзе напаткалі іх сцюжа і маразы. У гліняных зямлянках знаходзіліся да таго часу, пакуль снег не пачынаў раставаць, і тады, сабраўшы свае няхітрыя пажыткі, разам са статкамі рухаліся ў іншае месца. У асобных выпадках, можна сказаць, дзейнічалі неяк міжвольна, паддаючыся нябачнаму і нячутнаму поклічу продкаў, таму нечакана маглі пакінуць месца з сакавітай травой для коней і падацца туды, дзе для жывёлы не ставала неабходнай колькасці ежы, але іншага выбару ў іх не было. Іншыя б роды, даведаўшыся, што адступіліся ад традыцый, адразу асудзілі б іх.

У цэлым жа казахская народнасць была неаднародная. У яе ўваходзіла тры групы плямёнаў, ці па-мясцоваму тры жузы: Старэйшы, Сярэдні і Малодшы на чале з ханамі, а тыя ажыццяўлялі сваю ўладу праз султанаў. Малодшы жуз якраз і знаходзіўся на тэрыторыі, па якой цяпер рухаўся са сваім суправаджэннем Сузін.

На паездку Адама Дамінікавіча і падшурхнулі рапарты султанаў заходняй і сярэдняй часткі гэтага жуза Бай-Мухамеда Айчувакова і Журсупа Нураліева, што паступілі ў жніўні 1832 года ў Пагранічную камісію, ў якой Сузін і служыў. Казахскія правіцелі паведамлялі пра абстаноўку, што склалася на іхняй тэрыторыі. Дый наконт яе якіх-небудзь сакрэтаў не было, добра ведаў пра яе і сам Сузін.

Казахі апынуліся як бы паміж двух агнёў. З аднаго боку, яны адчувалі на сабе націск хівійскіх ханаў, а з другога — свае пазіцыі імкнулася ўмацаваць Расія, якая паступова распаўсюджвала на гэты край уласныя парадкі, а таму ў 1824 годзе царскі ўрад адмяніў у Малодшым жузе ўладу ханаў і падзяліў яго на тры часткі на чале з султанамі, якія з гэтага моманту былі, па сутнасці, неабмежаваны ў сваіх дзеяннях, у той жа час, як раней улада іх з’яўлялася слабай, бо панавала свайго роду «феадальная дэмакратыя». Ёй шмат у чым спрыяла і тое, што сярод казахаў прысутнічала моцна развітае пачуццё сваёй годнасці: кожны прадстаўнік народнасці ведаў уласную радаслоўную да сёмага калена, таму часам аказвалася і так, што звычайны казах знаходзіўся, няхай і ў далёкім сваяцтве з тымі ж ханамі ці султанамі, а яны не маглі не прымаць гэта пад увагу і адпаведна ставіліся да яго.

Змены, ажыццёўленыя царскім урадам, прывялі і да таго, што быў адхінуты родавы прынцып кіравання. Малодшы жуз падзяліўся на 32 дыстанцыі, на чале якіх ставіліся прызначаныя, а не выбраныя начальнікі, якія знаходзіліся ў падначаленні султанаў, а да кожнага султана прыкамандзіроўвалася па дзвесце казакоў.

Паклапацілася Расія і аб умацаванні паўночна-усходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, куды да заліва Мёртвы Култук адправілася экспедыцыя пад кіраўніцтвам падарожніка і прыродазнаўцы Грыгорыя Карэліна. Высадзіўшыся ў Туманньгх гарах каля скалы Кізілташ, яна, дэталёва абследаваўшы гэтую мясцовасць, прыйшла да высновы, што якраз тут неабходна ўзвесці ўмацаванне, якое і было пабудавана ў 1834 годзе і стала называцца Нова-Аляксандраўскім. Апошняе, безумоўна, выклікала абурэнне ў хівінскага хана і той, баючыся нападу, нават загадаў узбекам карміць коней для паходу, але хутка астудзіў свой пыл.

Сузін і павінен быў высветліць, як да падобных змен у іхнім жыцці ставяцца самі казахі, а таксама яму важна было ведаць настрой мясцовых султанаў.

Выехаўшы з Арэнбурга, Адам Дамінікавіч спачатку пабываў у так званай Ілецкай Абароне, якая знаходзілася на ягоным шляху, дзе пазнаёміўся са здабычай солі і алебастры, а потым наведаўся ў Буранны фарпост, размешчаны ў нейкіх сарака вёрстах ад Ілецкай Абароны, а ўжо адтуль, пераправіўшыся праз раку Ілек, 2 чэрвеня 1834 года і апынуўся ў стэпе, дзе, як паведамілі яму, і было качэўе султана Бай-Мухамеда, але дакладна ў якім месцы, ніхто сказаць не мог. У тым ліку і праваднік. Даводзілася ехаць наўзгад, распытваючы казахаў, якія трапляліся на іхнім шляху. Тыя ж, на жаль, не надта ахвотна ўступалі ў кантакты…

— Няма дык няма, — паўтарыў Сузін і лёгкім рыўком апынуўся ў сядле.

Прыкладу Адама Дамінікавіча паследавалі ягоныя спадарожнікі. Казахі пры гэтым не сказалі ні слова, але па іх засяроджаных позірках заўважалася, што ім хочацца, каб няпрошаныя госці зніклі як мага хутчэй.

— Но! — крыкнуў Сузін і прышпорыў каня, які галопам узяў з месца.

Рухаліся хутка, бо хоць там, дзе праязджалі, і адсутнічала наезджаная дарога, а прабірацца даводзілася інтуітыўна, але раўнюткая посцілка стэпу, упрыгожаная дзясяткамі рознакаляровых кветак, была надзіва трывалай, быццам перад гэтым яе паспеў нехта ўтрам- баваць, і коні лёгка, неаднойчы выпрабаваныя няпростым шляхам, лёгка пераадольвалі вярсту за вярстой, а адчуваючы блізкую прысутнасць чалавека, пры набліжэнні да чарговага ягонага прыстанішча, прыспешвалі свой крок.

У гэты момант з’яўлялася спадзяванне і ў Сузіна з яго спадарожнікамі, але, убачыўшы наперадзе адну-дзве пахілыя юрты, на змену радасці прыходзіла ранейшая няпэўнасць. Яе не пазбаўляла і гутарка з казахамі, якія, убачыўшы іх, пазіралі засцярожана, асабліва не ўступаючы ў размову. Ці то яны і сапраўды не ведалі месца знаходжання султана, ці мо проста не хацелі пра гэта гаварыць, аднак ад сустрэчы з імі ніякай карысці не было. Зноў даводзілася ехаць ні з чым.

Толькі пад вечар, калі паказалася стужка ракі, якую праваднік назваў Чунгуртай, а Сузін, паглядзеўшы на карту, упэўніўся, што гэта Утва, а на другім беразе яе пабачылі некалькі аулаў, сумнення не заставалася: падарожжа блізіцца да завяршэння. Пераправіўшыся праз Утву, накіраваліся туды, дзе размяшчаліся белыя юрты казацкіх афіцэраў, якія і знаходзіліся пры султане.

Не паспелі павітацца з імі, як убачылі самога Бай-Мухамеда. А што паблізу і сапраўды паказаўся султан, сумнення не заставалася.

Насустрач падарожнікам упэўнена, з пачуццём уласнай годнасці крочыў рослы чалавек, апрануты ў блакітны халат, і ў зялёных саф’янавых ботах. Сузін яшчэ паспеў заўважыць, што невялікая барановая шапка ў яго была надзета паверх шаўковай цюбецейкі. Як і не прайшло міма позірку Адама Дамінікавіча і тое, што гэты чалавек схільны да паўнаты.

Адаму Сузіну хапіла аднаго пільнага позірку, каб атрымаць поўнае ўяўленне аб вобліку гэтага незнаёмца. Прамыя чорныя валасы (цвёрдыя, шчаціністыя — падумаў Адам Дамінікавіч), гэткія ж чорныя, крыху раскосыя вочы, а таксама выпуклыя скулы лёгка выдавалі ў ім таго, хто і сам, і яго продкі зрадніліся з казахскім стэпам.

За султанам спяшаўся яшчэ адзін чалавек, які адчуваў сябе гэтак-сама ўпэўнена, а ўжо на невялікай адлегласці ад яго крочылі некалькі пажылых казахаў.

Бай-Мухамед някепска размаўляў па-руску. Прадставіўшыся, а таксама назваўшы таго, хто знаходзіўся з ім поруч — гэта быў султанаў сваяк Махмуд, Бай-Мухамед, як таго і патрабавалі казахскія звычаі, пачаў падрабязна распытваць падарожнікаў пра іхняе жыццё, аднак пра мэту прыезду не цікавіўся, і запрасіў да сябе ў юрту. Калі пад’ехалі да яе, султан, на здзіўленне Сузіна, зноў паціснуў яму руку і павёў туды, дзе для іх абодвух загадзя былі пастаўлены дзве раскладныя табурэткі.

Усеўшыся на адну з іх, а другую прапанаваўшы Адаму Дамінікавічу, Бай-Мухамед зноў пачаў высвятляць некаторыя моманты ягонага жыцця-быцця, робячы гэта тактоўна і ненавязліва, а казахі, размясціўшыся поруч на разасланых дыванах, уважліва іх слухалі, не ўмешваючыся ў размову. Але і гэтым разам гаворка, хоць і працягвалася даўгавата, так і не кранулася тэмы, звязанай з наведваннем Сузіным уладанняў Бай-Мухамеда.

Сам Адам Дамінікавіч таксама пра многае распытваў, аднак не спяшаўся падыходзіць да галоўнага пытання, бо ведаў ужо, што казахі асабліва цэняць таго чалавека, які не навязвае ўласны пункт гледжання, не выстаўляе на паказ тое, што прывяло яго да іх. Пацікавіўся здароўем блізкіх султана і яго самога, тым, як ідуць справы ў жузе. Неўпрыкмет размова зайшла пра надвор’е і шмат пра што іншае, што, як на першы погляд, мае агульны характар, а тым не менш так ці інакш уплывае на жыццё чалавека, а што на ягоны настрой, дык пэўна.

Нарэшце Бай-Мухамед запрасіў да сябе ў юрту.

Сузіну неаднойчы даводзілася бываць у жыллі казахаў, меў дастаткова поўнае ўяўленне аб яго пабудове і прызначэнні таго рыштунку, што знаходзіўся там. На ягонае здзіўленне, султанава юрта знешне нязначна адрознівалася ад жытла простых насельнікаў стэпу. Хіба што яна вылучалася сваімі памерамі, а яшчэ пасланымі белымі кашмамі — падсцілкамі з лямца. А вось ўнутранае ўбранне адразу сведчыла аб тым, што тут жыве чалавек багаты.

Юрта была ўпрыгожана насценным арнаментным лямцам, а дол яе ўсцілалі дываны з таго ж лямцу, на белай паверхні якога вылучаліся вышытыя ўзоры з чорнай і чырвонай шэрсці. А яшчэ насупраць дзвярэй ля сцяны стаяла шмат куфраў, ляжалі падушкі і скураныя матрацы, былі нагрувашчаны розныя цюкі — таксама, відаць, з нейкім багаццем, а магчыма, і тым рыштункам, што спатрэбіцца ў дарозе, калі давядзецца пераязджаць у новае качэўе.

Паспеў заўважыць Адам Дамінікавіч і тое, што справа ад уваходу, за палатнянай, крыху адхінутай фіранкай, за нечаканымі гасцямі з цікаўнасцю назіраюць жанчына і некалькі дзяўчат, час ад часу «страляючы» ў іхні бок сваімі чорнымі вачыма. Няйначай гэта была султанша і яе дочкі, але Бей-Мухамед не стаў прадстаўляць іх, хоць, паводле казахскіх звычаяў, мясцовыя жанчыны маглі паводзіць сябе больш свабодна і не закрывалі пры мужчынах твар, а Сузін палічыў нетактоўным распытваць, хто гэта. Толькі зразумеў, што, бадай, нарэшце настаў час паведаміць Бай-Мухамеду, з якой мэтай ён завітаў у гэтыя краі.

— У мяне, ваша султанская міласць, ёсць даручэнне з Арэнбургу.

Па вачах султана было заўважна, што яму хочацца як мага хутчэй даведацца, што гэта за даручэнне, але ён стрымаў цікаўнасць і не прамовіў ні слова. Не спяшаўся раскрываць карты і Сузін:

— Думаю, лепш будзе, калі пагаворым пра гэтае даручэнне пасля таго, як я з дарогі крыху адпачну. Самі разумееце — шлях няблізкі і ўвесь час у сядле. I зноў паспяшаўся запэўніць султана, наколькі яму прыемна знаёмства з ім, а пасля запытаўся:

— Вы не супраць, калі пажыву некалькі дзён у вашым ауле.

— Калі ласка, — замітусіўся Бай-Мухамед, — заўсёды да вашых паслуг. Дзе вы яшчэ знойдзеце такое свежае паветра, — адчувалася, што пры гэтым ён не толькі прытрымліваецца казахскага этыкету, а і сапраўды гаворыць шчыра, радуючыся, што напаткаў такога госця.

— Свежае паветра — гэта добра, — пагадзіўся Адам Дамінікавіч, — але ўрачы рэкамендавалі мне папіць кумысу.

Пачуўшы пра кумыс, Бай-Мухамед яшчэ больш ажывіўся:

— Абавязкова будзе кумыс. Колькі пажадаеце.

Паглядзеў на Сузіна з хітраватым прыжмурам сваіх вузкаватых вачэй:

— А вам урач казаў, што лепш за ўсё есці пры лячэнні кумысам?

— Раіў есці найперш свежую бараніну.

— А якую — не казаў?

— Скажу шчыра: я так і не пацікавіўся. Ды бараніна, я думаю, ёсць бараніна…

— Не кажыце так. Нелюбая падыдзе, — праявіў дасведчанасць Бай-Мухамед, — але бараніна пазней будзе, пасля таго, як да кумысу прывыкнеце.

— Да кумысу трэба прывыкаць? — здзівіўся Адам Дамінікавіч. — Дык яго я неаднойчы піў…

— Значыць, вам проста пашанцавала. Паверце мне: кумыс, калі ім няўмела карыстацца, і нашкодзіць можа.

— Пра гэта і падумаць не мог.

— А вам і не трэба думаць. Гэта павінны ведаць тыя, хто кумыс прапаноўвае. Хоць, бадай, вы яго не так і шмат выпівалі.

— Як вам сказаць…

— Кумыс напачатку шкодны ў вялікай колькасці, таму і трэба праяўляць пры яго ўжыванні пэўную асцярогу.

Бай-Мухамед, відаць, закрануў сваю любімую тэму, таму аб уласцівасцях кумысу, аб яго прыгатаванні і правільным ужыванні гатоў быў гаварыць бясконца.

Сузін пачаў лавіць сябе на думцы, што гэтая гаворка яму ўжо надакучыла і ён падтрымлівае яе толькі з-за звычайнай ветлівасці. Хацелася крыху папіць кумысу і да вечара паспаць, бо пад вечар, як даведаўся ад свайго субяседніка, павінен прыехацць яго сябра султан Іртэн Каратаеў, у гонар якога будзе наладжаны пышны прыём. Вядома, з удзелам Сузіна. Аднак не пакідала неспакою думка, што, магчыма, цяпер яму, непакоячыся пра здароўе, папіць кумысу і не дадуць. Тады няхай і без кумысу, абы толькі хутчэй адпачыць.

Але ў гэты момант адзін з цюленгутаў, слугаў султана, якраз і шчыраваў над налітым у вялікую скураную місу «белым нектарам», як яго называлі казахі. Узяўшы драўляную лыжку, старанна ўзбоўтваў яго, бо за час, калі праходзіла закваска кабылінага малака, сыроватка паспела аддзяліцца ад асноўнай масы.

Калі Адам Дамінікавіч, як гэта яму цяжка ні далося, паспеў змірыцца, што давядзецца пайсці адпачываць, так і не паспрабаваўшы гаючага напітку, цюленгут з’явіўся перад імі з падносам, на якім стаяў посуд з кумысам і шклянкі. Напоўніўшы іх, першую паднёс Сузіну, але той не прыгубіў яе, а прапанаваў Бай-Мухамеду. Султану падобны знак павагі спадабаўся і ён, выпіўшы куміс, аддаў шклянку Адаму Дамінікавічу:

— Цяпер ваша чарга, мой шаноўны госць.

Сузін з задавальненнем асушыў яе і паглядзеў на султана, не ведаючы, як паводзіць сябе далей. Быў не супраць таго, каб выпіць яшчэ некалькі шклянах, ды яго спыняла папярэджанне, што да кумысу неабходна прывыкаць паступова.

Бай-Мухамед зразумеў ягоную нерашучасць, усміхнуўся:

— Не бойцеся, гэта такі кумыс, што не нашкодзіць вашаму здароўю.

Узрадаваны Сузін спыніўся толькі пасля таго, як у посудзе ні кроплі не засталося гэтага напітку.

— А цяпер, калі ласка, адпачніце, — нарэшце прапанаваў Бай-Мухамед і загадаў цюленгуту: — Праводзь майго дарагога госця.

Той адвёў яго ў асобную юрту, якая, па ўсім відаць, і выкарыстоўвалася для падобных мэт. Сузін, здарожаны за дзень, прылёг на кашму. Аднак ці то пасцель аказалася для яго нязвыклай, ці з-за таго, што стомленасць прывяла да нярвовага перанапружання, заснуў не адразу, як спадзяваўся. Дый паспаць доўга не змог, бо быў разбуджаны тым жа цюленгутам, які і праводзіў яго сюды:

— Султан запрашае вас на чай.

Хацелася адмовіцца, але адмовіцца — значыць, выказаць непавагу:

— Праз хвіліну буду.

Акрамя Бай-Мухамеда на шклянку чаю сабраліся блізкія султану людзі. Але гэты напітак адрозніваўся ад таго, які ён прывык піць. Замест цукру ў чай дабаўлялі густа ўзбітую смятанку і падавалі спецыяльна звараныя ў сале кавалачкі кіслага цеста, якія называліся баўрсакі. Падобны напітак яму не асабліва спадабаўся, аднак пастараўся зрабіць выгляд, што п’е яго з задавальненнем і яшчэ падзякаваў за атрыманую найвялікшую асалоду, пасля чаго Бай-Мухамед застаўся задаволены і паабяцаў, што да вечара яго больш ніхто не патрывожыць.

I слова сваё стрымаў. Сузіна паклікалі не адразу пасля прыезду Каратаева, а толькі тады, калі пачынаўся прыём у гонар яго. Бай-Мухамед, даючы зразумець, што абодва госці для яго аднолькава шаноўныя, пасадзіў іх паміж сабой, пры гэтым Каратаеў знаходзіўся справа. Адам Дамінікавіч здзівіўся, калі даведаўся, што ў султанаўскую юрту пачалі свабодна заходзіць не толькі запрошаныя, а і тыя, хто сам па сабе выказаў падобнае жаданне. Усе яны здароўкаліся з Бай-Мухамедам, пры гэтым паводзячы сябе з султанам нароўных, праўда, садзіліся паўкругам, адпаведна свайму сацыяльнаму статусу.

Толькі гэта і нагадвала аб тым, што тыя, хто сабраўся разам, розняцца па маёмаснаму стану. А вось заходзіць да сябе ў юрту ў час прыёму султан не мог забараніць нікому. Аднак простыя казахі, звяртаючыся да Бай-Мухамеда, называлі яго не па імені, а «таксыр». Калі віталі султана ці за нешта былі яму асабліва ўдзячныя, прыкладалі абедзьмі рукі да грудзей і прамаўлялі «алдзіяр».

Гасцей, як падлічыў Адам Дамінікавіч, сабралася каля сарака чалавек, таму для абслугоўвання іх запрасілі некалькі цюленгутаў, якія частаванне пачалі з кумысу, які ў казахаў лічыўся самым галоўным не толькі асвяжальным, а і алкагольным напіткам. Падносілі яго ва ўмяшчальных фарфоравых піялах, а з іх ужо налівалі ў шклянкі.

Першымі выпілі гаспадар з Каратаевым, а потым пачаставалі Сузіна і толькі пасля гэтага пачалі перадаваць піялы іншым гасцям. Тыя набліжаліся да іх, у знак павагі і ўдзячнасці, на каленях, а ўзяўшы піялу, гэтаксама адыходзілі назад і пачыналі частавацца ў сваім крузе.

За кумысам падалі моцны чай, адной шклянкі якога ставала, каб атрымаць зарад бадзёрасці. На гэтым выпіўка, калі можна так назваць тое, што адбывалася, скончылася. Перад гасцямі з’явіліся міскі з вадой для мыцця рук. Падобнае было не лішне, бо ўсе збіраліся есці мясныя стравы, а летнім часам ужыванне іх з-за гарачыні выклікае пэўную небяспеку. Асаблівай гігіены патрабаваў бешбармак, што ў перакладзе азначае «пяць пальцаў», а менавіта так называлася спецыяльна падрыхтаванае мяса — вялізныя кавалкі тушы барана, звараныя ў булёне, а бралася яно для ежы часцей рукамі, якія запускаліся ў агульны посуд.

Частаванне мяснымі стравамі пачалося з нарэзанай тонкімі кавалачкамі пячонкі, адваранай з салам барана. Была таксама сыравэнджаная каўбаса з каніны — так званыя казы, смажонка з той жа пячонкі, лёгкага і мяса, па-мясцоваму — куардак. I толькі пасля гэтага ўсім прапанавалі бешбармак.

Каратаеў як галоўны госць атрымаў галаву, але не стаў яе есці, а, адрэзаўшы вушы, перадаў іх маладым мужчынам. Гэтаксама адразаў і раздаваў невялікія кавалачкі мяса. Да трапезы запрашаліся і госці, якія сядзелі воддаль ад святочнага стала. Бай-Мухамед і Каратаеў у знак павагі не проста частавалі іх, а калі тыя падпаўзалі на каленях, самі клалі ім мяса ў рот. Паколькі гэта быў надзіва сытны пачастунак, яго запівалі моцным булёнам — саршой, якія цюленгуты прынеслі ў аб’ёмных піялах.

Ад з’едзенага і выпітага Сузін адчуў, што яму становіцца цяжкавата дыхаць, таму, калі ўслед за саршой зноў прынеслі кумыс, гатовы быў адмовіцца, але Бай-Мухамед, здагадаўшыся пра ягоны намер, падахвоціў:

— Якраз гэтага пітва вам цяпер і не стае.

— Але ж я і так столькі выпіў.

— Кумыс пасля сытнай ежы ніколі лішнім не бывае, — супакоіў султан.

I як у ваду глядзеў. Адам Дамінікавіч незаўважна выпіў шклянку, другую і адчуў, што цяжар ад ежы, як рукой зняло. Больш таго, пасля гэтага лёгкі хмель, што з’явіўся ў галаве, сапраўды бадзёрыў і хацелася як мага больш доўга знаходзіцца ў гэтым сяброўскім гурце, у якім ні на хвіліну не змаўкала зацікаўленая гаворка і кожны адчуваў сябе раскавана, свабодна мог выказадца і ў сваёй споведзі знайсці паразуменне.

Спяшаўся ў адведзеную для яго юрту позна, калі стэп паспела ахіліць сваім крылом прахалода, а на начным небе запаліліся дзясяткі зорак. Гледзячы на іх, Сузін не проста захапляўся дзівосным хараством, ад сузірання якога асабліва востра адчувалася паяднанасць будзённасці з вечнасцю, а зямнога жыцця з самім космасам.

Калі падышоў да юрты і пастаяў ля ўваходу ў яе некаторы час, людская гамонка пакрысе сціхла і неўзабаве ў наваколлі запанавала нейкая дзіўная цішыня, гатовая цалкам праглынуць, растварыць у сабе ўсё жывое. Яе парушалі толькі цвырканне конікаў у траве ды незадаволенасць кабыліц, якія адганялі ад сябе назойлівых жарабят. А след месяца, што выглядаў з-за лёгкіх хмар, здавалася, гатовы быў сарвацца з неба, каб апынуцца ўнізе, там, дзе, не ведаючы людской ласкі, стаяў густы травастой, каб крануцца яго сваім лязом і пачаць жаць сцябліна за сцяблінай.

Дзесьці і на радзіме хутка пачнуць налівацца сокам травы, чакаючы сенакосу, каб перайсці з аднаго стану ў другі. Паміраючы самі, яны дадуць жыццё тым, каму перадасца іх жыватворная сіла. У гэтым таксама праяўленне рэальнасці, тая суровая непазбежнасць, ад якой нікуды не дзенешся. I чалавечае жыццё ў гэтым сэнсе — не выключэнне. З адной толькі розніцай.

Адны, несучы свой крыж — хто годна, а хто таму, што так задумана ў прыродзе, праходзяць адпушчаны Богам час. Іншыя — іх, праўда, меней — адчуваюць уласную адказнасць і за чужыя лёсы. I нават не толькі за лёсы, а і за ўсё жыццё, а ў сваім пастаянным жаданні і імкненні зрабіць яго лепшым і больш шчаслівым, гатовыя на самаахвярнасць, на пакуты. I душэўныя, і фізічныя, бо магчымасць загінуць за Бацькаўшчыну лічаць для сябе найлепшым дарункам. Да падобных нямногіх людзей ён і належаў, таму не па сваёй волі і апынуўся за тысячы кіламетраў ад мясцін, дзе нарадзіўся.

Першы раз пабачыў свет 10 студзеня 1800 года. Маёнтак Кулігоўшчына, які належаў ягоным бацькам капітану Дамініку і Аўгінні Сузіным, знаходзіўся недалёка ад Брэста і адносіўся да Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння гэта аднайменны раён на Брэстчыне, а месца былога маёнтка ля вёскі Босяч). Скончыўшы ў 1819 годзе Гродзенскую гімназію, Адам адразу паступіў ў Віленскі ўніверсітэт, дзе стаў актыўным філаматам (з’яўляўся сакратаром тайнага зялёнага, і інакш — матэматычнага іх Саюза).

Паспеў закончыць вучобу і нават атрымаць вучоную ступень магістра філасофіі, як вясной 1823 года пачаўся арышт удзельнікаў гэтага рэвалюцыйнага руху. Сузін не толькі быў сярод першых, хто трапіў за краты, а і праходзіў пад нумарам 3, як адзін з самых небяспечных «дзяржаўных злачынцаў». Адпаведна і пакаранне было суровым і максімальным, што прымянялася на гэтым працэсе. 14 жніўня 1824 года ён быў прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургкую губерню, пры тым паўгода павінен быў знаходзіцца ў турме.

Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сяброў па змаганні. З павагай да яго ставіўся і Адам Міцкевіч. Праўда, ён скончыў Віленскі ўніверсітэт у год паступлення туды Адама, аднак гэта не перашкодзіла ім знаходзіцца ў прыязных адносінах. Дый Міцкевіч пасля ўніверсітэта, як вядома, настаўнічаў у Коўна, а таму мог часта наведвацца ў Вільню. Удзельнічаючы з 1817 года ў стварэнні і дзейнасці тайных патрыятычных арганізацый «філаматаў» і «філарэтаў», ён не парываў з імі сувязь і пад час настаўніцтва. I таксама трапіў у поле зроку паліцыі, а з лістапада 1823 года па красавік 1824-га знаходзіўся пад арыштам.

Калі іхнія шляхі разыйшліся (25 кастрычніка 1824 года паэт быў сасланы), Міцкевіч двойчы звяртаўся да вобліка таварыша па барацьбе. Пад уласным прозвішчам філамат нумар 3 праходзіць, па-першае, у трэцяй частцы паэмы «Дзяды», дзе ў ходзе следства сустрэўся са сваімі паплечнікамі, а таксама ў вершы-імправізацыі «Адаму Сузіну». Гэтая частка паэмы пісалася ўжо ў 1832 годзе, а верш з’явіўся ў 1824-м, калі настаў момант развітання.

Паэма неаднойчы друкавалася ў перакладзе на рускую мову, а нядаўна, дзякуючы Кастусю Цвірку, з’явіўся і яе беларускамоўны варыянт, таму яна добра вядома чытачам, чаго не скажаш пра верш «Адаму Сузіну», які ў перакладзе трапіў толькі ў 1-ы том Збору твораў А. Міцкевіча ў пяці тамах, выдадзены яшчэ ў 1948—1954 гадах, таму, думаецца, яго не лішне прывесці цалкам:

О нем мне напомнила Муза —

Как я его позабыл?

О братья, да здравствует Сузин!

Выпьем, чтоб долго он жил!

За правду стоит он упрямо.

Светлою верой согрет, —

Таков, братья, образ Адама,

Сузина верный портрет.

Его не пугают оковы,

Он не сдается, восстав,

На жертвы любые готовый

За филаретский устав.

Да, знали мы смелых немало

В пору грозовых годин,

Но гордо молчать, как молчал он,

Может лишь Сузин один.

Пер. Марка Жывава.

Няцяжка ўбачыць, што Міцкевіч захапляецца сваім таварышам, бо і сапраўды Сузін на допытах трымаўся мужна. Якіх-небудзь звестак, што маглі б пайсці на шкоду таварышам, не назваў, і ўвогуле нікога не выдаў. Гэтаксама годна трымаўся і пасля прыбыцця на месца пакарання.

Трапіў у турму Орскай крэпасці, якая пры заснаванні ў 1734 годзе называлася Арэнбургскай і знаходзілася ля вытокаў ракі Оры. Пазней крэпасць двойчы пераносілі, пакуль і не заклалі на пастаянным месцы. Тая ж, што засталася ля ракі, пачала называцца Орскай, а горад Орскам, у якім пасля вызвалення з крэпасці Сузін і працягваў адбываць пакаранне, а ў сакавіку 1829 года атрымаў дазвол на пераезд у Арэнбург. Спачатку жыў разам з Занам і атрымаў пасаду пазаштатнага чыноўніка ў Арэнбургскай памежнай камісіі. З’яўляўся некаторы час казначэем, потым быў пераведзены ў архіварыусы. З 1832 года працаваў бухгалтарам.

Восенню 1833 года Адам Дамінікавіч зноў трапіў пад падазрэнне і разам з Т. Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам па даносе быў арыштаваны і абвінавачаны ў змове і спробе захопу Арэнбурга пры дапамозе салдат з мясцовага гарнізона, сярод якіх знаходзілася нямала тьгх, каго ў свой час рэпрэсіравалі і выслалі.

Абвінавачванні Сузіну прад’явілі сур’ёзныя, і пакаранне яго магло чакаць самае строгае, аднак ягоную віну не даказалі, таму неўзабаве вызвалілі з-пад варты і ён змог працягваць службу на ранейшай пасадзе. А пасля і накіравалі ў камандзіроўку, якая настолькі была багатая на шматлікія назіранні, што Адам Дамінікавіч у ходзе азнаямлення з жыццём казахаў пачаў рабіць запісы, якія пазней, у 1871 годзе апублікаваў у некалькіх нумарах варшаўскага часопіса «Kronika Rodzinna» («Сямейная хроніка»). Гэтыя мемуары Сузіна сталі цікавай крыніцай для вывучэння побыту і традыцый казахаў у першай палове XIX стагоддзя. Багатыя яны і на асабістыя назіранні, што тычацца асабістых стасункаў з пэўнымі людзьмі, у першую чаргу з тагачаснымі правіцелямі, а таксама прыцягваюць увагу апісанні прыроды.

…Назаўтра прачнуўся пазнавата. I таму, што ніхто не спяшаўся яго будзіць, але хутчэй па іншай прычыне: нялёгкая дарога, а таксама багатыя ўражанні ад сустрэч і гутарак усё ж стамілі. Аднак на здзіўленне адчуваў сябе бадзёра, нягледзячы на тое, што пасцель з-за нязвыкласці падавалася жорсткай, а таму часта пераварочваўся з боку на бок.

Няйначай на карысць пайшоў кумыс. Толькі паспеў падумаць, што было б няблага папіць яго, як у юрту асцярожна пастукаўся цюленгут, пасланы султанам. Але гэта быў не той, які ўчора частаваў яго, калі Бай-Мухамед запрасіў да сябе. Ён не з пустымі рукамі прыйшоў, а з піялай кумысу.

З’яўленне цюленгута было вельмі дарэчы. Адам Дамінікавіч, не чакаючы, пакуль той налье кумысу, сам узяў з яго рук піялу, а пасля шклянку. Напоўніўшы яе ледзь не да краёў, аднак, не адразу выпіў, а асцярожна рабіў глыток за глытком, смакуючы і атрымліваючы пры гэтым ўсё большае задавальненне.

Цюленгут з цікаўнасцю назіраў за ім, бо яму да гэтуль ніколі не даводзілася бачыць, каб так пілі кумыс, аднак свайго здзіўлення не выказваў.

Сузін сам парушыў маўчанне:

— У вас так кумыс не п’юць?

Гэты султанаў слуга слаба ведаў рускую мову, і да яго не адразу дайшоў сэнс сказанага. Толькі пасля таго, як Адам Дамінікавіч другую шклянку выпіў ледзь не нагбом, пасля чаго запытаўся: «У вас так?», той зразумеў, што і да чаго, усміхнуўся і ў знак пацвярджэння, што Сузін не памыліўся, кіўнуў галавой.

Даўшы яму зразумець, што хутка зойдзе да Бай-Мухамеда, Адам Дамінікавіч усё ж вырашыў спачатку зрабіць у блакноце некалькі запісаў. Пісаў хутка, спяшаючыся занатаваць толькі самае галоўнае, каб пазней, калі з’явіцца болын вольнага часу, пашырыць іх. Дый ведаў, што султан ужо чакае.

Ледзь паказаўся ля юрты Бай-Мухамеда, як той выйшаў насустрач. Першым працягнуў руку, каб паздароўкацца, а пасля пачаў распытваць яго, як спалася, ці спадабалася частаванне і якое ўражанне ад ягоных гасцей. Сузін толькі паспяваў адказваць, разумеючы, што для ветлівасці і яму трэба было б пацікавіцца здароўем султана, як і здароўем яго жонкі, дачок і блізкіх, і тым, як адчувае сябе ягоны госць Іртэн Каратаеў. Ды Бай-Мухамед так шмат гаварыў, задаючы пытанне за пытаннем, што такой магчымасці проста не з’яўлялася.

А нарэшце выйшаў і сам Каратаеў, якія прачнуўся куды раней і паспеў з юрты, адведзенай яму на начлег, завітаць да гаспадара. I гэтаксама, як дагэтуль Бай-Мухамед, заняўся роспытамі, якім, здавалася, ніколі не будзе канца.

Першым спахапіўся гаспадар:

— Запрашаю, запрашаю, мой шаноўны госць.

— З задавальненнем, ваша султанская міласць, — узрадаваўся Сузін, але не таму, што хацелася есці — якраз пасля ўчарашняга пышнага застолля ён так і не паспеў прагаладацца, а што з’яўлялася магчымасць адбыць сняданак (менавіта так і падумалася — адбыць, хоць і высока цаніў гасціннасць сваіх новых знаёмых), каб адразу прагуляцца па наваколлі, аб чым ён думаў яшчэ ўчора.

Падавалі той жа кумыс і моцны, толькі без смятанкі, як учора, чай («як у нас дома» — мільганула думка), а таксама мясныя стравы, аднак у меншай колькасці, чым у час ўрачыстага застолля. Аднак і тое, што прапаноўвалі, Адам Дамінікавіч еў з цяжкасцю. Але адмовіцца не мог, бо яго проста не зразумелі б і расцанілі б гэта як непавагу.

Сам жа і паведаміў Бай-Мухамеду і Каратаеву, чым вырашыў гэтым днём заняцца, бо ў казахаў не прынята было пытацца ў госця наконт ягоных планаў:

— Калі не супраць, ваша султанская міласць, — звяртаўся менавіта да Бай-Мухамеда як да гаспадара, — хацеў бы сёння прагуляцца ўздоўж берага ракі.

— Ваша жаданне — для мяне закон, — запэўніў яго Бай-Мухамед.

— Але ў мяне ёсць адна невялікая просьба.

Бай-Мухамед не спытаў, якая гэта просьба, а чакаў, калі Сузін сам скажа пра яе.

— Я б хацеў пазнаёміцца з насельнікамі іншых аулаў, а яны ж па-руску не разумеюць, я, — Адам Дамінікавіч ўсміхнуўся, — на жаль, так і не вывучыў дасканала казахскую мову. Таму хачу ў вас папрасіць перакладчыка.

— Будзе перакладчык.

— Але я спачатку пахаджу адзін.

— Як пажадаеце.

Прыхапіў з сабой паходную сумку, узяў планшэты, бо збіраўся сабраць рэдкія, характэрныя менавіта для гэтых мясцін, кветкі і травы для гербарыя. Але доўга адзін не хадзіў, бо зразумеў, што адмовіўшыся на пэўны час ад перакладчыка, даў прамашку. Як называлася тая ці іншая кветка, трава сам не ведаў, а казахі, якіх напаткоўваў, патлумачыць не маглі, бо не разумелі, пра што ён пытаецца.

Давялося вяртацца за перакладчыкам. Пасля гэтага справа зрушылася з месца. У сумку Сузіна траплялі ўсё новыя і новыя экзэмпляры, а заадно шмат размаўляў з мясцовымі насельнікамі. Тыя ж, відаць, таму, што быў адзін, аказаліся гасціннымі, ахвотна запрашалі яго ў сваё жыллё, паказвалі розныя рэчы і тлумачылі іх прызначэнне.

Пільную ўвагу звярнуў Адам Дамінікавіч і на вопратку казахаў.

Мужчыны ў асноўным насілі шырокія белыя кашулі, карысталіся таксама, у залежнасці ад надвор’я, безрукаўкамі і кафтанамі, а ўніз надзявалі шырокія шаравары. Галаву ж іх пакрывала спічастая шапка з лямца.

А вось жанчыны, як даведаўся, па сутнасці, карысталіся той вопраткай, што і султанша з яе дочкамі: на іх былі каляровыя сукенкі з баваўнянай тканіны, аксамітавыя камізэлькі, а таксама, як і ў мужчын, шаравары — з той толькі розніцай, што калошыны іх не звісалі свабодна, а былі сабраны каля шчыкалаткі. На нагах жа былі ічыгі — мяккія боцікі. Як і знатныя жанчыны, яны значную ўвагу надавалі ўпрыгожванням. Іх галаўныя ўборы, як правіла, заканчваліся пер’ямі філіна. Карысталіся дарагімі пацеркамі, завушніцамі, бранзалетамі.

На працягу некалькіх дзён Сузін знаёміўся з ауламі, размешчанымі ўздоўж ракі Утвы, і іх насельнікамі, папаўняючы свае блакноты запісамі. Гэта былі не толькі занатоўкі пра побыт казахаў, а і асобныя выразы, прыказкі і прымаўкі.

Калі ж Бай-Мухамед разам са сваім аулам і казакамі, якія суправаджалі яго, накіраваўся ў новае качэўе, што знаходзілася далей на на паўднёвы ўсход, Адам Дамікавіч паехаў разам з імі. Сумесна з імі пазней перабраўся і ў мясцовасць Булдурты, размешчаную ў пятнаццаці кіламетрах ад азёрнага фарпоста памежнай лініі.

Знаходжанне там таксама дазволіла папоўніць свае запісы цікавымі і значнымі назіраннямі. I не толькі пачэрпнутымі асабіста, а і з расказаў тых людзей, якія наведваліся да Бай-Мухамеда. Дый казахі пачалі ахвотна запрашаць Сузіна да сябе.

Аднак нямала дало яму і знаёмства з пісьмаводам султана Мінчыракам Багданавым. Татарын па нацыянальнасці, ён не толькі з павагай ставіўся да мясцовага фальклору. Добра ведаючы татарскія і башкірскія песні, якія высока ацаніў, быў перакананы, што параўнанне іх з казахскімі, не на карысць ім. А наколькі мілагучныя казахскія песні, Адам Дамінікавіч пераканаўся ў час аднаго з вяселляў, на якое паехаў разам з султанам Манбетам.

Але перш чым пачуць песні, з задавальненнем пазнаёміўся з маладымі. Жаніх расказаў гасцям пра мясцовыя звычаі, звязаныя з пасагам. Як падалося Сузіну, яны былі куды болын дэмакратычнымі, чым у яго на радзіме, бо, хоць і патрабавалі немалых выдаткаў, аднак для гэтага адводзіўся значны перыяд. У прыватнасці, згаданы жаніх са сваёй нявестай абручыўся яшчэ сем гадоў назад. Паступова змог выплаціць калым, што складаўся з сарака бараноў, пяці коней, некалькіх кароў і двух вярблюдаў.

Бацька жаніха перад тым, як гуляць вяселле, для сваіх гасцей — султана Манбета і Сузіна — наладзіў яшчэ і асобны прыём. Ён запомніўся Адаму Дамінікавічу найперш тым, што ў гэты час два маладыя казахі па чарзе спявалі, выклікаючы ў прысутных ажыўленне, якое нярэдка заканчвалася смехам. Відаць, яны наладзілі сабой так званы айтыс, калі некалькі атынаў, спаборнічаючы між сабой, лёгка імправізуюць, даючы хуткі і належны вершаваны адказ саперніку. Сузін адзначыў для сябе, што падобны паэтычны паядынак у чымсьці блізкі дыялогам пастухоў у эклогах Вергілія.

А ў час самога вяселля Адам Дамінікавіч адкрыў для сябе ўсё хараство казахскіх музычньгх інструментаў, ігра на якіх таксама суправаджалася пастаяннымі імправізацыямі, і хоць пра змест іх мог толькі здагадвацца, але атрымліваў задавальненне ад чароўнай музыкі. Назаўтра ж з Манбетам трапіў яшчэ ў адзін аул, дзе ў сувязі з вяселлем ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Чаго толькі там ні пабачыў!

Захапляльнае відовішча выклікала байга — спецыяльныя скачкі на загадзя вызначаны прыз.

Нямала балельшчыкаў сабралася паглядзець на курэс, калі двое сілачоў на працягу доўгага часу імкнуліся адзін аднаго паваліць на зямлю, а ў кожнага з іх знаходзіліся свае прыхільнікі, якія падбадзёрвалі іх дружнымі воклікамі ці выказвалі незадавальненне, калі нешта не атрымлівалася.

А сайыс пачаўся, як большасць сабралася менавіта ў гэтым месцы, дзе двое седакоў, што ёсць моцы, спаборнічалі, каму ўдасца ўтрымацца ў сядле.

Нечым на сайыс быў падобны кокпар. Толькі гэтым разам ездакі не стараліся адзін аднаго зваліць з сядла, а кожны імкнуўся вырваць з рук саперніка забітае казляня.

Любімай жа забаўкай моладзі ў час спаборніцтваў нязменна заставалася гульня «кыз-куу», што ў перакладзе азначае «дагані дзяўчыну». Пачуўшы пра яе, Сузін нават пашкадаваў, што ўзрост ужо немалады, дый не з’яўляецца ліхім ездаком, затое разам з іншымі з задавальненнем сачыў, як несліся наперагонкі на конях дзяўчына і юнак.

Калі ёй удавалася абагнаць хлопца, дык біла яго бізуном. Аднак падобнае адбывалася рэдка, хоць дзяўчаты і ўпэўнена трымаліся ў сядле. Юнакі стараліся яшчэ не толькі таму, што стаўшы пераможанымі, выглядалі ў вачах суайчыннікаў не лепшым чынам. Заахвочвала іх тое, што той, хто абганяў дзяўчыну, мог прылюдна пацалаваць яе, а сярод жа ездакоў знаходзіліся і такія ганарліўкі, якія ў іншых абставінах нават не падпускалі хлопцаў да сябе. У час «кыз-куу» і з’яўлялася, бадай, адзіная магчымасць дамагчыся свайго.

Былі ў Сузіна і іншыя, не менш уражвальныя сустрэчы, але не пра ўсе расказаў. Прынамсі, тое, што прапанаваў у друк, заканчваецца згадкамі пра вяселле, на якім прысутнічаў, пра спаборніцтвы, што адбываліся тады.

Вярнуўшыся ж у Арэнбург, працягваў службу ў Памежнай камісіі, з нецярпеннем чакаючы таго дня, калі можна будзе выехаць са ссылкі. Дазвол атрымаў летам 1837 года. А паколькі падавацца асабліва не было куды, успомніў пра Кароля Хадкевіча, з якім паспеў пасябраваць, а Зан не толькі сябраваў з ім, а і перапісваўся.

Граф Кароль Хадкевіч быў арьіштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1830—1831 гадоў. I хоць гэта было не даказана, ён правёў у Арэнбургскай крэпасці каля 14 месяцаў. Бацька Кароля быў вядомым хімікам, валодаў шэрагам багатых маёнткаў, у тым ліку Турцом пад Наваградкам і часткай Петрыкава, удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Даведаўшыся, што Сузін можа пакінуць месца ссылкі, Кароль Хадкевіч прапанаваў яму прыехаць жыць да сябе ў маёнтак Млынаў на Валыні.

Гэтую прапанову Адам Дамінікавіч прыняў з задальненнем і са студзеня 1838 года ў Млынаве стаў гувернёрам графскіх пляменнікаў. Аднак выхаваннем іх займаўся нядоўга, бо 20 ліпеня 1837 года быў зноў арыштаваны.

Сузіна прывезлі ў горад Луцк, што знаходзіўся непадалёку ад Млынава, а адтуль пераправілі ў Кіеўскую крэпасць. Яшчэ праз некаторы час ён паўстаў у Вільні перад следчай камісіяй, створанай па справе падпольнай дэмакратычнай арганізацыі «Саюз польскага народа», на чале якой быў Шымон Канарскі. Хоць камісія ніякіх доказаў віны Адама Дамінікавіча не знайшла, на свабоду ён не быў адпушчаны, а мусіў працягваць сядзець у казематах Кіеўскай крэпасці. Толькі 5 лютага 1839 года быў вызвалены з-пад арышту і адпраўлены ў Млынаў, дзе працягваў знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам.

У Млынаве жыў да 1841 года, пасля чаго пераехаў у Вільню, а адтуль — у Варшаву, дзе і памёр у глыбокай старасці 11 снежня 1879 года. Звестак пра ягонае жыццё ў гэты перыяд амаль няма, нічога канкрэтнага не знайшоў і Валянцін Грыцкевіч, які, па сутнасці, першым і вярнуў імя Сузіна з небыцця.

Дый таго, што дайшло да нас, дастаткова, каб гаварыць пра яго не толькі як пра рэвалюцыянера, а і як пра падарожніка, даследчыка-натураліста, а ў пэўнай ступені і этнографа. «Светлаю верай сагрэты» ў лепшае жыццё, ён і сам выпраменьваў святло духоўнасці і вялікай маральнасці.