Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2017. — С. 99-101 : фат.

МІХАЙЛАЎ ПАВЕЛ АЛЯКСАНДРАВІЧ

Імя Паўла Аляксандравіча Міхайлава, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, сумленнага даследчыка і адоранага педагога, добра вядомае навукоўцам і выкладчыкам у Беларусі і далёка за яе межамі. Грунтоўныя веды, акадэмічны вопыт, вернасць аднойчы абранаму шляху дазваляюць заслужана лічыць П. Міхайлава адным з вядучых дыялектолагаў Беларусі.

П. А. Міхайлаў — беларускі мовазнавец, педагог, спецыяліст у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі.

Нарадзіўся Павел Міхайлаў 13 кастрычніка 1950 гада ў в. Ушкавіца Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

У 1968 годзе закончыў сярэднюю школу № 1 г. Кобрына, у 1971 г. пасля службы ва ўзброеных сілах паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Надзелены матэматычным складам мыслення, П. Міхайлаў аддаў перавагу мовазнаўству менавіта таму, што з усіх гуманітарных навук якраз лінгвістыка валодае найбольш дакладнымі метадамі даследавання.

Першымі завершанымі навуковымі даследаваннямі П. Міхайлава сталі працы «Батанічная тэрміналогія палескай гаворкі в. Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці» і «Жанравая прырода «Слова аб палку Ігаравым», якія былі адзначаны дыпломамі на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ.

У студэнцкія гады з’явіліся і першыя публікацыі П. Міхайлава, якія сталі сведчаннем таго, што ў навуку прыйшоў даследчык са сваёй пазіцыяй, з тонкім адчуваннем слова і добрым веданнем прадмета даследавання.

Педагагічны інстытут Павел Міхайлаў закончыў з адзнакай у 1975 годзе.

Пасля некалькіх месяцаў працы настаўнікам рускай і беларускай моў і літаратур Лелікаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна (1975) П. Міхайлаў падаў дакументы для паступлення ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. У лістападзе 1975 года Павел Міхайлаў быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства па спецыяльнасці «Беларуская мова».

Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі (1976-1982), вучоным сакратаром (1982-1986), загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1986-1991); дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1991-1993). З 1993 па 2009 гг. П. А. Міхайлаў — загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (БДПУ) імя Максіма Танка.

Міхайлаў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Лексіка беларускіх ганчароў» (1981). Павел Аляксандравіч Міхайлаў — кандыдат філалагічных навук (1981), дацэнт (1994).

Павел Аляксандравіч — аўтар больш за 140 навуковых і навукова-метадычных прац па разнастайных актуальных пытаннях сучаснай беларускай лінгвістычнай і метадычнай навукі. Ён вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя Максіма Танка, член вучоных саветаў універсітэта і факультэта беларускай філалогіі і культуры.

П. А. Міхайлаў прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнародных навуковых праектаў: стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і «Лінгвістычнага атласа Еўропы», «Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці лексічнай сістэмы беларускай дыялектнай мовы», «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння». Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу базавых і тыпавых праграм для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь, сааўтарам прац:«Тураўскі слоўнік», «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», «Мікратапанімія Беларусі», «З мікратапаніміі Кобрыншчыны», «Лексічныя ландшафты Беларусі», «Кароткі руска-беларускі тлумачальны слоўнік па агульнай біялогіі», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас: Серыя лексіка-словаўтваральная», «Беларуская мова: Дыктанты, пераказы, пераклады: 5 клас; 6 клас; 7 клас; 8 клас; 9 клас» і інш.

У сферы навуковых інтарэсаў вучонага беларуская дыялекталогія, лінгвагеаграфія, анамастыка, тэрміназнаўства і гісторыя лінгвістыкі. Некалькі дзясяткаў навуковых публікацый П. Міхайлаў прысвяціў пытанням беларускай акцэнталогіі. Ён навуковы кансультант часопіса «Роднае слова», член рэдкалегіі навуковых зборнікаў «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння» (2009, 2011, 2013).

Выдатны вучоны і таленавіты педагог, Павел Аляксандравіч Міхайлаў унёс важкі ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. З выключнай ахвотай дзеліцца ведамі з калегамі і студэнтамі, ён любіць вучыць і ўмее гэта рабіць. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» і граматамі.

Працы

Міхайлаў, П. А. Зборнік матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» за перыяд навучання і выхавання на II ступені агульнай сэрэдняй адукацыі : тэксты дыктантаў / П. А. Міхайлаў. — Мінск, 2013.

Міхайлаў, П. А. Беларуская мова : тэматычны трэнажор : фанетыка. Арфаэпія. Арфаграфія : для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання / П. А. Міхайлаў, А. К. Пекач, С. І. Фацеева. – Мінск, 2009.

Міхайлаў, П. А. Беларуская мова : тэматычны трэнажор : лексікалогія, фразеалогія, асновы стылістыкі : для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання / П. А. Міхайлаў, С. І. Фацеева. – Мінск, 2008.

Міхайлаў, П. А. Тэсты для тэматычнага кантролю па беларускай мове/ 7-ы кл. : дапам. для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з беларус. і рус. мовамі навучання з 12-гад. тэрмінам навучання / П. А. Міхайлаў, М. І. Навумчык, С. І. Фацеева. – Мінск, 2005.

Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет / [І. Я. Яшкін, П. А. Міхайлаў, Я. М. Рамановіч і інш.] ;навук. рэд.: Ф. Д. Клімчук, І. Я. Яшкін ; АН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мінск : Навука і тэхніка, 1995. — 255 с.

Дзятко, Д. В. Важкі ўклад у беларускае тэрміназнаўства / Дзмітрый Васільевіч Дзятко, Павел Аляксандравіч Міхайлаў // Роднае слова. − 2008. − № 8.

Аб жыцці і дзейнасці

Дзятко, Д. В. Міхайлаў Павел Аляксандравіч/ Д. В. Дзятко, С. У. Шахоўская // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. – Мінск, 2014. – Т. 5. — С. 597.

Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. – Мінск, 2002. — С. 438. – (Імі ганарацца землякі).

Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння : навуковы зборнік да 60-годдзя Паўла Аляксандравіча Міхайлава / [рэдкалегія: Д. В. Дзятко (адказны рэдактар і інш.)]. – Мінск, 2010.

Дзятко, Д. Пра майго настаўніка / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. — 2015. — № 10. — С. 48-49.

Да 65-годдзя Паўла Міхайлава, ураджэнца Кобрынскага раёна, беларускага мовазнаўца, педагога, спецыяліста ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі.

Дзятко, Д. Адданы беларускай навуцы / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. – 2010. — № 10. – С. 33-35.

Да 60-годдзя П. А. Міхайлава, ураджэнца в. Ушкавіца Кобрынскага раёна, беларускага мовазнаўца, педагога, спецыяліста ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі.

Сарычев, В. Школа моей мамы / Василий Сарычев // Вечерний Брест. – 2010. – 10 ноября. – С. 1-2. – (Вечёрочка).

Из стен СШ № 1 г. Кобрина вышли многие учёные, среди которых и белорусский языковед Павел Михайлов.

Да 65-годдзя з дня нараджэння П. А. Міхайлава // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2015 год / Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, Л. П. Сысоева. – Кобрын, 2015. – С. 88-90.

Михайлов Павел Александрович [Электронный ресурс] // Государственное учреждение образования «СРЕДНЯЯ ШКОЛА №1 Г. КОБРИНА». Виртуальный музей. – Режим доступа: http://sch1.kobrin. edu.by/ru/main.aspx?guid=1861. – Дата доступа: 22.06.2017.

Імі ганарацца землякі. Міхайлаў Павел Аляксандравіч [Электронны рэсурс] // Туристический Кобрин. – Рэжым доступу: https://ikobrin.by/kobrin-139.php. – Дата доступу: 05.09.2017.

13 кастрычніка – 65 гадоў з дня нараджэння Паўла Аляксандравіча Міхайлава [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. — Рэжым доступа: http://kb.brl.by/. Дата доступа: 5.07 2017.

Міхайлаў Павел Аляксандравіч [Электронны рэсурс] // Беларуская лінгвістыка. Кафедра беларускага мовазнаўства БДПУ. — Режим доступа: http://belmova-bspu.ucoz.ru – Дата доступа: 21.09.2015.