Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 438. – (Імі ганарацца землякі).

МІХАЙЛАЎ Павел Аляксандравіч, беларускі мовазнавец, педагог, спецыяліст у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі. Нарадзіўся 13 кастрычніка 1950 г. у в. Ушкавіца. Закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1975), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1979). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Лексіка беларускіх ганчароў» (1981).

Выкладаў беларускую, рускую мову і літаратуру ў Лелікаўскай сярэдняй школе (1975), працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі (1976-1982), вучоным сакратаром (1982-1986), загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1986-1991); дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1991-1993). З 1993 г. загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта (БДПУ) імя Максіма Танка.

Аўтар больш за 140 навуковых і навукова-метадычных прац па разнастайных актуальных пытаннях сучаснай беларускай лінгвістычнай і метадычнай навукі. Вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя Максіма Танка, член вучоных саветаў універсітэта і факультэта беларускай філалогіі і культуры, навуковы кансультант часопіса «Роднае слова». Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнародных навуковых праектаў: стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1982-1991) і «Лінгвістычнага атласа Еўропы» (1976-1991). Аўтар шэрагу базавых і тыпавых праграм для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь, сааўтар прац: «Тураўскі слоўнік» (т. 1-5, 1982-1987), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1-5, 1979-1986), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1-5, 1993-1998), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Лексічныя ландшафты Беларусі)» (1995), «Кароткі руска-беларускі тлумачальны слоўнік па агульнай біялогіі» (1994), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас: Серыя лексіка-словаўтваральная» (вып. 3, 2000), «Беларуская мова: Дыктанты, пераказы, пераклады: 5 клас; 6 клас; 7 клас; 8 клас; 9 клас» (2002) і інш.