Панасюк, І. Размова пра свята з чалавекам, які падарыў яго землякам / [Іван Панасюк; гутарыў] Сымон Свістуновіч // Звязда. – 2003. – 2 верасня. – С. 3.

Гутарка са старшыней Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра І. Панасюком, ураджэнцам в. Лелікава Кобрынскага раена.

Размова пра свята з чалавекам,

які падарыў яго землякам

Вёска Лелікава за сорак кіламетраў ад Кобрына і за некалькі ад мяжы з Украінай. У лепшыя часы тут пражывала каля паўтары тысячы, а сёння жыве 996 чалаеек. Па палескіх маштабах Лелікава  вёска невялікая, але дужа старадаўняя. Яна была заснаваная ў 1543 годзе і чарговую круглую дату адзначала сёлета, напрыканцы жніўня.

Свята ў вёсцы заўсёды прыцягвае мясцовых людзей, а калі яно яшчэ і ў глыбінцы, то стварае своеасаблівы каларыт непаўторнасці, тым больш, што на Палессі кожная вёска нечым ды адметная.

Але перад тым, як усю ўвагу сканцэнтраваць на свяце, скажу, што эканамічнае становішча ў вёсцы складанае. Калгас «Чырвоная зорка» рэарганізавалі ў кааператыў «Любань», але гэта прынцыпова нічога не мяняе, бо землі тут надзвычай бедныя — пясок.

А свята ў Лелікаве цікавае яшчэ і тым, што яно наладжана на грошы Івана Панасюка, які нарадзіўся і вырас тут, а сёння жыве ў Новасібірску, з’яўляецца старшынёй Савета дырэктараў групы кампаній «Еўропа-Азія» і ўзначальвае Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр імя Ефрасінні Полацкай у Новасібірску.

Праўда, акрамя гэтага свята лелікаўцы атрымалі ад земляка кантэйнер з мэбляй для бібліятэкі і паўтоны фарбы, а мясцовая школа — відэакамеру.

На ўездзе ў вёску была перарэзана стужка, і людзі рушылі да цэнтра. Іван Панасюк — зямляк, госць і спонсар у адной асобе быў у цэнтры ўвагі. Сямідзесяцігадовы дзядзька павіс на багатым сваяку і са слязамі на вачах (крыху п’яны) нешта яму гаварыў, гаварыў, а Іван Паўлавіч вітаўся са знаёмымі і падыходзіў да сталоў, якія стаялі ўздоўж вуліцы насупраць кожнай хаты. На сталах закуска і свая гарэлка, у кожнага гаспадара чымсьці адметная, Земляку-дабрадзею падносілі чарку, і жанчыны ў народных строях спявалі песню.

I гэта ўсё было натуральна і без нацяжкі. Да цэнтра вёскі з кіламетр.

I калі падыходзіць да кожнага стала, то можна было добра і «надзюбацца».

Працэсія ішла па вуліцы Савецкай, і я, выкарыстаўшы момант, спытаў: «Іван Паўлавіч, а можа ўжо пара пераймяноўваць вуліцу, і няхай яна носіць імя Івана Панасюка?»

— А што, можна, хаця ў нас ёсць і іншыя людзі, чые прозвішчы вартыя назвы вуліцы, — усміхнуўся Панасюк. Аказалася, што з гумарам у яго ўсё нармальна, і заставалася толькі «выкрасці» спонсара ў землякоў для інтэрв’ю, але зрабіць гэта было надзвычай цяжка.

А насупраць Дома культуры ў чаканні ўрачыстасцяў ужо збіраліся людзі.

Падарункаў было многа. Напэўна, і за савецкім часам такой колькасці ў Лелікаве не бачылі. Падарункі атрымалі некалькі дзесяткаў чалавек. На сцэну падымаліся бацькі і хросныя дзіцяці, якое тут жа эарэгістравалі. Павіншавалі старых, якія пражылі разам 50 гадоў, успомнілі тых, хто загінуў на вайне, хто прайшоў яе і выжыў… Кожны, хто ўзышоў на сцэну, атрымаў падарунак. Магчыма, тыя падарункі былі і не дужа дарагімі, але твары людзей свяціліся — ім было прыемна.

А закончылася святкаванне выступленнем «Песняроў». Гэта таксама быў падарунак I. Панасюка сваім землякам.

Вядома, былі нейкія накладкі, і свята можна было б правесці на больш высокім узроўні, калі б аддзел культуры раёна быў падключаны на поўную сілу, але, як кажуць, хто плаціць, той і музыку заказвае.

I многія пытанні вырашаліся на ўзроўні сельскага Савета, бо э’явіліся грошы, і ўжо не было патрэбы звяртацца за фінансавай падтрымкай у раён.

I, як толькі ад’ехалі «Песняры», а яны падаліся праз Украіну на Растоў, мне ўдалося пагаварыць з Іванам Панасюком. Мы адасобіліся ў нейкай баковачцы памерам метр на метр, без вокнаў, але з дзвярыма, якія выходзіліна вуліцу. У дзверы адразу ж пачалі грукаць. «Ваня, Ваня!» — клікала старая свайго земляка. Вось у такіх умовах і прыйшлося браць інтэрв’ю.

А зараз некалькі слоў пра нашага героя. Іван Паўлавіч выбраў кар’еру ваеннага. Вучыўся ў сувораўскім вучылішчы, а затым на «выдатна» закончыў ваенную акадэмію. У званні палкоўніка выйшаў у адстаўку, заняўся бізнэсам.

— Іван Паўлавіч, а што вас так пацягнула ў родную вёску? Адкуль туга па Радаіме? Ці тут нешта іншае?

— Я заўсёды адчуваў сябе беларусам, і ў мяне наконт гэтага ваганняў не было. Адсюль можна і рабіць высновы. А ў Лелікаве, хаця бацькі ўжо і памерлі, эасталіся сёстры і 24 пляменнікі. Так што ёсць да каго ехаць.

— А як вам у Расіі жывецца?

— Добра. I ў мяне тут нараканняў няма.

— А як справы а беларускім зямляцтвам у Новасібірску?

— Па перапісу 1989 года ў Новасібірскай вобласці налічвалася 13,5 тыс. беларусаў, але гэтая лічба, на маю думку, заніжана разы ў тры. I апошні перапіс, калі будуць абнародаваны вынікі, пакажа гэта. Многія беларусы трымаюцца ў цяні, не хочуць выдзеляцца. Напрыклад, я ўказаў у пашпарце сваю нацыянальнасць, хаця па закону гэтага можна і не рабіць, а нехта лічыць усё гэта лішнім і непатрэбным.

— Вы старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Ефрасінні Полацкай, некалькі слоў пра яго дзейнасць у Новасібірску.

— З’явіўся наш цэнтр — I беларусы ажылі, бо ўбачылі, што ёсць нейкая апора. У нас выходзіць газета «Мая Радзіма», і ёсць беларускі тэлеканал. Садзейнічае нашай дзейнасці, магчыма, і той факт, што мы не займаемся палітыкай, а толькі культурна-асветніцкай работай.

— Іван Паўлавіч, вось я пагаварыў з людзьмі, амаль усе ўдаячныя вам, але і пачуў, што лепей было б, каб вы не «Песнярам» гэтыя мільоны эаплацілі, а паклалі асфальт за вескай.

— Дорага будзе. Толькі не будзем усё мяшаць у адну кучу. «Песняры» — гэта духоўнасць, і хацелася зрабіць землякам прыемнае. А Лелікава павінна займацца мясцовая ўлада. У мяне ў Новасібірску, калі ўзяць у цэлым, 1000 чалавек, перад якімі я адказны. У іх павінна быць праца і зарплата. Калі нашы кампаніі будуць квітнець у Новасібірску, то нешта можна будзе зрабіць і тут. Настальгія па радзіме жыве ў кожным беларусу.

— Іван Паўлавіч, Беларўсь і Расія аб’ядноўваюцца ў Саюзную дзяржаву, а як адносяцца сібіракі да прэзідэнта Беларусі?

— Вельмі добра. Ен там дужа папулярны. Не падумайце, што я тут падыгрываю. Мае справы ўсе ў Расіі, а я кажу, што чую і ведаю.

— Нядаўна прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што патрэбна праграма выратавання вёскі, і да выканання гэтай праграмы могуць далучыцца спонсары, багатыя беларусы… Вы сябе бачыце ў гэтай ролі?

— Канешне. Думаю, кожнаму беларусу, дзе б ён ні жыў, прыемна штосьці добрае зрабіць роднай вёсцы, сваім землякам. Кропак прыкладання сіл і фінасаў тут можа быць шмат — ад элементарнага добраўпарадкавання, напрыклад, могілак да адкрыцця малых прадпрыемстваў. Але абавязковая ўмова: усяму гэтаму павінна спрыяць мясовая ўлада.

Сымон СВІСТУНОВІЧ