Радзюк, К. Як праходзяць канікулы ў эколагаў? / Кацярына Радзюк // Родная прырода. – 2014. — № 8. – С. 5.

Упамінаецца навуковец Аляксандр Лукашук.

Як праходзяць канікулы ў эколагаў?

У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» прайшоў пяты злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі «Экалогія без межаў».

Экалагічны злёт праводзіўся па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, адукацыйнай установы «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства». Сёлета ў мерапрыёмстве прынялі ўдзел 70 навучэнцаў з Расіі і Беларусі і 11 вучоных. Даследчыцкая праграма злёту складаецца з тэарэтычнага і практычнага тураў, а таксама выніковай экспедыцыі.

Дзявятая гадзіна раніцы, юныя эколагі атрымліваюць апошнія парады ад настаўнікаў і збіраюць неабходную экіпіроўку. Форма адзення — даволі жорсткая па такой спёцы — абавязковыя штаны, якія запраўляюцца ў шкарпэткі, гумовыя боты ці красоўкі, курткі з капюшонамі. Перад выхадам на палявую практыку ў запаведны лес, дзе многія дзеці пабывалі ўпершыню — абавязковая апрацоўка рэпелентамі: кляшчоў тут вельмі шмат. Школьнікі разбіліся па тэматычных блоках — арніталогія, заалогія, гідрабіялогія, глебазнаўства, батаніка… «Адбор на злёт праводзіцца па выніках розных экалагічных конкурсаў, — распавядае дырэктар Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў Анастасія Дубовік. — Можна сказаць. тут сабраліся лепшыя юныя эколагі».

Крочым за даследчыкамі кузурак — энтамолагамі. Іх кіраўнік, старшы навуковы супрацоўнік ГПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік» Аляксандр Лукашук па дарозе да лугу заўважыў вялікі мурашнік і вырашыў распавесці крыху пра працавітых кузурак. Але час рухацца далей. Перад энтамолагамі стаіць нялёгкая задача — выявіць біяразнастайнасць кузурак на лузе. Найперш моладзь рыхтуе «марылкі» ды сачкі і шыбуе проста ў густую траву. Раздаецца крык: «Я злавіў страказу» — гэта і ёсць першы ўлоў. Пакуль даследчыкі аглядаюць мясцовасць, на даляглядзе заўважаю групу арнітолагаў і вырашаю пацікавіцца іх заняткамі.

У кожнага аматара птушыных — па біноклі, з дапамогай якога можна разгледзець рэдкую птушку (не забываем, што мы ў пушчы). А вось і ўдача — пралятае чорны бусел. Яго рэдка бачылі і беларускія школьнікі, і расійскія.

Хвілінка эйфарыі, пасля якой юнакі хуценька фіксуюць даныя ў нататнікі. Рушым далей. Падчас нашага падарожжа ў лес мы заўважылі некалькі лісіных норак з рэшткамі іх «банкету»… Пакуль юнакі вырашаюць, ці жыве ў гэтай нары ліса, Дзмітрый Булгакаў, дырэктар Калінінградскага цэнтра экалогіі, краязнаўства і турызму, заўважыў казулю, якая смела бегла непадалёк ад працоўнай групкі. У лесе знайшлося дрэва, якое шчодра апрацаваў дзяцел. Па завяршэшті агляду нас чакала прагулка па забалочанай мясцовасці. Дайшоўшы да лесу, шыбую адразу да кампаніі глебазнаўцаў.

Глебазнаўцы снадзяваліся знайсці ў пушчанскім лесе ўнікальныя для Беларусі бурыя глебы. Для гэтага яны выкапалі яму, па якой стаіі праводзіць замеры. Непадалёк ад іх рассыпаліся «батанікі» — дзяўчаты замяралі дрэвы — самае вялікае і самае малое, вымяралі як лес, так і падлесак. Каля невялічкага возера гідрабіёлагі «фільтравалі» ваду, у якой шукалі цікавыя расліны ды жывёл. Улоў аказаўся настолькі багатым, што гідрабіёлагі збіраліся на агульны сход больш за ўсіх.

Стомленыя даследчыкі, аднак, паспяваюць пахваліцца сваімі «трафеямі»: пер’і, замораныя стракозы, запісы ў нататніку. Наперадзе яшчэ дзень адкрыццяў, і ніхто з дзяцей не шкадуе, што абраў такі адпачынак.

Кацярына РАДЗЮК

Мінск — Камянюкі — Мінск