Раманоўская, М. Протаіерэй Сергій Гардун: «Пасля сотні атэістычных кніг Евангелле было для мяне адкрыццём» / Марына Раманоўская // Царкоўнае слова. – 2004. — № 12. – С. 4-6.

Протаіерэй Сергій Гардун:

«ПАСЛЯ СОТНІ АТЭІСТЫЧНЫХ КНІГ

ЕВАНГЕЛЛЕ БЫЛО ДЛЯ МЯНЕ АДКРЫЦЦЁМ»

Найчасцей здараецца так, што пра тых людзей, якія заўсёдыў нас на вачах, якія вядуць актыўныю публічную дзейнасць, мы на самой справе ведаем не вельмі i много. Іх асабістае жыццё, іх, як правіла, цікавы лёс застаецца ў баку ад надзённай плыні спраў. Яскравы прыклад — асоба протаіерэя Сергія Гардуна, клірыка Свята-Духава кафедрального сабора г. Мінска. Яго царкоўная дзейнасць мае сёння настолькі вялікі аб’ём, што нават цяжка згадаць усе паслушанні айца Сергія. Настаяцель студэнцкага храма пры факультэце тэалогіі ЕГУ, член Біблейскай камісіі пры Беларускім Экзархаце, выкладчык Мінскіх Духоўных школ і Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта з навуковай ступенню кандыдата багаслоўя. Айцец Сергій выкладае Свяшчэннае Пісанне Старого Запавету, сектазнаўства, багаслоўскую тэрміналогію на англійскай мове, практычныя ўказанні для пастыраў, пастырское багаслоўе. Да того ж ён — выдатны прапаведнік і місіянер, выступленні якога часта можно пачуць у царкве, на розных канферэнцыях, пa радыё або тэлебачанні. I да того ж ён — клапатлівы сем’янін, бацька шасці дзяцей.

Нагодай для нашага «знаёмства» з айцом Сергіем Гардуном стаў яго 45-гадовы юбілей. Мы сардэчна віншуем бацюшку з гэтай датай, а таксами з ганаровай царкоўнай узнагародай Ордэнам прп. Сергія Раданежскага III ступені. Жадаем яму здароўя, якое несумненна патрэбна для насычанага служэння, радасці i задавальнення ад працы кожны дзень, сямейнага шчасця i бацькоўскага гонару за сваіх дзяцей. У размове з айцом Сергіем нас найперш цікавіла тое, што паўплывала на яго рашэнне прыняць святарскі сан, што сфарміравала яго як асобу, i бацюшка вельмі цікава і падрабязна распавёў аб сваім жыцці.

Калі расказваць пра сваё духоўнае станаўленне, то пачатак яго ў сям’і. Мае бацькі верылі ў Бога і маліліся Богу. I як я цяпер разумею, самым галоўным было тое, што бацькі маліліся Богу кожны дзень — раніцай і ўвечары. Гэта было настолькі звычайнай, нармальнай з’явай, неад’емным элементам нашага жыцця, што вызначыла, мабыць, у вялікай ступені i маю царкоўную свядомасць. Бо першае, што я помню, — гэта iконы ў хаце i мае бацькі перад імі з ціхай малітвай на вуснах (да мяне ў бацькоў нарадзілася тры дзіцяці, але ўсе яны паміралі немаўлятамі, нават нехрышчонымі, ва ўзросце два-тры тыдні. Пасля мяне нарадзілася яшчэ дзяўчынка, мая сястра). Аднойчы, калі мне было гады чатыры, я папытаў маці, што яны такое шэпчуць. Мама адказала: «Малітву». I расказала мне «Отче наш». Гэтыя словы падаліся мне такімі незвычайнымі, таямнічымі, такімі святымі, што захацелася іх паўтарыць. Я прасіў маму гаварыць іх яшчэ і яшчэ, а потым сам паспрабаваў расказаць малітву напамяць. Здаецца, з трэцяга разу ў мяне атрымалася. Мама здзівілася і кажа: «Я думала, рана цябе яшчэ вучыць малітвам, але раз ты запомніў то цяпер ведай, што кожны дзень хаця б «Отче наш» раніцай i вечарам трэба гаварыць». I гэтая штодзённая малітва ў маім жыцці з пяцігадовага ўзросту была настолькі абавязковай, натуральнай і звычайнай, як і тое, што кожны дзень трэба ўмывацца. Гэта было вельмі важна, бо потым пачаліся школьныя гады з атэістычным выхаваннем.

***

У царкву мае бацькі хадзілі рэдка — па святах i да споведзі кожны Вялікі пост (мы жылі ў вялікім сяле Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Да хрушчоўскага ўзбуйнення раёнаў яно было нават раённым цэнтрам. На той час, калі я нарадзіўся, там былі дзве праваслаўныя царквы, а да вайны быў яшчэ касцёл і сінагога. Адну царкву ў пачатку 60-х гадоў закрылі). Мяне бацькі з сабой у царкву не бралі, бо лічылі, што пакуль гэта забараняюць і ў школе могуць быць складанасці, то лепш верыць у Бога і маліцца дома. Але была адна бабулька, далёкая наша сваячка, якая сама хадзіла на кожную службу i час ад часу запрашала мяне i вучыла, як сябе паводзіць у царкве. Калі якое вялікае свята выпадала на будні дзень, яна раіла мне хоць на вялікім перапынку прыбегчы, прыкласціся да іконы i назад у школу.

Часам, прыходзячы дадому, я расказваў бацькам: вось у школе нам казалі, што Бога няма, што ў царкву не трэба хадзіць. Але маці рэагавала так: гэта школа такая дурная. «А я, — кажа, — калі вучылася ў школе да вайны, да нас прыходзіў бацюшка і расказваў Закон Божы, а ў вас дурная школа». Для мяне ў васьмігадовым узросце было дзіўна пачуць, што раней у школе вучылі маліцца Богу, але гэты факт быў для мяне наймацнейшым аргументам.

***

Пэўны свядомасны пералом адбыўся, калі я вучыўся ў шостым класе. Памерла мая родная бабуля, якая з намі жыла, маці маёй маці. Адпяванне ў царкве тады было ў нас абсалютна дазволеным. Кожнага нябожчыка, акрамя камуністаў, членаў партыі, заносілі ў храм. Нават настаўнікі, хаваючы сваіх бацькоў, адпявалі іх у царкве, толькі самі пры гэтым не заходзілі. I вось калі памерла бабуля, я прысутнічаў на царкоўнай малітве, вельмі глыбока сумаваў і ўсвядоміў, што я павінен за яе заўсёды маліцца. З таго часу пачаў хадзіць у царкву самастойна, не чакаючы, калі збяруцца бацькі.

***

Савецкая ідэалогія ў школьныя гады да мяне не вельмі і прыліпала. Напрыклад, у другім класе ў нас быў прадмет «Гісторыя СССР», якую выкладаў асобны настаўнік. Стары ўжо дзядзька расказваў нам пра камунізм, які вось-вось наступіць, толькі трэба яшчэ трошкі пачакаць. I нам настолькі падабалася, што пры камунізме будзе ўсяго ўдосталь, усяго, чаго хочаш, не будзе грошай (а мы ўсе жылі вельмі сціпла, мой бацька-калгаснік атрымліваў 16-20 рублёў у месяц), што мы часам самі прасілі настаўніка расказаць пра камунізм. I я, натхнёны верай у светлую будучыню, прыходзіў дадому. А маці мне казала: «Што ты ўсякае глупства слухаеш i пераказваеш? Кажаш, грошай не будзе, а чаму тады гэтыя камуністы імкнуцца на вышэйшыя пасады i свае зарплаты кладуць на «кніжку»? Навошта тады ашчадныя банкі?» Так разбіваліся ўсе мае ружовыя мары.

Яшчэ адзін цікавы момант звязаны з маёй класнай настаўніцай, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Яна была вельмі цудоўным педагогам i не раз на ўроках рускай літаратуры сароміла нас, калі мы, не прачытаўшы твору па праграме, бралі крытыку i па ёй адказвалі. «Як вам не сорамна чужымі словамi гаварыць, — казала яна, — трэба спачатку самім прачытаць, галоўнае — тэкст». I гэта было для нас жалезным правілам. I вось аднойчы праходзіць чарговае атэістычнае мерапрыемства, класная крытыкуе штосьці ў Евангеллі. Я падымаю руку i пытаюся: «А Вы чыталі Евангелле?» Настаўніца кажа: «Не». «Дык як Вы так можаце гаварыць, чаго не чыталі, а пераказваеце чужыя кніжкі?» Яна нічога не змагла мне адказаць, проста нічога. Я ж пытаў гэта ненаўмысна і чакаў толькі станоўчага адказу, каб потым папрасіць у яе пачытаць Евангелле. Але аказалася, што ўсю гэту прапаганду настаўнікі вядуць, самі не ведаючы арыгінала, тэкста.

Тады ў мяне і з’явілася жаданне знайсці і прачытаць Евангелле. Гэта быў дзесьці сёмы клас. Я адразу пайшоў у адну бібліятэку, у другую, але там не было ні Евангелля, ні Бібліі. Але былі цэлыя стэлажы атэістычнай літаратуры. I я стаў чытаць яе, каб разабрацца, чаму гэта пытанне такое важнае для людзей, што нават школа зацікаўлена, каб людзі ў Бога не верылі. За некалькі год я прачытаў сотні атэістычных кніжак і зразумеў, што рэлігія крытыкуецца за тое, што яна нібыта супраць прагрэсу, навукі, супраць рэвалюцыі. Але пасутнасці ніякіх аргументаў, што Бога няма, я не знайшоў. Я думаў так: калі навука даказала, што Бога няма, то навошта друкаваць столькі атэістычных кніг, хай бы надрукавалі толькі адну, з навуковымі доказамі неіснавання Бога, а калі гэта антырэлігійная літаратура займае столькі месца ў бібліятэцы, то каб палеміка была больш-менш адкрытай, павінна ў бібліятэцы быць і Біблія, інакш гэта несумленна.

***

А ў дзевятым класе быў такі эпізод. Мой аднакласнік аднойчы сказаў: «У маёй цёткі ёсць некалькі царкоўных часопісаў. Хочаш, я прынясу табе пачытаць?» I аказалася, што гэта былі (адзін ca сваякоў гэтай жанчыны быў свяшчэннікам) пяць нумароў «Журнала Московской Патриархии» за 1971 год. Я з захапленнем стаў чытаць іх. I ў школу з імі прыходзіў, i, калі настаўнікі казалі, што рэлігія адмірае і толькі неграматныя, некультурный людзі вераць у Бога, я ім паказваў часопіс. Па школе пайшоў шум, і мяне выклікала класная. Але мой аргумент быў вельмі моцным, я папрасіў яе паглядзець, у якой тыпаграфіі надрукаваны часопісы: «Ордена трудового Красного знамени и т. д». Помню, што яна спачатку нават хацела іх узяць пачытаць, але потым перадумала, пабаялася.

Я ж спрабаваў выпісаць «ЖМП», хадзіў на пошту, але яго не аказалася ў падпісных каталогах, тады напісаў ліст на адрас рэдакцыі. Ён дайшоў, i я нават атрымаў адказ: «Журнал Московской Патриархии» распространяется только для священнослужителей». Але перш, чым пісьмо дайшло, ім зацікавіліся многія, i на школу прыйшло запытанне: што гэта ў вас за чалавек, які піша невядома куды. На той час я адкрыта хадзіў у царкву, i, думаю, большасць маіх настаўнікаў не ставілася да гэтага варожа. Некаторыя з іх не мелі нічога супраць, некаторыя адносіліся да мяне са шкадаваннем, а хтосьці казаў: перарасце. Таму на той раз усё абыйшлося толькі размовай з класнай настаўніцай.

***

I вось калі я быў у восьмым класе, то, нарэшце, прачытаў Евангелле. Гэта была дзедава кніга, мне перадаў яе дзядзька. Пасля некалькіх сот атэістычных кніг Евангелле было для мяне адкрыццём. Мне стала відавочна, што яно зусім пра іншае, яно зусім у іншай сферы, чым уся гэта літаратура, яно такое светлае, такое чыстае, яно проста для гэтай крытыкі недасягальнае!

Падмацаваў маю веру і такі эпізод. Аднойчы мне трапіла ў рукі кніга Цітова «Православие», 1973 год выдання. Там крытыкаваўся нейкі артыкул з «ЖМП», і раптам я выявіў, што размова ідзе пра той нумар, які ў мяне ёсць. Я захацеў праверыць усе цытаты. Але на ўказаных старонках іх не было. Я перагарнуў увесь часопіс і нічога не знайшоў. Нават потым, калі вучыўся ў семінарыі, узяў падшыўку «ЖМП» і, усё перагартаўшы, не знайшоў таго артыкула, што крытыкаваў Цітоў.

Пад уплывам усяго гэтага ў дзевятым класе ў мяне сфарміравалася цвёрдае жаданне паступаць у семінарыю. Я пераканаўся, што вера ў Бога — гэта сапраўды ісціна і самая важная ісціна і, калі гэту ісціну так уціскаюць, так зневажаюць, то трэба ёй служыць. Я проста ўпэўнены быў, што гэта самае дастойнае, чаму варта прысвяціць жыццё i стаяць да канца. Ёсць жа цэрквы яшчэ незачыненыя, ёсць жа там людзі. І няхай палітыка развіваецца так, што цэркваў застаецца менш i менш, але, хто зразумеў, хто адчуў ісціннасць праваслаўнай веры, той павінен стаяць да канца.

***

I я стаў шукаць магчымасці паступіць у семінарыю. З вялікімі цяжкасцямі знайшоў часопіс «ЖМП», дзе былі правілы паступлення ў семінарыю. Але мяне папярэдзілі, што дакументы туды можна падаваць толькі пасля 18 гадоў. Гэта была ўстаноўка ўраду, надзея, што людзі, якія мелі хрысціянскае выхаванне ў сям’і, перавыхаваюцца ў войску. Я збянтэжыўся: трэба нешта рабіць цэлы год пасля школы, а ў маі мяне могуць узяць у войска, i яшчэ тры гады як мінімум я не змагу трапіць у семінарыю.

Нарэшце я вырашыў паступаць у інстытут замежных моў у Мінску. У школе я вучыўся добра, мне падабаліся гуманітарныя прадметы, асабліва мовы: беларуская, руская, англійская, а з сёмага па дзевяты клас я самастойна вывучыў польскую мову (нават у семінарыі рабіў афіцыйныя пераклады для Аддзела знешніх царкоўных сувязяў). Выкладанне беларускай мовы пачалося ў нас з трэцяга класа, бо школа была рускамоўная. У беларускай мове я пазнаў сваю родную мову, бо мы ніхто па-руску не размаўлялі, ні ў сям’і, ні ў сяле. Я рускай мовы нават не чуў да школы, бо не было ні радыё, ні тэлевізара. Мае бацькі хваляваліся, як я буду вучыцца ў рускамоўнай школе, i помню, як у апошнія месяцы да школы спрабавалі навучыць мяне чытаць па-руску. Я неяк навучыўся, але размаўляць ніяк не ўмеў. I маці вучыла мяне гаварыць самыя элементарныя фразы. Яна казала: «Запомні, цябе будуць пытаць: «Как тебя зовут?» Ты адказвай: «Меня зовут Серёжа». «Сколько тебе лет?» Адказвай: «Мне семь лет» i г. д.». У першы школьны дзень мне, сапраўды, было мала што зразумела. Я сяджу i думаю, а чаму ў школе не размаўляюць на нармальнай мове. Мне ўжо тлумачылі, што дзесьці там ёсць Расія i што там размаўляюць па-руску, але я не мог зразумець, навошта ў нашай школе так гаварыць. Я, праўда, тады не ведаў, што гарады былі ўжо даволі русіфікаваныя.

У першы ж дзень, пакуль мы яшчэ не ўмелі пісаць i чытаць, нас навучылі аднаму вершыку:

«И будем так на свете жить,

как вождь великий жил,

и так же Родину любить,

как он её любил».

Мы паўтаралі гэтыя радкі невядома колькі разоў, бо на наступны дзень трэба было адказваць. Пакуль я ішоў да хаты, пакуль чакаў маці, усё паўтараў гэты верш. Потым мама запомніла яго, i я супакоіўся. Але пасля пытаюся: «Мама, а пра што гэты верш? Які там «вош», хто гэта?» Я, мабыць, недачуў слова «вождь». Але яго i мама не зразумела. «Хм, — кажа, — не ведаю, гэта ў вайну былі вошы і блохі, а цяпер няма». Такая была смешная гісторыя.

І так да чацвёртага класа я па-руску не размаўляў, саромеўся, чырванеў, настолькі руская мова для мяне была ненатуральная. Асабліва непрыгожым было для мяне слова «как». Толькі недзе пазней пачаў патроху гаварыць, а потым прызвычаіўся i нават палюбіў рускую мову.

***

Усе пяць гадоў навучаючыся ў інстытуце, я хадзіў у царкву, на тры службы ў тыдзень: у суботу ўвечары, у нядзелю раніцай і ўвечары. Тады было толькі два храмы: Аляксандра-Неўскі на вайсковых могілках i кафедральны. Я часцей хадзіў у кафедральны, таму што там больш гаварылася пропаведзяў. А паколькі духоўных кніг амаль не было, то пропаведзь для мяне была вельмі важнай. Была, праўда, у мяне яшчэ адна крыніца царкоўных ведаў — радыё. Рэлігійныя праваслаўныя перадачы, пачанаючы з сёмага класа, я слухаў па Бі-Бі-Сі, вёў іх тады протаіерэй Уладзімір Радзянка, які потым стаў епіскапам Васіліем. Перадачы па радыё «Свабода», называліся яны «Не хлебом единым», іх вялі айцец Іаан Мейендорф, айцец Аляксандр Шмеман. Былі праваслаўныя перадачы і па «Голосу Америки». Слухаў я і радыё Ватыкан, і пратэстанцкія перадачы. А ў Мінску ўжо дабавіліся змястоўныя пропаведзь Помню пропаведзі мітрапаліта Антонія (Мельнікава), яны былі вельмі вынашанымі, ён гаварыў як па пісанаму, вельмі натхнёна, без паўз. Потым я чуў ад тых, хто быў паблізу ў тыя гады да мітрапаліта Антонія, што ён сапраўды вельмі старанна рыхтаваўся да пропаведзі, нават за гадзіну да службы камусьці ca сваіх іпадыяканаў прамаўляў яе.

***

У інстытуцкім інтэрнаце, у маім пакоі ўсе ведалі, што я хаджу ў царкву, ведалі і ў групе. Я гэтага не саромеўся. Ведалі нават некаторыя выкладчыкі. Не раз было, што мяне ў сакавіку настаўнікі пыталі, калі будзе Пасха. Але здарыўся наступны эпізод. Сярод студэнтаў былі, зразумела, даносчыкі. I нехта на мяне данёс у органы. У канцы другога курса, у час сесіі, нават пад час экзамена мяне выклікалі ў аддзел кадраў. Там чакаў нейкі чалавек, які павёў мяне ў парк Горкага. Ён прадставіўся, паказаў нават сваё пасведчанне, што ён работнік органаў, і пачаў мяне распытваць, куды я хаджу і што я прапаведую сярод студэнтаў, стаў распытваць пра сям’ю, пра бацькоў. Я расказваю яму ўсё. А ён мяне пытае: «А ў касцёл вы не ходзіце?» Кажу: «не». «Не, вы ходзіце ў касцёл, і павінны ў гэтым прызнацца». «Я ніколі не быў у касцёле. Пасля вайны касцёла ў нас у сяле ўжо не было». «Не, прызнавайцеся, што вы ходзіце ў касцёл!» Так ён ад мяне некалькі яшчэ сустрэч дамагаўся прызнання (я цяпер думаю, што проста быў неграматны данос, пераблыталі сабор з касцёлам). А потым i кажа: «Ладна, не прызнаешся, не быў у касцёле, тады паедзь. На электрычцы, напрамак на Маладзечна».

Тады ў Мінску касцёла не было, толькі ў 1980 годзе адкрыўся на Кальварыі. Але быў касцёл у Красным. I я згадзіўся: «Добра. Але чаго я павінен туды ехаць? Мне нават і грошай шкада». Праз некалькі дзён ён зноў выклікае мяне і дае білет на электрычку. Так я першы раз па заданні КДБ паехаў у касцёл. Калі вярнуўся, гэты чыноўнік зноў мяне выклікае:

— Ну што, быў у касцёле?

— Быў.

— I што ты там бачыў?

— Людзі ў касцёле, служба ідзе, ксёндз правіць службу. I ўсё.

— А ксёндз гаварыў пропаведзь?

— Гаварыў.

— А пра што ён гаварыў?

I тут добра, што ў патрэбны час Гасподзь мяне спыніў. Я i так ужо адчуў, што ён хоча з мяне зрабіць даносчыка, i вырашыў схітраваць:

— Ведаеце, усё ж было на польскай мове, а я слаба разумею.

— Ну, добра. Наступны раз паедзеш зноў i пабачыш, хто з маладых людзей прыходзіць у касцёл. Пастараешся з імі пазнаёміцца, потым мне раскажаш, дзе яны працуюць ці вучацца.

Я кажу:

— Нічога з гэтага не атрымаецца.

— Чаму?

— Я не католік, яны адразу гэта пабачаць. Пры першай жа размове выявіцца, што я нічога не ведаю.

Гэты чалавек з органаў i кажа:

— Раз так, я прынясу табе Біблію, ты разбярэшся i будзеш працаваць.

А на той час Біблія ў мяне ўжо была. Разам з малітвасловам я купіў яе ў Мінскім епархіяльным упраўленні ў 1977 годзе за грошы, якія зарабіў на бульбе. Кнігі я трымаў у тумбачцы, рэгулярна чытаў, і пра гэта ўсе ведалі. Але я кажу:

— Не, ні ў якім разе. Вы што! Я жыву ў інтэрнаце, як я дастану Біблію i буду чытаць, Назаўтра ж гэта будзе вядома рэктару, i мяне выключаць. Я хачу вучыцца. Я баюся Біблію ў рукі ўзяць. Не вазьму і ў вас.

Але на гэтым выклікі не закончыліся. Ён быў настроены вельмі настойліва i хацеў мяне зацягнуць у супрацоўніцтва. А я можа разы чатыры прыйшоў на гэтыя сустрэчы, а потым бачу, што ўсё роўна згадзіцца я не магу на такую ролю, а адмаўляцца вельмі цяжка, i проста перастаў прыходзіць.

Ён стаў званіць іншым студэнтам-супрацоўнікам, яны падыходзілі да мяне i нагадвалі, каб я звязаўся з гэтым чыноўнікам. Але я нічога не адказваў. I стаў чакаць, што мяне выключаць з інстутута. А я ўжо ведаў, як могуць выключыць: даць загад настаўнікам, каб на сесіі паставілі «двойкі». Аднойчы я стаў сведкам такога выпадку. Яшчэ на першым курсе, калі здаваў экзамен і сядзеў каля выкладчыцы, нехта прыйшоў да яе і, нахіліўшыся, сказаў: «А вы гэтай студэнтцы паставілі «4»?» «Яна добра адказвала». «А вы што не ведаеце, што ёй трэба было паставіць «2», таму што ёсць абставіны, па якіх яе трэба адлічыць?» Настаўніца спалохалася: «Не, ну што вы! Калі б я ведала, хіба ж я парушыла б гэта ўказанне?!»

I цяпер, успомніўшы пра той выпадак, я думаў: усё, калі ўжо больш нікуды не выклікаюць, значыць, мне давучыцца застаецца толькі да зімняй сесіі. I што я магу зрабіць? Я магу адно: падрыхтавацца да экзаменаў так, каб потым я не мог сам сябе дакараць за нейкія памылкі. I я рыхтаваўся да той сесіі, як не рыхтаваўся яшчэ ніколі. Усе пяць экзаменаў я здаў на «выдатна».

I супакоіўся: калі мяне зараз не выключылі, то не выключаць i далей. I я працягваў вучыцца і хадзіць у царкву на тры службы ў тыдзень.

Падрыхтавала Марына Раманоўская.