Раманоўская, М. Протаіерэй Сергій Гардун: «За спробу паступіць у семінарыю мяне маглі арыштаваць» / Марына Раманоўская // Царкоўнае слова. – 2004. — № 13. – С. 4–6.

Протаіерэй Сергій Гардун

«ЗА СПРОБУ ПАСТУПІЦЬ У СЕМІНАРЫЮ

МЯНЕ МАГЛІ АРЫШТАВАЦЬ»

Аднойчы ў суботу, падчас паліелея мітрапаліт Філарэт памазвае мяне i кажа: «Сегодня жду тебя на чай». Тады моладзі было ў храме мала, мы ведалі адзін аднаго ў твар. Але дзе гэты чай можа быць, дзе мітрапаліт жыве, ніхто не ведаў. Пасля службы я застаўся ў храме, i іпадыякан праводзіў мяне да ўладыкі. Мы гаварылі пра мае планы на будучае, пра тое, што яшчэ з 9-га класа я хацеў ісці ў семінарыю, а цяпер заканчваю інстытут i з задавальненнем выканаў бы сваю юнацкую мару. Хаця ў мяне былі прапановы застацца ў Мінску выкладаць лацінскую мову ў інстытуце або БДУ. Уладыка кажа: «Пасля 5-га курса нельга адразу ісці ў семінарыю, да нас будуць прэтэнзіі. Ты павінен адпрацаваць тры гады. То ідзі ў БДУ або ў медыцынскі». А я ў адказ: «Ведаеце, уладыка, я баюся, што, калі пайду ў медінстытут, мне настолькі спадабаецца быць настаўнікам, што потым не хопіць сілы ўсё кінуць. Але, можа, хопіць сілы пакінуць звычайную школу, сельскую, і паступіць у семінарыю. Паеду я ў вёску з англійскай мовай».

Так я апынуўся ў сваім Кобрынскім раёне, у суседняй з маёй (12 км) вёскай. Жыў у бацькоў, а на працу ездзіў на аўтобусе. I, працуючы настаўнікам, я зноў жа хадзіў у царкву кожную нядзелю. Канечне, аб гэтым хутка даведаліся ў школе. I дзеці мяне часам і пыталі: «Сяргей Аляксеевіч, а праўда, што вы ў царкву ходзіце?» Я казаў: «Канечне, праўда».

Калі па плану выхаваўчай працы трэба было праводзіць атэістычныя мерапрыемствы, я ў журнале пісаў: «Праваслаўныя святы» альбо «Што такое Біблія?», «Што такое Евангелле?», «Праваслаўе і каталіцтва: у чым розніца». I расказваў дзецям штосьці пазнавальнае, часам пра святых. Яны мяне трохі здавалі, бо што-небудзь пераказвалі бацькам i настаўнікам. I апошнія лічылі гэта неасцярожнасцю з майго боку, а так і самі з радасцю пайшлі б у царкву, калі б можна было. Толькі спалохаўся дырэктар і, каб зняць з сябе адказнасць, падчас нейкай нарады ў Кобрыне падышоў да загадчыка РайАНА і расказаў пра мяне. А перад і тым ён рабіў некалькі праверак: прыязджаў на машыне да царквы i сачыў, як разам з усімі я заходзіў i разам з усімі выходзіў.

Загадчык РайАНА і дырэктар сталі разважаць пра мяне: калі б ён адзін раз пайшоў пахрысціць, напрыклад, употай, мы б яго выклікалі, напалохалі, а калі ён ходзіць кожную нядзелю i не баіцца, значыць, няма патрэбы яго выклікаць. Трэба проста назбіраць на яго кампрамат, каб у канцы навучальнага года звольніць з працы.

Пасля гэтай нарады прыехала ў школу без папярэджання камісія метадыстаў, каб праверыць, як я вяду ўрокі. А я ж першы год працаваў, то і планы пісаў, і канспекты. Паказваю ім усё. Бездакорна праводжу ўрок. Адзін раз прыехалі, другі, трэці, чацвёрты, адкрыты ўрок зрабілі — нічога няма кепскага.

Далі мне класнае кіраўніцтва ў 9-м класе. А там было толькі два ці тры камсамольцы. I вось прайшла асенняя кампанія прыёму, потым зімовая, а ў мяне ніхто не ўступае ў камсамол, я нікога не агітаваў, але нікому і не забараняў. Праз нейкі час пазванілі мне з Кобрына, з раённай камсамольскай арганізацыі, але я сказаў, што прыём у камсамол — гэта не мае абавязкі, я i так праводжу палітінфармацыі, выхаваўчыя гутаркі па плану. I так за гэты год ні адзін чалавек у маім класе не ўступіў у камсамол.

Потым на лета мне прапанавалі працаваць выхавацелем у лагеры. Я згадзіўся, працую, i раптам праверка. Як я зразумеў, яе мэта — злавіць мяне на парушэннях распарадку. Але Бог бараніў. Яны вырашылі, што мяне папярэдзілі, і ў наступны раз прыехалі так, што не ведала нават дырэктар лагера. Але па бягучым графіку ў мяне якраз быў выхадны. Потым мяне выклікаюць:

— Чаму вы не былі?

— Выхадны быў.

— Падстроена ўсё гэта!

Загадчык РайАНА расчырванеўся, кулаком па стале стукае i аж крычыць:

— Мы ўсё роўна вас звольнім! У гэтым годзе не атрымалася, але мы ўсё роўна знойдзем, за што вас звольніць!

Тады я кажу:

— Калі вы так хочаце мяне звольніць, давайце я напішу заяву сам. I вам праблем не будзе. Толькі каб да мяне не было прэтэнзій, што я не хацеў працаваць тры гады.

— Пішыце.

Я тут жа напісаў заяву і думаў, што праз месяц магу забраць працоўную кніжку. Але кніжкі ніхто не аддае, а, наадварот, склікаюць камісію, чалавек шаснаццаць, размаўляць ca мной.

— Вы нам, калі ласка, растлумачце, чаму вы ходзіце ў царкву?

— Маліцца Богу. Вы не ведаеце, чаму людзі ходзяць у царкву?

— Вы верыце ў Бога?

— Веру.

— I што, вы думаеце, настаўнік мае права хадзіць у царкву?!

— Канечне, я ўпэўнены ў гэтым. Свабода сумлення гарантавана савецкай Канстытуцыяй. Кожны мае права хадзіць у царкву i верыць у Бога.

— Няўжо вы не разумееце, што для ідэалагічнага работніка і настаўніка гэта немагчыма. Гэта сабе калгаснік можа дазволіць, рабочы, але не настаўнік.

— Тады дзіўна, што ў настаўніка менш грамадзянскіх правоў, чым у калгасніка!

— Ну што ж, калі вы такі граматны, мы перадамо вас у іншыя рукі.

Праз два тыдні прыходзіць мне павестка ў ваенкамат. Я прыязджаю туды, заходжу ў пакой — двое ў цывільным.

— Мы вырашылі з вамі пагаварыць. Якія ў вас праблемы?

— Я хаджу ў царкву. Мяне выклікалі, сталі крычаць. Я напісаў заяву, а мяне не звальняюць, але кажуць, што ўсё роўна звольняць.

— Давайце мы вам дапаможам, дамовімся: што было, тое было, а вы больш не будзеце хадзіць у царкву. I ніякага канфлікту не будзе. Працуйце далей.

— Не, я буду хадзіць у царкву. I калі вы мне не можаце гарантаваць, што мяне ніхто не будзе чапаць, то няхай мяне звальняюць па ўласным жаданні.

Тады яны драма пытаюцца:

— А вы часам не думаеце паступаць у семінарыю?

— Думаю.

— Ну дык вы не паступіце.

— Чаму?

— Вы ж не ведаеце нават, якія там экзамены здаваць.

— Нібыта ведаю.

— Гэта яны так заманьваюць, а на самой справе немагчыма здаць тыя экзамены. Вы не паступіце. Мы вам гэта гарантуем. I што вы будзеце рабіць, калі не паступіце ў семінарыю?

— Недзе папрацую і на наступны год зноў паспрабую.

— А што, калі мы вас у армію забяром? Вы ж ваеннаабавязаны.

— Пайду служыць. А ці будзе вам лепш, калі я два гады адслужу афіцэрам, а потым пайду ў семінарыю?

Яны не ведалі, што адказаць.

— Ну, тады мы вам іншае месца працы прапануем. Калі вы так цвёрда настроены хадзіць у царкву, то ў школе працаваць нельга. Мы вам можам прапанаваць месца перакладчыка тэхнічных тэкстаў на Брэсцкім заводзе. У вас будзе кватэра, зарплата 300 рублёў, і, калі ласка, хадзіце сабе ў царкву.

Але я спакойна адмовіўся, сказаў, што мне такая праца не цікавая. I пад канец яны зноў:

— А вы бы з намі не хацелі супрацоўнічаць?

— Не.

— Hi ў якім разе?

— Ні ў якім.

Потым адзін засмяяўся:

— А калі б вы былі свяшчэннікам i ваш храм абрабавалі, няўжо б вы не паведамілі ў органы?

— У такім выпадку, можа, i звярнуўся б.

Ім спадабаўся гэты адказ. Можа, яны і ў справаздачы напісалі, што я не абсалютна адмовіўся ад супрацоўніцтва. I на гэтым размова скончылася. Але працоўную кніжку так мне i не аддалі. Тады я канчаткова рашыў паступаць у семінарыю, бо не бачыў іншага выйсця. Паехаў у Мінск, расказаў мітрапаліту ўсю сітуацыю і пачуў у адказ: «Збірай дакументы».

Але гэта было не так проста. Нават узяць медыцынскую даведку патрэбнай формы было праблематычна. А перад тым, як падаваць дакументы ў семінарыю, трэба было выпісацца з месца жыхарства i не прапісвацца нідзе, зняцца з ваеннага ўліку і нідзе не станавіцца. Нельга было i дакументы пасылаць па пошце, бо яны не дайшлі б. Толькі асабіста аддаць у канцылярыю. А туды што-дзень прыходзіў чыноўнік, які праглядаў заявы абітурыентаў (i яму абавязаны былі паказаць). Ён адразу тэлеграмай або тэлефонам даваў па месцах указанні, каб гэтага чалавека затрымалі i не пусцілі на экзамены. Таму трэба было пасля падачы дакументаў пэўны час не жыць дома, бо маглі проста прыехаць i арыштаваць за якое хуліганства.

Я ўсё зрабіў, як трэба, i, падаўшы дакументы, дадому не вярнуўся, а дамовіўся пажыць у сяброў. Бацькоў, канечне, папярэдзіў, але дакладны адрас не сказаў. I добра зрабіў, бо праз які тыдзень прыязджае дамоў да нас камісія з трох-чатырох чалавек. Пачалі распытваць маці, дзе я, ці ведае яна, што я паступаю ў семінарыю. I пачалі пагражаць: мы яго арыштуем і пасадзім у турму, вунь чулі, акадэмік Сахараў пайшоў супраць савецкай улады, дык мы яго ў ссылку адправілі з Масквы, а ваш сын просты сельскі настаўнік, мы яго ў турму пасадзім за тое, што ён ідзе супраць савецкай улады; калі ж скажаце, дзе ён знаходзіцца, то толькі папярэдзім. Але мама не ведала, а то, мабыць, i сказала б.

У час навучання ў семінарыі мяне таксама некалькі разоў выклікалі ў органы, прапаноўваючы супрацоўніцтва. Але там я быў больш упэўнены і не баяўся, што мяне выключаць. Але і яны там былі больш умелыя, падступалі з розных бакоў. Памятаю такую размову. Работнік органаў кажа мне: «Я не разумею, чаму Вы адмаўляецеся? Я ж Вас не ў банду зацягваю, а ў важную дзяржаўную структуру!» — «Я не хачу там працаваць». — «Вы патрыёт?» — «Канечне, патрыёт». — «Чаму ж не хочаце? Я ж не патрабую ад Вас нейкай маны, хлусні, крывадушнасці. Я хачу, каб Вы былі з намі шчырым. Гэта хіба супраць царкоўных канонаў?» — «Праблема вось у чым. Сядзім мы з Вамі зараз і размаўляем. Буду я вяртацца назад у семінарыю, i мой аднакурснік спытае мяне, адкуль я іду. Што я павінен яму адказаць?» — «Скажаце, напрыклад, што былі ў гарадской кнігарні». — «Значыць, Вы хочаце, каб з Вамі я быў шчыры i сумленны, а тым, хто побач са мною, казаў няпраўду? Я не магу так i таму не магу супрацоўнічаць з Вамі». Потым я даведаўся, што, калі фарміраваліся групы студэнтаў на паездкі за мяжу, мяне заўсёды афіцыйныя органы выкрэслівалі са спісаў.

Наогул у семінарыі я жыў з такім адчуваннем, што гэта нейкі іншы свет, настолькі ўсё было адухоўленым, чыстым, адчувалаея, што чалавек у чалавеку ўспрымае вобраз Божы. Напэўна, адна з прычын была ў тым, што семінарыя і акадэмія знаходзяцца ў Троіца-Сергіевай Лаўры, у манастыры са стогадовымі традыцыямі. I выкладчыкі былі людзьмі, якія свядома, мужна зрабілі свой выбар у жыцці, якія аддана служылі Царкве. I з-за вялікіх перашкод пры паступленні ў семінарыю траплялі туды толькі вельмі мэтанакіраваныя людзі. Сярод студэнтаў быў даволі вялікі працэнт тых, якія ўжо мелі пэўны жыццёвы вопыт. Напрыклад, у нашай групе з трыццаці чалавек дваццаць было з вышэйшай свецкай адукацыяй.

А калі параўноўваць тую сітуацыю з сённяшнім днём, то можна сказаць, што, напрыклад, у педагагічнай карпарацыі Маскоўскіх Духоўных школ адчувалася пераемнасць пакаленняў. Мае выкладчыкі ў многім успрынялі духоўны вопыт яшчэ дарэвалюцыйнай школы, дзе быў значна вышэйшы ўзровень выкладання. У мой час у семінарыі была вельмі строгая дысцыпліна. Сёння я бачу, што нашы студэнты могуць свабодна паехаць у горад. Мы ж за сцены манастыра маглі выходзіць толькі па нейкай канкрэтнай патрэбе i кожны раз браць на гэта благаславенне, не было нават паняцця паехаць на выхадныя дадому. Гэта было важна для людзей, якія прыйшлі з вадавароту савецкага жыцця. Гады, праведзеныя ў духоўных школах, для нас былі гадамі не толькі вучобы, але малітоўнай засяроджанасці. Тады мы навучыліся і разумець праваслаўнае богаслужэнне, i любіць яго.

Цяпер жа, калі няма негатыўнага стаўлення да Царквы, калі народ мае нейкую рэлігійную павагу, у семінарыю i на факультэт тэалогіі трапляюць людзі менш адданыя i нават часам малацаркоўныя. У тыя часы нават не ўсе дзеці духавенства ішлі ў семінарыю, бо яны бачылі цяжкасці жыцця свяшчэнніка ў грамадстве. А цяпер маладым людзям не трэба чымсьці ахвяраваць, ад чагосьці адмаўляцца, i гэта змяншае іх адказнасць і дысцыпліну. Але з іншага плану сёння ў Царквы, у духоўных і багаслоўскіх навучальных устаноў адкрыліся намнога шырэйшыя магчымасці кантактаваць з іншымі праваслаўнымі і хрысціянскімі краінамі, што ўзбагачае студэнтаў і сведчыць аб усяленскасці нашай Царквы.

Што тычыцца якасці ведаў, то паколькі 10-15 гадоў таму назад з’явілася многа маладых семінарый, а кадраў для іх не хапала, то, безумоўна, Маскоўская і Санкт-Пецярбургская школы застаюцца на больш высокім узроўні. Праўда, час ідзе, і выпускнікі маладых семінарый удасканальваюць свае веды, узровень выкладання паступова павышаецца, прынамсі, у Мінскай Духоўнай акадэміі і семінарыі.

Пасля таго, як я закончыў навучанне, мяне пакінулі ў Маскоўскіх духоўных школах выкладчыкам Свяшчэннай гісторыі Старога Запавету і англійскай мовы. Але я хацеў у Беларусь, на які-небудзь прыход. Толькі ў 1989 годзе, калі ў Жыровіцах адкрылі Духоўную семінарыю і не хапала кадраў, мяне адпусцілі туды выкладчыкам. Так, нарэшце, я прыехаў на радзіму.

Спачатку я быў толькі выкладчыкам і сакратаром навуковага савета семінарыі. Прыхода ў мяне не было. Але аднойчы на зімовых канікулах быў у сваім сяле і служыў літургію з нашым настаяцелем і дыяканам. Гэта было 14 студзеня, памяць свц. Васілія Вялікага. Пасля службы да мяне падыходзіць некалькі жанчын:

— Бацюшка, і дзе ж ваша сумленне? Вы тут утрох служыце, а ў нас, у суседнім сяле, свяшчэнніка няма. Мы самі адкрылі храм, які трыццаць гадоў быў зачынены, дабіліся гэтага праз Маскву, праз Савет па справах рэлігій, адрамантавалі яго, пашылі аблачэнні на прастол. Хаця б прыехалі да нас на Вадохрышча?

Я згадзіўся, а людзі дамовіліся з благачынным, каб я пэўны час паслужыў у іх храме. I вось 18 студзеня 1990 года я служыў у сяле Лелікава Кобрынскага раёна ўсяночнае трыванне, а на наступны дзень, на Хрышчэнне Гасподняе, —літургію. I да гэтага часу ў мяне засталіся самый лепшыя ўражанні ад прыхода. Такія людзі там набожныя, сардэчныя, добрыя! Кожную нядзелю прыходзіла 200-250 чалавек на службу. А на той час у двух вёсках прыхода жыло 750 чалавек. Я быў такі натхнёны, гаварыў пропаведзі, вучыў людзей чытаць па-славянску. На кожную суботу i нядзелю я прыязджаў з семінарыі ў Лелікава. А ў Вялікі пост кожную сераду служыў літургію Ранейасвячоных дароў. I ў тыя дні ў храм прыходзіла 40-50 чалавек. Я помню, як горача, старанна ўсё ўспрымалі людзі, нават некаторыя мужчыны пад час пропаведзі плакалі.

Але мне ўсё ж такі не далі ўказа на гэты прыход. Уладыка пашкадаваў, што я так далёка езджу, і прызначыў мяне ў Слонім. Першую службу там я адпраўляў на Успенне. І здзівіўся. Двунадзесятае свята! Горад, дзе было 45 тысяч насельніцтва! На ўсяночным трыванні ўсяго дванаццаць чалавек! У наступную суботу — сем чалавек. На літургіі — пару соцен. Я быў проста збянтэжаны: у Слоніме ж храм ніколі не закрываўся. Я пачаў на літургіях тлумачыць богаслужэнне, расказваць пра важнасць усяночнага трывання, пра яго сімволіку, пачаў займацца з дзецьмі, вучыць школьнікаў чытаць у царкве. I вельмі хутка ў храме па вечарах стала ў дзесяць разоў больш людзей. На вялікія святы нават усе не ўмяшчаліся. Пайшла ў царкву інтэлігенцыя. У мяне былі вельмі добрыя адносіны з настаўнікамі, і калі ўлады далі дазвол, я стаў выкладаць у школе. Наладзілі супрацоўніцтва з раённай газетай, на кожнае свята друкавалі там пропаведзь, раённае радыё давала мне час для выступлення. I гэта было намного прасцей, чым у Мінску. Гэта вельмі цікавае і змястоўнае маё служэнне ў Слоніме працягвалася тры з паловай гады.

А з 1994 года я служу ў Мінску ў кафедральным саборы і адначасова выкладаю на факультэце тэалогіі ЕГУ і працягваю выкладаць у Духоўнай семінарыі і акадэміі. Гэта зусім новы перыяд майго жыцця, бо, па-першае, у кафедральным саборы і паствы, i богаслужэнняў, i грамадскіх кантактаў намнога больш, чым у перыферыйных храмах. I ў цэлым адчуваеш, што ёсць магчымасць рэалізаваць сябе. А чаго не хапае? Не хапае ціхай, засяроджанай малітвы і богаслужэнняў, якія мне запомніліся ў тым жа Слоніме, не гаворачы пра Кобрынскі раён. Праўда, у мяне ёсць магчымасць засяроджанай малітвы ў храме універсітэцкім. I сам ён маленькі, і знешніх прыхаджан мала, і невялікая група студэнтаў — нічога не перашкаджае засяроджана маліцца. А разам з тым, жывучы ў сталіцы, лепш бачыш агульнацаркоўныя праблемы, бачыш, што яны не вельмі актыўна вырашаюцца, і ад гэтага бывае сумна. Адна з такіх праблем — даволі актыўная каталіцкая экспансія ў Беларусі пад старым іезуіцкім лозунгам «мэта апраўдвае сродкі». Я за сваё прыходскае служэнне некалькі разоў сутыкаўся з такімі выпадкамі, калі пры знешніх міралюбівых выказваннях католікаў адбываецца моцная экспансія на ўзроўні прыхаджан: царкоўнаслужыцелі любымі спосабамі імкнуцца перавесці ў каталіцтва як мага больш людзей, выхаваных у іншай канфесійнай традыцыі, прынамсі, у Праваслаўі. Пры гэтым выкарыстоўваюцца жыццёвыя абставіны — вянчанні, адпяванні і г.д. Падобная ёй праблема — актыўнасць сект. А мы, каб супрацьстаяць і каталіцкай экспансіі, і сектанцкай актыўнасці, ніяк не можам дастаткова актывізаваць сваё царкоўнае жыццё. Нават у кафедральным саборы Мінска няма бібліятэкі для прыхаджан. Вельмі мала прыходаў, дзе актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова за богаслужэннем, што для многіх з’яўляецца прычынай адмоўнага стаўлення да Царквы. У нас недастаткова актыўныя міране, мы не можам іх накіраваць і арганізаваць. Гэта сумна. Мне як выкладчыку семінарыі i факультета тэалогіі хацелася б большай актыўнасці ад студэнтаў і семінарыстаў. Не трэба чакаць заканчэння вучобы i прызначэння на нейкую пасаду, а трэба друкавацца ў сродках масавай інфармацыі, арганізоўваць сустрэчы, i не толькі ўнутрыцаркоўныя, супрацоўнічаць з рознымі навучальнымі ўстановамі.

Падрыхтавала Марына Раманоўская.