Сабінавіч, М. Струны пявучыя душы беларускай : Слова на прэзентацыі кнігі «Антологиjа белоруске поезиjе» — 13 чэрвеня 2012 г., Бялград, Нацыянальная бібліятэка Сербіі // Полымя. – 2013. — № 6. – С. 169-175.

Значны ўклад І. Чароты ў папулярызацыю і развіцце сербскай літаратуры.

СТРУНЫ ПЯВУЧЫЯ ДУШЫ БЕЛАРУСКАЙ

(Слова на прэзентацыі кнігі «Антологиjа белоруске поезиjе» —

13 чэрвеня 2012 г., Бялград, Нацыянальная бібліятэка Сербіі)

1

Усходнеславянская беларуская, руская і ўкраінская паэзія маюць адны і тыя ж крыніцы — язычніцкую славянскую і праваслаўную хрысціянскую культуры. Таксама і ў аснове пісьменнасці ўсходнеславянскіх народаў ляжыць адна мова, стараславянская, у выглядзе, што яна мела ў царкоўнаславянскай літаратуры, якой яшчэ раней для ўспрыняцця і ўкаранення хрысціянства карысталіся сённяшнія сербская і балгарская культуры. На працягу стагоддзяў у працэсе перапісвання і інтэрпрэтавання для бягучых патрэб агульнага пачатковага корпуса царкоўнай і свецкай тэматыкі ўносіліся асаблівасці мясцовых гаворак, якія паступова, праз новаўнесеныя лакальныя тэмы і тэксты, прывялі да афармлення асобных варыянтаў мовы, што пазней і развіліся ў тры славянскія літаратурныя мовы (рускую, украінскую і беларускую).

Гэтыя агульныя карані маглі быць асновай для добрага ведання беларускай літаратуры ў нашым асяроддзі. Але, на жаль, рэальнасць зусім іншая…

Беларусы, дзякуючы Івану Чароту як рэдактару і аднаму з перакладчыкаў, апублікавалі анталогію перакладаў «Сербская паэзія» ў 1989 г., у той час як мы першае выданне «Анталогіі беларускай паэзіі» I. Чароты на сербскай мове ў маім перакладзе атрымалі толькі ў 1993 г. (выпусціла «Српска кньижевна задруга» — «Сербскае літаратурнае таварыства»), Некалькі гадоў таму аўтарытэтны часопіс «Писмо» («Пісьмо») надрукаваў пераклад даволі вялікай падборкі з твораў сучаснага беларускага паэта Алеся Разанава. Наша газета «Книжевне новине» («Літаратурныя навіны») адсочвала падзеі на Бялградскіх міжнародных сустрэчах пісьменнікаў і час ад часу змяшчала асобныя вершы гасцей з Беларусі, а наш вядомы літаратурны крытык і цяперашні рэдактар гэтага выдання Мілэта Ачімавіч-Іўкаў у лютаўска-сакавіцкім нумары змясціў каля дваццаці вершаў сучасных беларускіх паэтаў, заўважаючы, што такім чынам ён указвае чытачам на адну, як ён сказаў, у нас недастаткова вядомую, але «сапраўды вартую сучасную паэзію».

Чаму беларуская літаратура, нягледзячы на яе несумненную мастацкую якасць, для нашай інтэлектуальнай аўдыторыі ўсё яшчэ недастаткова вядомая?

Па-мойму, галоўная прычына гэтага — збег неспрыяльных гістарычных абставін. А менавіта: знаходзячыся на заходнім рубяжы праваслаўных усходніх славян, у непасрэдным суседстве з неславянскімі і славянскімі каталіцкімі этнічнымі групоўкамі, сённяшняя тэрыторыя Беларусі ў асноўным на нрацягу стагоддзяў была пад ударам і ціскам колькасна і арганізацыйна значна большых дзяржаўных сіл; яе драбілі і дзялілі, далучалі то да каталіцкай Польшчы, то да аднавернай праваслаўнай Расійскай імперыі. Гэта непазбежна пакідала сляды і ў культуры Беларусі. Такая бесперапынная барацьба беларусаў за існаванне, напружанае супраціўленне, каб пазбегнуць нацыянальнай асіміляцыі, нам, паўднёвым славянам, магла быць зразумелай і блізкай.

Між тым у сваёй уласнай барацьбе за існаванне пад гурзцкім прыгнётам, адчуўшы таксама небяспеку германізацыі і мадзьярызацыі, сербы на ўсходнеславянскіх братоў глядзелі перш за ўсё як на жыхароў магутнай адзінавернай еўрапейскай дзяржавы, якая можа абараніць і дапамагчы ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне. На працягу XIX стагоддзя сербам, ахопленым барацьбой за аднаўленне сваёй нацыянальнай дзяржавы, было не да этнічных, нацыянальных і іншых праблем вялікай Расійскай імперыі. Гэта, на жаль, працягнулася і ў XX стагоддзі, калі імперыю замяніла першая краіна сацыялізму, зноў вялікая сіла, Савецкі Саюз, які на нашай тэрыторыі адыграў вырашальную ролю ў Другой сусветнай вайне, а потым са сваім пралетарскім інтэрнацыяналізмам стаў для нас і своеасаблівым узорам для будаўніцтва новага грамадства. I як усіх уцекачоў з царскай Расіі, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прыехалі да нас, мы, хоць між імі, акрамя рускіх, было нямала ўкраінцаў і беларусаў, лічылі і называлі рускімі, так і ў савецкі час мы атаясамлівалі савецкую краіну з самым шматлікім народам СССР — з рускім.

Па такой самай мадэлі наш сярэдні суайчыннік, як член самага шматлікага народа ў нядаўнім югаслаўскім дзяржаўным аб’яднанні, утаропіўшыся ў «матку Расію», з-за жадання захаваць маналітнасць славянскага свету, неабходную для выжывання ў неміласэрным сучасным новым сусветным парадку, з асцярогай глядзіць на намаганні славянскіх дзяржаў (якія нядаўна сталі незалежнымі) па сцвярджэнні ўласнай культуры. Верагодна, перш за ўсё гэтым можна растлумачыць вышэйапісанае сённяшняе наша слабае веданне беларускай паэзіі, блізкай нам і аб’ектыўна вартай вялікай увагі. Гэта таксама з’яўляецца прычынай недастатковага інтарэсу чытачоў да падобных тэм, што непазбежна прыводзіць і да незацікаўленасці выдаўцоў, якія, звычайная рэч, пазбягаюць некамерцыйных выданняў. Гэтым, відаць, можна растлумачыць і млявую рэакцыю (ці яе адсутнасць) у сродках масавай інфармацыі на з’яўленне перакладаў літаратурных твораў з дагэтуль менш нам вядомых славянскіх культур.

Але самалюбаванне нікому не прыносіць шчасця, бо пастаянна выклікае незадавальненне і супраціўленне навакольных. Для выхаду з ізаляцыі патрэб на перш за ўсё выбрацца з уласнай акасцянелай шкарлупіны, пашукаць ніці, з дапамогай якіх можна без перашкод «уплесціся» ў шырокае таварыства людзей…

Усведамляючы якраз гэта, мы спрабуем звярнуць увагу нашай культурнай грамадскасці на згаданую «Анталогію», якая можа, спадзяёмся, выклікаць цікавасць да ўсёй роднаснай нам беларускай літаратуры і культуры.

2

Кнігу, якую мы сёння прадстаўляем, склаў і напісаў да яе прадмову і каментар, вядомы беларускі славіст, замежны член Сербскай акадэміі навук і мастацтваў I. Чарота, з якім я маю гонар супрацоўнічаць (і з задавальненнем гэта раблю) яшчэ з першага выдання «Анталогіі беларускай паэзіі» ў «Сербскім літаратурным таварыстве» («Српска кньижевна задруга») у 1993 г. I. Чарота — прафесар і загадчык кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўні- версітэта. Ён член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Рэспублікі Сербскай. 3 1985 г. узначальвае бюро секцыі літаратурнага перакладу і літаратурных сувязей Саюза пісьменнікаў Беларусі. I. Чарота працуе сакратаром біблейнай камісіі Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы, якая займаецца перакладам Святога пісьма і богаслужэбных тэкстаў на беларускую мову. Ён таксама з’яўляецца выканаўчым рэдактарам часопіса «Праваслаўе» і членам рэдакцый яшчэ дзевяці перыядычных выданняў. I. Чарота быў рэдактарам і перакладчыкам рускамоўнага варыянта міжканфесійнага часопіса «Самарыцянін» (Беласток, 1996—2000).

У сваёй навуковай працы I. Чарота займаецца славянскімі літаратурамі і культурай, міжславянскімі сувязямі, гісторыяй праваслаўя і літаратурным перакладам. Спіс яго публікацый налічвае больш як 500 навуковых і літаратурна-крытычных адзінак, а найзначнейшыя з іх наступныя: кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў Ленінградзе ў 1986 г. «Творчество М. Шолохова и литературный процесс Югославии (1956—1986)»; «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (Мінск, 1988), «Пошук спрадвечнай існасці» (Мінск, 1995) — манаграфія па тэме доктарскай дысертацыі «Беларуская літаратура XX ст. і працэсы нацыянальнай самасвядомасці», абароненай у Мінску ў 1998 г.; «Сербская праваслаўная царква» (Мінск, 1998); «Мастацкі пераклад на беларускую мову (асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі)» (Мінск, 1997); «Югаславянскія літаратуры і культуры» (Мінск, 1999; суаўтар М. В. Трус); «Косовская битва продолжается» (Мінск, 2000); «Беларуская мова і царква» (Мінск, 2000). I. Чарота склаў грунтоўную бібліяграфію беларуска-югаслаўскіх літаратурных сувязей, апублікаваную ў 1991 і 1992 гг. у бялградскім часопісе «Перакладчык» («Преводилац»).

Іван Чарота пераклаў на беларускую мову больш за сорак кніг сербскіх аўтараў (пісьменнікаў I. Андрыча, Б. Нушыча, Д. Максімавіч, Б. Чопіча, Д. Чосіча, Д. Міхаілавіча, Г. Олуіч; царкоўных аўтараў Юсціна Попавіча, Мікалая Веліміравіча, патрыярха Паўла і інш.). Разам з М. Джэркавічам ён склаў анталогію «Сербская паэзія» (Мінск, 1989). Для гэтага выдання ён пераклаў вершы Р. Петравіча, Д. Матыча, С. Куленавіча, Р. Тошавіча, П. Попавіча, Ё. Дунджына, Р. Нікаліча, М. Павіча, М. Антыча, Ё. Хрыстыча, Б. Мількавіча, Б. Шчапанавіча, В. Лукіча, Л. Сімавіча, Л. Вучкавіча, М. Вукміравіча, М. Бечкавіча, С. Джорджавіча, Б. Прэлавіча, Р. Андрыча, Р. Петрава-Нога, Т. Крагуевіч, М. Максімавіча, Д. Еўрыч, Р. Лівадэ, Л. Мілэтыч і М. Комадынэ. I. Чарота перакладае і з беларускай на сербскую: апублікаваў свае выбраныя пераклады пад назвай «Лірыка ўсходніх славян» (2000).

I. Чарота склаў і адрэдагаваў зборнікі «Православие в славянских культурных традициях» (Мінск, 1996), «Уния: сборник документов» (Минск, 1997)» і інш., а таксама тры анталогіі хрысціянскай літаратуры: беларускай хрысціянскай паэзіі (2001), беларускай хрысціянскай прозы (2002) і рускай духоўнай паэзіі (2003, 2-е выд. 2005). Для патрэб выкладання сербістыкі ў беларускіх ВНУ падрыхтаваў дапаможнік «Сербская літаратура: анталогія тэкстаў» (Мінск, 2002—2007, кнігі 1—5) .

Ён склаў першае выданне «Анталогіі беларускай паэзіі» на сербскай мове (выпусціла «Сербскае літаратурнае таварыства» — «Српска кньижсвна задруга» ў 1993 г.), для якога ён напісаў прадмову і каментары.

………………..

Міадраг САБІНАВІЧ