І. Чарота прымаў удзел у XXXVII Бялградскай міжнароднай сустрэчы пісьменнікаў (БМСП).
Сербы шануюць Чароту
У XXXVII Бялградскай міжнароднай сустрэчы пісьменнікаў (БМСП), якая праходзіла 19-25 кастрычніка г.г., браў удзел старшыня бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных узаемасувязяў Саюза беларускіх пісьменнікаў Іван Чарота.
Значныя заслугі I. Чароты ў перакладзе, распаўсюджванні і выучэнні сербскай літаратуры адзначаны Граматай удзячнасці Саюза пісьменнікаў Сербіі, а таксама карцінай, якія былі ўручаны беларускаму літаратару пры адкрыцці форуму.
За ўклад у развіццё югаслаўска-беларускіх літаратурных узаемадачыненняў прафесару Чароту прысуджана, акрамя таго, спецыяльная прэмія часопіса “Збильа/Reality” (па-беларуску: “Сапраўднасць”).
25 кастрычніка ў перапоўненай сербскімі і замежнымі літаратарамі актавай зале Саюза пісьменнікаў Сербіі прайшоў вечар, на якім уручалася гэтая прэмія і праходзіла прэзентацыя новай кнігі I. Чароты — “Анталогіі лірыкі ўсходніх славян», літаральна напярэдадні выпушчанай выдавецтвам “Rivel Ко”. Змест кнігі склалі вершы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх паэтаў на мове арыгінала і ў перакладах на сербскую мову, выкананых самім I. Чаротам. Пра неардынарную анталогію і аўтара яе гаварылі вядомыя пісьменнікі, крытыкі, літаратуразнаўцы Сербіі і замежжа, змешчаныя ў прэзентаваным выданні творы чыталі слынныя артысткі Алена і Івана Жыгон.
Ганаровымі гасцямі гэтага мерапрыемства, якое прыцягнула ўвагу многіх сродкаў інфармацыі, былі беларускія дыпламаты на чале з Паўнамоцным паслом РБ у СРЮ Валерыем Брылёвым.
У. I.
На здымку: старшыня Саюза
пісьменнікаў Сербіі Слабадан
РАКІЦІЧ уручае ўзнагароду Івану ЧАРОТУ.