Сузін Адам Дамінікавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: гал. бібліёграф С. Д. Курачук ; дызайн вокладкі: інжынер П. С. Грыневіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Кобрын, 2020. – С. 150-152 : фат.

СУЗІН АДАМ ДАМІНІКАВІЧ

СУЗІН Адам Дамінікавіч (1800–1879) — магістр філасофіі, этнограф, падарожнік, даследчык-натураліст.

Адам Сузін нарадзіўся 10 студзеня 1800 года ў маёнтку Кулігоўшчына Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. Маёнтка таго даўно няма, а месца гэта цяпер ля вёскі Басяч Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі – капітан Дамінік і Аўгіння Сузіны.

Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, якая за кароткі тэрмін (1806–1851) выхавала шмат патрыётаў: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Рамуальд Траўгут, Напалеон Орда, Каэтан, Юзаф і Люцыян Крашэўскія, Кароль Нямцэвіч і многія інш.

У 1816 годзе гімназіст Адам Сузін выступіў з рэфератам супраць антынапалеонаўскай брашуры былога касцюшкаўца Пятра Багурскага. Крытыкаваў агрэсіўную палітыку Расійскай імперыі, аднак у цэлым добразычліва адзываўся аб Аляксандры І.

Гімназію закончыў у 1819 годзе і паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Тут пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам, геніем польскага рамантызму. Па заканчэнні ўніверсітэта ў 1823 годзе А. Сузін атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі.

 Адам Сузін быў актыўным філаматам, сакратаром тайнага Зялёнага, а інакш матэматычнага Саюза. Несумненна, яго заслуга ў тым, што невялікі паўмасонскі асветніцкі гурток філаматаў пераўтварыўся ў дастаткова сур’ёзную палітычную арганізацыю філарэтаў. Быў добры знаёмы з Тамашам Занам і Янам Чачотам. Вясной 1823 года разам з іншымі філаматамі арыштаваны па справе філаматаў. Ён быў адным з першых, хто трапіў за краты, лічыўся адным з самых небяспечных «дзяржаўных злачынцаў».

14 жніўня 1824 года А. Сузін быў прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургскую губерню, прытым першыя паўгода павінен быў правесці ў турме Орскай крэпасці, затым знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

У сакавіку 1829 года А. Сузін атрымаў дазвол пераехаць у Арэнбург, дзе ён пасяліўся разам з Тамашам Занам. Служыў пазаштатным чыноўнікам у Арэнбургскай памежнай камісіі, казначэем, архіварыусам, у 1832 годзе – бухгалтарам. Быў зноў арыштаваны восенню 1833 года разам з Т. Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам і абвінавачаны ў падрыхтоўцы захопу Арэнбурга з дапамогай салдат, сярод якіх было шмат рэпрэсіраваных і высланых з Польшчы. Аднак з-за адсутнасці доказаў арыштаваныя праз месяц былі вызвалены.

Адам Сузін з дыпламатычнымі даручэннямі летам 1834 года выязджаў да казахскага султана Бай-Мухамеда, сустракаўся са старэйшынамі казахскіх родаў. Яму даручылі высветліць абстаноўку, што склалася пасля ўзвядзення на беразе Каспійскага мора ўмацавання Нова-Аляксандраўск, якое выклікала абурэнне хівійскага хана. У 1871 годзе Адам Дамінікавіч апублікаваў успаміны пра гэтыя свае падарожжы ў некалькіх нумарах варшаўскага часопіса «KronikaRodzinna» («Сямейная хроніка»).

З 1837 года жыў на Валыні ў маёнтку Млынаў у свайго сябра графа Кароля Хадкевіча, дзе са студзеня 1838 года быў гувернёрам у яго пляменнікаў, але нядоўга.

Зноў быў арыштаваны 20 ліпеня 1838 года, на гэты раз па справе падпольнай арганізацыі «Саюз польскага народа» Шымона Канарскага. Спачатку яго прывезлі ў Луцк, потым – у Кіеў, затым быў перавезены ў следчую камісію ў Вільні. З-за адсутнасці доказаў высланы ў Кіеў пад нагляд паліцыі. Да лютага 1839 года знаходзіўся ў Кіеўскім астрозе, а пасля вызвалення жыў у Млынаве.

У 1841 годзе Адам Дамінікавіч вярнуўся ў Вільню, неўзабаве перасяліўся ў Варшаву. Звестак пра яго варшаўскае жыццё не захавалася.

Адам Дамінікавіч Сузін памёр 11 снежня 1879 года.

Вядомы паэт Адам Міцкевіч увекавечыў А. Сузіна пад уласным імем у трэцяй частцы паэмы «Дзяды», а таксама ў вершы «Адаму Сузіну». Польская пісьменніца Марыя Канапніцкая таксама трапятліва адносілася да сямейства Сузіных, на старонках яе твораў часта сустракаецца прозвішча Сузін, а Паўлу Сузіну прысвечана апавяданне «Як загінуў Сузін». У беларускую свядомасць гэту неардынарную асобу вярнуў гісторык Валянцін Пятровіч Грыцкевіч. Пра Адама Сузіна можна гаварыць не толькі як пра рэвалюцыянера, але як падарожніка, даследчыка-натураліста, этнографа.

Аб жыцці і дзейнасці

Грыцкевіч, А. Сузін Адам / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1. — С. 443.

Грицкевич, А. П. Сузин Адам / А. П. Грицкевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. — Минск, 2009. — Кн. 2. — С. 391.

Грицкевич, В. П. В степи за Илеком / В. П. Грицкевич // От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. – Минск, 1986. – С. 132-148.

Коровин, П. С. СузинАдам / П. С. Коровин // Орская биографическая энциклопедия / под ред. Л. Н. Большакова. — Оренбург, 2005.

Марціновіч, А. Адам Сузін / Алесь Марціновіч // Гісторыя праз лёсы. Т 8 / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2020. – Кн. 1. — С. 8-29.

Міцкевіч, А. Адаму Сузіну : [верш; пер. К. Цвіркі] / Адам Міцкевіч // Выбраныя творы / Адам Міцкевіч. — Мінск, 2003. — С. 65. — (Беларускі кнігазбор).

Яновіч, М. Адам Сузін : падарожнік па казахскім стэпе / Міхась Яновіч // Народная воля. — 2004. — 26 сакавіка. — С. 3.

220 гадоў з дня нараджэння А. Д. Сузіна (1800)// Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016-2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. – Кобрын, 2018. – С. 151.

Сузін Адам Дамінікавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 139-141.

Ильин, А. Берестейские и свислочские страницы дела № 632 / Александр Ильин // Гістарычная Брама. — 2001. — № 1 (18).

О деле филаретов 1823 г., в т. ч. про Адама Сузина.

10 студзеня 2015 г. – 215 гадоў з дня нараджэння Адама Дамінікавіча Сузіна [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http://kb.brl.by/ index.php/heritage/item/. – Дата доступу: 12.09.2018.