Рэцэнзія на альбом «Літоўскія мэдалі XVI пачатку XX ст.».
ЛІТВА — У МЭДАЛЯХ
Альбом «Літоўскія мэдалі XVI пачатку XX ст.» (Lietuva medaliuose XVI a. – XX a. pradzla. Vilnius: «Vaga», 1998. 221 р.) — вялікага фармату кніга на 150 старонак каляровых ілюстрацыяў на танаваным фоне. У тэксьце — кароткія анатацыі з уступам па-літоўску, у канцы — кароткія тлумачэньні й сьпіс ілюстрацыяў па-ангельску.
Каштуе гэтае багатае выданьне нямала. Відаць, аўтар, супрацоўнік Аддзелу нумізматыкі Нацыянальнага музэю Літвы Вінцас Рузас, сьціпла названы складальнікам, ужо і не спадзяваўся, што ягоная праца, адданая ў друк яшчэ ў 1991 г., пабачыць сьвет. Зразумелыя і ваганьні выдавецтва, якое мела падняць гэты каштоўны праект. Як бы ні было, цікавасьць да роднае гісторыі перамагла, і сёньня можна ўдыхнуць спэцыфічны пах каляровых фарбаў гэтага цяжкага тома.
Пра дадатныя рысы. Адчуваецца дысцыпліна аўтара і рэдакгара: ля кожнага аб’екту абавязкова пазначаны (альбо акрэсьлены як невядомы) мэдальер ці рэзчык штэмпэля, аб’екты датаваныя (дзе магчыма), пазначаны мэтал (калі ёсьць магчымасьць — вага ў дужках), памеры, статус аб’екту (у выпадку копіяў ці ўнікатаў), месца захоўваньня.
Адна заўвага да мастака праекту Шаўлюса Хлябінскаса: адсутнасьць нумароў пад кожным фота трохі перашкаджае чытачу (усе легенды да здымкаў маюць нумары, але знаходзяцца ў адным блёку ў куце ліста). Другая: крыху паступіўшыся мастацкім хараством, коштам вольнага месца можна было на 1/5–1/4 ілюстрацыяў даць больш.
Практычна ўсе мэдалі павялічаныя ў два-тры разы да пэўнага «ўнітарнага» памеру. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага. Мая думка — чаму б і не. Гэта ўсё роўна як глядзець на экспанат праз павелічальнае шкло. Дарэчы, такім чынам цалкам рэалізаваныя магчымасьці вельмі добрых, прафэсійна зьнятых слайдаў.
Першае, што я зрабіў, — пачаў шукаць добрых знаёмых: Гэнрыка Валюа штыхелю Пілёна, дадлераўскага Уладыслава IV, работы Хена — Яна Казімера (варыянт партрэту ў стылі Габсбургаў), Багуслава Радзівіла анфас (вядомая пасьмяротная ORBI-SIBI-NATURAE). I знайшоў — у колеры, з выразнымі прапрацаванымі дэталямі.
Каб адабраць гэтыя дзьвесьце зь нечым мэдалёў, спатрэбілася выкарыстаць зборы 12 музэяў Літвы, Польшчы, Украіны й Расеі. Падобна, што мы ня маем нічога (альбо амаль нічога), пгго ёсьць у гэтым альбоме. А ён у бальшыні пра мэдалі Вялікага Княства Літоўскага, а значыць, і пра нашую гісторыю.
Можа, я не ўключаў бы падскарбювак (лічыльных жэтонаў) і рэлігійных мэдалікаў, але што важна — аўтар адабраў ня толькі мэдалі, з манархічна-магнацкае гісторыі Рэчы Паспалітай, агульнае для палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, але й мэдалі “расейскага” пэрыяду, якія, да слова, тычацца ўжо канкрэтна літоўскіх земляў. Гэта сьведчаньне, што прынцыпы не былі каньюнктурнымі, і аўтар прадэманстраваў, што належыць да племя гісторыкаў.
Перад тым у мяне былі тры любімыя кніжкі пра мэдалі: шыкоўнае першае выданьне Адама Венцэка «Гісторыя мэдальернага мастацтва ў Польшчы», грунтоўная манаграфія Марыі Стар пра мэдалі Вазаў і ўсеабдымная праца нямецкага гісторыка мастацтва Крыстыны Фольфарт (Vohlfahrt) пра Хрыстыяна Вэрмута. Цяпер да іх дадалася чацьвертая кніга. Дзякуй, Рузас!
Цікава, ці стаць выдавецтва на такі ж альбом пра літоўскі мэдаль XX стагодзьдзя?
Іван СІНЧУК.