Сінчук, І. Пытанняў больш, чым адказаў / Іван Сінчук // Спадчына. -1994. — № 5. – С. 19–21.

Пра першыя манеты Вялікага Княства Літоўскага.

ПЫТАННЯЎ БОЛЬШ, ЧЫМ АДКАЗАЎ

Ці шмат мы ведаем пра першыя манеты Вялікага Княства Літоўскага XIV—XV стст.? Пра сябе, аўтара аднаго са спецыяльных артыкулаў пра гэтыя манеты, магу сказаць — амаль нічога дакладна не ведаю. I таму збіраюся правесці «інвентарызацыю» сваіх ведаў, да ўдзелу ў якой запрашаю чытачоў «Спадчыны».

  1. Які намінал першых манетаў Вялікага Княства Літоўскага?

У літаратуры яны пазначаныя дэнарыямі, але розныя тыпы маюць сярэднюю вагу, якая істотна розніцца (у некалькі разоў). Калі самыя лёгкія манеты — дэнарыі, дык найбольш цяжкія — кратныя ім адзінкі (у тры ці чатыры дэнарыі); калі самыя цяжкія — дэнарыі, дык лягчэйшыя — фракцыі дэнарыя. Але можа розніца ў вазе гэта храналагічная розніца? З’ява псавання манетаў добра ведамая нумізматам, і часцяком старыя манеты цяжэйшыя за пазнейшыя аднаго      наміналу.

2. Колькі вядома першых манетаў Вялікага Княства Літоўскага?

Падзел першых манетаў ВКЛ на чатыры тыпы быў зроблены яшчэ ў пасляваенны час даследнікам Г. Фёдаравым. Але манетаў Княства і звязаных з ім манетаў больш — дзевяць тыпаў (мал. 1), якія можна звесці да шасці тыпаў аверса (пярэдні бок манеты) і пяці тыпаў рэверса (адваротны бок манеты), без уліку выпускаў кіеўскага князя Уладзімера Альгердавіча. Умоўна адзін бок аднесены да рэверса, а другі — да аверса. Выявы аднаго шэрагу і маюць быць у гэтым шэрагу. Напрыклад, тып 3:2 злучаецца з тыпам 3:5 агульным штэмпелем аверса, і таму ў адным шэрагу рэверсаў як «калоны», так і знак, што фігуруе пад назвай «літара Ю». Дарэчы, ён падаецца на схеме не як літара, бо кропкі побач з ім выразна задаюць вось сіметрыі.

3. Ці паўсюль ужываліся гэтыя манеты?

Паводле падлікаў літоўскага даследніка В. Аляксеюнаса, ведамыя каля трох тысячаў першых манетаў Вялікага Княства Літоўскага розных тыпаў. З іх тыпу 1:5 (ведамы як тып II) — 90 працэнтаў, тыпу 6:5 (раней тып III) — 5 працэнтаў, тыпу 1:1 (раней тып I) — 4 працэнты, тыпу 6:4 (раней тып IV) — менш чым працэнт. Статыстыку відавочна пагаршаюць вялікія скарбы манетаў тыпу 1:1 з Шанчая (82 працэнты манетаў) і тыпу 1:5 з Веркіай (80 працэнтаў манетаў). З выняткам гэтых скарбаў расклад выглядае значна лепш: тып 1:5 — 74 працэнты, тып 6:5 — 22 працэнты, тып 1:1 — 3 працэнты, тып 6:4 — 1 працэнт. Варшаўская (49 экз.) і кракаўская (85 экз.) музейныя калекцыі, якія фармаваліся доўга і стыхійна, даюць прыкладна гэткія ж суадносіны: тып 1:5 — 63 і 76 працэнтаў, тып 6:5 — 24 і 18 працэнтаў, тып 1:1 — 4 і 4 працэнты, тып 6:4 — 8 і 1 працэнт адпаведна. Іншымі словамі, шмат хто сутыкаўся з тыпам 1:5, якога ад першых манетаў ВКЛ было 75 працэнтаў, ды з тыпам 6:5 — адпаведна 20 працэнтаў; тыпы 1:1, 6:4 і 2:1 вельмі рэдкія, складаюць якія сотыя часткі ад усіх манетаў (напрыклад, манетаў тыпу 6:4 блізу трох дзесяткаў, тыпу 2:1 — каля дзесятка, а астатнія можна прылічыць да унікальных (адзін або некалькі экземпляраў).

4. Як біліся манеты?

Шмат хто сцвярджае, што першыя манеты Вялікага Княства Літоўскага біліся на рэзаных з бляхі круглых загатоўках, што, маўляў, набліжана да заходняй тэхнікі. Усе манеты, які давялося трымаць у руках, зробленыя з плюшчаных кавалкаў сярэбранага дроту.

5. Якія выявы на манетах?

Найперш пытанне тычыцца аверса. На тыпе 1 выбіты ці то кінжал (1:1) ці то наверша дзіды (1:5) у спалучэнні з крыжыкам побач. Дарэчы, тып 2 (мал. 2) з разанскаю тамгою правільна арыентуе выяву тыпу 1 — яны маюць агульны элемент (наверша дзіды?), а арыентацыя разанскай тамгі вядомая. Спалучэнне двух простых элементаў у манетнай эмблематыцы — частая з’ява ў тыя часы (напрьжлад, спалучэнне пастаралі і меча, ключа і меча). Тыпы 3—5 (мал. 2) маюць выявы нейкай жывёліны, здаецца, лева ці леапарда. На іх таксама ёсць дадатковы элемент: на тыпах 3 і 5 кветка над хвастом, на тыпе 4 — пляцёнка. Паводле геральдычных правілаў буйная фігура арыентаваная для назіральнік ўлева. На тыпах 4 і 5, наадварот,— направа. Тып 6 мае ведамую Пагоню (ёсць варыянты з арыентацыяй і направа, і налева). Паколькі ў шэраг рэверсаў трапіла партрэтная выява (таксама для манетаў гэтага часу звычайная з’ява), то можна дапусціць, што астатнія знакі гэтага шэрагу таксама тычацца ўладальнай асобы і дазваляюць гэтак жа беспамылкова яе ідэнтыфікаваць, як і партрэтная выява. Здзіўляе толькі злучэнне агульным штэмпелем аверса «калон» і знака накшталт «літары Ю» (тып 2 і 5).

  • Чые гэта манеты?

Напачатку пра час з’яўлення. Варта ўзгадаць, што Літва і Масква былі канкурэнтнымі цэнтрамі аб’яднання ўсходняга славянства, таму і ў манетнай справе, прынамсі на яе пачатку, яны не павінны былі значна апярэджваць адна адну. У Вялікім Княстве Маскоўскім, Вялікім Княстве Суздальска-Ніжагародскім біццё ўласнай манеты пачалося ў 1370—1380 гг. Тып 1 рэверса мае выразныя пазычанні з характэрнай варварызацыяй надпісу, які сустракаецца на манетах рускіх княстваў (пячатка князя такога). Пра пачатак уласнай эмісіі можна здагадвацца і па контрмарках у выглядзе «калон» на ардынскіх манетах, знойдзеных на Кіеўшчыне і Падольшчыне — старэйшая з іх датаваная 1386 г. (контрмаркаванне працягвалася і ў першай палове XV ст.). Можна ўзгадаць таксама выпуск манетаў кіеўскім князем Уладзімерам Альгердавічам (1363 1394) напрыканцы ягонага валадарання. Яны, як і тып 6:4, маюць на адным баку крыж на шчыце, але ў адрозненне ад манетаў тыпу 6:4 тут крыж з адной перакладзінай, аднак пад шчытом ёсць яшчэ крыж. Раней манеты Уладзімера адносілі да літоўскіх эмісіяў, цяпер да незалежнага лакальнага выпуску. Шчыт з падвойным крыжам бачны на польскіх манетах Ягайлы (1386—1434). Манеты тыпу 6:4 сустракаюцца ў закрытых комплексах канца XIV ст. Усё пералічанае схіляе да думкі, што тып 6:4, праўдападобна, Уладзіслава Ягайлы і датуецца прыблізна 1386 — 1392 ці 1401 гг. (першая дата — прыняцце хросту, другая — прызнанне намеснікам на Літве князя Вітаўта, трэцяя — пачатак княжання Вітаўта).

Манеты тыпу 2:1 можна звязаць з пераходам у 1427 г. Вялікага Княства Разан- скага пад апеку Вітаўта. Тады трэба ад- носіць да аднаго часу тып 1:1 і тып 2:1 — яны маюць падобныя рэверсы і па адным прынцыпе скампанаваныя аверсы, на якіх маецца да таго ж агульны элемент. Але тып 1:1 больш утульна кладзецца на час намесніцтва Вітаўта (1392 — 1401), гэтым тлумачыцца кампактная лакалізацыя манетаў у княствах Вітаўта. Пра біццё манетаў рускімі княствамі ў гонар Вітаўта сведчыць ордэнскі шпіён, блазан князя Хене ў лісце са Смаленска, але ліст напісаны ў 1428 г. Дарэчы, калі дапусціць, што намеснік Вітаўт мог біць манеты, дык узнікае пытанне: ці не мог біць манеты гыпу 6:4 у 1386—1392 гг. намеснік Ягайлы, ягоны родны брат Скіргайла?

У 1399 г. войска Вітаўта было пабіта ардынцамі на Ворскле. Яны патрабавалі змяшчаць на літоўскіх манетах «ардынскі сцяг». Ці не гэтага часу манета тыпу 4:3 з Аўкштайціі, з характэрнай «пляцёнкай»? Ці зноў пазычанне з манетаў рускіх княстваў, накшталт надпісу ПЕЧАТЬ? Патрабаванне ардынцаў ускосна сведчыць аб праве Вітаўта вырашаць пытанні біцця манетаў Княства яшчэ да 1401 г., г. зн. падчас намесніцтва. На карысць самастойнасці Вітаўта сведчыць і ягонае ранейшае патрабаванне да ардынцаў — змяшчаць на сваіх манетах знак Вялікага Княства Літоўскага.

У скарбах знойдзеныя разам толькі манеты тыпаў 1:5 і 6:5, іх датуюць пражскія грошы, якія пачалі масава ўвозіцца ў Вялікае Княства на пачатку XV ст. Акрамя пражскага гроша, тып 1:5 сустракаецца з манетамі 1430— 1440 гг. Цікава, што тыпу 1:5 не было на Жмудзі, якая ў 1384—1411 гг. была пад крыжакамі і адышла да Княства пасля Грунвальда; між іншым, і тыпу 6:4 там няма. Калі прызнаць тыпы 1:5 і 6:5 манетамі Вітаўта, дык узнікае пытанне, дзе падзеліся манеты Баляслава Свідрыгайлы (1430—1435), Жыгімонта Кейстутавіча (1435:—1440) і Казімера Ягайлавіча (1440—1492), — не магла ж спыніцца манетная вытворчасць у Княстве? Атрымліваецца лакуна ў 60 гадоў — вядомыя толькі манеты Аляксандра Казімеравіча (1492—1506). Можа, тыпы 1:5 і 6:5 агульнадзяржаўныя, захоўваліся незалежна ад манарха? Даследнікі зацемілі, што ў сярэдзіне «калоны» часам пустое месца, а часам з нейкімі значкамі. Некаторыя пабачылі там літару «К». Есць там літара ці не — пытанне асобнае, а ці не «адпятнышкі» гэтыя кропкі і рыскі, якія сведчаць пра канкрэтнага ўладара родавага герба?

Польскі даследнік Р. Кярноўскі паспрабаваў з дапамогай тапаграфавання высветліць час бытавання асноўных тыпаў. Тып 6:4 быў пашыраны па ўсім Княстве (апрача Жмудзі), тып 1:1 лакалізаваўся ў Аўкштайціі і летапіснай Літве, тып 1:5 — таксама па Княстве (апрача Жмудзі), тып 6:5 — на поўначы Княства. Канцэпцыя паслядоўнасці існавання тыпаў (спачатку 6:4, потым 1:1, 1:5, 6:5), якая, здавалася б, усё паставіла на свае месцы, не тлумачыць, чаму манеты тыпу 6:5 аднесены да «поствітаўтавай» эмісіі, не распаўсюджаныя гэтак жа, як і агульнадзяржаўныя манеты тыпу 1 :5, прыпісаныя Вітаўту, ці чаму манетаў тыпу 1:5, што былі ў абарачэнні і ў 1430—1440 гг. няма на Жмудзі, якая з 1411 г. уваходзіць у Княства, што было замацавана мірным пагадненнем 1422 г.

Такім чынам, пакўль пытанняў больш, чым адказаў.

Іван СІНЧУК