Чарота, І. “Ацэньваць не бяруся …” / [Іван Чарота ; гутарыў] А. Цімафееў // Літаратура і мастацтва . – 2005. – 8 красавіка. – С. 5.

Гутарка з І. Чаротам аб пісьменніках і літаратурным працэсе.

“Ацэньваць не бяруся …”

Літаратурны працэс уключае ў сябе не толькі стварэнне мастацкіх твораў, гэта, паводле вызначэння прафесара В. Рагойшы, “гістарычна абумоўленае развіццё літаратуры як комплексу ўзаемазвязаных фактаў і з’яў”. Крытыка, пераклад таксама з’яўляюцца неад’емнай і важнай часткай літаратуры. Таму сёння мы прапануем “самакрытыку” літаратуразнаўцы.

У адказе на апытанне “ЛіМа адносна пісьменніцкай творчасці вы сказалі наступнае: “Пісьменнікам, у адрозненне ад людзей нармальных, уласціва яшчэ выдумляць праблемы — апроч тых, што аб’ектыўна існуюць і перманентна ствараюцца ў рэальнасці”. А вам гэта ўласціва ? Калі так, то што канкрэтна?

— Уласна, адказваючы на апытанне “ЛіМа”, я меў на ўвазе не толькі і не столькі творчыя моманты — што, дарэчы, запраграмавана самой анкетай. Адпаведна, мне хацелася адзначыць перш за ўсё наступнае: у гэтай сферы вельмі часта нашы пісьменнікі, не жадаючы ці не маючы магчымасці вырашаць рэальныя праблемы, выдумляюць нейкія дадатковыя, “свае”. Інакш кажучы, мне хацелася яшчэ раз падкрэсліць тое, пра што ўжо заводзіў размову на старонках “Полымя” ў 2004 годзе — калізіі, з якімі сутыкаецца і якія сам правакуе беларускі пісьменнік, калі блытае рэальнасць з віртуальнасцю. Я меў наўвазе рэальнасць і віртуальнасць палітычную, сацыяльную, эканамічную, духоўна-культурную і акцэнтаваў пры гэтым, мякка кажучы, неадэкватнасць рэакцый, г. зн. віртуальнасць у яе актуальна-негатыўным змесце.

Ваша пытанне пераводзіць увагу на пісьменніцкую творчасць непасрэдна. Гэта іншы аспект. У мастацкім творы павінна, паводле азначэння, прысутнічаць тое, што цяпер называюць віртуальнасцю, а гэта значыць і “выдумванне праблем”. Аднак мне хочацца прадоўжыць свае сціплыя развагі ў тым самым кірунку: на жаль, мы не можам пахваліцца творамі, якія належным чынам ставяць і вырашаюць складанейшыя і актуальнейшыя пытанні часу, якія даюць глыбокія адказы на іх, прапаноўваюць універсальныя метафары нашага быцця. Такія, напрыклад, як у Ф. Дастаеўскага, I. Андрыча, В. Распуціна альбо Ю. Кузняцова.

А паколькі ваша пытанне датычыцца канкрэтна і маёй маленькасці, павінен сказаць, што ад такога роду праблем не ўхіляюся і паводле сваіх магчымасцяў — вядома ж, сціплых — стараюся трымаць іх пад увагаю сам і прыцягваць да іх увагу іншых.

— Ці атрымліваецца ў вас “служыць Славеснасці” — адпаведна яе “вышэйшаму прызначэнню”: “вызнаваць Любоў, Ісціну, Хараство, Сумленне, сцвярджаць Духоўнасць”?

— Не ведаю, як хто, а я здаўна крануты вось чым: у славянскай духоўнай літаратуры ад старажытнасці паняцце “бессловесныя” азначае жывёл, звяроў; чалавек жа ў гэтую каіэгорыю можа трапіць толькі праз сваё ўласнае (анамальнае — грэшнае!) жаданне-імкненне быць такім, таму што Бог стварыў яго “словесным”. Ну а літаратар, пісьменнік мае ўсе падставы і правы “служэнне Славеснасці” лічыць служэннем, да якога заклікаў Гасподзь. Адпаведна, гэтак і я, не баючыся пафасу, мог бы тлумачыць, што разумею пад сваім прызначэннем па вялікім рахунку. А калі патрэбна ўдакладняць нешта, мог бы спасылацца на цудоўныя выразы малітваслоўя: “просвещение очию сердца моего”; “просвети моя умныя очи сердца”; “дай сердце мудрое..’”, “ословеси живот мой, Многомилостиве…”, а таксама на звароты вышэйшага рангу славеснікаў: “Ословеси живот мой, Премудрое слово Божие”; “Пусть величат Тебя, Господа, все созданя — не для того, чтобы Тебя сделать великим, но самих себя”… Хіба не гэтак павінны азначацца памкненні, мэты, ідэалы ўсіх нас?

Ці ўдалося мне дасягнуць такога ідэалу? Пэўна ж, не. I наколькі рухаўся ў гэтым накірунку, няхай ацэньваюць іншыя. Вядома ж, будзе і Вышэйшы, Апошні суд. А я толькі паўтару, што, здаецца, стараўся нешта рабіць — найперш у плане, які азначаны працягам уключанай вамі ў пьгганне маёй фразы (нагадаю): напамінаць сабе грэшнаму ды бліжнім пра Неба, а ў жыцці зямным падтрымліваць сілы стваральныя і супрацьстаяць сілам разбуральным. Калі нешта ўдавалася-такі, за гэта ўдзячны Богу, народу, роду, бліжнім, настаўнікам… Менш ці больш (“менш”, бадай, незалежна ад таго, што хочацца, каб выходзіла “больш”) арыентаваўся на гэта ў сваіх лекцыях, у публіцыстычных, літаратурна-крытычных і навуковых публікацыях, а таксама ў перакладах.

А ці не маглі б вы гэта выкласці канкрэтней?

— Магу. Давайце я проста акрэслю справы, у якіх маюцца нейкія вынікі.

Дык вось, на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў я спрабую асэнсаваць гісторыю айчыннай славеснасці паводле крытэрыяў духоўнасці, у выніку чаго з’явіўся шэраг даследчыцкіх і эсэістычных публікацый, а таксама тры анталогіі: “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі” (2001); “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай прозы” (2002) і “Слово и Дух. Антологая русской духовной поэзии Х-ХХвв.” (2003). Праца ў гэтым кірунку, дарэчы, не спыняецца, і спадзяюся, што з часам убачаць свет дапоўненыя, удасканаленыя выданні названых анталогій. Таму зноў, як і раней, звяртаюся да пісьменнікаў, каб прапаноўвалі свае творы — мною дагэтуль не заўважаныя ці напісаныя апошнім часам. У сувязі са згаданай працаю зараз не лішне, думаю, паставіць вось які акцэнт: мы чакаем (а то і патрабуем) ад пісьменнікаў, каб яны былі адданымі носьбітамі мовы; а гэтага ж мала, недапушчальна мала, калі ігнаруецца іншая роля — быць носьбітамі духоўнасці.

3 гэтым звязаны многія мае вялікія намеры і невялічкія, па магчымасцях, напрацоўкі. Асаблівыя гонар, задавальненне і духоўна- інгэлектуальную карысць я маю ад таго, што ў складзе Беларускай Біблійнай Камісіі займаюся перакладам на беларускую мову Свяшчэннага Пісання. Два месяцы таму выйшла з друку чацвёртае Евангелле ў перакладзе Камісіі, рыхтуецца богаслужбовы варыянт Чацвераевангелля. Паколькі гэтая справа сама па сабе надзвычай складаная, а яшчэ ж яе суправаджаюць своеасаблівыя рэакцыі “грамадскасці”, то давялося засяродзіцца таксама на аналітычна-даследчай працы і напісаць кнігу “Беларуская мова і Царква”, выдадзеную ў 2001 годзе на сродкі Царквы з благаславення мітрапаліта Філарэта, які, сведчу, сапраўды робіць усё, каб у сувязі з нацыянальнай мовай Царква не мела праблем ні “гарачых”, ні “гарачкавых”.

Калі браць іншую сферу занятасці, магу адзначыць наступнае: выкладаючы ў БДУ сербскую літаратуру і пры гэтым не маючы належнага (дакладней, зусім ніякага) забеспячэння адпаведных курсаў тэкставымі матэрыяламі, я вымушаны быў рыхтаваць ангалогію — хрэстаматыю “Сербская літаратура” на мове арыгінала ў пяці кнігах. Выдадзены тры з іх, а падрыхтаваны ўсе і ў дадатак яшчэ практыкум.

А як загадчык кафедры славянскіх літаратур вядучага універсітэта краіны маю абавязак стымуляваць развіццё айчыннай літаратуразнаўчай славістыкі, таму са сваімі калегамі запачаткаваў серыю адпаведных зборнікаў. Каму цікава, можа паглядзець: “Славянскія літаратуры. ІІостаці”, “Славянскія літаратуры. Постаці II”, “Славянскія літаратуры. Праблемы развіцця” — усе выдадзены ў 2003 годзе сціплымі тыражамі і на нашы ўласныя сродкі-складкі.

Адчувяючы вялікую патрэбу ў творах, насычаных якраз духоўнымі пошукамі, я прыйшоў да перакладаў сербскага багаслоўя XX стагоддзя, якія друкавалі і друкуюць некалькі выдавецкіх структур Беларусі і Расіі. Выйшла 11 такіх выданняў рознага аб’ёму, чакаецца неўзабаве яшчэ тры, і ў бліжэйшы час планую закончыць пераклад неверагодна цікавай і значнай ва ўсіх адносінах працы архімандрыта Юсціш Попавіча — “Рэлігія і філасофія Ф. М Дастаеўскага”…

Гэта пераклады на рускую мову?

— Так. Гэтага роду пераклады на беларускую мову ў мяне таксама ёсць; ды калі рускамоўныя мне замаўляюць, як ужо казаў, выдаўцы і Беларусі, і Расіі, то беларускамоўныя не зацікавілі пакуль што нікога, акрамя Петра-Паўлаўскага сабора, які ў свой час выпусціў зборнік “Сербская Праваслаўная Царква” (1998). Атрымліваецца, што яны без патрэбы, гэтаксама як і дзесятак кніжак даўно зробленых мною перакладаў уласна мастацкай літаратуры — з сербскай і іншых моў народаў былой Югаславіі. I ляжаць яны, што называецца, мёртвым грузам ужо многія гады.

— Але вашу працу ўсё ж такі заўважаюць і ацэньваюць. Як нам стала вядома, вас узнагародзілі ордэнам Святога Савы. Што гэта за ўзнагарода? Хто яшчэ яе атрымліваў?

— Свягы Сава — заснавальнік Сербскай Царквы як аўтакефальнай і, фактычна, заснавальнік сербскай літаратуры як нацыянальнай. Ордэн Святога Савы быў устаноўлены гадоў сто пяцьдзесят таму ў якасці найвышэйшай узнагароды Каралеўства Сербіі. Такім ён заставаўся ў часы існавання Каралеўства Югаславіі — г. зн. да 1944 года, калі створана Югаславія камуністычнага ладу, якая гэтую ўзнагароду ад каралеўскай улады браць у спадчыну, зразумела, не магла — зрэшты, як і ўсё, звязанае са святым Савам. Гэта зрабіла Сербская Праваслаўная Царква. Так што ад Сербскай Царквы я і маю вялікі гонар быць узнагароджаным. Праўда, пакуль што атрымана не ўзнагарода, а толькі інфармацыя пра ўзнагароджанне, якое, па традыцыі, здзяйсняецца асабіста Патрыярхам Сербскім — Яго Свяцейшаствам Паўлам. Што ж датычыцца іншых узнагароджаных, то я гэтага дакладна не ведаю і не магу ведаць. Хіба што як даследчык сувязяў магу сказаць: звестак пра беларусаў, якія атрымлівалі ордэн Свягога Савы, пакуль не сустракаў.

— Вы доўга займаліся югаславістыкай і сербістыкай у прыватнасці, а вось апошнім часам праявілі заўважную цікавасць да славацкай літаратуры і культуры. Чым гэта абумоўлена?

— Па-першае, дачыненне да сербістыкі і югаславістыкі ніяк не ў мінулым часе. Гэта на ўсё жыццё. I мара — каб не толькі для мяне, але і для маіх нашчадкаў, бо тут не проста занятак, праца, а большае, намнога важнейшае, пра што мімаходзь не хацелася б гаварыць. Славацкі ж накірунак мяне прыцягнуў дзякуючы пісьменнікам-славакам, якія разам з намі засноўвалі Міжнародны Форум “Паслы славянства”, а потым шчыра і плённа павялі працу па сцвярджэнні гэтай структуры — пра гэта я пісаў у “ЛіМе” за 28 сіудзеня г.г., і паўтарацца, відаць, няма сэнсу. Дадам хіба што пару слоў наконт Саюза пісьменнікаў Славакіі: у прыватнасці, што іхняя суполка (не адзіная пасля расколу ў выніку “перабудовы”) актыўна дзейнічае, па- сапраўднаму клапоціцца пра айчынную славеснасць і яе статус у свеце. Гэтаму нам бы павучыцца. А галоўнае — пазнаёміцца як след, дзеля чаго трэба скарыстоўваць усе магчымасці, асабліва ж — вельмі шчырыя крокі насустрач з боку славацкіх калег. I, дадам, абавязкова падтрымаць добрую ініцыятыву, якую праявіў наш пасол у Славакіі: абяцаючы падтрымку, заклікаў здзейсніць выданні сучаснай паэзіі — беларускай па-славацку і славацкай па-беларуску. Натуральна, што не згадзіцца папрацаваць над такім праектам я не мог.

— У згаданай вамі лімаўскай публікацыі ёсць прызнанне: “Я светла зайздройсціў славацкім калегам і радаваўся за краіну, у якой інтэлігенцыя адказна ставіцца да запаветаў продкаў, а таксама выхоўвае годную змену ў нашчадках ”. А як  вы самі вырашаеце такія ж задачы ў якасці прафесара універітэта?

— Гэта, бадай, самае цяжкае пытанне — цяжкае аб’ектыўна, у плане магчымасцяў яго вырашаць. Ужо таму, што мы на працягу многіх гадоў зацята абрывалі повязі між пакаленнямі. I надзвычай балюча канлстатаваць, што для майго пакалення ланцужок “продкі — мы — нашлчадкі” ўяўляецца калі не парваным канчаткова, дык у стане, страшна блізкім да гэтага. Таму мы павінны браць пад увагу не зацяганую і да бязглуздзіцы даведзеную нібыта праблему “бацькі і дзеці” (у здаровым грамадстве такой праблемы, па вялікім рахунку, існаваць не можа!), а патрэбу ў захаванні (дыскрэдытаванай намі зноў-такі амаль дарэшты) традыцыі як матэрыялізацыі вечнасці — прашу падкрэсліць. Вось гэта я на працягу больш як трыццаці гадоў педагагічнай працы лічыў і лічу неабходным даводзіць сваім студэнтам: і праз літаратурны матэрыял, як гаворыцца, і не толькі. А што з маіх намераў ды спраў атрымліваецца, ацэньваць не бяруся. Дарэчы, вельмі асцерагаюся ўжываць азначэнне “мае вучні”. Няхай лепш скажуць так тыя, каго я нечаму навучыў і сам вучыўся разам з імі, бо, зразумела, усё жыццё з задавальненнем вучуся. А якраз такога жадання малавата заўважаю ў сённяшнім пакаленні. Між тым, лепшыя вучні, вядома, — тыя, якіх чакаеш у будучым…

А. ЦІМАФЕЕЎ