Чарота, І. А. Дыскусійныя моманты праблемы «Беларуская мова і царква» / Іван Аляксеевіч Чарота // Беларуская мова ў сакральнай сферы: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 21 лютага 2018 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. — Мінск, 2019. — С. 12-20.

Даследванне гісторыі пытання і сучаснага стану ў дакладзе загадчыка кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук, прафесара І. А. Чароты, ураджэнца в. Лышчыкі.

ДЫСКУСІЙНЫЯ МОМАНТЫ ПРАБЛЕМЫ «БЕЛАРУСКАЯ МОВА I ЦАРКВА»

Агульнавядома, што праблема «мова і Царква» з’явілася не сёння і не ў беларусаў першых. Аднак сітуацыя з прысутнасцю беларускай мовы ў сакральнай сферы сапраўды своеасаблівая. I гэта мною было асэнсавана ў кніжцы, напісанай і выдадзенай да 2000-годдзя Хрысціянства [1]. Як тады, так і на працягу яшчэ амаль двух дзесяцігоддзяў, мы маем справу з супярэчнасцямі не толькі рэальнымі, але і надуманымі. Прычым як гарачыя ў нас часцей за ўсё падаюцца праблемы гарачкавыя, а пры неабходнасці абмеркаваць іх на першым плане аказваюцца розныя дэкларацыі пра жаданае, а не рэальны стан рэчаў.

Калі ж па шчырасці і сумленні, дык трэба канстатаваць, што спецыфіка нашага становішча заключаецца найперш у тым, што беларуская мова дагэтуль ні для якой канфесіі ў поўным сэнсе мовай Царквы — г. зн. адзінай, незаменнай, трывала замацаванай у богаслужэннях і належным чынам распрацаванай, — ніколі не была і не з’яўляецца.

Адпаведныя тэндэнцыі ў пэўных асяродках, праўда, час ад часу выяўляліся. Аднак гэта з’явы, якія не мелі характару ўніверсальнага, усеагульнага як для нацыі, так і для нейкай асобнай канфесіі. А паводле канкрэтна-гістарычнага зместу, вядома ж, далёка не тое самае — як пытанне «мова і Царква» актуалізавалася ў пачатку XX ст., як праяўлялася ў 1920-я, а потым абярнулася ў 1940-я гады і ў чым яго сутнасць у канцы XX — пачатку XXI ст.

Так ці інакш, усім нам трэба памяркоўна рэагаваць на цяперашнія ўмовы, у тым ліку на патрабаванні да Царквы — якія, дарэчы, адрасуюцца амаль выключна Царкве Праваслаўнай, — каб яна без адкладу і канчаткова беларусізавалася, нацыяналізавалася, аўтанамізавалася… Даводзіцца, не без прыкрасці, рабіць выснову, што ў многіх выпадках гэтыя заклікі — не што іншае, як праявы радыкалізму, светапогляднай павярхоўнасці і безадказнасці. Ужо таму, што зыходзяць яны часцей за ўсё ад асоб, якія для сябе вызначылі месца «па-за» альбо «над» Царквой; інакш кажучы, ад тых, хто да Царквы ставіцца абыякава, калі не варожа. Такім чынам, справа датычыцца не столькі аб’ектыўнай, абумоўленай унутранымі заканамернасцямі актуалізацыі адпаведных пытанняў, колькі іх стымуляцыі «звонку», а то і правакацыйнага пераносу ў злабадзённа-палітычны кантэкст.

Ды сапраўдны стан рэчаў гэтага роду шырокай грамадскасці малавядомы, і таму многія непрадуманыя паспяховыя вывады прымаюцца за канчатковыя. Што ж, толькі пры такіх умовах могуць дзейнічаць стэрэатыпы, запушчаныя дзеля дыскрэдытацыі Царквы і, адпаведна, дэзарыентацыі грамадскай свядомасці ўвогуле.

А з іх ці не самым недарэчным выглядае абвінавачванне, быццам бы Праваслаўная Царква Беларусі — антынацыянальная. Але, той, хто гэта сцвярджае, павінен быў бы ўсім нам пераканаўча давесці, што нацыянальным з’яўляецца Хрысціянства наогул і рыма-каталіцкае, грэка-каталіцкае, пратэстанцкае веравызнанні ў прыват- насці — на прыкладах, скажам, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі ці хоць бы Аўстрыі, роўна як і Бельгіі, Ірландыі, Швейцарыі. Прыкладна тое ж самае з ісламам. Акрамя таго, нельга ж абмінуць наступнае пытанне: хіба паства Рускай Праваслаўнай Царквы (і Беларускай, адпаведна) — гэта толькі рускія па нацыянальнасці, а Беларускай — толькі беларусы? Не меней істотна, паколькі асаблівае значэнне надаецца моўнаму аспекту, што ў такім выпадку як бы само сабой падразумяваецца, нібыта ўсе астатнія Цэрквы спаконвечна ў богаслужэнні карысталіся мовамі нацыянальнымі. Ды як толькі будзем асэнсоўваць закранутыя пытанні, адразу стане зразумелым, што спамянёны стэрэатып навязвае (наўмысна ці не, гэта ўжо дадатковая тэма) уяўленні моцна заблытаныя.

Каб іх разблытаць, дастаткова проста больш уважліва паставіцца да інфармацыі пра Беларускую Біблійную Камісію (ББК) і яе чвэрцьстагоддзевую працу, галоўным, хоць і не адзіным, вынікам якой стаў пераклад Новага Запавету, прадстаўлены ў шэрагу выданняў [2-10]. I паказальна, што ў свой час на прапанову мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), каб у склад ББК увайшлі і беларускія католікі, кардынал Казімір (Свёнтак) адказаў, што яны згодны карыстацца плёнам праваслаўных.

Аднак у сувязі з тэмай нашай канферэнцыі варта звярнуць увагу на іншае: з наяўнасці нават самых якасных перакладаў Свяшчэннага Пісання і літургічных тэкстаў не вынікае абавязковасці замены мовы богаслужэння. Інакш кажучы, для такога роду перакладаў прадугледжваюцца розныя функцыі: як богаслужбовая, так і місійная, асветніцкая, уласна лінгвістычная, літаратурная, агульнакультурная. Між тым усе функцыі беларускамоўных перакладаў Свяшчэннага Пісання аказваюцца абмежаванымі, г. зн. непаўнавартаснымі. Да таго ж на практыцы яны адасабляюцца, паколькі разведзены, хоць па прыродзе сваёй неразрыўныя. Болып за ўсё адзначанае датычыцца рэальнага спалучэння функцыі місійнай з функцыяй богаслужбовай: пераклад Слова Божага, які не прызначаны дзеля выкарыстання ў Храме Божым, нельга лічыць паўнавартасным у місійным прызначэнні. Нармальна, калі мовай перакладу з’яўляецца мова богаслужэння.

Ёсць яшчэ адзін, вельмі істотны, аспект закранутай тэмы. Дарэчы, яго змест ва ўсёй паўнаце немагчыма выкласці мімаходзь, а ў павярхоўна-агульнай фармулёўцы можна азначыць так: па- колькі беларуская мова належным чынам у царкоўнай сферы ніколі не ўжывалася і не ўжываецца дагэтуль, дык усе беларусы без выключэння ў адпаведных умовах з’яўляюцца перакладчыкамі. Вось які парадокс, а разам з тым — рэальнасць.

Так што па меншай меры згаданым тут павінна прадвызначацца наша стаўленне да перакладу Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову ў сучасным яе стане.

Бясспрэчным, відаць, можа лічыцца тое, што пераклады Свяшчэннага Пісання і Літургіі заўжды мелі вызначальную ролю ў развіцці кожнай нацыянальнай мовы, не проста ўзбагачаючы яе выяўленчыя сродкі і ўсе магчымасці, але і спрыяючы яе прызнанню як самастойнай, паўнавартаснаму сцвярджэнню ў якасці надпобытавай (літаратурнай) і наддыялектнай (агульнанацыянальнай). Так у прынцыпе. А ў нас? Даводзіцца канстатаваць: тыя пераклады, што з’явіліся, нясуць выразныя прыкметы раздзялення, разыходжання, што адбіваецца і на магчымасцях выкарыстоўваць іх у асвеце. Прычым самыя істотныя складанасці ў нас абумоўлены аб’ектыўным станам мовы з яе выразным «канфесійным двухмоўем». Што маецца на ўвазе? А тое, што няма ў свеце, скажам так, статусных моў, у якіх бы адначасова ўжываліся цэлыя пласты лексікі, якая відавочна сведчыць пра адрозную свядомасць (у любым выпадку — веравызнаўчую) іх носьбітаў: царква — касцёл, манастыр — кляштар, літургія — імша, Гасподзь / Госпад — Пан, Іісус / Ісус — Езус, ангел — анёл, Вялікдзень — Вельканоц, Благавешчанне — Звеставанне… Відавочна, што ў такім выпадку проста запраграмавана і пэўнае спаборніцтва, калі з далікатнасці не называць гэта барацьбой. Пра што і сведчаць наяўныя пераклады, у якіх неймаверная колькасць варыянтаў для абазначэння адных і тых жа паняццяў. Дастаткова звярнуць увагу на тое, што ў выдадзеных беларускіх перакладах ажно шэсць варыянтаў мае сама назва Благавесця / Дабравесця: Евангелле — Евангельле — Евангеле — Эвангельле — Эвангеле — Эванэлія, шматварыянтнымі з’яўляюцца таксама імёны евангелістаў (напрыклад, Матфей — Мацфей — Мацьфей — Мацьвей — Мацей — Матауш — Матэвуш), прарокаў і апосталаў (Ілія — Ілля — Ілья — Іліяш — Гальяш; Фама — Хама — Тамаш) і гэтак далей, да бясконцасці і бессэнсоўнасці.

Нават усведамляючы рызыкоўнасць параўнання, яго нельга не прывесці, паколькі ўжо заведзена была гаворка пра статусныя мовы: уся лексіка, якая замацавана так званым Сінадальным перакладам РПЦ, выкананым у XIX ст., і дагэтуль безагаворачна прымаецца рознымі канфесіямі, не выключаючы католікаў. Чаму ж нам спатрэбілася адмаўляцца ад падобнага, калі яно спрацуе на сцвярджэнне беларускай мовы ў статусе агульнай? Праціўнікі ўнутрымоўнай інтэграцыі звычайна пярэчаць, што ў праваслаўных перакладах надта ж выяўляецца ўплыў царкоўнаславяншчыны, якая, маўляў, для беларускай мовы ненатуральная. Тады паставім сустрэчнае пытанне: а хіба ж для нашай (славянскай) мовы болып натуральнымі з’яўляюцца наступныя словы і выразы: адвэнт, камунія, кансэкрацыя, рэкалекцыі, санктуарыі, сакрамант, адарацыйне і раратнае..?

Пры ўсім адзначаным трохі дзіўна, але мы можам нават хваліцца тым, што на сучасную беларускую мову маем ажно 18 перакладаў. Нам маглі б пазайздросціць нават носьбіты статусных моў, але не зайздросцяць. Ужо таму, што болыпасць з гэтых перакладаў — плён саматужніцтва. Да таго ж яшчэ і без належнай публічнай ацэнкі, і без сур’ёзнай апрабацыі. У прынцыпе, гэта непрымальна нават у тым выпадку, калі такога кшталту праца выконваецца нейкім свяшчэннікам ці вернікам для патрэб адной сваёй абшчыны; а тым больш, калі бярэцца ўстаноўка на значнейшы маштаб; і зусім недапушчальна, калі справа зыходна выводзіцца на нейкі ўмоўны надканфесійны і ледзь не надверавызнаўчы ўзровень, а яе выканаўца сваю задачу ў адносінах да тэкстаў сакральнага зместу, па сутнасці, бачыць як неабходнасць ператлумачэння і пераасэнсавання — вольнага перастварэння, якое проста не можа разлічвацца на богаслужбовы ўжытак. А такое ўласціва плёну працы Васіля Сёмухі, дарэчы, заслужана аўтарытэтнага ў галіне літаратурнага перакладу. Вядома, Новы Запавет па-за Царквой існуе і як «тэкст» наогул, а для пэўнай катэгорыі людзей — і як «твор літаратуры»; так што немагчыма выключыць перакладчыцкія задачы па задавальненні патрэб умоўнага «чытача». Але ў такім выпадку беспадстаўнымі з’яўляюцца крыўды на Царкву за яе адносіны да плёну падобнага кшталту «літаратурнай творчасці», асабліва пры той акалічнасці, што літаратар-творца прысвойвае сабе права ў сам тэкст Свяшчэннага Пісання ўносіць сутнасныя скажэнні.

I тут мы зноў сутыкаемся з пытаннем пра функцыі перакладаў, пра кожную з якіх варта гаварыць з усёй аб’ектыўнасцю. Улічваючы тое, што на сучаснай беларускай мове няма выданняў, якія тлумачаць Свяшчэннае Пісанне, што ў нас не назапашаны фонд твораў хрысціянскага зместу з класічнай літаратурнай спадчыны, якія абавязкова павінны ўключацца ў чытанкі для малодшых школьнікаў і ў хрэстаматыі для старэйшых, ну а пакуль што хоць бы друкавацца ў газетах і часопісах. Зыходзячы з рэальнасці, нам трэба ўсведамляць, што з аналагічнымі рускамоўнымі публікацыямі яны — па аб’ектыўных прычынах — канкурыраваць не здольны.

Вяртаючыся да спраў Беларускай Біблійнай Камісіі, хочацца адзначыць, што яна ўсведамляла наступнае: мы знаходзімся толькі на першым этапе шляху да царкоўнай беларускай мовы. Скараціць гэты шлях немагчыма. Штучнае паскарэнне руху па ім таксама нічога добрага не дасць. Так, Евангелля ад Матфея, выкананы першым складам, Камісія ўнесла больш за 1800 правак; Евангелля ад Марка (свой ужо) — каля 800; Евангелля ад Лукі — прыблізна 400, Евангелля ад Іаана 200… Пры гэтым ніколі не лічылася, што наша праца даведзена да ідэальнага стану. Проста мы зрабілі тое, што маглі. А хто можа лепш, няхай удасканальвае далей.

Шкада, што нашы браты-католікі (як заходняга так і ўсходняга абрадаў) не жадаюць ісці разам, а ўсе свае перакладчыцкія справы намагаюцца здзейсніць, не давяраючы мове беларускай у функцыі сакральнай і супрацьпастаўляючыся мове царкоўнаславянскай, якую лічаць ідэнтыфікацыйнай прыкметай адных праваслаўных. Праўда, такая арыентацыя рыма-католікаў з часам стала ў нейкай ступені карэкціравацца дзейнасцю невялікага калектыву, які ўзначальвае ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, перакладу гэтага калектыву ўжо не так уласціва імкненне максі- мальна адмежавацца ад усходнеславянскай моўнай традыцыі ўсіх часоў [11-15]. Вельмі сімптаматычнымі з’яўляюцца цвярозыя і самакрытычныя прызнанні лідара гэтага калектыву, зробленыя ў яго аналітычнай і публіцыстычнай адначасова кнізе «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» [16]. Кніга змяшчае досыць прымальную ацэнку вопыту каталіцкай «беларусізацыі», у тым ліку і асабістага ўкладу кс. Уладзіслава ў канкрэтныя справы: «Многія словы (у перакладзе Літургіі. — I. Ч.) вымушаны быў пакідаць у літургічных тэкстах толькі з-за таго, што так хацела невялічкая група аднадумцаў. Многія часова і няўдала падабраныя словы, ад якіх трэба было даўно адмовіцца, сталі асноўнымі і галоўнымі». Прыемна, што клопат пра фарміраванне мовы перакладу Свяшчэннага Пісання кс. Завальнюком усведамляецца як агульнанацыянальны: «Бо перад намі стаіць вельмі важная задача: зрабіць кнігі Новага Запавету агульнадаступнымі для ўсіх хрысціян, незалежна ад дзялення на канфесіі».

У сувязі з гэтам адзіна правамерным можа быць зварот да ўласных культурна-моўных традыцый: «Будзем удасканальваць паміж народамі і сваю беларускую канфесіянальную літаратуру з улікам сваіх, беларускіх, законаў мовы. I ў першую чаргу кнігі Святога Евангелля, якія павінны аднолькава служыць, як і наша адзіная родная беларуская мова, кожнаму беларусу, незалежна ад канфесіі». Асаблівую значнасць набываюць такія памкненні пры той анамальнай рэальнасці, калі ўсё больш праяўлялася канфесійнае двухмоўе. Ксёндз-магістр Завальнюк прызнаў даўно відавочную недарэчнасць ужываных у каталіцкім богаслужэнні выразаў тыпу «супакой Пана, няхай заўсёды будзе з вамі!», да практыкаванняў такога кшталту даючы самакрытычны і пакаянны каментарый: «Гэты зварот, хутчэй, выглядае здзекам і прыніжэннем Госпада Бога, чым праслаўленнем Яго (Тут мая асабістая віна, што даў згоду наўжыванне формы гэтага слова ды й іншых у 90-х гадах, падрыхтоўваючы малітоўнікі і літургічныя тэксты, але і ў наш час не так проста пераканаць ногляды прадстаўнікоў рэгіёнаў. Пакорна прашу прабачэння. — Улад. Завальнюк). Перакручаны тэксты і настолькі, што ў такой форме і цяжка палюбіць мову» [16, с. 5, 35, 67, 85].

Можна парадавацца, што з боку католікаў хоць адзін філалагічны калектыў гатовы належным чынам ставіцца да законаў менавіта беларускай мовы, не ўводзячы ў норму безаглядна адаптаваную мову польскую і такім чынам уносячы элементы, зусім не ўласцівыя роднай моўнай стыхіі. Безумоўную каштоўнасць маюць таксама выказаныя кс. Завальнюком рэкамендацыі, як беларускім католікам «трэба казаць і пісаць» з улікам станоўчага вопыту праваслаўных суайчыннікаў. У прыватнасці: Ісус Хрыстос, Гасподзь, Хрыстос Уваскрэс!, Архангел, Гроб Гасподні, Дзева, Евангелле, Прышэсце, Троіца, Узнясенне, Царства, Ялей … [16, с. 9, 22, 25, 31, 33, 37, 41, 59, 63, 65, 85].

Хочацца верыць, што з часам усе нашы браты-католікі, уключаючы іх свяшчэннаначальнікаў, будуць успрымаць такі шлях фарміравання богаслужбовай мовы як адзіна правільны. Пакуль што, на жаль, гэтага няма.

Шчыра прызнаюся, што калі ўпершыню чытаў цытаваную тут кнігу ксяндза-магістра, то не ўспрымаў як «кіраўніцтва да дзеяння» для каталіцкай паствы, а тым больш кліру. Аднак цяпер, пазнаёміўшыся з іншымі выданнямі ўзначаленага ім калектыву, у тым ліку з нядаўна выпушчаным перакладам «Псалтыра», схіляюся да таго, што такія крокі насустрач праваслаўным не застануцца безвыніковымі.

Увогуле ж, хочам ці не хочам, а ўсім нам трэба лічыцца са здзейсненай, матэрыялізаванай вечнасцю — усенароднай традыцыяй, якая ахоплівае і богаслужэнне, і культуру, і асвету ў іх гісторыі і сучасным стане.

Будзем спадзявацца, што браты-католікі з часам усвядомяць недарэчнасць выразу «Касцёл-Маці» і падобных, і прымуць словы «агнец» («ягнец») замест «баранак» — гэта ўжо некалькі крокаў насустрач), і «благаславенне» (якому, паводле слушнай заўвагі кс. Завальнюка, «аддаецца перавага ў «Слоўніку беларускай мовы») і многае іншае з таго лексічнага запасу, якім заўжды карысталася пераважная большасць беларускага народа.

Дай, Божа, усім удзельнікам нашай канферэнцыі дажыць да гэтага часу!

Літаратура

1. Чарота, I. А. Беларуская мова і Царква / I. А. Чарота. — Мінск : БДУ, 2000. — 176 с.

2. Евангелие Господа Нашего Иисуса Христа. [Евангелие от Матфея] : на четырех языках: эллинском, славянском, российском и белорусском, с параллельными местами / [по благословенню Синода Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата]. — Минск : Белорус. Экзархат, 1991. — 235 с.

3. Новы Запавет Госпада нашага ІісусаХрыста. Святое Евангелле паводле Марка. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі / [па благаславенні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата]. — Мінск : Беларус. Праваслаўная Царква, Біблійнае Т-ва Рэсп. Беларусь, 1999. — 156 с.

4. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Лукі. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : Беларус. Праваслаўная Царква, Біблійнае Т-ва Рэсп. Беларусь, 2003,-262 с.

5. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : Беларус. Праваслаўная Царква, Біблійнае Т-ва ў Рэсп. Беларусь, 2005. — 198 с.

6. Свяшчэннае Евангелле / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларус- кай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : БПЦ, БТРБ, 2007. — 303 с.

7. Свяшчэннае Евангелле / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Гайнаўка : Братчык, 2008. — 174 с.

8. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Дзеянні святых Апосталаў. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : Беларус. Праваслаўная Царква, Біблійнае Т-ва ў Рэсп. Беларусь, 2010.-271 с.

9. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : Прыход Свята- Петра-Паўлаўскага сабора, Медыял, 2017. — 542 с.

10. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста / пер. на беларус. мову Біблійнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск : Біблійнае Т-ва ў Рэсп. Беларусь, 2017. — 542 с.

11. Завальнюк, У. кс. Каляндар хрысціяніна / кс. У. Завальнюк. — Мінск : Касцёл св. Сымона і св. Алены, 2004. — 581 с.

12. Святое Евангелле / пер. з пол. мовы ; адк. рэд. ксёндз-магістр тэалогіі біблійна-пастаральнай Уладыслаў Завальнюк. — 3-е выд. — Мінск: Выд-ва касцёла Св. Сымона і Св. Алены, 2007. — 287 с.

13. Завальнюк, У. М.Энцыклапедычны слоўнік рэігійнай лексікі беларускай мовы /У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск : Изд- во Гревцова, 2013. — 808 с.

14. Псалтыр / пад агул. рэд. М. Р. Прыгодзіча, У. М. Завальнюка. — Мінск : Рымска-Каталіцкі прыход Святога Сымона і Святой Алены, 2017. — 404 с.

15. Слоўнік асабовых уласных імён / пад агул. рэд. У. М. Завальнюка, В. К. Раманцэвнч. — Мінск : Нар. асвета, 2017. — 285 с.

16. Завальнюк, У. кс. Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі / кс. У. Завальнюк. — Мінск : Рымска-Каталіцкая парафія Св. Сымона і Св. Алены, 1998,- 184 с.

Іван Аляксеевіч Чарота

Старшыня Беларускай Біблейнай камісіі, загадчык кафедры

славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар