Чарота, І. Браціслава – гэта дзе братэрства славяць / Іван Чарота // Літаратура і мастацтва . – 2005. – 28 студзеня. – С. 5.

Браціслава – гэта дзе братэрства славяць

Прызнаюся, мне карцела пачаць са згадкі пра версіі паходжання этноніма словене/славяне — ад Слова і слава.

Але, на жаль, цяпер такое многімі ўспрымаецца, мякка кажучы, скептычна: маўляў, у рэтраспекгыве гэта не больш, чым праява рамантычнага запалу адпаведных часоў, а ў перспектытыве — поўная недарэчнасць. Вядома, у якасці адзіна вызначальнага бярэцца пункт гледжання часу нашага. Ён жа, трэба прызнаць, сапраўды пакідае мала месца для аптымізму . Як-ніяк, амаль усе цяперашнія славяне і са Словам (тым, пра якое сказана: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было на пачатку ў Бога. Усё праз яго пачало быць, і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць. У ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей; I святло ў цемры свеціць, і цемра не ахапіла яго” (Ін, 1-5) ужо не маюць повязяў такіх, як раней; ды і пра славу, падобна, забыліся, не саромеючыся ісці ў паслугачы да тых, хто мацнейшы, спрытнейшы, хітрэйшы . А гэта ж нішто іншае як бесславеснасць і няслаўе.

Мае нататкі, між тым, прысвечаны славакам — народу, які захоўвае адзнаку славянскай радаводнасці ў сваім займенні, а да таго ж і сталіцу краіны сваёй адпаведна перайменаваў так, каб не забывацца, што трэба шанаваць і ўслаўляць братоў, братэрства.

Гэта цэнячы, і я б хацеў нешта сказаць пра братоў-славакаў і братэрства.

 Ды тут не абысціся без так званых фонавых звестак.

У 2000 годзе на пасяджэнні рэдкалегіі часопіса «Всемирная литература», з падачы яе галоўнага рэдактара — Т.М. Бондар, узнікла ідэя запрасіць на Свята беларускага пісьменства і друку пісьменнікаў славянскіх краін. Галоўнае — не проста сябе паказаць ды на іх паглядзець, а наладзіць сапраўды братэрскую сустрэчу,на якой, таксама па-братэрску, памеркаваць, асэнсаваць усё, што з намі адбылося, адбываецца і можа адбыцца. Гэта ж перш за ўсё на нас, на славянах, за апошняе дзесяцігоддзе пашырыліся і актывізаваліся, як ніколі, доследы па адчуджэнні і зваджванні сваякоў. Адпаведна, мы набылі новы, няхай сабе не цалкам агульны, але падобны вопыт; і калі мы яшчэ не страцілі канчаткова свядомасці, яго трэба было абмяркоўваць, усведамляць, а таксама рабіць пэўныя высновы.

Засведчыўшы імкненне да еднасці і стваральнасці, а не варажнечы і  разбуральнасці, да цвярозай свядомасці, а не ачмуранасці, сабралася тады славянская пісьменніцкая сябрына ў Заслаўі, а працягвалася ў Мінску, дзе 3 верасня 2000 года быў заснаваны Міжнародны Форум “Паслы ставянства”. I святочны, і рабочы змест прыгаданых мерапрыемстваў досыць поўна адлюстравалі адпаведныя матэрыялы часопіса “Всемирная литература ” (Гл. №1 за 2001 год), таму на гэтым не буду спыняцца. Выкажу  толькі агульную ацэнку, якую пераканаўча ніхто не аспрэчыць: гэта быў разумны і канструктыўны пачын.

Мушу, праўда, адзначыць таксама, як часта бывае, у нас, беларусаў, імпэту хапіла ненамнога. А вось нашы калегі-славакі ўспрынялі а не толькі як надзённую ідэю, але і як важную справу. Дарэчы, нельга не адзначыць, што іхняя далегацыя на “ўстаноўчым з’ездзе” мела прадстаўнічасць вышэйшага рангу: разам з кіраўніцтвам Саюза славацкіх пісьменнікаў (Янам Тужынскім, Павалам Янікам, Янам Маернікам), прыязджаў і Богуслаў Хнёупэк — легенда чэхаславацкай дыцламатыі, грамадскі і культурны дзеяч.

Толькі пазайздросціць можна той арганізаванасці і плённасці, з якой нашы славацкія калегі павялі справу далей, заснаваўшы нацыянальны, у межах сваёй краіны, Форум “Паслы славянства”, каб развіваць тое, што запачаткоўвалася ў Мінску, на Устаноўчым сходзе 3 верасня 2000 года.

Славацкі Форум — ядро яго, падкрэслю, склалі пісьменнікі, а на чале стаіць ранейшы старшыня Саюза пісьменнікаў Ян Тужынскі — разгарнуў працу ў розных кірунках. Асабліва істотнымі, паколькі набываюць рэзананс у грамадстве, сталі рэгулярныя канферэнцыі, якія праходзяць пад канец каляндарнага года пры нязменнай агульнай канцэпцыі: “Славаія-Еўропа-свет” (Slovensko-Eurора-svet), а ўдакладненне тэматыкі абумоўліваецца актуалізацыяй пэўных праблем стану і развіцця славянства. Тэма чарговай вызначаецца пры завяршэнні папярэдняй. За перыяд між імі збіраюцца даклады, якія ўвойцуць у загадзя рыхтуемы зборнік матэрыялаў чарговай канферэнцыі, а самыя надзённыя матэрыялы аператыўна друкуюцца яшчэ і ў органе ССП “Літаратурны тыднёвік” (Literarni tyzdennik). На цяперашні момант выйшла тры зборнікі: “Віхура глабалізацыі” (Vichor globalizacie. Bratislava: Jamex, 2002); “Лабірынт свету і Славянства” (Labirint sveta a Slovania. Bratislava: ССW, 2003); “Еўрапейскі саюз — спадзяванні і сумненні” (Evropska unia – nadeje a pochibnosti. Bratislava: ССW, 2004). Усе гэтыя кнігі выходзяць у падобным афармленні, з лагатыпам і эмблематыкай Форуму. Між іншым, пацікавіўшыся, ці ёсць на іх попыт, у адказ я пачуў, што ра- нейшых выпускаў не засталося ніводнага экземпляра.

Я меў гонар і задавальненне быць аўтарам усіх трох зборнікаў, а непасрэдна там з дакладамі выступаць двойчы. Падзялюся яшчэ свежымі ўражаннямі ад канферэнцыі сёлетняй, якая праходзіла ў апошнія дні лістапада.

Улічваючы тое, што паўгода назад Славакія ўступіла ў Еўрапейскі Саюз, у мяне былі падставы задумвацца, наколькі цяперашнія ўмовы дазваляюць захоўваць усё тое, шго забяспечвала дзейснае існаванне Форуму. А тут яшчэ якраз на пачатак маёй паездкі ў Браціславу прыпала два катаклізмы: прыродны — ураган у Татрах, што нанёс вялікую шкоду, адчувальную не толькі для Славацкай Рэспублікі, але і для ўсёй Еўропы; і палітычны — другі тур выбараў прэзідэнта Украіны, да вынікаў якога ўся Еўропа, ды і свет, таксама не заставаліся абыякавымі.

Сустрэлі мяне, дзякуй Богу, а таксама тым, хго гэта непасрэдна здзяйсняў — Павалу Яніку, старшыні ССП, і Антаніне Струнеўскай, консулу Беларусі ў Славакіі, вельмі гасцінна. I Саюз пісьменнікаў, дзе давялося ў той самы дзень прысутнічаць на прэзентацыі новага зборніка вадомай паэткі, я адчуў атмасферу не менш прыязную, чым раней. Адназначна станоўчае ўражанне зрабіў на мяне зноў і сам Форум, пра які, думаю, не лішне расказаць падрабязней.

Пасяджэнне адбывалася ў зале-галерэі, якая належыць Камітэту славянскай узаемнасці (звярну ўвагу: і такі там ёсць, прычым дзейсны), старшыня якога, доктар Ёзаф Мравік, рабіў даклад “Еўраінтэграцыя — аб’ектыўны працэс развіцця, а ці міф?” У ліку загадзя планаваных выступоўцаў — высокааўтарытэтны дыпламат і грамадскі дзеяч Штэфан Мурыш (даклад “Марныя спадзяванні і падманныя міфы”), акадэмік Мілан Чыч (даклад “Славакія праз гады зноў на раздарожжы”); прафесар Андрэй Чэрвеняк (даклад “Глабалізацыя і глабальнае мысленне”), згаданыя вышэй кіраўнікі Славацкага саюза пісьменкікаў Павал Янік і Ян Тужынскі (адпаведна, з тэмамі “Да архітэктонікі Еўрапейскага Саюза” і “Спадзяванні з цягам часу гаснуць”) чэшскі філолаг доктар Аляксей Мікулашак, які разважаў пра плённае “Суіснаванне славянскіх і яўрэйскай культур”, і ніжэйпадпісаны, які прапанаваў свае рэфлексіі на тэму.: “Славянская літаратурная супольнасць — мінулае без будучыні?”. (Па-руску яны надрукаваны ў “Нёмане” — 2004г. № 11) Выступалі, акрамя папярэдне заяўленых, іншыя прадстаўнікі славацкай інтэлігенцыі, а таксама госці — старшыня Саюза пісьменнікаў Чэхіі Карал Сыс і яго паплечніца Эва Францінава. Паказальна, што мерапрыемства праходзіла зусім не па звыклым у нас прынцыпе “адзін падудукаў — усе папляскалі”, а з грунтоўным абмеркаваннем і сур’ёзнымі дыскусіямі.

Калі даваць агульную ацэнку гэтаму форуму, найперш трэба адзначыць вось што: на ім працэсы еўрапейскай інтэграцыі разглядаліся ў рэальных каардынатах і ацэньваліся па аб’ектыўных крытэрыях.

Змест і пафас асноўных дакладаў адлюстраваны ў пастаноўках тэм досыць выразна і асаблівых каментарыяў не патрабуе. А вось асобныя меркаванні дазволю сабе вылучыць — таму што яны для нас актуальныя не меней, чым для славакаў, аднак мы чамусьці іх не хочам ці не можам агучваць, нават канкрэтна фармуляваць. Скажам, вось што: “Еўрапейскі саюз ад пачатку быў задуманы найперш і найбольш за ўсё як аб’яднаная Еўропа манаполій і банкаў, вялікіх капіталаў” (Ш. Мурын); “Паміж зваджанымі паўднёвымі, Дэзінтэграванымі заходнімі і ўсходнімі славянамі ставіцца сцяна ЕС і НАТА (быццам бы дзеля аховы краін, аб’яднаных у блоку,дзеля абароны паветранай прасторы ад… — ад каго?.. ” (А.Чэрвеняк); “Абвяшчэнне статутных прынцыпаў яшчэ не азначае іх здзяйснення ў практыцы органаў улады і дзяржаўнага кіравання. Уладкаванне дзяржавы значна аддалена ад іх, ажно да разыходжання з імі. Гэта нас у любым выпадку не павінна збіваць на “веру” у дэмакратыю”(М.Чыч); “…Агульны дом стаў метафарай для цэлага шэрагу ўзаемна адрозных уяўленняў” (Е. Мравік); “ЗША, дарэчы, ніколі не былі і не з’яўляюцца рэспублікай у еўрапейскім разуменні” (П. Янік); “Амерыка можа выстаўляцца як імпарцёр дэмакратыі, хоць у сапраўднасці імпартуе вайну” (Я.Тужынскі).

Дыскусіі выклікалі многія закранутыя моманты: перспектывы ма- тэрыяльнага дабрабыту ва ўмовах, калі пасля ўступлення ў ЕС імкліва пайшла “стрыжка новаздабытых авечак” — цэны ўзраслі на 40-50 працэнтаў, калі ўсё тое, што адбываецца, можна з адказнасцю называць эканамічнай акупацыяй Сярэдняй Еўропы; стэрэатып, паводле якога Еўропу дзеляць на Усходнюю і Заходнюю, але не адрозніваюць Паўднёвую і Паўночную, хоць гэтыя часткі ў культурна-гістарычным плане маюць значна большыя адроз- ненні… Засяроджана абмяркоўвалася, як належным чынам супрацьстаяць таму, што нясе глабалістычная прапаганда. Вядома ж, не абысціся павярхоўна-публіцыстычнай контрпрапагандай, тэзісы якой, уляцеўшы ў адно вуха, хутка вылятаюць у другое, пакідаючы галовы апарожненымі перш за ўсё для імпартовай “лапшы”, хоць бы таму ўжо, што мы не клапоцімся пра назапашванне і распаўсюджванне аб’ектыўных, вывераных навукова звестак, якія запатрабоўваюцца актуальнай сітуацыяй і будуць запатрабаваны нашчадкамі — зразумела, пры ўмове, што мы іх унясём у аналы гісторыі. А дзеля гэтага трэба ствараць адпаведныя камісіі: гістарычна/археалагічную, культурна/этналагічную, лінгва-этымалагічную, тапанімічную, эка- намічную, паліталагічную. Такая задача мае асаблівую важнасць для славакаў у сувязі з тым, шго іхняя мінуўшчына ўсё часцей інтэрпрэтуецца з перабольшанымі акцэнтамі на ролі германскіх чыннікаў, а пры гэтым — адкрыта і закамуфлявана, наўмысна і па пустаце душэўнай — выкасоўваюцца чыннікі ўласна славацкія і агульнаславянскія. Што маецца на ўвазе канкрэтна? А такое, скажам: арганізатары асветна-папулярызацыйнай выстаўкі, якая прысвячаецца старажытнасці, могуць павесіць сучасныя геаграфічныя карты з нямецкамоўнымі назвамі, што свядомасць наведвальнікаў экспазіцыі, асабліва недасведчаных, маладых, істотна заблытвае, наводзіць на думку, нібыта цяперашнія славацкія землі былі германскімі. I справа тут не толькі ў грубым парушэнні прынцыпаў гістарызму, але і ў абразе патрыятычных пачуццяў. Між тым, да гонару славацкай інтэлігенцыі, сярод яе нямала тых, каго падобныя факты абражаюць. Яны ж ганарацца тым, што ўсё большае прызнанне набывае гіпотэза, паводле якой менавіта праславакі былі тым этнасам, вакол якога яднаўся славянскі суперэтнас, а іхняя гаворка склала аснову стараславянскай мовы.

Карацей кажучы, годна прадаўжаць традыцыі слынных папярэднікаў — Яна Колара, Паўла Ёзафа Шафарыка, Людавіта ІІІтура — у славакаў ёсць каму. Апроч спамянёных Форуму “Паслы славянства” і Камітэта славянскай узаемнасці, па ўсёй Славакіі ствараюцца “Клубы маладых славян” — аб’яднанні старэйшых школьнікаў і студэнтаў, якія цікавяцца гісторыяй свайго народа, імкнуцца захоўваць яго спадчыну і традыцыі. Пра гэты культурніцкі рух моладзі на канферэнцыі расказваў доктар філасофіі Мілан Сідар, які, дарэчы, сваю дысертацыю рыхтаваў у Мінску.

Пэўна, няма патрэбы тлумачыць, што я светла зайздросціў славацкім калегам і радаваўся за краіну, у якой інталігенцыя адказна ставіцца да запаветаў продкаў, а таксама выхоўвае годную змену ў нашчадках. I, вядома ж, думалася: хіба ў нас, беларусаў, на гэта магчымасці меншыя?! Хутчэй, наадварот.

Бо назіраў я ў Браціславе не толькі светлыя бакі. Так, яшчэ з мінулагодняй паездкі засталіся змрочна-цяжкія ўспаміны ад відовішча: у самым цэнтры дзівосна прыгожай і ўтульнай старой Браціславы адзін з будынкаў па перыметры, на значнай адлегласці ад яго самога, абнесены калючым дротам, а паўз гэтую агароджу ходзіць каля двух дзесяткаў узброеных вайскоўцаў… Аказалася, гэта пасольства ЗША пад аховай сіл спецыяльнага прызначэння.

Шчыра скажу,я вагаўся, ці смею згацваць пра гэта ў друку — а раптам мае славацкія калегі і сябры будуць крыўцзіцца? Папытаўшыся, пачуў, што не іхняя ў гэтым віна, таму з іх боку не можа быць ніякай крыўды. А дзеля паўнаты досведу сябры ўдакладнілі, што амерыканцы яшчэ збіраліся той калючы дрот, які мяне так уразіў, замяніць сцяною, накшталт Берлінскай, і толькі моцныя пратэсты насельніцтва спынілі рэталізацыю такой задумы.

А сёлета да таго ўражання дадалотся не меншае. Аднойчы, калі сябар вёз мяне з мікрараёна Петржалка ў цэнтр сталіцы, я заўважыў непадалёку на гары два незвычайныя збудаванні. Пацікавіўся: “Замкі рэстаўруюцца?” I атрымаў наступны адказ: “Не, гэта нядаўна пастаўленыя амерыканцамі станцыі сачэння, праслухоўвання”. Як тут было не ўспомніць амерыканскія кінафільмы пра Бонда, у якіх Браціславу паказвалі наводненай савецкімі вайскоўцамі! Памятаючы пра падзеі 1968 года і немалыя крыўды пасля іх, я задаў пытанне, як цяпер славакі суадносяць уздзеянне дзвюх сіл. I, прызнаюся, не чакаў таго, што пачуў: “Ды савецкіх салдат, як і афіцэраў, у Браціславе мы практычна не бачылі”. Гэта, дарэчы, не азначае, што славацкая інтэлігенцыя схільна ідэалізаваць савецкі лад і дачыненні з СССР. Ад другога калегі, напрыклад, давялося чуць дасціпны аповед, які афармляецца ў анекдот, пра такое здарэнне: “На з’ездзе Саюза славацкіх мастакоў агучваецца, па завядзёнцы, прапанова прыняць адозву: “Навечна з Савецкім Саюзам!”. Адзін з удзельнікаў — мастак вядомы, прызнаны — заяўляе: “ Я падпісваць не буду”. Яго ў кулуарах угаворваюць, а ён трымаецца свайго, тлумачачы: “Як я магу ставіць подпіс пад тэкстам пра вечнасць, калі мне ўжо хутка паміраць”. Тым не меней спрабуюць пераканаць: “Усе ж падпісваюць. Ну, так прынята. А калі гаворыцца “навечна”, то маецца на ўвазе “на тваё жыццё”. I той згаджаецца: “Калі так, няхай. Толькі ні на хвіліну больш”.

У размовах з калегамі, натуральна, больш за ўсё ўвагі надавалася літаратуры і пісьменніцкім справам. Але пра гэта я раскажу, калі дазволяць, іншым разам. Цяпер жа толькі падагулю: у Браціславе, сапраўды, услаўляюць братэрства, славацкая інтэлігенцыя лічыць за ганьбу адмаўленне ад славянскага роду. А наша?

Іван ЧАРОТА