Чарота, І. “Калі мы ўсе разам ляцім…” Пакуль што не да зор / [Іван Чарота ; гутарыў] [карэспандэнт газеты «ЛіМ»] // Літаратура і мастацтва . – 2002. – 30 жніўня. – С. 4, 5.

Вядомаму пісьменніку, перакладчыку, доктару навук, прафесару Івану Чароту спаўняецца 50 гадоў.

“Калі мы ўсе разам ляцім…”

Пакуль што не да зор

16 верасня вядомаму пісьменніку, перакладчыку, доктару навук, прафесару Івану Чароту спаўняецца 50 гадоў. На днях наш карэспандэнт сустрэўся з Іванам Аляксеевічам і пагаварыў з ім.

Іван Аляксеевіч, пра што думаецца напярэдадні юбілею?

— Да пэўнай пары чалавеку-мужчыну хочацца выглядаць сталейшым, і ён звычайна акругляе свой узрост да большага, нібы прыспешвае хаду часу, не ўсведамляючы, як цудоўна,што гэта працягваецца даволі доўга. Потым пражытыя гады самі пра сябе сведчаць так, што знікае сэнс і дадаваць да іх, і адымаць, і ўвогуле нейкі «выгляд рабіць». На жаль, гэты перыяд значна меншы. Бо сталасць пераходзіць у старасць — непазбежна і непрыкметна. А працягласць наступнай і апошняй фазы, як і самога жыцця, у нашага пакалення відавочна скарачаецца, таму — у пяцьдзесят гадоў проста немагчыма адчуваць сябе так, як раней — навату сорак пяць.

I вы сябе ўжо старым адчуваеце?

— «ЛіМ», віншуючы пісьменнікаў, часта скарыстоўвае азначэнне «поўдзень веку». Наколькі разумею, у яго ўкладаецца вельмі шчодрае пажаданне — каб век жыццёвы быў роўны веку-стагоддзю. Але я на такое даўгалецце нават у самых ружовых планах не прэтэндую. А разгортваючы гэтую метафару, улічваю,што апоўдні цень павялічваецца. I, натуральна, не хачу, каб цень ад маёй дробнай постаці быў неадпаведным, а тым болей кагосьці палохаў.

Гэта гаворыце пра ўспрыманне з боку ці з сярэдзіны?

Ёсць чаго палохацца і мне самому. Скажам: што неспадзявана ўсё мацней прывязваюся да горада, «адвязваючыся» ад вёскі і ад маці, пакінутай у вёсцы; што як інтэлігент у першым пакаленні мала зрабіў і для захавання радаводнага саслоўя, і для ўмацавання інтэлігенцыі, якая звыкла-недарэчна ўсё яшчэ завецца праслойкай; што многія добрыя намеры мае так і засталіся няздзейснымі; што нярэдка займаюся справамі, якія толькі здаюцца важнымі, а ў сапраўднасці такімі не з’яўляюцца.

Вы не задаволены тым, як пражылі пяцьдзесят гадоў?

— Я ўдзячны Госпаду за ўсё. А Ён мне даў больш, чым я варты, паколькі многае з дараванага Ім я проста прафукаў, як кажуць. Адпаведна, чым далей, тым больш стараюся такога не паўтараць. Ды не пахвалюся, што ўдаецца.А чым задаволены?

А чым задаволены?

— Звычайна ўсе справы дзяляць на прыемныя і патрэбныя. Вядома, нават у суб’ектыўным успрыманні такія ацэнкі могуць мяняцца, аднак усё роўна супрацьпастаўляюцца. А я, дзякуй Богу, меў і маю шчасце спалучаць іх. Так, для мяне найцікавей, найпрыемней чытаць і асэнсоўваць прачытанае — дык гэта ўсё жыццё раблю і нават нешта зарабляю (у якасцях выкладчыка, крытыка, літаратуразнаўца, перакладчыка, рэдактара). Прычым любімы занятак, які стаў прафесіяй, істотна карэгуе ўсё астатняе. Напрыклад,я з ранняга маленства надта любіў пісаць вершы і, прызнаюся, не заўжды мог утрымацца ад гэтага ледзь не да апошняга часу — што праўда, усё радзей і радзей такі сверб адчуваючы. Ды крытык і літаратуразнавец, прызначэнне якога, хочаш — не хочаш, у тым, каб цвяроза ацэньваць творчыя амбіцыі і здзяйсненні іншых, павінен з аналагічнымі крытэрыямі ставіцца і да сябе самога. Таму лепш заставацца «паэтам» толькі для сяброў дзяцінства, для дзяўчатак, якім складаў лірычныя пасланні, ды для жонкі, з тых самых дзяўчатак. А вершаваным опусам, якія заваляліся, іншы лёс вызначыцца хіба тады, калі страчу сорам — перад калегамі-пісьменнікамі і асабліва перад вучнямі, у якіх я не толькі паводле абавязку, але і паводле перакананняў, імкнуўся выхоўваць адпаведнае стаўленне да Слова і Славеснасці.

I як цяпер удакладняецца разуменне таго, што для вас больш істотнае?

— У апошні час усё больш патрэбнай — для сябе самога — лічу працу аналітычную, даследчыцкую. Так, адштурхоўваючыся ад сваёй кніжкі «Пошук спрадвечнай існасці», у якой рэфератыўна быў выкладзены змест доктарскай дысертацыі, рыхтую манаграфію пад умоўнай назвай «Беларускасць: гістарычны, духоўна-культуралагічны змест» (на рускай мове), працягваю распачатую больш як дваццаць гадоў таму працу над кнігай «Глеба і неба Максіма Багдановіча», дапаўняю новымі матэрыяламі абедзве анталогіі (паэзіі і прозы) «Насустрач Духу»… Дарэчы, у сувязі з гэтым звяртаюся яшчэ раз да ўсіх зацікаўленых пісьменнікаў, каб прапаноўвалі свае творы.

А чаму не згадваеце перкладчыцкую працу?

— Ад перакладаў, відаць, ужо не змагу адысці ніколі. 3 розных прычын, але ў асноўным з-за таго, што пэўныя тэксты іншанацыянальных аўтараў лічу патрэбнымі для шырокага кола нашых чытачоў, хоць выдаваць іх па-беларуску надзвычай цяжка. Сведчу гэта, маючы ў стале дзесятак (паўтараю: дзесятак) перакладзеных кніг.

Але маё асабістае наўрад ці каго цікавіць. Вы, напэўна, у працяг ужо друкаваных анкет і іншых перадз’ездаўскіх матэрыялаў, хочаце, каб я перайшоў да агульна значнага, асабліва да самага актуальнага…

Канечне, цікава пачуць, што вы думаеце пра гэта.

Усе мы так ці інакш маем дачыненне да спраў у Саюзе пісьменнікаў і вакол яго. Разам з тым нельга сказаць, што ўсе аднолькава заклапочаны гэтай складанай сітуацыяй, а тым больш аднолькава зацікаўлены, каб знайсці найлепшае выйсце з яе. Пакуль што не заўважаецца нават гатоўнасці спакойна выслухаць адзін аднаго, памяркоўна разабрацца з усімі праблемамі і прыняць канструктыўнае рашэнне. I гэта, вядома ж, непакоіць. Чым далей,  тым больш. Сітуацыя ўскладнілася і ў параўнанні з перыядам папярэдняга з’езда. Яна тады была не лепшая, затое больш празрыстая для ўсіх: не ўзнікала асаблівых сумненняў наконт прычыны бязладдзя; высветлілася канчаткова, хто канкрэтна ў чым вінаваты; акрамя ўсяго, выклікалі пэўны давер тыя, хто браўся выправіць становішча, а галоўнае — пераважная большасць пісьменнікаў спадзявалася, што існаванне саюза можа працягвацца ў звыклых формах …

А хіба кепска, што хацелася захаваць звыклае? Іншая справа, наколькі гэта было магчыма.

— Вядома ж, так працягвацца не магло. I тады, і намнога раней. Ды разумна скарыстоўваць папярэдні вопыт мы не пажадалі. Ці не змаглі. Самі сябе заганялі ў тупік, з якога самі, на жаль, выбрацца — зноў-такі не ўмелі. Ці не жадалі. Вось гэта, галоўнае, трэба прызнаць і асэнсаваць. А не шукаць вінаватых зверху, з боку, побач і далёка.

На цвярозую галаву, трэба прызнаць, што Саюз пісьменнікаў, дзейнічаючы паводле свайго статуту, павінен існаваць як грамадская арганізацыя, г.зн. цалкам за свой кошт утрымліваць усё: і штаты, і будынак, і паліклініку, і дамы творчасці, і перыядычныя выданні, пры гэтым забяспечваць свае мерапрыемствы як радасныя, так і жалобныя, а да таго ж спраўна аплачваць падаткі…

А калі гэта аказалася немагчымым, ён павінен шукаць падтрымкі. Дарэчы, стан, у якім апынулася наша арганізацыя, абумоўлены і чыннікамі суб’ектыўнага парадку. Калі быць шчырымі, варта ўспомніць, самакрытычна ацэньваючы, стаўленне СП Беларусі і канкрэтна вылучаных дэлегатамі на «развальны» з’езд СП СССР, які своеасабліва падзяліў маёмасць; трэба таксама сумленна згадаць, як і па чыёй ініцыятыве ў свой час мяняла ўласніка і форму ўласнасці кафэ Дома літаратараў, як прапала пісьменніцкая паліклініка, як здаваліся ў арэнду іншыя памяшканні ДЛ, як даводзілася да ручкі Іслач, як ствараліся нейкія віртуальныя выдавецтвы… I ўсё гэта праходзіла пад гучныя абяцанкі забяспечыць дабрабыт усім членам саюза, а да таго ж самы што ні ёсць духоўны росквіт Айчыны. 3 народнага мудраслоўя вядома,   каму тыя абяцанкі прыносілі радасць. Натуральна, кароткачасовую. Таму, як ні круці, надыходзіць пара, калі нават моцна зачараваныя абяцанкамі павінны ачомкацца: «Затыкай — нанюхаліся!»

Тым не меней застаецца шмат нявырашаных пытанняў, а каб іх вырашыць, патрэбна дзяржаўная падтрымка. Хіба не?

— Яшчэ раз удакладнім: хіба ж усе названыя і многія іншыя формы статутнай дзейнасці саюза нашага забараняліся? Можа, былі такія справы па самазабеспячэнні саюза, якія афіцыйна стрымліваліся? Няўжо кнігам, часопісам і газетам на прынцыпе самаакупляемасці не давалася ходу? Ці нехта скардзіцца, што яму не дазволілі адзначыць свой юбілей, калі ён меў на гэта ўласныя сродкі? Ды і грошы зарабляць законнымі спосабамі, здаецца, не перашкодзілі пісьменнікам толькі таму, што яны пісьменнікі — ёсць жа сярод нас тыя, хто бізнесам займаецца не без поспеху …?

Так што, відавочна, даймае нас не надуманы ўціск, а спецыфічнае, мякка кажучы, стаўленне да ўзаемаадносін з дзяржавай. I ўсім гэта зразумела, бо ўсе ж, паклаўшы руку на сэрца, здольны адэкватна ацэньваць рэальны стан рэчаў. Таму, на першы погляд, як парадокс выглядае тое, што ажно да палярнасці адрозніваюцца публічныя дэкларацыі членаў саюза. Але тут нічога парадаксальнага няма. Ёсць толькі большая ці меншая шчырасць і паслядоўнасць у пазіцыях. А наогул саюз як суполка праходзіць шчыльнымі радамі этапы, якія, думаецца, дапушчальна азначыць так: эйфарыя (ад таго, што гарантаванае пры саветах лічылі неадменным і чакалі, паверыўшы абяцанкам, што постсавецкія ўлады забяспечаць яшчэ больш, дадаткова) — шокавая тэрапія (самім давялося высветліць,па чым на хвалёным рынку фунт хлеба ў параўнанні з аўтарскім аркушам, таксама набыць новы досвед, што ж адлюстроўвала народная мудрасць у выслоўі: «Звоняць,ды з хаты гоняць») — істэрыя ( прычым на фоне сімптомаў невылечанай пакуль што эйфарыі: маўляў, як гэта можна так абыходзіцца з намі!..).

А тым не меней адзінства няма. I нездарма ж гаворыцца, што ў саюзе раскол.

Калі хочаце, разам паспрабуем асэнсаваць, што яшчэ яднае, а што разводзіць беларускіх пісьменнікаў.

Усё ж такі ёсць тое, што яднае?

— Як ужо адзначалася, перш за ўсё аб’ядноўвае інерцыя былога. У дадатак да сказанага прывяду па памяці досціп калегі: даўно няма Саюза пісьменнікаў СССР, як і самога СССР, а мы ўсё патрабуем, каб нас прызнавалі пісьменнікамі ў ранейшым статусе. Асабліва дзіўна, калі такія патрабаванні зацята (свядома, несвядома, з нейкіх асаблівых прынцыпаў — гэта ўжо іншае пытанне) выстаўляюць тыя, што лічаць сябе дэмакратамі, высмейваюць “саўковасць” у іншых праявах і заклікаюць да барацьбы. Прычым заклікі гэтыя нярэдка навязваюць логіку, ад якой мурашкі па скуры бягуць: «Нічога, што хата згарыць, важна, што прусакоў вынішчым!» На маё разуменне, гэта не па-беларуску. Ды і беларус-пісьменнік, заражаны змагарскім духам, напэўна, мае права ўдакладніць, як мэты барацьбы не акрэсліваюцца ў дачыненні літаратурнай, культурнай сфер: вяртанне таго, што раньш было, — немагчыма; развіццё нацыянальнага за кошт саміх барацьбітоў — такі ж неверагодна; распаўсюджванне і замацаванне наднацыянальных псеўдакультурных каштоўнасцей, у сістэме «культавымі», апроч долара, з’яўляюцца «кока-кола» і авечка Долі —  наўрад ці ёсць сэнс у барацьбе за іх…

Гэта трэба разумець так, што вы заклікаеце, каб пісьменнікі падтрымлівалі ўладу?

Інтэлігенцыя ў прынцыпе — што называецца, паводле сваёй прыроды — не павінна ўцягвацца ў актуальную палітыку, а гэта азначае, што ёй запраграмавана, так сказаць, і дыстанцыянавацца пэўным чынам ад улады, не ігнаруючы пры гэтым аналітычных функцый,  асабліва ў дачыненні да сфер грамадскага жыцця, дзе яны кампетэнтныя. Дыяпазон рэалізацыі патэнцыялу — ад кансультанцтва да апаненцтва. Аднак інтэлігенцыі, паводле азначэння, супрацьпаказана быць дэструктыўнай. Вось як, на добры лад, мне бачыцца роля інтэлігенцыі як часткі грамадства ўвогуле і канкрэтных прадстаўнікоў яе паасобку. Што ж да суполкі творчай інтэлігенцыі, дык тут маюцца свае, вельмі істотныя асаблівасці. Яны ў тым, што творчы прафесійны саюз проста не мае права — перш за ўсё, паводле свайго статута — калектыўна браць удзел у партыйна-палітычных баталіях. Гэта рэчы, што называецца, азбучныя. Ды якраз стаўленне да іх, раз’ядноўваючы, разбурае наш саюз як творчы і прафесійны, а ў рэшце рэшт і як карпаратыўнае аб’яднанне інтэлігенцыі.

Гэтай пазіцыі вы заўсёды трымаліся ці такія погляды цяперашняй сітуацыі?

— Тое самае выказваў я і напярэдадні мінулага з’езда, заклікаючы перш за ўсё да адказнасці. Каб меў большую амбітнасць альбо з’едлівасць, я б зараз мог наракаць, а то і папракаць, што не паслухаліся мяне, публічна аспрэчвалі. Ды я не схільны перабольшваць сваю маленькасць, выдатна разумею: інакш і быць не магло ў асяроддзі, кожны прадстаўнік якога — сцверджаная асоба са сваім розумам, сваім вопытам, ды і сваімі мэтамі. Для мяне асабіста, напрыклад, вялікае значэнне мае вось які прынцып: «Дай, Божа, вытрываць тое, што змяніць не магу, мужнасці — змяніць тое, што магу, і мудрасці адрозніваць дабро ад зла». А для многіх калег, мяркуючы па ўсім, ён непрымальны. Зусім не здзівіла, не збянтэжыла мяне і рэакцыя залы таго з’езда на яшчэ адну спробу выклікаць роздум. Калі мне было дадзена слова з месца, я невыпадкова прыгадаў кардынала Вышынскага, які падчас польскіх падзей 1956 года ролю інтэлігенцыі вызначыў наступным чынам: як сабака, залізваць раны народу. Многіх, магчыма, пакрыўдзіла параўнанне з сабакам. А дарэмна. Калі мы сапраўды дбаем пра народ, а не толькі натхнёна пра гэта пішам і гаворым,то гэта якраз найбольш патрэбны і дзейсны цяпер спосаб праявіць сваю дбайнасць і любоў. Мне асабіста цяжка верыць у тое, што маюць сэнс дзеянні зусім іншага характару: не гаючай слінаю пакрываць, а вярэдзіць раны, якія ёсць, і наносіць яшчэ больш. Дзеля чаго гэта — няхай трывае гэты «сляпы,як крот»,можа,так загартуецца да змаганняў за ідэі новыя,намнога святлейшыя ад тых, што мы прапагандавалі раней?

I на гэта не можа быць іншай рэакцыі, акрамя той, што зацяміў з левай кішэні наш агульны знаёмы: «Гэтыя сённяшнія дэмакраты ад інтэлігенцыі — былы тыл бальшавікоў — мяне ўжо «дасталі”.

Усё ж такі гэта сфармулявана рэзка. Не баіцеся, што кагосьці пакрыўдзіце?

— Дапускаю, што і цяпер, як тады, нехта будзе на мяне крыўдзіцца. Але што зробіш, калі бязглузда прапаноўваць: «Давайте говорить друг другу комплименты», а на самім з’ездзе славіць партыю і рапартававаць пра высокія дасягненні ва ўсіх жанрах, уключаючы трыбунныя.

Справы нашы змяніцца могуць не ад хваласпеваў і дзяжурных кампліментаў, а толькі ад поўнай шчырасці, прынцыповасці, справядлівай крытычнасці, што, пэўна ж, прадугледжвае ўзаемапавагу і павагу да арганізацыі, у якую ўсе мы ўступалі добраахвотна і, здаецца, ганарыліся прыналежнасцю да яе. Дык вось цяпер як ніколі нам даводзіцца несці адказнасць за гонар саюза — яго цяжка захоўваць і вельмі лёгка здратоўваць. Як бы там ні было, а вельмі прыкра чытаць у газетах «адкрыцці/выкрыцці» саміх пісьменнікаў, што саюз наш — гэта не што іншае, як «літаратурныя марыянеткі», «зборышча абывацеляў», «асінае гняздо»…

Па вялікім рахунку, нічога дзіўнага. «Абывацелі», «восы», «марыянеткі», «прыкарытнікі»,»прыстасаванцы» — гэта персанажы класічных твораў сацрэалізму, якіх неабходна было выстаўляць на пасмешышча перад усёй прагрэсіўнай грамадскасцю. Але ў дадзеным выпадку ствараецца хіба што «камедыя для тых, хто не ведае». А нам жа, з сярэдзіны, вядома хоць і не ўсё, але многае. I абмяркоўваць гэта мы так ці інакш павінны разам, у адпаведнасці са сваімі, няхай сабе і сціплымі магчымасцямі. Рашэнні прымаць — таксама. I вынікі атрымаем тыя, да якіх калектыўна імкнемся і якіх рэальна заслугоўваем.

Але пісьменнікі — гэта не шэрая маса.

— Пэўна ж, мы ніяк не маглі абмінуць надзвычай цікавы і важны аспект-феномен “беларускай эліты”. Я ўжо не першы год спрабую для сябе раскрыць яго: назапашваю факты, раблю выцінкі і выпіскі з перыядычнага друку, занатоўваю рэфлексіі. Нешта ўжо пачынае фармулявацца… Але гэта прадмет асобнай, грунтоўнай гаворкі. Зараз хачу толькі падкрэсліць, што самы багаты матэрыял можна было атрымаць на апошнім з’ездзе пісьменнікаў.

I што канкрэтна вы тады адзначылі?

— Мяне кранула перш за ўсё гаворка пра Акадэмію бессмяротных на фоне таго самага самазабыцця, з якім некаторыя выступоўцы прамаўлялі ад імя народа і да народа.

Не менш уразіла і прадэманстраваная многімі калегамі страта арыенціраў у нацыянальна-духоўным самавызначэнні — канкрэтна, у тым, што датычыцца суадносін нацыянальнага з інтэрнацыянальным пры новым светаўладкаванні, якое, падкрэслім, грунтуецца на адмаўленні нацыяналізмаў. А гэта ж азначае,што калі на пачатку 1990-х гадоў нацыянальная ідэя не толькі была аб’ектыўна непазбежнай, але і ўспрымалася як рухавік развіцця, дык на пачатку 2000-х яна аб’ектыўна гасіцца працэсамі інтэграцыі, прычым не з Расіяй… Для нас, адпаведна, ускладняецца як ніколі праблема суадноснасці аксіялогіі нацыянальнай з т. зв. універсальнай. Іншымі словамі, наіўна чакаць, што так званы еўрапейскі літаратурны кантэкст прыме (як роўнавартасныя з творамі прызнаных французаў, немцаў, італьянцаў) творы Купалы і Коласа, Багдановіча і Куляшова, Мележа і Танка, ды і жывых, якія таго заслужылі.

Ёсць і яшчэ надзвычай сімптаматычная з’ява: у нашым асяроддзі заўсёды знаходзяцца тыя, каму важна сябе выстаўляць беларусам, «шчырэйшым», «свядомейшым» за іншых. Аказваецца, гэта зусім нескладана: выгукні гэта як можаш мацней, каб нейкі там Іван, продкі якога па абедзвюх лініях спрадвеку тутэйшыя праваслаўныя зямлі берасцейскай, зніякавеў, адчуць сябе так, быццам яго ў Беларусь прывезлі з інкубатара чужадальніх земляў. Хіба не фенаменальна? Асабліва, калі падобнае праяўляецца на з’ездзе.

I як думаеце, на гэтым з’ездзе ўсё будзе аналагічна ці інкш? За год мала што змянілася.

— Сапраўды, небяспечна, калі паўторыцца тое, што ўжо праходзілі. Асцерагаючыся гэтага, на пасяджэнні Рады, якое праходзіла ў сакавіку месяцы, я, дарэчы, галасаваў супраць таго, каб зноў збіраць з’езд. Праўда, аказалася, што пагасіць канфлікт немагчыма. Так што іншага выйсця сапраўды няма.

Што лічыце самым важным, каб з’езд усё ж такі вырашыў усе праблемы?

— Спадзяюся, што не будуць, як той раз, замоўчвацца рэальныя факты, хавацца сапраўдныя намеры, а замест гэтага — навязвацца ўмоўныя, падвярстаныя ацэнкі сувязяў між фактамі і з’явамі з іншых сістэм каардынат. У такім выпадку зноў ніхто ніякай віны за сабою не прызнае; пачнецца турнір віційства на тэму: «Ва ўсім вінаваты — чужы і багаты — дзядзька…»; а нават крышачку адрозныя матывы будуць пакрывацца тупатам і свістам; групоўкі, праўда, зробяць гучныя заявы, але яны будуць мець толькі эфект выпускання пары, пшыку… Між іншым, групоўкі прайгравалі з-за таго, што загадзя пераацэньвалі свае сілы.

Што, на вашу думку, перш за ўсё трэба абмяркоўваць на з’ездзе і як вырашаць?

— Недапушчальна паўтараць таксама памылкі, якія даліся ў знакі апошнім часам. Па-першае, рада ў такім колькасным складзе не можа быць дзейснай. Асабліва калі абвяшчаць пасяджэнні за гадзін дзесяць да пачатку. Тады яна альбо фігавы лісток, альбо перашкода нармальнай дзейнасці. Па- другое, намесніка(ў), як і старшыню, выбіраць з’ездам, дакладна абумовіўшы абавязкі і правы. Па-трэцяе, бессэнсоўна ствараць сакратарыят, функцыі і паўнамоцтвы якога не рэгламентаваны. Ілюструю на прыкладзе: секцыяй вылучаюцца дзве кандыдатуры на атрыманне дзяржаўнай прэміі; між тым пры абмеркаванні на радзе яны ўвогуле не разглядаюцца — сакратарыят адхіліў, хоць ні статут, ні існуючыя устанаўленні іншыя такіх паўнамоцтваў яму не давалі.

Вельмі непажадана таксама распальваць жарсці, бэсціць тых, хто сябе праявіў не так, як грамада спадзявалася. Персанальныя інтарэсы і бедавальнікаў, і ратавальнікаў павінны быць падпарадкаваны інтарэсам саюза, яго справам. Натуральна, што будуць уздымацца пытанні, звязаныя з утварэннем выдавецкага холдынга. Аднак хто б мог аспрэчваць правамернасць гэтай з’явы ў ідэі? Толькі той, хто раней знайшоў іншы варыянт выйсця з крызісу і практычна даказаў яго эфектыўнасць. А такіх сярод нас няма.

Самая нервовая рэакцыя будзе на кадравыя рашэнні ў холдынгу. Ды яны ж па-за кампетэнцыяй саюза. Нам з вамі можа не падабацца той ці іншы новы кіраўнік, рэдактар, але нашы сімпатыі-антыпатыі не мяняюць справы, бо гэтаксама ж не падабацца мог і ранейшы — цяпер нашай думкай цікавіліся ў той самай меры, як і раней; падобнае працягнецца і ў далейшым. А правільнасць прызначэнняў і нашых меркаванняў выверыцца часам, дакладней — канкрэтнымі вынікамі, як гэта было заўсёды.

Па-вашаму, усё можа вырашыцца памяркоўна. I спадзеяцеся, што так будзе?

— Маю і пэўныя перасцярогі:

хопіць працяглых гуканняў-галашэнняў і мімаходзь галасавання;

хопіць палымяных прамоў, насычаных паўпраўдай, горшай за хлусню;

хопіць апаратных гульняў;

хопіць творчаму саюзу блытацца ў справах нятворчых;

хопіць дэманстраваць масавую закамплексаванасць на правадырстве, прароцтве, абранніцтве…

А канкрэтныя прапановы маеце?

— Прапановы таксама:

давайце ўвесь час памятаць пра спадчынную памяркоўнасць і людскасць;

давайце не крыўдаваць на тое, што як агулам, так і паасобку, з невялікай розніцай, нас лічаць не больш чым «значнымі ў нязначных маштабах» — давайце пераадольваць гэта;

давайце згадаем сакраментальнае пытанне вялікага папярэдніка наконт сварак і звадак, калі «ўсе мы разам ляцім…» пакуль што не «да зор».