Чарота, І. Легендарная асоба славянскага свету ХІІІ стагоддзя: Міхаіл (Мануіл) Казачынскі / І. Чарота // Полымя. – 2017. — № 9. – С. 42-51.

ЛЕГЕНДАРНАЯ АСОБА

СЛАВЯНСКАГА СВЕТУ XVIII СТАГОДДЗЯ:

МІХАІЛ (МАНУІЛ) КАЗАЧЫНСКІ

Пяць гадоў таму праваслаўны люд Беларусі адзначыў 400-годдзе ўпакаення праведнай Сафіі, ушанаваўшы святую памяць яе — той, якая заклала краевугольны камень «цвярдыні Праваслаўя» ў сваім градзе Слуцку.

Мы, бадай жа, не маем права таксама забываць і ўсіх тых, хто цвярдыню гэтую пазней утрымліваў і адстойваў. Наш абавязак — аддаваць належнае ім. У прыватнасці, гэта вось хто: рэўнасны абаронца праваслаўя на беларускіх землях, сучаснік Святой Сафіі (які, верагодна, і пры пахаванні яе прысутнічаў) пратапоп Слуцкі Андрэй Мужылоўскі [1]; свяціцель Дзімітрый Растоўскі, які «…по приглашению от Слуцкого Духовенства, переселился в Слуцк, и пребывая там в Преображенском православном же Монастыре, целый год неутомимо трудился в проповедовании Слова Божия» [2]; свяціцель Георгій Каніскі, які з’яўляўся членам савета той Слуцкай канфедэрацыі (1767), што адваёўвала для праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага правы, роўныя з католікамі; архімандрыты Іосіф (Аранскі), Павел (Валчанскі), Віктар (Садкоўскі), якія неслі служэнне ў Свята-Троіцкім Слуцкім манастыры…

Значнае месца ў гэтым шэрагу займае Міхаіл (Мануіл) Казачынскі — багаслоў і царкоўны дзеяч, асветнік-педагог, філосаф, пісьменнік. Ён з 1748 па 1755 гг. духоўна акармляў Слуцкую архімандрыю, цэнтрам якой з’яўляўся Свята-Троіцкі манастыр; у гэтай абіцелі архімандрыт Міхаіл упакоіўся, і на яе могілках быў пахаваны.