Чарота, І. “Што ні крану – усё боль” : да 120-годдзя лаўрэата нобелеўскай прэміі Іва Андрыча / Іван Чарота // Роднае слова. – 2012. – № 9. – С. 7-9.

ШТО НІ КРАНУ — УСЁ БОЛЬ”

ДА 120-ГОДДЗЯ ЛАЎРЭАТА НОБЕЛЕЎСКАЙ ПРЭМІІ ІВА АНДРЫЧА

Каб пераадольваць падман ілюзій, нагадваць пра існаванне ісціны, падтрымліваць веру, надзею і любоў, з’яўляюцца сярод нас мастакі і мысляры, наканаванне якіх — і творчасцю, і ўсім жыццём — адказваць на самыя складаныя пытанні і свайго часу, і вечнасці. Асобе, да якой мы ў дадзеным выпадку звяртаемся, лёс нібыта спецыяльна забяспечваў выкананне такой ролі.

Іва Андрыч (1892 — 1975), народжаны сто дваццаць гадоў таму ў мяшчанскай сям’і гарадка Траўніка (тады — правінцыя Аўстра-Венгрыі, цяпер — Рэспубліка Боснія і Герцагавіна), пражыў жыццё, якое нельга назваць звычайным у розных адносінах. Як правіла, яго ацэньваюць па выніку, маючы на ўвазе літаратурную славу і далёка не заўсёды ўлічваючы, што ж да славы прывяло, што, уласна, яе абумовіла.

А ў сувязі з гэтым нельга абмінаць цяжкасці лёсу.

3 двухгадовага ўзросту Іва застаўся без бацькі, і бедная маці аддала яго на выхаванне ў Вышаград, у сям’ю бяздзетных сваякоў. Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло ў атмасферы зычлівасці і адноснага дабрабыту, але душэўны свет, пэўна ж, быў не бясхмарны. У любым выпадку, уражанні гэтага перыяду, адлюстраваныя пазней у творах, перадаюць асаблівую ўразлівасць рэакцый на ўсё акружэнне, а таксама і рана праяўленыя прыкметы глыбока інтравертнага складу асобы.

Развіццю гэтых рыс, мяркуючы па ўсім, спрыялі і ўмовы, у якіх Андрыч-падлетак апынуўся, стаўшы вучнем Сараеўскай гімназіі. Жыў ён тады разам з маці, работніцай фабрыкі, у прыгарадзе. Здароўе ў яго змалку было слабае, што, натуральна, узмацняла рэфлектыўнасць, унутраную напружанасць. Вучоба не суправаджалася поспехамі, хутчэй наадварот, а ў выніку гэтага назапашваліся пачуцці незадаволенасці, якія з часам пераходзілі ў настроі адчаю, узнікалі нават думкі пра самагубства.

Вельмі далікатная тэма — нацыянальнае і палітычнае самавызначэнне маладога I. Андрыча. Паводле метрыкі і некаторых анкет, ён харват-католік; старэйшы калега ў лісце да свайго брата адрэкамендоўваў яго як “католіка серба з Босніі”; аднак павінна ўлічвацца таксама і баснійскасць… Дык вось, пры ўсім гэтым I. Андрыч з юнацтва стаў прыхільнікам ідэі югаславянства і прадстаўніком культуры югаславянскай супольнасці; больш за тое — уключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рэвалюцыйны рух і стаў адным з лідараў арганізацыі “Маладая Боснія”, мэта якой — “распаўсюджваць і ўмацоўваць ідэю вызвалення ды аб’яднання з Сербіяй”.

Сімптаматычныя асаблівасці бачання калізій эпохі і шляхоў іх- пераадолення перадае дзённікавы запіс, які юны Андрыч зрабіў у чэрвені 1912 г.: “Як добра, што сцягваюцца патаемныя ніці дзеянняў і пратэсту. Як радасна прадчуваю дні вялікіх падзей…” Прадчуванні збыліся. Аднак “радасць” не апраўдалася. Праз два гады актывіст-младабасніец Гаўрыла Прынцып (таварыш Андрыча па “Маладой Босніі”) здзейсніў замах на Франца Фердынанда, спадчынніка аўстра-венгерскага трона, што стала фармальнай падставай распачаць Першую сусветную вайну. Пасля гэтага I. Андрыч таксама быў арыштаваны і правёў у турме ды ссылках тры гады, пасля чаго быў памілаваны з-за слабага здароўя.

Разгортваючы тэму лёсу, нельга не адзначыць, што I. Андрыч меў персанальнае дачыненне — у літаральным сэнсе — да вызначальных падзей сусветнай гісторыі. Пазней ён зрабіў бліскучую дыпламатычную кар’еру і ў Берліне – як Надзвычайны пасол Каралеўства Югаславіі ў Германіі — заспеў момант пачатку Другой сусветнай вайны. Яму давялося прысутнічаць на цырымоніі падпісання Траістага пакта, а літаральна праз два тыдні была здзейснена акупацыя яго роднай краіны. Як захілены дыпламатычным імунітэтам, меў права і канкрэтную прапанову перабрацца ў Швейцарыю, якая захавала нейтралітэт. Ды такі шанец скарыстоўваць не пажадаў, а вярнуўся ў Бялград, дзе пражыў да канца вайны, адмаўляючыся ад прызначанай пенсіі, а таксама і ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. Засяроджана працаваў — напісаў творы, якія потым прынеслі яму сусветную славу.

Між тым, пайшоўшы з жыцця, ён панёс з сабою таямніц не менш, чым неўвасобленых творчых задум. Апошняе, праўда, як бы ўраўнаважваецца тым, што літаратурная спадчына I. Андрыча вельмі багатая. Бібліёграфы налічваюць каля 1500 выданняў твораў на ўсіх больш-менш распаўсюджаных мовах свету і звыш 7500 адзінак розных публікацый пра яго.

Найбольшае прызнанне атрымаў Андрыч-эпік. Пра гэта сведчаць і статыстыка перакладаў, і такія, нярэдка ўжываныя, характарыстыкі, як “Гамер Балканаў”, “югаслаўскі Талстой”, і, урэшце, абгрунтаванне Нобелеўскай прэміі, паводле запісу ў дыпломе: “За эпічную моц увасаблен- ня… матываў і лёсаў з гісторыі Вашай краіны”. Наўрад ці хто возьмецца аспрэчваць справядлівасць такой фармулёўкі.

А дэбютаваў I. Андрыч як паэт і ўвогуле пісаў вершы ўсё жыццё, праўда, у сталыя гады іх амаль не друкаваў.

Каб разабрацца ў своеасаблівасцях творчых пошукаў гэтага на дзіва своеасаблівага пісьменніка, варта перш за ўсё прасачыць, як ён спалучаў дзве стыхіі — лірычную і эпічную. Беручы пад увагу знешне відавочныя прыкметы, можна сцвярджаць, што нейкая дваістасць праяўлялася з самага пачатку, паколькі дэбют і першы этап творчасці характарызуюцца менавіта цягаю да “вершаў у прозе”. Ды ці не значыла гэта, што малады пісьменнік, адштурхоўваючыся ад традыцыйна палярызаваных уяўленняў пра паэзію і прозу, імкнуўся пераадолець сутнасныя іх адрозненні? Дарэчы, і жанр некаторых пазнейшых твораў сам аўтар азначаў як “лірычныя запісы”, а крытыкі і даследчыкі часта ў дачыненні да яго карысталіся тэрмінамі “імпрэсіі”, “паэтычная проза”, “медытатыўная проза”, “эпічная паэзія”.

Так ці інакш, немагчыма абмінуць увагай дужа выразную формулу светаўспрымання ў сціслым тэксце з першага зборніка: “На што ні зірну — усё песня, і што ні крану — усё боль” (“Ех роntо”). Аўтар, ці лірычны герой, тут не проста нагадвае пра супярэчлівасці свету, не толькі фіксуе традацыі ў адчуваннях і магчымасцях успрымання, але і сведчыць, што нельга адначасова ва ўсёй глыбіні перадаць сапраўдныя радасць і пакуту — можаш захапіцца хараством, як кажуць, з першага погляду, аднак такая рэакцыя ў адносінах да навакольнага свету не з’яўляецца канчатковай, ды і адэкватнай, таму што больш грунтоўнае спасціжэнне рэальнасці непазбежна суправаджаецца болем, які вымушае спахапіцца, выклікае зняменне, абрывае першапачатковую ўзнёсласць і нават калі не абясцэньвае яе цалкам, дык, у любым выпадку, так ці інакш вывярае.

Ёсць падставы лічыць, што ў прыведзеным тэксце акрэсліваецца адзін з найважнейшых пачаткаў індывідуальнага светабачання, а таксама агульнай эстэтычнай праграмы аўтара. Правамернасць такой высновы няцяжка пацвердзіць, звярнуўшыся да іншых рэфлексій, якія ёсць у згаданай кнізе, а таксама да таго, што сфармулявана — з неўласцівай для сталага I. Андрыча катэгарычнасцю — у чарговым зборніку: “I няма іншай праўды, акрамя адной: болю, і няма другой рэальнасці, акрамя пакуты; болю і пакуты ў кожнай кроплі вады, іў кожнай сцябліне травы, і ў кожнай грані крысталу, і ў кожным гуку голасу жывога — у сне і наяве, у жыцці, перад жыццём, а напэўна, і пасля жыцця” (“Неспакоі”).

Такімі поглядамі ў пэўнай ступені прадвызначаўся і кірунак творчай эвалюцыі далей. Не без дай прычыны другая кніга паэзіі стала апошняй, а з ёю адначасова рыхтаваўся першы зборнік апавяданняў, які ўбачыў свет у тым самым 1920 г.

Андрыч-празаік ігнараваў чыстую фарматворчасць, пазбягаў штучнай інтэлектуалізацыі, адмаўляў дамінуючы тады элітарызм і эгацэнтрызм светаадлюстравання. Болын перспектыўнымі лічыў ён пошукі “спрадвечнай існаснасці”, а таму засяродзіўся на першаРОДНЫМ, прыРОДНЫМ, наРОДНЫМ. Гэта абумовіла многія вызначальныя асаблівасці твораў, а таксама, што не меней важна, падтрымлівала “ахоўныя рэакцыі” на другаснасць, пераймальнасць, эпігонства.

Многія ўласцівасці Андрычавай манеры, здавалася б, на паверхні. Аповед у яго вядзецца, як правіла, няспешна, з паўторамі, разнастайнымі ўдакладненнямі, паглыбленай рэфлексіўнасцю. I, што цікава, гэта ўспрымаецца без раздражнення, нават калі твая натура, твой чытацкі густ інакшага складу.

Няцяжка заўважыць, што ад самага пачатку ў творчасці пісьменніка вылучыліся матывы асаблівай значнасці. Паступова яны склалі нейкі персанальны фонд мастацкіх ідэй, а потым сталі ўспрымацца як апазнавальныя знакі аўтарскага светаадлюстравання.

Часта цікавасць да I. Андрыча тлумачаць перш за ўсё асаблівасцямі самога матэрыялу. Паводле ўспрымання збоку, без лішніх акцэнтаў на экзотыцы і актуальнай палітыцы, гэта мае пэўны сэнс (звернем увагу: нам, беларусам, асаблівы, тыпалагічна блізкі).

Радзіме пісьменніка, славянскаму краю на ўзмежжы Захаду і Усходу, выпаў лёс быць палігонам сутыкнення інтарэсаў і выпрабавання моцы тых дзяржаў, што выступаюць у ролях суб’ектаў вялікай палітыкі і імкнуцца пашырыць свае ўплывы, якія, чаргуючыся, толькі абвастраюць праблемы і супярэчнасці, прысутныя здаўна, але абвостраныя з прычыны ўмяшальніцтва знешніх сіл, не зацікаўленых, каб мясцовае насельніцтва захоўвала этнагенетычнае адзінства.

Гісторыя Босніі — вельмі сур’ёзная падстава для сумненняў у перспектыўнасці ідэй еўразійства, якія мелі распаўсюджанне раней і рэанімуюцца апошнім часам у іншых каардынатах, — адвеку вызначалася рознаскіраванымі чыннікамі, а таму і сам яе рух, і кожная важная падзея, і тып чалавека, што фарміруецца пры такіх умовах, характарызуюцца аб’ектыўнай ускладненасцю, асаблівай унутранай калізійнасцю.

Адсюль бярэ пачатак зыходны і ці не самы вызначальны матыў у творчасці Андрыча — БОЛЬ, ПАКУТЫ. А нароўні з ім — магчыма, як абумоўлены патрэбай ураўнаважыць яго, даць калі не антытэзу, не супакаенне, дык хоць бы шанец вярнуцца да надзеі, — узнікае і набывае шырокі сэнсавы дыяпазон матыў ЦІШЫНІ: “Цішыня дзеля малітвы, і сама яна як малітва” (“Мост на Дрыне”).

Можна знайсці шэраг тлумачэнняў, чаму пісьменнік усё жыццё біўся над разгадкамі таямніц МЯЖЫ, РУБЯЖА, КРАЮ і ПЕРАХОДУ. Гэта ў пэўнай ступені звязана з геапалітычнымі і этнакультурнымі асаблівасцямі роднай пісьменніку Босніі. РАКА ў яго, будучы сімвалам рухомага часу, увасабляе перш за ўсё неадменнасць (руху, кірунку, памкнення), а потым ужо зменлівасць, для яе самой як бы неістотную. I ў цеснай знітаванасці з гэтымі вобразамі паўстае — як пераадоленне межаў-перашкод, як умова няспыннасці руху, а значыць быцця — МОСТ.

Значнасць гэтага матыву ў творчасці I. Андрыча выяўляецца ўжо назвамі твораў: “Гісторыя моста”, “Масты”, “Мост на Жэпе”, “Мост на Дрыне”. А чаму так, сам пісьменнік тлумачыць: “3 усяго, што чалавек паводле жыццёвага інстынкту ўзводзіць і будуе, на мой погляд, няма нічога лепшага і ладнейшага, як масты. Яны больш важныя за дамы і больш святыя за храмы. Усім прызначаныя, усім аднолькавыя, карысныя, узведзеныя заўжды абдумана, у тым месцы, дзе перакрыжоўваецца найбольшая коль- касць людскіх патрэб, трывалей за іншыя збудаванні стаяць і не служаць нічому, што таемнае ці ліхое… Усё — пераход, мост, краі якога знікаюць у бясконцасці і параўнальна з якім усе зямныя масты толькі дзіцячыя цацкі, бляклыя сімвалы. А ўся наша надзея па той бок моста” (эсэ “Масты”).

Невыпадкова большасць твораў пісьменніка звернута да мінуўшчыны. Цяпер ужо відавочна, што яны стымулявалі развіццё айчыннай гістарыяграфіі. Ды і самі па сабе ўяўляюць дужа цікавы “збор летапісаў”. Звернем увагу на аўтарскія вызначэнні жанру раманаў: першы ім напісаны — “Траўніцкая хроніка”; наступны, “Мост на Дрыне”, меў падзагаловак “Вышаградская хроніка”; недакончаны, пасмяротна выдадзены “Амерпаша Латас” у час работы неаднойчы называўся “Сараеўскай хронікай”; зместам і фармальнымі прыкметамі да хранікальнасці, летапісання блізкія таксама “Трывожны год”, “Анічыны часы”, “Мост на Жэпе”, “Смерць у Сінанавай тэкіі”.

Пры ўсёй праўдзівасці ўвасаблення розных фактаў Андрычавы творы нельга змясціць у традыцыйныя рамкі так званай гістарычнай прозы. I самы славуты раман “Мост на Дрыне” — таму доказ.

Тое, што мы адзначылі, можа наводзіць на выснову, што I. Андрыч — песіміст. Не зусім так. Ён усведамляе вось што: “Усё будзе існаваць толькі як рух і толькі ў руху. У ім і мы. А за намі застаецца неазначаны, невымоўны і над усялякай мерай важны момант безыменнай велічыні і зманлівай, дзіўнай раўнавагі свету” (“На камені, у Пачытэлі”).

Выяўляць рух, азначаць неазначанае, іменаваць безыменнае, улоўліваць моманты зменлівасці, а тым самым імкнуцца падтрымліваць раўнавагу свету — задача пад сілу нямногім. Але, мяркуючы па ўсім, Іва Андрыч у іх ліку.

Спіс літаратуры

Андрыч, I. Трывожны год: аповесці і апавяданні / I. Андрыч; пер. і прадм. Б. Сачанкі. — Мінск : Маст. літ., 1978. — 368 с.

Андрыч, I. Мост на Дрыне : раман / пераклаў I. Чарота; Пракляты двор : апавяданні / пераклаў Б. Сачанка; прадмова, моўныя і краіназнаўчьм тлумачэнні I. Чароты, — Мінск: Маст. літ., 1993. — 591 с.

Іван ЧАРОТА