Чарота, І. «Інтэлігенцыя не ўзяла ад візіту таго, што павінна была і магла» / Іван Чарота ; [гутарыла] Вольга Мядзведзева // Звязда. – 2009. – 14 кастрычніка. – С. 7.

І. Чарота  падзяліўся сваімі думкамі пра вынікі Патрыяршага візіту ў Беларусь для інтэлектуальнай эліты грамадства.

«ІТЭЛІГЕНЦЫЯ НЕ УЗЯЛА АД ВІЗІТУ ТАГО, ШТО ПАВІННА БЫЛА I МАГЛА»

Падзяліцца сваімі думкамі пра вынікі Патрыяршага візіту ў Беларусь для інтэлектуальнай эліты грамадства «Звязда» запрасіла загадчыка кафедры славянскіх літаратур філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук, прафесара Івана ЧАРОТУ.

Іван Аляксеевіч, завяршыўся візіт Патрыярха ў Беларусь… Дарэчы, як больш правільна перакладаць: Свяцейшы альбо Найсвяцейшы, Свяцейшаства альбо Святасць?

— Свяцейшы і Свяцейшаства. Не бойцеся, гэта — не калька, а форма перадачы тытула, замацаваная ва ўсіх славянскіх мовах, якія практычна карыстаюцца гэтым паняццем. На жаль, калі ў нас адаптуюць такога роду словы, то чамусьці робяць гэта на прынцыпах чужых, а не сваіх традыцыйных і цалкам натуральных для сучаснай беларускай мовы. Гэтыя словы — нашы, «ад прадзедаў спакон вякоў», а не запазычаныя аднекуль. Таму: Свяцейшы Патрыярх, Яго Свяцейшаства.

Незвычайнасць гэтага візіту была ў тым, што Свяцейшы сустракаўся не толькі ўласна з паствай, вернікамі, але і з беларускай інтэлігенцыяй. Гэта і афіцыйна падкрэслівалася. Але што гэты візіт значыў для самой інтэлігенцыі?

— Перш за ўсё, не будзем забывацца, што гэта візіт новага першаіерарха Рускай Праваслаўнай Царквы, кананічная тэрыторыя якой уключае Беларусь, і ў нашу краіну ён першы — прычым адзін з самых першых візітаў Патрыярха за межы Расійскай Федэрацыі. Таму наведванне Яго Свяцейшаствам Беларусі першапачаткова мела адпаведнае грамадска-палітычнае значэнне. І якраз гэта было асноўным у чаканнях грамадства, ды і ў падрыхтоўцы і здзяйсненні візіту, а таксама ў рэакцыях грамадскасці на яго.

Найперш у гэтым плане яго ўспрымалі і замежнікі, і большасць нашых суграмадзян, незалежна ад ступені ўцаркоўленасці, нават незалежна ад веравызнання: да візіту такой высокай асобы праяўлялі ўвагу і, адпаведна, павагу прадстаўнікі ўсіх канфесій. Скажам, на сустрэчы ў Палацы Рэспублікі было шмат і католікаў, і пратэстантаў, і прадстаўнікоў структур, якія маюць міжканфесійны характар. Так што ёсць усе падставы ацэньваць гэты візіт пераважна ў аспектах грамадска-палітычным (уласна для Беларусі), агульна-палітычным (улічваючы адносіны з Расіяй, Украінай, суседнімі краінамі) і нават геапалітычным (бо такое значэнне, безумоўна, таксама было).

Адпаведна, гэта ўлічвала і выяўляла ў сваіх рэакцыях інтэлігенцыя розных сфераў, розных колаў, розных поглядаў. На сустрэчы з Патрыярхам Кірылам прыходзілі навукоўцы — прычым не толькі гуманітарыі, педагогі, прадстаўнікі творчых прафесій — мастакі, артысты, пісьменнікі. Наколькі магу меркаваць, у асноўным іх запатрабаванні зводзіліся да таго, каб, паслухаўшы Патрыярха, як след зразумець ролю Рускай Праваслаўнай Царквы ў стаўленні да цяперашняй Беларусі, да нашай канкрэтна сітуацыі. А чаканні пераважна заключаліся ў тым, каб усвядоміць, што гэтая роля — пазітыўная.

Пры гэтым, як вядома, рэакцыі былі неадназначныя. Натуральна, не магла не заявіць пра сябе інтэлігенцыя палітызаваная, у першую чаргу — моладзь, якую сканцэнтравалі ці, дакладней сказаць, зацыклілі на спецыфічным разуменні нацыянальных праблем, якая па недаўменні прыняла падманную тэзу, што Царква абавязкова павінна быць нацыянальнай, а візіт Патрыярха звязвала-змешвала з уласна палітычнымі падзеямі, у тым ліку ваенна-палітычнымі мерапрыемствамі, да якіх Царква не мае і не павінна мець непасрэдна дачынення, бо яна, па вялікім рахунку, «не ад свету гэтага».

Безумоўна, для ўсіх істотна ўсведамленне духоўнага значэння візіту Патрыярха Кірыла. Ды пра гэта трэба каб сказалі, відаць, свяшчэннаслужыцелі. А я, у межах сваёй кампетэнцыі і свайго досведу, магу толькі яшчэ раз адзначыць, што запатрабаванні, чаканні і спадзяванні на візіт з боку інтэлігенцыі пераважна, калі не цалкам, былі ў сферы не ўласна царкоўнай і не ўласна духоўнай. I ў выніку, мяркуючы па ўсім, інтэлігенцыя не ўзяла таго, што павінна і магла ўзяць ад гэтага візіту. Вось тут ёсць пэўная супярэчнасць.

Праваслаўная грамадскасць да гэтай падзеі ставілася і ставіцца з вялікім піетэтам. Пра гэта сведчыць і грунтоўная падрыхтоўка (у нас выдадзена кніга прамоў новага Патрыярха, каляндар з яго партрэтам і інш.), і ўвага літаральна ўсіх СМІ Беларусі, і тое, што вернікі падыходы да храмаў, якія наведваў Свяцейшы, засыпалі кветкамі — згадзіцеся, кранальна… Належную пашану праваслаўнаму першаіерарху выказалі таксама прадстаўнікі іншых канфесій сталага ўзросту.

А маладыя людзі — атэізаваныя, што называецца, генетычна, хоць некаторыя пакручастымі сцежкамі ідуць да веры і сярод іх нямала тых, што лічаць сябе праваслаўнымі, — не атрымалі зыходна пазітыўнай матывацыі ў стаўленні да гэтага візіту, і ўспрымалі яго з пазіцый ранейшых часоў. Яны ў спадчыну атрымалі своеасаблівы «інтэлігенцкі» погляд на Царкву, які цяпер па сутнасці сваёй не толькі бясплённы, але і шкодны. Бо нельга ж успрымаць Царкву толькі як арганізацыю, прычым толькі сацыяльную і палітычную, а пры гэтым самую шматколькасную з усіх існых. Нельга, адпаведна, і ролю Патрыярха ўспрымаць як галоўнага кіраўніка гэтай арганізацыі, чакаць ад яго выканання палітычных функцый. Бясспрэчна, Патрыярх Кірыл — высокааўтарытэтны грамадскі дзеяч, вядомы дыпламат, прызнаны дзеяч міжнароднага ўзроўню. Гэта вельмі істотна. Аднак гэтым яго ролю нельга абмяжоўваць. Ён — духоўны архіпастыр і самы адказны малітоўнік за лёсы паствы, г.зн. народаў, якія складаюць Рускую Праваслаўную Царкву і Усяленскае Праваслаўе.

Такімі вось аберацыямі абумоўліваліся разыходжанні ў стаўленні да візіту. Акрамя гэтага, заканамерна, інтэлігенцыя новага Патрыярха ацэньвала, параўноўваючы яго з папярэднікам, улічваючы практыку сустрэч з блажэннай памяці Патрыярхам Аляксіем II.

Як інтэлігенцыя ўспрыняла прамову Патрыярха ў Палацы Рэспублікі?

— У цэлым, з належнай увагай і разуменнем. Як-ніяк, Яго Свя- цейшаства звярнуўся да вузлавой праблемы — месца і ролі нашай краіны ва ўсходнеславянскай супольнасці і ў праваслаўнай эйкумене. Ён выклаў сваё разуменне гісторыі, цяперашняй сітуацыі, а таксама і перспектыў. Вядома, яго погляды падзялялі не ўсе прысутныя. Але для праваслаўнай інтэлігенцыі істотна тое, што пазіцыя Царквы акрэслівалася цвяроза, паслядоўна і цвёрда. Акрамя таго, заўважана, што Патрыярх звяртаўся менавіта да шырокага кола прадстаўнікоў грамадскасці, улічваючы і тых, хто настроены радыкальна ў стаўленні да праблем самавызначэння беларусаў. У любым выпадку, змест прамовы сведчыў, што прамоўца не ігнаруе супярэчнасцяў, імкнецца ўлічваць асаблівасці гісторыі беларускага народа і сфарміраванага імі характару, усведамляе наяўнасць пэўных калізій у нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве і нацыянальна-культурным развіцці. Пры гэтым былі расстаўлены адпаведныя акцэнты.

Беларуская інтэлігенцыя — найперш гуманітарная, творчая — тая, што нацыянальныя пытанні ўспрымае не проста як важныя, але і як неадменна балючыя — вельмі насцярожана ставіцца да маскоўскага погляду «з вышыні званіцы Івана Вялікага». А ў многіх палітыкаў і нават дзеячаў культуры, прадстаўнікоў Расіі (дакладней, Масквы), гэтая пазіцыя проста выпірае. Ды з вышыні званіцы не бачна таго, што насамрэч адбываецца ўнізе — і ў нас, і ва Украіне, і ў іншых частках праваслаўнага свету. Дык вось тыя, хто чакаў якраз такой пазіцыі, пераканаліся, што погляды Патрыярха Кірыла іншыя, што ён спрабуе-такі глядзець на нашу краіну і нашы турботы не «зверху», «па вертыкалі», здольны бачыць яе на рэальным узроўні, з адпаведнымі гарызонтамі. Гэта істотна. Тым больш, што вельмі станоўчы фон нязменна ствараў і наш мудры Уладыка, Мітрапаліт Філарэт.

Нельга абмінуць і такі яшчэ аспект. Тая частка інтэлігенцыі, якая па інерцыі застаецца ў атэізме і па-ранейшаму на Царкву глядзіць недаверліва-скептычна, звярнула ўвагу перш за ўсё на тое, што першаіерарх Рускай Праваслаўнай Царквы — асоба, не замкнёная сценамі келлі, мурамі манастыра, а з шырокімі даляглядамі, рознабаковай інфармаванасцю, і пра ўсё, што адбываецца ў свеце, мае больш дакладныя, больш глыбокія, чым у многіх свецкіх дзеячаў, уяўленні. Значыць, іншыя іерархі таксама не зусім «цемрашалы», іх светапогляд — не схема, якая складаецца з некалькіх «дагматаў». Інтэлектуальны багаж Патрыярха Кірыла і дыяпазон яго досведу, а таксама талент прамоўцы, бясспрэчна, многіх уражваў. Станоўчы вынік ёсць, безумоўна, і ў гэтым. Праўда, не заўсёды лепшыя паслугі Патрыярху рабіў протадыякан Андрэй Кураеў, прафесар МДА, лекцыі якога папярэднічалі візіту.

Магчыма, яшчэ адзін важны вынік візіту — ініцыяцыя ў беларускім грамадстве дыскусіі вакол выкладання ў школах асноў хрысціянскай культуры?

— Дарэчы, я не з’яўляюся прыхільнікам неадкладнага ўвядзення Закона Божага ў цяперашнюю агульнаадукацыйную школу. Пэўна, ні ў якім разе нельга забараняць і прыпыняць ініцыятывы, дзе яны аб’ектыўна правамерныя. Аднак бачу, што тут існуе цэлы клубок досыць складаных праблем. I калі Закон Божы ўвесці паспешліва, гэта будзе не на карысць, а хутчэй на шкоду. Па-першае, у нас няма кадраў для таго, каб такі прадмет выкладаць ва ўсіх школах. Гэта можна і трэба рабіць там, дзе выспела сама сітуацыя. Я ведаю такія канкрэтныя месцы — напрыклад, у Маладзечне, Пружанах… Там ужо склалася асяроддзе, нават стыхійна спачатку, а потым замацавалася больш-менш трывала — калі на гэта нармальна рэагуюць улады, органы сістэмы асветы, адміністрацыя школы, а галоўнае — бацькі школьнікаў, калі да гэтага з поўным разуменнем ставяцца педагагічныя калектывы ў цэлым, знайшліся свяшчэннаслужыцелі, якія ў цесным кантакце і згодзе з настаўнікамі робяць агульную справу асветы і выхавання.

А ў іншым выпадку, глядзіце, што атрымліваецца. Кожны вучань з першага і да апошняга класа адукоўваецца як нашчадак малпы. Што вядзе сваё паходжанне ад прыматаў, ён нязменна чуе ад усіх настаўнікаў, чытае ва ўсіх падручніках, ды і сам гэта гаворыць, калі правяраюць вывучанае. Так адбываецца ўвесь перыяд яго вучобы на працягу пяці-шасці урокаў штодзённа. I вось раптам, на шостым ці сёмым уроку, нехта пачне яму расказваць, што ён паходзіць ад Адама. Як гэтаму дзіцяці рэагаваць на пачутае? I колькі ж пыганняў узнікне ў галаве яго?! Такіх, напрыклад: «Хіба ж памыляюцца ўсе нашы настаўнікі — скажам, паважаныя і заслужаныя гістарычка Акцябрына Уладленаўна, біялагіня Сняжана Нарцысаўна, фізічка Дзіяна Зыгмунтаўна, хімік Алмаз Нейтронавіч… — разам з аўтарамі падручнікаў? А ці яны хлусілі? Зноў-такі, калі гэта няпраўда, то чаму вучоныя ўсім не растлумачаць? Няўжо адзін бацюшка разумнейшы за ўсіх настаўнікаў, разам узятых? А калі ён такі разумны, то чаму да яго ў царкву мала людзей ходзіць? I нездарма ж настаўнікі нашы ні нагой туды?»

Які сэнс пытацца пра гэта ў бацькі з маткаю, калі яны заўжды адно скажуць — каб урокі вучыў, кніжкі чытаў, а там чорным па белым: Чарльз Дарвін даказаў…? Згадзіцеся, у такіх выпадках непазбежна раздваенне свядомасці, а гэта ўжо катэгорыя не толькі духоўная, але і псіхіятрычная. Маральная таксама, бо дзіця вымушана альбо на шасці асноўных уроках, альбо на адным дадатковым гаварыць «як трэба» — іншымі словамі, хлусіць. Дык давайце спачатку хоць бы перагледзім усе школьныя праграмы і падрыхтуем педагогаў, якія паходзяць не ад малпы.

Сапраўды, калі цяпер увесці такі прадмет, нават факультатыўна, хто пойдзе яго выкладаць? Тыя, каму бракуе нагрузкі на стаўку альбо адстаўныя піянерважатыя — у любым выпадку, не падрыхтаваныя належным чынам кадры. Дапускаю нават, што яны возьмуцца выкладаць старанна «па кніжках» і ў адпаведнасці з «метадычнымі рэкамендацыямі». Але ж пры гэтым будуць гаварыць адно, а ў сапраўднасці сваім жыццём паказваць іншае. Прынясе гэта карысць? Толькі шкоду. Не, гэта нельга рабіць з бухты-барахты.

А з іншага боку, для Інстытута тэалогіі невырашальнай з’яўляецца праблема ўладкавання выпускнікоў. Пакуль што, праўда, нешматлікіх. Але ж і гэта праблема, таксама як належная кампаноўка іх спецыяльнасці з канкрэтным паваротам да агульнаадукацыйнай школы. Ці ж проста вырашыць нават пералічаныя рэальныя праблемы? А ў нас, акрамя таго, паўсюдная шматканфесійнасць. I ўвядзення праваслаўнага Закона Божага ў заходніх рэгіёнах можа натыкнуцца на супраціўленне, прычым сур’ёзнае.

Як вы лічыце, наколькі Царква сёння гатовая да кроку ў бок, альбо лепей сказаць унутр секулярызаванага грамадства?

— Я думаю, што Царква на гэта гатовая больш, чым само грамадства. Мне ў сувязі з гэтым часам згадваецца наступная метафара: усе мы на роўнай адлегласці ад Бога, але не на аднолькавай адлегласці ДА Бога. Бо апошняе залежыць ужо ад таго, рухаецца чалавек насустрач Богу ці не.

Царква цяпер мае магчымасці непараўнальныя з тымі, якія былі ў папярэдні перыяд. Магчымасці ў розных адносінах. Скажам, кадры — сур’ёзна падрыхтаваныя ў духоўных школах; выдавецкія структуры — здольныя забяспечваюць патрэбы ў духоўнай літаратуры, і г.д. вось грамадства змянілася далей не так прыкметна. I жаданыя змены адбыцца хутка наўрад ці змогуць.

Дарогу да храма цяпер ведаюць многія. Але тых, хто стала ўдзельнічае ў літургічным жыцці Царквы, нават тых, хто рэгулярна моліцца, усведамляючы гэта як духоўную патрэбу, насамрэч няшмат. А аматары статыстыкі сцвярджаюць, што такіх каля 10 працэнтаў ад усяго насельніцтва постсавецкай прасторы. Згаджаюся, што гэта блізка да праўды. Несумненна, ёсць яшчэ тыя, што заходзяць у храмы час часу, па-сапраўднаму не ведаю дзеля чаго — ну, на ўсялякі выпадак, а калі канкрэтна, то набраць як мага большы слоік святой вады, купіць грамнічную свечку, асвяціць яблычкі. Хоць гэта таксама правіла нармальнага працэсу вяртання блудных сыноў. I гэта добра.

Дык наколькі актыўнай ваш погляд, павінна быць Царква ў такой сітуацыі?

— Галоўнае, каб актыўнасць не перарастала ў агрэсіўнасць. Як і назіраецца з боку іншых канфесій. Уласна, я сам неаднойчы меў нагоды пакпіць і з сябе, і са свайго асяроддзя: маўляў, праваслаўныя заўсёды ў апошні вагон заскокваюць, маўляў, не хапае ўчэпістага пракцызму, прагматызму, а то і проналежнай актыўнасці. Сапраўды такое часта і ў многіх сітуацыях яўляецца сярод праваслаўных. А крытыкі з боку яшчэ нязменна абвінавачваюць нежаданні служыць прагрэсу. Што ўжо мае іншы сэнс. Магчыма ў некаторых сітуацыях Царква магла б дзейнічаць інакш. Найперш у тых,  якія загадзя нечага патрабуюц ад яе! А вось праваслаўная інтэлігенцыя павінна сведчыць пра гэта больш упэўнена.

Але важна, каб актыўнасць не пераходзіла ў агрэсіўнасць. Бо тады нават высакамэтнае місіяінерства абернецца ліхам. Такога рода акцыі непазбежна выклікаюць акцыі, неадэкватныя дзеянні — працьдзеянні. Асабліва ў дачыненні да моладзі і «эмансіпаванай» ітэлігенцыі. У гэтых выпадках часовыя вынікі амаль нічога не значаць. Спадзюся, што такі спосаб прыцягне да Царквы — а выкарыстанне некаторыя гарачыя галовы лічыць для нас патрэбным і самым атуальным — лёгка можа абярнуцца разбурэннем традыцыйнага прваслаўнага асяроддзя.

Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА