Час пазнанняў і адкрыццяў // Кобрынскі веснік. – 2003. – 26 красавіка.

У СШ № 1 вучыўся Я. Боўбель, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.

Час пазнанняў і адкрыццяў

Гісторыя школы і Кобрыншчыны ў кнізе «Памяць. Кобрынскі раён». Так можна назваць сустрэчу. якая адбылася днямі ў СШ № 1. У госці да педкалектыву і вучняў прыйшлі людзі, чые прозвішчы адзначаны ў кнізе і якія вучыліся ці працавалі ў школе, а таксама тыя, што прымалі ўдзел у выпуску «Памяці».

Уважліва слухалі ўдзельнікі сустрэчы расказы заслужанай настаўніцы, былога дырэктара школы Ніны Амельянюк, заслужанага работніка культуры, былога супрацоўніка школы Ігара Чэрніка. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кнігі «Памяць» прымала дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Ніна Пліско. Яна расказала вучням і дарослым аб той вялікай і карпатлівай рабоце, якая папярэднічала выпуску гэтага дарагога для кожнага з нас выдання.

А калі размова зайшла пра былога вучня школы Яўгенія Боўбеля, засяродзіліся самыя непаседлівыя. Дзіва што! Гэты выпускнік СШ № 1 — сёння кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, працуе на факультэце радыёфізікі і электронікі БДУ. На яго рахунку больш за 200 навуковых публікацый, ён ганаровы прафесар Ліонскага ўніверсітэта, у 2000 годзе ўзнагароджаны міжнародным «Медалём гонару», увайшоў у лік 5000 знакамітых людзей свету… А расказала аб усім гэтым завуч школы Людміла Лазюк, родная сястра нашага земляка, што для вучняў стала прыемнай нечаканасцю.

Сустрэча ў школе стала часам новых пазнанняў і асабістых адкрыццяў, асабліва для маладых удзельнікаў.