Штэйнер, І. Прафесар з душою паэта / Іван Штэйнер // Роднае слова. –– 2012. – № 9. – С. 3-6.

Да 60-годдзя Івана Чароты.

ПРАФЕСАР 3 ДУШОЮ ПАЭТА

Усё ў ім арганічна ўвасабляецца ў адметным парадаксальным адзінстве. Сам ён ніколі не імкнецца да нібыта неабходнай паводле яго статусу знешняй эпатажнасці, класічнай імпазантнасці, звыкла стараецца застацца сціплым і непрыкметным. Аднак заўсёды трапляе ў цэнтр увагі дзякуючы зусім іншым, ужо не знешнім, а глыбока ўнутраным фактарам: незвычайнай засяроджанасці ў думках, сур’ёзным адносінам да ўсяго, вялікай духоўнай дзейнасці, пра што сведчыць пільны позірк з-пад шкельцаў акуляраў. Гэтую магутную ўнутраную энергетыку адчуваеш усё болей, калі набліжаешся да яго і трапляеш у поле ўздзеяння асобы, да якой ужо не застанешся абыякавым. Можаш яе цалкам прымаць, захапляцца ці гэтак жа цалкам адмаўляць, але абыякавым не будзеш.

Гаворка ідзе пра доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івана Аляксеевіча Чароту, вядучага славіста нашай краіны, у душы якога паядналіся любоў да Беларусі і славянскага сусвету ў цэлым.

Некалі М. Святлоў здзіўлена пытаўся ў сваёй славутай баладзе: “Откуда у хлопца испанская грусть?” Вытокі любові I. Чароты да славян- скага свету больш рэальныя і вытлумачальныя, чым захапленні ўкраінскага парубка далёкай і мройнай Гранадай, як у згаданым творы.

Дзяцінства будучага даследчыка прайшло ў вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна. Гэтая мясціна адметная многім, але найперш сваёй гаворкай, у якой спалучыліся элементы розных моў, што падчас ставіла лінгвістаў у складанае становішча. Нават А. Разанаў, які нарадзіўся непадалёк, убачыўшы на лінгвістычным атласе заштрыхаваныя родныя мясціны крыўдзіўся, што ягоную родную мову назвалі пераходнымі гаворкамі.

Так склалася, што Іванька вучыўся чытаць і па раённай газеце “Камуністычная праўда”, і па сталічнай “Правде”, і па польскім буквары, што застаўся ад бацькоў ад “повшэхной” польскай школы. Акрамя таго, у дзеда былі Евангелле, а таксама “Кобзарь” Т. Шаўчэнкі, зразумела, на стараславянскай і ўкраінскай мовах, якія той даваў чытаць свайму ўлюбёнаму ўнуку.

Асабліва схільнасць і здольнасці да моў раскрыліся ў Івана Чароты ў часы вучобы ў БДУ, калі ён поруч з іспанскай мовай вывучаў сербскую. У тыя часы ў галоўнай ВНУ рэспублікі была магутная філалагічная школа, ля вытокаў якой стаялі прафесар А. Супрун і славуты балгарыст У. Карпаў. Усе студэнты вучылі славянскія мовы, хоць трэба зазначыць, што большасць абмежавалася толькі шэрагам вітальных слоў, якія потым паспяхова забыліся.

Іван Чарота, які ўжо тады быў ледзь не легендарнай асобай (праславіўся тым, што кіпяціў сухое віно, каб пазбавіцца прастуды), амаль самастойна вывучыў сербскую мову настолькі дасканала, што нават пэўны час працаваў гідам-перакладчыкам. 3 цягам часу жаданне вандраваць з турыстамі знікла, а памкненне да вывучэння паўднёваславянскіх моў засталося. У дадатак Іван Аляксеевіч засвоіў славенскую і македонскую мовы, якія ведае не толькі на кніжным, але і на гутарковым узроўні, што дазваляе яму быць сваім у любой частцы Балканаў.

Відаць, тады і захапіўся палескі хлопец прыгажосцю, сілай і веліччу славянскага свету, згадваючы выслоўе славутага летапісца Нестара “Един есть народ славянский”. А як жа інакш, калі існуе чатырнаццаць славянскіх дзяржаў, якія займаюць амаль шостую частку зямнога шара, з насельніцтвам болей чым 300 мільёнаў. А калі да іх далучыць славянскія дыяспары — то амаль паўмільярда разумных і прыгожых людзей, якія вылучаюцца пасіянарнасцю і нясуць людству сваю праўду.

Малады таленавіты даследчык быў пакінуты ў аlmа mаtег для падрыхтоўкі дысертацыі і будучай выкладчыцкай дзейнасці. Першую на- вуковую ступень ён здабыў у Ленінградзе, абараніўшы дысертацыю па рэцэпцыі творчасці М. Шолахава ў літаратурах Югаславіі (1986). Сур’ёзнае навуковае даследаванне, абароненае ў культурнай сталіцы Расіі, сведчыла пра тое, што ў навуку прыйшоў сапраўдны вучоны з уласным бачаннем сутнасці і спецыфікі літаратуры як віду мастацтва ў эпоху глабалізацыі, здольны даць сваю інтэрпрэтацыю эстэтычных з’яў, якія адбываюцца ў адной з самых цікавых мясцін Еўропы.

3 таго часу Іван Чарота — самы кампетэнтны славіст у Беларусі ў сферы літаратуразнаўства, як у мовазнаўстве Генадзь Цыхун. На працягу звыш чвэрці стагоддзя ён з’яўляецца галоўным кансультантам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” па ўсіх пытаннях, звязаных з паўднёваславянскімі народамі і іх культурамі, ім упершыню складзена поўная бібліяграфія беларуска-югаслаўскіх літаратурных сувязей, надрукаваная ў бялградскім часопісе “Мостови” і ў дапаможніку для беларускіх студэнтаў “Югаславянскія літаратуры і культуры”. Ён галоўны рэдактар шматлікіх альманахаў “Славянскія постаці”; згадаем два выпускі 2003 г., у якіх надрукаваў дасканалыя партрэты вядучых сербскіх пісьменнікаў I. Андрыча і Д. Максімавіч.

Іван Аляксеевіч напісаў сур’ёзнае даследаванне “Сербская паэзія” (1989), дзе адным з першых у Беларусі расказаў пра паэзію братняга народа. Праз дзесяць гадоў разам са сваім та ленавітым вучнем славістам М. Трусам выдаў аб’ёмную працу “Югаславянскія літаратуры і культуры”.

Сапраўднай энцыклапедыяй жыцця паўднёваславянскіх братоў стала грунтоўнае даследаванне “Народ сербскі: яго абрады і звычаі, святы і святыні” (2006), дзе вучоны глыбока і разам з тым замілавана, з любоўю паказаў, чым вылучаецца гэты люд сярод братоў-славян.

Менавіта I. Чарота стаў ініцыятарам і арганізатарам падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «Сербская мова і літаратура», для паспяховай падрыхтоўкі якіх склаў адукацыйныя стандарты па гэтай спецыяльнасці, “Праграму асноўных і спецыяльных курсаў па гісторыі славянскіх лі- таратур” (2000), шэраг дапаможнікаў, сярод якіх вылучаецца важкае выданне, першае ў Беларусі на сербскай мове “Српска кньижевност: Антоло- гіjа текстова. Кнь,. I — V” (2002 — 2007).

Паважаны прафесар не толькі ўдумлівы і глыбокі даследчык, але і здольны паэт. Уражаны багаццем паўднёваславянскай паэзіі, ён вырашыў данесці яе да беларускага чытача. Але як арыгінальная і творчая асоба вырашыў зрабіць гэта не проста як звычайны перакладчык, а як паэт-прафесар, бо сам напісаў навуковую працу, прысвечаную гэтай найскладанейшай праблеме перастварэння мастацкіх узораў з блізкароднасных моў “Мастацкі пераклад на беларускую мову: Асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі” (1997), і бліскуча на практыцы сцвердзіў асноўныя тэарэтычныя пастулаты. Усяго ён здзейсніў каля 1000 (sіс!) перакладаў з самых розных моў, найперш з моў паўднёвых славян. Дзякуючы яму па-беларуску загаварылі Іва Андрыч, Браніслаў Нушыч, Добрыца Чосіч, Дэсанка Максімавіч, Бранка Чопіч, Драгаслаў Міхаілавіч. Сапраўдным святам для дзятвы стаў выхад зборніка сербскіх народных казак “Мовы ўсяго жывога” (2007) і кнігі “Югаславянскія казкі” (1999).

Шаноўны паэт-прафесар прыкладае выключныя намаганні, каб беларускае слова загучала і на Балканах. У гэтым ён дасягнуў значных по- спехаў. Так, у Бялградзе ў 1993 г. убачыла свет “Антологиjа белоруске поезіjе”, а ў 2000 — “Лирика источних Словена”. Іван Аляксеевіч на пе- раломе стагоддзяў здзейсніў унікальны праект, калі ў 2000 г. выдаў на чатырох мовах “Антологию лирики восточных славян”.

Іван Чарота адкрыў нашаму чытачу сербскую багаслоўскую літаратуру XX ст., пераклаў кнігі свяціцеля Мікалая (Велеміравіча) і прападобнага Іўсціна (Попавіча). Развагі пра сутнасць велічы Хрыста ва ўспрыманні свяціцеляў і вялікага пісьменніка Ф. Дастаеўскага дазволілі беларускаму даследчыку па-новаму паспрабаваць спасцігнуць сутнасць веры, бо ўсе цытуюць словы Фёдара Міхайлавіча зусім не так, як яны задуманы вялікім пісьменнікам і філосафам. I. Чарота следам за Іўсцінам сцвярджае, што ў вы- слоўі “Красота спасет мир” гаворка ідзе зусім не пра абстрактную прыгажоспь, а пра прыгажосць і веліч запаветаў Збавіцеля. Падобная вы- ключная заглыбленасць у анталагічныя праблемы быцця, жаданне самому дайсці да ісціны і характарызуе ў значнай ступенітраны свет вучонага, які імкнецца арганічна паяднаць Слова і слова, слова Божае і паэтычнае. Вось чаму “Малітвы на возеры” свяціцеля Мікалая ў перакладзе беларуса становяцца часткай духоўнай існасці ўсіх славян.

На Балканах знаходзяцца вытокі праваслаўя. На славутым Охрыдскім возеры засталіся старадаўнія манастыры і цэрквы, знешні выгляд якіх так нагадвае старажытныя візантыйскія храмы. Яны здзіўляюць сваімі невялікімі памерамі і адначасова магутнай энергетыкай, якая амаль відавочна ўздзейнічае на вернікаў. Менавіта ў гэтым шукае I. Чарота элементы сла- вянскага адзінства.

Цудоўна ведаючы роспісы паўднёваславянскіх храмаў, ён шукае падабенства не ў знешніх праявах, а ва ўнутраным з’яднанні, найперш у слове, якое павінна выступіць галоўным чыннікам яднання. Вось чаму на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён з’яўляецца сакратаром Біблійнай камісіі Беларускага Экзархата РПЦ, падтрымлівае цесныя сувязі з Царкоўна-наву- ковым цэнтрам “Православная Энциклопедия” (Масква).

Іван Чарота — складальнік і рэдактар зборніка “Православие в славянских культурных традициях” (Мінск, 1996); рэдактар і перакладчык рускамоўнай версіі міжканфесійнага часопіса “Самарянин” (Беласток, 1996 — 2000); рэдактар кніг “Уния. Сборник документов” (1977), “Полоцкая епархия” (1997), “Плакид Янковский. Записки сельского священника” (2004), “Архіепіскап Афанасій (Мартас)”, “Матэрыялы да Гісторыі Праваслаўнай Беларускай Царквы” (2004). Яго надзвычай хвалюе тое, на якой мове трэба звяртацца славянам да Бога, менавіта таму з-пад ягонага пяра выйшла кніга “Беларуская мова і царква” (2000). Шмат часу I. Чарота аддае працы на пасадах сакратара Біблійнай камісіі Беларускага Экзархата РПЦ, якая ажыццяўляе пераклад Святога Пісання і богаслужбовых тэкстаў на бе- ларускую мову, і выканаўчага рэдактара часопіса “Праваслаўе”.

Іван Аляксеевіч выдаў дзве адметныя кнігі, дзе сабраны паэтычныя і празаічныя ўвасабленні Слова Божага ў беларускай нацыянальнай традыцыі: “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі” (2001), “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай прозы” (2002), без якіх цяпер цяжка ўявіць развіццё рэлігійнай думкі ў нашым краі.

За падзвіжніцкую дзейнасць Іван Чарота ўзнагароджаны ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага III ступені, ён лаўрэат прэміі імя К. Астрожскага, заснаванай Фондам князя Канстанціна Астрожскага і польскім часопісам “Przeglad pravoslawny” (1999), лаўрэат прэміі “За духоўнае Адраджэнне” (2003).

Шаноўнаму юбіляру з усіх бакоў свету відаць родная старонка. Некалі любімы ім вялікі Кабзар згадваў:

I чужому научайтесь,

Й свого не цурайтесь,

Бо хто матір забуває,

Того Бог карає

Цудоўнае веданне славянства не толькі не засланіла някідкую прыгажосць Беларусі, але і дазволіла па-новаму зірнуць на звыкла-трады- цыйнае, адчуць нязменную любоў да роднага краю. Я памятаю, з якім захапленнем ён распавядаў маладзенькаму македонскаму таксісту, што вёз нас у Скоп’е з Охрыда, пра далёкую Беларусь. I хлопец, манеўруючы сярод гор і тунэляў, не мог паверыць, што недзе далёка-далёка ёсць краіна, дзе зусім няма гор, а толькі раўніна з лясамі і балотамі, рэкамі і азёрамі. Відаць, у часы падобных падарожжаў і аналізаваў вучоны, у чым жа спецыфіка кожнай з краін, што разам складаюць вялікі славянскі сусвет.

Некалі А. Адамовіч заклікаў спазнаваць родную літаратуру “здалёк і зблізку”. Няма сумненняў, што, разважаючы пра долю літаратур братэрскіх народаў, наш зямляк больш выразна ўсведамляў і шляхі развіцця айчыннага прыгожага пісьменства, пра што ён і захацеў распавесці ў калектыўнай манаграфіі “Беларуская савецкая літаратура за мяжой” (1988). Але з набытым вопытам многія праблемы давялося вырашаць па-новаму, на больш высокім узроўні.

Вось тады і з’явілася манаграфія “Пошук спрадвечнай ісціны” (1995), а таксама вялікая колькасць артыкулаў у самых аўтарытэтных навуковых і мастацкіх часопісах, што разам склалі аснову доктарскай дысертацыі “Бела- руская літаратура XX стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавізначэння”, якую ён з поспехам абараніў у БДУ у 1998 г. Бадай што ніхто на такім высокім узроўні не гаварыў на пераломе тысячагоддзяў пра спецыфічны беларускі менталітэт у сувязі з навакольным асяроддзем, адметнасцямі ландшафту, раслінным і жывёльным светам, кліматам, умовамі пражывання нацыі менавіта на гэтай канкрэтнай зямлі. Чым жа адрозніваюцца славяне, што жывуць на балоце, ад братоў, што адваёўваюць жыццёвую прастору ў бурнага мора ці гранітных гор? Іван Чарота доказна і пераканальна паказаў працэс стварэння канкрэтнай славянскай нацыі, дзе арганічна спалучаюцца агульначалавечыя і індывідуальна-адметныя чыннікі, што і надаюць кожнай з іх непаўторнае аблічча, што якраз найболын дасканала ўвасоблена ў фальклоры і літаратуры, народных песнях і прафесійным мастацтве.

Многія паспрабавалі пайсці шляхам вучонага, аднак першапраходцам застанецца ён. Хоць нікому тут не замінаў. Наадварот, падтрымліваў. Так, быў рэдактарам даследавання “Космас і чалавек у дэндралагічным кодзе беларускага фальклору” (2006) I. Швед. I цяпер многія ўслед за Іванам Аляксеевічам хочуць разабрацца: што ж з’яўляецца нязменным і спрадвечным сімвалам нашага краю — бусел, балота, дрыгва, лес і г. д.?

Заслуга Івана Чароты ў тым, што ён быў сярод тых, з чыйго блаславення пускалі ў свет арыгінальны зборнік “Пан лес” А. Сыса, ён пісаў грунтоўныя рэцэнзіі на кнігі маладых паэтаў, актыўна ўдзельнічаў у дыскусіях па сучасным літаратурным працэсе. Няхай не так часта, як таго і хацелася. Але ж усе яго выступленні надзвычай актуальныя, доказныя, пераканальныя. Ягонае слова заўсёды важкае, значнае. Прычым незалежна ад таго, дзе ён друкуецца ці выступае. Я меў мажлівасць назіраць за выступлен- нямі I. Чароты на самых розных канферэнцыях. Асабліва ўражвае ўдзел у дыскусіях міжнароднага ўзроўню. Так, на Міжнародным з’ездзе славістаў у Охрыдзе (Македонія, 2008) ён уразіў усіх прысутных эрудыцыяй, здольнасцю весці палеміку з апанентамі на іх мовах, імгненна знаходзіць адпаведныя прыклады для падмацавання сваіх сур’ёзных тэзісаў і высноў не толькі з усходнеславянскіх, але і з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай літаратур. I як было прыемна і радасна для ўдзельнікаў нашай дэлегацыі, калі даследчыкі ўсіх славянскіх краін глядзелі на беларускага вучонага з вялікай павагай і нават здзіўленнем.

Аўтарытэт Чароты-славіста дапамагае прыцягнуць вядучых літаратуразнаўцаў Еўропы да ўдзелу ў канферэнцыях, што адбываюцца ў Беларусі. Так, дзякуючы яму, члену аргкамітэта Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рэгіянальнае, нацыянальнае, агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечанай памяці I. Навуменкі, у Гомелі раз на два гады збіраюцца аўтарытэтныя даследчыкі славянскіх літаратур, што абмяркоўваюць актуальныя праблемы развіцця славянскага мастацкага слова. Згадаем паэта і вучонага Слабадана Вуканавіча, што рабіў даклад пра стварэнне новай паэтычнай формы, якую назваў “Поемувиз”. I. Чарота пераклаў на беларускую мову многія вершы гэтага чарнагорскага паэта, а нядаўна перастварыў дзве п’есы свайго сябра, якія, спадзяёмся, будуць пастаўлены на сцэне беларускіх тэатраў.

Нястомны працаўнік, аўтарытэтны і паважаны даследчык Іван Чарота знаходзіцца ў росквіце творчых сіл. У гэтай высакароднай дзейнасці яго падтрымліваюць і жонка-філалагіня, і сыны, якія звязалі жыццё са словам, з літаратурай: старэйшы, Аляксей Іванавіч, добра вядомы як журналіст, рэдактар, літаратар, плённа працуе ў рэспубліканскай перыёдыцы; меншы, Уладзімір Іванавіч, бліскуча абараніў дысертацыю па сувязях вялікага Дантэ з Беларуссю, плённа працуе ў НАН Беларусі. Хочацца верыць, што і ўлюбёны ўнук Філіп пойдзе шляхам славутага дзядулі, бо некалі ж сам ма- ленькі Іван Чарота пачынаў вучыцца з дзедавага Евангелля.

Іван ШТЭЙНЕР,

доктар філалагічных навук, прафесар.