Яноўская, В. Міхась Восіпавіч Біч (1936-1999) : жыццё і навуковая дзейнасць : да 80 годдзя з дня нараджэння / Валянціна Яноўская // Беларускі гістарычны часопіс. – 2016. – 8 жніўня. – С. 29 – 33.

Гл. на с. 30-31 – М. У. Смяховіч.

Міхась Восіпавіч БІЧ (1936—1999):

жыццё і навуковая дзейнасць

(Да 80-годдзя з дня нараджэння)

27 сакавіка 2016 года споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Восіпавіча Біча, вядомага беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара, аўтара больш за 380 навуковых публікацый (у тым ліку першых навучальных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, якія ствараліся на пачатку 1990-х гадоў), аднаго з актыўных распрацоўшчыкаў нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі. Міхась Восіпавіч стаяў ля вытокаў стварэння «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», быў адным з ініцыятараў заснавання «Беларускага гістарычнага часопіса», падрыхтаваў шэраг кандыдатаў і дактароў навук. Асэнсаванню яго навуковай спадчыны, яго ўплыву на развіццё беларускай гістарычнай навукі было прысвечанае пасяджэнне навуковага круглага стала «Міхась Восіпавіч Біч (1936—1999): жыццё і навуковая дзейнасць (Да 80-годдзя з дня нараджэння)», што адбыўся 29 сакавіка 2016 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

***

Пачатак 1990-х гг. вызначыўся вялікімі падзеямі ў жыцці беларускага народа, звязанымі перш за ўсё з распадам СССР і абвяшчэннем незалежнасці яго былых рэспублік, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь. Змены пачалі адбывацца і ў айчыннай гістарычнай навуцы — у навуковым асэнсаванні гісторыі Беларусь Адкрываліся і ўводзіліся ў навуковы зварот раней невядомыя дакументальныя крыніцы, даследчыкі звярнуліся да новага метадалагічнага інструментарыя, што дазволіла не толькі значна пашырыць тэматыку даследаванняў, але і ўдакладніць ранейшыя звесткі і ўяўленні па шмат якіх тэмах гісторыі Беларусі. Зразумела, цяжка сцвярджаць, што за тыя гады беларуская гістарыяграфія стала цалкам аб’ектыўнай і менш палітызаванай. Але тое, што гісторыя нашай Бацькаўшчыны за 1990-я гг. узбагацілася, што галоўнай яе рысай стаў плюралізм думак і падыходаў, — гэта відавочна. Так, у кантэксце тагачаснага стану гістарыяграфіі і базы крыніц, грамадскага і палітычнага ўспрымання гістарычных падзей былі разгледжаныя вытокі беларускай дзяржаўнасці, яе развіццё і важнейшыя этапы, у тым ліку ва ўмовах Новага і Навейшага часу. Гэтая праца патрабавала аб’яднання намаганняў гісторыкаў, што адбывалася на аснове выпрацоўкі нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі беларускага народа. У распрацоўцы гэтай канцэпцыі самы непасрэдны ўдзел давялося прыняць Міхасю Восіпавічу Бічу. Менавіта на гэтым моманце і спыніў сваю ўвагу загадчык цэнтра Новай і Навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч «Пасля распаду СССР беларускія, расійскія, украінскія гісторыкі пачалі пошук вытокаў нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэтая праблема яшчэ больш абвастрылася на фоне таго факта, што Расія, якая ва ўсім адмовілася aд савецкай спадчыны, асобныя палітычныя інстытуты культурную палітыку ў цэлым, у тым ліку і ў галіне адукацыі, пачала будаваць, абапіраючыся на гістарычныя традыцыі, якія панавалі да 1917 года. Працэс зайшоў так далёка, што ў першай палове 1990-х гадоў Расія на ўрадавым узроўні ўвогуле перастала праводзіць вайсковыя парады Перамогі, чаго ніколі раней не было.

Адзначу, што да 1991 года на працягу ХІХ-ХХ стагоддзяў расійская, польская і савецкая гістарыяграфія фактычна «не бачылі» Беларусь у якасці суб’екта гісторыі і ў асвятленні сумесных старонак гістарычнага мінулага даследчыкі гэтых краін арыентаваліся на інтарэсы сваіх дзяржаў. Таму ў люстэрках расійскай, польскай і савецкай гістарыяграфій шлях беларусаў адлюстроўваўся як шлях падначаленага чужой волі народа, які не меў сваіх інтарэсаў, сваёй дзяржавы, сваёй культуры. Безумоўна, Беларусі суверэннай ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і геапалітычнага супрацьборства нават у межах СНД патрэбна была свая нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя тысячагадовага шляху, па якім прайшлі беларусы.

Гэта актуалізавала пытанне распрацоўкі новай канцэпцыі гісторыі Беларусі, якую можна было б пакласці ў аснову падрыхтоўкі новага пакалення навуковай і вучэбна-метадычнай літаратуры. У сувязі з тым, што на той час сацыяльна-эканамічная гісторыя Бацькаўшчыны была распрацавана значна лепш, галоўную ўвагу неабходна было звярнуць на палітычную гісторыю Беларусі. На аснове глыбокага вывучэння пераасэнсавання існуючай і новай крыніцазнаўчай базы перш за ўсё патрабавалася стварыць новую канцэпцыю этнагенэзу беларусаў, развіцця беларускай народнасці і нацыі, беларускага нацыянальнага руху, гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

У той жа час жыццёвая патрэба мелася і ў новым наратыўна-адукацыйным і фундаментальна-акадэмічным «прачытанні» старонак развіцця беларускай культуры, гісторыі дыяспары, геапалітычнага становішча Беларусі, паўстанняў, ваенных канфліктаў і войнаў, рэвалюцый. З іншага боку, неабходна было разглядаць гістарычны шлях беларускага народа ў кантэксце гісторыі еўрапейскай і сусветнай цывілізацый.

Галоўная роля ў стварэнні нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі належала Інстытуту псторыі НАН Беларусі і намесніку дырэктара інстытута па навуковай працы, доктару гістарычных навук, прафесару Міхасю Восіпавічу Бічу. На працягу 1991—1992 гадоў па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам была праведзена пэўная праца навуковага калектыву Інстытута гісторыі па тэарэтыка-метадалагічным асэнсаванні асноўных пытанняў нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і ўсіх яе структурных частак. Гэтая канцэпцыя была апублікаваная ў «Беларускім гістарычным часопісе». У 1994—1995 гадах на яе аснове былі падрыхтаваныя новыя выданні, у першую чаргу, «Нарысы гісторыі Беларусі» ў 2-х частках, а таксама падручнікі па гісторыі Беларусі для вучняў агульнаадукацыйных школ.

Калі звярнуць увагу на «краевугольныя камяні», якія былі пакладзены ў аснову нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, неабходна адзначыць, што гэта былі наступныя ідэі ці канцэпты: 1) ідэя існавання балта-славянскага этнічнага субстрату; 2) адхіленне «як надуманай» ідэі існавання ў IX—XIII стагоддзях адзінай цэнтралізаванай старажытнарускай дзяржавы і адзінай старажытнарускай народнасці і тэзіс аб тым, што Полацкае і іншыя самастойныя княствы IX—XIII стст. на тэрыторыі Беларусі ўвасаблялі беларускую дзяржаўнасць на раннефеадальным этапе яе станаўлення і развіцця; 3) адхіленне тэзіса аб Вялікім Княстве Літоўскім як дзяржаве чужаземнай удачыненні да Беларусі і прыняцце ідэі аб беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ВКЛ; 4) адхіленне ідэі аб «уз’яднанні» беларускага народа з братнім рускім народам у межах Расійскай Імперыі, культывацыя ідэі каланіяльнага становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай Імперыі і нацыянальна-культурнага адраджэння; 5) адмова ад услаўлення бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і савецкага федэралізму і прасоўванне ідэі «свядомай ці несвядомай фальсіфікацыі гісторыі» Беларусі савецкага перыяду (гл.: Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993, №1. С. 15—24).

Адзначаныя ідэі нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі атрымалі ўвасабленне не толькі на старонках гістарычнай літаратуры, але і ў праграмах палітычных партый. Да прыкладу, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў у сваіх статутных дакументах задэкларавала прапанову і патрабаванне звярнуцца да вопыту дзяржаўнага будаўніцтва часоў Вялікага Княства Літоўскага і выбіраць на чатыры гады заканадаўчы сойм, які павінен быў вылучаць са свайго складу прэм’ер-міністра. Адначасова пры ўрадзе ў якасці кансультацыйнага органа павінна была дзейнічаць Вышэйшая Рада. Прапанова заснаваць сойм разглядалася нават на ўзроўні Канстытуцыйнай камісіі, гэтая ідэя знайшла адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па стану на кастрычнік 1992 года.

Безумоўна, нават улічваючы тое, што не ўсе прапанаваныя ідэі прайшлі выпрабаванне часам, нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі адыграла сваю станоўчую ролю ў развіцці беларускай гістарычнай навукі і адукацыі. Менавіта на яе базе ў 2011—2012 гадах калектывам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі была створана новая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці, яе непарыўнай эвалюцыі ў двух формах — гістарычнай i нацыянальнай».